Беларускае кіно «нулявых»: пазытыў і нэгатыў

«Акупацыя. Мiстэрыi», рэж. А. Кудзіненка

«Акупацыя. Мiстэрыi», рэж. А. Кудзіненка

«Акупацыя. Мiстэрыi», рэж. А. Кудзіненка

«Акупацыя. Мiстэрыi», рэж. А. Кудзіненка

«Ваўкі», рэж. А. Колбышаў

«Ваўкі», рэж. А. Колбышаў

«Ваўкі», рэж. А. Колбышаў

«Ваўкі», рэж. А. Колбышаў

«Султан з Адрынак», рэж. В. Аслюк / фота kimpress.by

«Андрэй», рэж. В. Аслюк / фота kimpress.by

«Масакра», рэж. А. Кудзіненка

«Масакра», рэж. А. Кудзіненка 

«Масакра», рэж. А. Кудзіненка 

«Масакра», рэж. А.Кудзіненка 

 Архіў! pARTisan #19’2012

Што такое «нулявыя»? Гэта калі ўсё па нулях… Ну альбо калі не па нулях, то палова на палову. У пэрыяд з 2001 па 2010 год (палову ў чатырохзначнай лічбе кожнага году нязьменна займаюць нулі — што б гэта значыла?) беларускі кінэматограф перажываў ня лепшыя часы. Гэта быў такі пэрыяд-масток паміж мінулым і будучыняй.

Будучыня, між іншым, ужо наступае. Паціху. Але дасюль не зразумела, якой менавіта яна акажацца для айчыннага ігравога, дакумэнтальнага й анімацыйнага кіно. А паколькі «нулявыя» — час нядаўні, то й кніг пра яго пакуль, бадай, не напісана, ды й наогул аналізаваць гэты пэрыяд складана. Збоку ж, праз колькі дзесяцігодзьдзяў, будзе зразумела пра «нулявыя» куды больш.

Апытанка — заўжды справа суб’ектыўная, спрэчная. Бо вельмі ляканічная. Вядома, цяжка ўявіць паўнавартасна, у якім стане знаходзілася беларускае кіно з 2001 па 2010 год на падставе невялікіх рэплікаў айчынных кінэматаграфістаў. Яшчэ больш складана самім кінэматаграфістам распавесьці ў адным абзацы пра дзесяцігодзьдзе сваёй творчай дзейнасьці. І ня толькі. Магчыма, шэраг такіх рэплікаў створыць больш аб’ектыўную карціну. «pARTisan» паспрабаваў сабраць меркаваньні людзей, якія бачылі ўсё гэта на свае вочы. І з розных ракурсаў.

Андрэй Кудзіненка, рэжысэр:

— «Нулявыя» пачаліся з пазытыву й надзеі: амаль адначасова зьяўляюцца найлепшыя беларускія фільмы гэтага дзесяцігодзьдзя ў трох розных магістральных кірунках: «У жніўні 44-га…» Пташука, «Выпадак з пацаном» Сяргея Лобана й стужка «Акупацыя. Містэрыі».

У той момант ісьціны склалася ілюзія пра абсалютна новы этап, віток, адраджэньне (а для некаторых і наогул нараджэньне!) беларускага кіно. Шкада, што той букет завяў, і новае беларускае кіно не адбылося…

«Нулявыя» былі, хутчэй, эпілёгам, кропкай, а ня коскай. Што далей? Як, калі й у якім выглядзе зьявіцца беларускае кіно? Усе спадзевы на інтэрнэт, на зусім іншую форму як самога кіно, так і ўзаемадачыненьняў паміж аўтарам і гледачом.

Міхаіл Тумеля, рэжысэр-аніматар:

— Калі гаварыць пра беларускую анімацыю, найбольш станоўчая падзея ў «нулявыя» — анімацыя стала больш зьвяртацца да айчыннага матэрыялу. Як ні парадаксальна. З таго часу, як стварылася беларуская анімацыя, мультфільмы былі пераважна толькі на тэмы дзіцячых казак: «Мілавіца», «Дудка-весялушка», «Гліняная аўдотка». Гэта былі першыя крокі. Але ж зь сярэдзіны «нулявых», у 2006-м дзесьці, сталі зьяўляцца чыста беларускія праекты: «Аповесьць мінулых гадоў», мультфільмы ў тэхніцы беларускай выцінанкі. Аляксандар Ленкін зрабіў свой апошні фільм на беларускім матэрыяле — «Дзед» (2011). Ён і раней рабіў «Каму чорт дзетак калыша» паводле Караткевіча. Але тое, што за гэтае дзесяцігодзьдзе стала больш фільмаў на беларускую тэматыку, — для мяне вялікі плюс.

Зь невясёлага — тое, што нашая анімацыя становіцца не такой разнастайнай, як была. Адыходзіць плёнка, зьмяняюцца тэхналёгіі, і ўсё часьцей паўстае пытаньне, што трэба рабіць фільмы ў карацейшыя тэрміны. А для гэтага трэба выбіраць сучасныя тэхналёгіі. «Руліць» кампутарная трохмерная перакладка, становіцца менш спэцыялістаў у маляванай анімацыі, а лялькавая анімацыя наогул сканала. З 2001 году ў Беларусі не было зроблена ніводнага лялькавага анімацыйнага фільму. Анімацыі ня стала менш. Можа, нават троху больш. Але ў мастацкім і тэхналягічным сэнсе яна сталася больш «гамагеннай». У бок 3D-анімацыі ў «нулявыя» мы пасунуліся ня надта. Усё, што робіцца, — на ўзроўні рэклямных ролікаў. Гэты модны кірунак не разьвіваецца.

Можа, таму, што ў анімацыю прыйшло вельмі мала новых маладых людзей, якія б цікавіліся гэтым напрамкам. А людзям сталейшым цяжэй перасаджвацца на «трохмернага коніка».

Тыя, хто прыйшоў у беларускую анімацыю ў 1970-х, не маладзеюць, на жаль, пакаленьне сыходзіць. Меней стала аніматараў. Гэта агульная праблема. Рэжысэраў яшчэ троху ёсьць, і яны самі шмат чаго могуць. А вось сярэдняе зьвяно — іх меней: і аніматараў, і прамалёўшчыкаў. Гэта агульная тэндэнцыя. Зараз прыносяць прыбытак сэрыялы й вялікія мэтры. У нас гэта ня робіцца. А ў штучную анімацыю, якая прыносіла прыбытак нават «Дыснэю» ў 1930–1950-я гады, грошы не ідуць. Яна сталася або чыстым артхаўсам, або проста нейкай студэнцкай забавай. Той фільм, які можа зрабіць невялічкая каманда, не карыстаецца попытам ні ў гледача, ні ў кінапракату. А ад гэтага ня шмат людзей прыходзіць у галіну. Бо яны ведаюць, што грошай шмат тут не заробіш. Трэба шукаць нейкай лепшай долі…

Ала Бабкова, кінакрытык:

— Стан беларускага кінэматографу залежаў і залежыць ад агульнай палітычна-эканамічнай сытуацыі ў рэспубліцы. На працягу апошніх дваццаці гадоў у Беларусі дзейнічалі савецкія мэтады кіраваньня кінасыстэмай. Пануюць ідэалягічная запалоханасьць, ужываньне камандна-мабілізацыйных сродкаў, тактыка-сытуацыйнае рэагаваньне на ўзьніклыя праблемы (замест аналізу й выпрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі).

У выніку беларускае кіно, маючы нядрэннае дзяржаўнае фінансаваньне, акурат у пэрыяд «нулявых» страціла стваральную энэргію.

За два дзесяцігодзьдзі пастаўлена больш за паўсотню поўнамэтражных мастацкіх фільмаў, аднак не набярэцца й дзясятку тых, што мелі хоць які грамадзкі рэзананс і фэстывальны посьпех. Вось назвы тых стужак: «Каапэратыў «Палітбюро», або Будзе доўгім разьвітаньне» (1992), «У жніўні 44-га…» (2000) Міхаіла Пташука, «Ворагі» (2007) Марыі Мажар, «Ваўкі» (2009) Аляксандра Колбышава, «Масакра» (2010) Андрэя Кудзіненкі. Праўда, некаторыя дэтэктыўна-ваенныя тэлесэрыялы, зробленыя з расейскімі кампаніямі, акупілі сродкі, выдаткаваныя на іх, але такіх няшмат. За гэтыя гады беларуская кінакультура амаль ня мела штуршкоў для разьвіцьця, ды й на камэрцыйным полі посьпехі вельмі сціплыя. Адных рэжысэраў-аўтараў, якія не жадалі быць выканаўцамі бездапаможных праектаў, з кінастудыі «Беларусьфільм» выціснулі, іншыя самі зьехалі ў Расею.

Гэта тычыцца пераважна ігравога й тэлекіно, якое перш за ўсё й стварае рэпутацыю рэспубліканскаму кінэматографу. Што да дакумэнтальнага кіно й анімацыі, то посьпехі ёсьць. Фільмы беларускіх рэжысэраў Віктара Асьлюка й Галіны Адамовіч ведаюць у кінэматаграфічных колах Эўропы, часткова Азіі. Высокую марку дакумэнталіста трымае Міхаіл Жданоўскі — прызэр міжнародных кінафорумаў, якія праходзяць у Расеі. Вельмі паважаюць прафэсіяналы з розных краінаў беларускіх аніматараў Міхаіла Тумелю, Уладзімера й Алену Пяткевічаў, Ірыну Кадзюкову, Ігара Воўчака.

Антон Сідарэнка, кінакрытык:

— Галоўны станоўчы вынік «нулявых» — беларускае кіно даказала, што можа існаваць па-за межамі звыклай студыйнай сыстэмы, у якой ёсьць толькі «Беларусьфільм». Самыя цікавыя мастацкія вынікі ў ігравым кіно былі паказаныя ў стужках, створаных якраз пры мінімальным удзеле кінастудыі-манапаліста: «Акупацыя. Містэрыі» рэжысэра Андрэя Кудзіненкі й сцэнарыста Аляксандра Качана, «Каханьне?» Людмілы Дуброўскай. Што тычыцца дакумэнталістыкі, то несумненнай станоўчай падзеяй у сьвеце беларускага мастацтва сталіся карціны Віктара Асьлюка («Кола», «Мы жывём у краі», «Вальс» і г. д.). Дзякуючы ім, а таксама стужкам калегі Асьлюка па студыі «Летапіс» Галіны Адамовіч, кіно зь Беларусі прысутнічае ў міжнароднай фэстывальнай прасторы.

Галоўным адмоўным момантам трэба лічыць няўдалыя спробы адрадзіць мастацкі кінэматаграфічны працэс у Беларусі. Асобныя таленавітыя творцы й асобныя ўдалыя стужкі (у асноўным дакумэнтальныя) пакуль не складаюцца ў нас у агульны малюнак самастойнай нацыянальнай плыні.

Па сутнасьці, беларуская кінаіндустрыя (калі ў дачыненьні да яе можна ўжыць такую дэфініцыю) на пачатку 2010-х застаецца правінцыйнай абслугоўвальнай галіною расейскага кінэматографу.

Віктар Асьлюк, рэжысэр-дакумэнталіст:

— У гэты час адбываўся заканамерны заняпад прафэсіі. Былі людзі, якія ратавалі кінэматаграфічныя прафэсіі ў Беларусі. Усё астатняе — ціхі скон, натуральнае зьнікненьне людзей з галіны кіно. А разам з гэтымі людзьмі адыходзіла й прафэсія. Я маю на ўвазе ня толькі рэжысэраў. І гэты працэс пачаўся ў «нулявыя». Людзі сталелі й сыходзілі. А моладзь на іхнае месца не прыходзіла. «Нулявыя» — гэта гады, калі фактычна заканчвалася савецкае кіно. Усё кіно, якое існавала, яно якраз сыйшло да 2010 году. Лічыце, што зараз пачынаецца новы этап. Ці будзе гэта кіно, ці яго ня будзе? Якім яно будзе далей? Ці будзе яно мець нейкія іншыя прыкметы?

А паглядзіце тыя фільмы, якія былі зьнятыя да 2010 году, за пяць гадоў з 2006-га па 2010-ы, — гэта абсалютна савецкі тэматычны плян і спробы на старых традыцыях выплысьці ў новы час. Але гэта не атрымалася й не магло атрымацца.

Станоўчае тое, што хоць нейкае кіно ўсё-ткі было: здымаліся фільмы, існавала студыя, яшчэ працавалі прафэсіяналы. Адмоўнае й станоўчае супярэчаць адно аднаму. Дрэнна, што савецкая сыстэма стаўленьня да кінэматографу не была зламаная своечасова. Ёй не дазволілі сыйсьці натуральным чынам. Яе спрабавалі затрымаць. Сёньня не засталося нічога, і давядзецца будаваць новае на руінах, на пустым месцы. А раней гэта можна было яшчэ рабіць разам з тымі людзьмі, якія маглі нечаму навучыць у прафэсіі.

«Нулявыя» — гэта існаваньне па інэрцыі. Наогул, пачынаючы з 1991 году беларуская кінагаліна жыла па інэрцыі. 20 гадоў інэрцыі пасьля беларускага савецкага кіно, без уздымаў, без асаблівых посьпехаў. У дакумэнталістыцы ў «нулявыя» адбывалася тое самае, што й у мастацкім кіно. Дапрацоўвалі сваё старыя дакумэнталісты. У гэтыя гады ў дакумэнталістыку прыйшлі лічаныя людзі. Сярод іх я, Галіна Адамовіч, напрыклад, яшчэ некаторыя. Па вялікім рахунку, гэта быў час без падзеяў — што ў мастацкім кіно, што ў дакумэнталістыцы. Ды й у анімацыйным кіно таксама. Трымаўся нейкі ўзровень прафэсійнасьці. Але для падзеяў павінны быць іншыя часы — зь іншымі напаўненьнем і мэтай. Часы — яны таксама кіруюць гэтым.

Калі надыходзяць часы дэпрэсіі, гэта вельмі ўплывае. Тады ўзьнікае кіно, якое або насуперак гэтай дэпрэсіі выдае нейкія шэдэўры, або наадварот — паддаецца дэпрэсіі й упадае ў разбурэньне ці няшчаснае існаваньне.

«Нулявыя» — гэта паўза ў беларускім кіно. А што можа быць у часы паўзы?

Тацяна Логінава, кінаапэратар:

— Пра станоўчыя моманты насамрэч вельмі складана казаць. У гэты пэрыяд асабіста я зьняла дзьве вялікія карціны. Можа, гэта станоўчае нешта. «Настасься Слуцкая» Юрыя Ялхова — нацыянальны праект. І «Глыбокая плынь» Маргарыты Касымавай. У абодвух фільмах, на мой погляд, былі слабаватыя рэжысэры. Яшчэ нешта варушылася на студыі ў гэтыя «нулявыя» гады… А цяпер, мне здаецца, наогул нічога не адбываецца — «суцэльная амаралка й крымінал», як кажа адзін мой знаёмы. Вядома, заўжды станоўчае тое, што кіно здымалася. Хоць як. Вось у 2008 годзе зрабілі «Вока за вока». Гэта вялікая сумесная праца з масквічамі. Для «Беларусьфільму» яна была добрая тым, што хоць нейкая частка творчых людзей нашай кінастудыі прымала ўдзел у гэтым праекце: я як апэратар, Пруднікаў як мастак, Грыбава як мастак па касьцюмах. І сярэдняе зьвяно, бадай, усё было нашае. Гэта быў сапраўдны сумесны праект. Была спроба падтрымаць маладых рэжысэраў, але яна ляснулася. У нас не разумеюць, што з маладымі трэба рызыкаваць.

Што тычыцца адмоўных рысаў… Да 2003 году яшчэ існаваў Саюз кінэматаграфістаў са сваімі незалежнымі студыямі. У мяне, напрыклад, была студыя «Тацяна». На той час яна праіснавала ўжо 11 гадоў. Былі студыі Нікіфарава, Рыбарава, Пташука, Карпава й інш. І гэтыя студыі маглі стацца правобразам сёньняшняга кінэматографу, калі «Беларусьфільм» — гэта тэхнічная база, а студыі знаходзяць грошы, атрымліваюць гранты, здымаюць карціны, запрашаюць рэжысэраў. Так адбылося ў Расеі. А ў нас у 2003 годзе пачаўся імклівы пачатак канца…

Андрэй Курэйчык, драматург:

— «Нулявыя», на мой погляд, былі эпохай «пустых часоў» для беларускага кіно. Стала відавочна, што савецкая дзяржаўная сыстэма кінавытворчасьці цалкам і безнадзейна зжыла сябе. Яе ўжо не маглі рэанімаваць ні шалёныя грошы на нацыянальныя блакбастэры, ні вар’яцкія задумы кшталту каапэрацыі з Балівудам, ні спроба вярнуць савецкую эстэтыку й тэхналёгію. Дзіўна, але самым фэстывальным хітом «нулявых» стаўся фільм «Акупацыя. Містэрыі» — малабюджэтнае ваеннае кіно, якое зрабіў практычна партызанскім мэтадам тады яшчэ зусім малады Андрэй Кудзіненка.

Аказалася, што цікавы канцэпт важнейшы за дзяржаўнае «бабло». А эканамічны заняпад проста прымушае дзяржаву глядзець у бок прыватных прадусараў.

На жаль, эпоха «нулявых», хутчэй, запомнілася нейкімі недарэчнасьцямі кшталту «Настасьсі Слуцкай» ці «На сьпіне ў чорнага ката», чым добрымі мастацкімі карцінамі… Яшчэ больш сумна ад таго, што так і не нарадзіўся магутны фронт маладой, амбіцыйнай кінарэжысуры й сцэнарыстыкі. Адток кадраў у Расею й ва Ўкраіну быў калясальны. Вяртаньне спэцыялістаў — галоўная задача бліжэйшых гадоў. Адзіны плюс, мне здаецца, у тым, што стала зразумела нават на самых вярхах: так здымаць кіно больш нельга. Сыстэму трэба зьмяняць радыкальна.

Занатавала Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology