Мастак зь Менску зрабіў спробу ўгнаць самалёт

Генадзь Хацкевіч «Птушка» \ 1983

Генадзь Хацкевіч

Генадзь Хацкевіч

 

Генадзь Хацкевіч «Майстэрня мастака» \ 1987

Генадзь Хацкевіч

Генадзь Хацкевіч «Зьзяючы сьвет дзяцінства» \ 1984

Генадзь Хацкевіч. Фота 1990 з архіву Андрэя Плясанава

Кватэра-майстэрня Генадзя Хацкевіча. Фота 2012 з архіву Вольгі Архіпавай

Генадзь Хацкевіч. Фота 2012 у кватэры мастака ў Менску з архіву Вольгі Архіпавай

 Архіў! pARTisan #17’2011. Друкуецца скарочана

Словы пра мастака ГЕНУ ХАЦКЕВІЧА-МЕНСКАГА

Ракаўкі-пярловіцы

Ген марыў пра Парыж, пра чырвонае бурбонскае, пра белае й ружовае, пра смажаныя каштаны, пра вустрыц… Чаму ім — французам — можна высмоктваць мяса з ракавак, а нам ня можна? Чаму яны — пранцузы — ужо навучыліся есьці жабак, а мы ўсё ніяк не навучымся?

Ген задаваў гэтыя пытаньні сабе, калі блукаў з эцюднікам па берагах Браслаўскіх азёраў. Кулінарную рэвалюцыю ў Беларусі Ген вырашыў распачаць зь пярловіц, зь вялікіх азёрных ракавак. Ён вырашыў ракаўкі зварыць, а зьмесьціва звараных ракавак зьесьці. Каб рэвалюцыю ў тутэйшай кулінарыі было рабіць ня сумна, Ген запрасіў у рэвалюцыянэры й аднакурсьніка свайго Сяргея Малішэўскага. Яны доўга, больш за гадзіну, варылі ў кіпені ракаўкі-пярловіцы. Потым Ген узяў зьмесьціва адной ракаўкі ў рот і праглынуў. Усе думалі, што Хацкевіч праглынуў. Насамрэч ён не праглынуў, а праглынуў вараную пярловіцу якраз Малішэўскі, думаючы, што Ген праглынуў. Ён трымаў мяса пярловіцы за шчакою. А Малішэўскі яго заглынуў, але ягоны страўнік сьціснуўся ў ванітным спазьме, і пярловіца вярнулася ў талерку. Туды ж выплюнуў і Ген сваю пярловіцу, дастаную языком з-за шчакі.

Кулінарная рэвалюцыя скончылася бясслаўна. Экспэрымэнтаваць зь беларускімі жабамі Ген не наважыўся.

Танец і КДБ

Ген пайшоў у заклад са сваімі аднагрупнікамі на дзесяць савецкіх рублёў, што выйдзе на праспэкт насупраць будынку КДБ, стане пасярод вуліцы на выспачцы бясьпекі, распранецца да поясу й станцуе ўпрысядкі. Пакуль гарэла чырвонае сьвятло, Ген танчыў пасярод галоўнага сталічнага праспэкту. Міліцыянт зрабіў выгляд, што ня бачыць непарадку, і схаваўся за помнікам Феліксу Дзяржынскаму. Хацкевіч за тры хвіліны зарабіў дзесяць рублёў, чвэрць стыпэндыі.

Пакаленьне й рэвалюцыі

Наша пакаленьне было й застаецца рэвалюцыйным і кансэрватыўным увадначасьсе.

Зламаць бэрлінскую сьцяну й вярнуць храмы вернікам у былых атэістычных краінах, разваліць імпэрыю зла й распачаць глябалізацыю, зьдзейсьніць сэкс-рэвалюцыю й пашырыць іслам да мяжы з фанатычным тэрарызмам, наладзіць выбух камунікацыйных сыстэм і збудаваць лябірынтападобныя гіпэрмаркеты — наша дзейнасьць.

Мы належым да генэрацыі рэвалюцыйных парадоксаў. Ген не выключэньне, ён — зорка майго парадаксальнага пакаленьня. Сваю рэвалюцыю ён распачаў на палатне. Намаляваў кастрычніцкі пераварот у Менску, што адбыўся ў 1917. Горад, убачаны з птушынага, ці, хутчэй, зь верталётнага паллету, кішэў узбударажанымі менчукамі. Пралетары, салдаты, мяшчане, сяляне, крамнікі, настаўнікі, сабакі, каты, вароны, галубы — усе жыхары й наведнікі гораду радаваліся. Рэвалюцыя адбылася, заўтра прыйдуць свабода, роўнасьць, братэрства. Заўтра зямля будзе ў сялянаў, заводы — у рабочых, улада — у народу. Гэта мы цяпер ведаем, што нічога такога й блізка ня зьдзейсьніцца, а яны ж верылі. Яны крычалі «ўра», яны кідалі ў неба пагляды зь верай, надзеяй і любоўю.

Ген Хацкевіч-Менскі злавіў гэтыя пагляды ў 1983. Карціна атрымалася ўдалай. Больш за тое, яна атрымалася прарочай.

P. S.

Калі ў 1989 распачалася нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя ў Беларусі, я ня раз і ня два згадваў шэдэўр Хацкевіча-Менскага. Мастак толькі той, хто здатны зазірнуць наперад, чым далей сягае ягоны позірк, тым большы ён мастак.

Тэрарызм і Растоў

Ці ёсьць у Беларусі тэрарысты? Ці ёсьць у нас паветраныя тэрарысты? Так. Прынамсі, пра гэта пісаў таварыш Плужнікаў у газэце «Комсомольская правда» 9 сьнежня ў 1990 годзе, калі падаваў сьпіс паветраных тэрарыстаў СССР:

«1987. При попытке угона «ТУ-134» из Минска в Париж задержали художника Хацкевича. Судебно-психиатрической экспертизой он признан невменяемым».

Мастак зь Менску зрабіў спробу ўгнаць самалёт. Пакунак з двума кавалкамі гаспадарчага мыла ён назваў бомбаю й запатрабаваў ад пілотаў ляцець у Парыж. Камандзір карабля прыняў рашэньне не мяняць маршрут, паветраны карабель прызямліўся ў Растове, як і плянавалася. Група захопу хутка абясшкодзіла мастака.

Вітражы ў вар’ятні

Калі Гену за спробу ўгнаць самалёт закрылі ў растоўскай турме, менскія мастакі напружыліся й сабралі блізу паўтысячы подпісаў у ягоную абарону. Ліст да растоўскіх праваахоўнікаў падпісваў і я. У ім распавядалася, што Гена зь дзяцінства быў неадэкватным і неўраўнаважаным хлопчыкам, але эксцэнтрычнасьць і эпатажнасьць не перашкодзілі, а, наадварот, толькі дапамаглі яму стаць выдатным мастаком. Мастакі — карацей, мы ўсе — прасілі праваахоўнікаў прызнаць Гену хворым эксцэнтрыкам, а не радыкал-тэрарыстам.

Здарылася дзіва! Гену з растоўскай турмы перавезьлі ў менскі дурдом, што ў раёне Навінкі. Ці ліст спрацаваў, ці зоры так сыйшліся, ці зьмены ў сусьветнай палітыцы так паўплывалі на растоўскіх турэмшчыкаў, што яны дазволілі дэпартаваць Гену на гістарычную радзіму. Доктар Круглянскі, зьбіральнік жывапісу душэўнахворых творцаў, моцна дапамог мастаку-тэрарысту. А той, каб аддзячыць доктару й бальніцы, арганізаваў рабленьне вітражоў у бальнічныя калідоры. Разам з братам Юрам Ген упрыгожыў клініку ў Навінках зыркаколернымі вітражамі, падобнымі да вітражоў у менскім касьцёле сьвятых Алены й Сымона, якія ён рабіў яшчэ да спробы ўгнаць растоўскі самалёт і такім чынам наведаць вялікі Парыж.

Турма й памяць

«Ген, раскажы, як табе сядзелася ў растоўскай турме?» — «Не. Ёсьць моманты ў маім жыцьці, пра якія згадваць не хачу. Такі жах, такі бруд, такая чарната гнілая, што лепей забыцца на яе. Вядома, не забудуся я, але й гаварыць не хачу. Было й прамінула. Прайшло — і хай не вяртаецца. Ніколі, ніколі, ніколі…»

Лёндан і Люўр

З Лёндану Ген не дасылаў мне паштовак. У Лёндане яму было зусім цяжка. Цяжка было ўсім: і Мартынчыку, і Баброву, і Хацкевічу-Менскаму. Яны зьехалі ў Лёндан, каб скарыць сваім жывапісам сьвет, але сьвет не скарыўся. Сьвет быў раўнадушны да Хацкевіча-Менскага, Баброва й Мартынчыка.

Першым скарыўся Баброў, ён перастаў мыцца. Узяў і перастаў мыцца, стрыгчыся й галіцца. Ген з Мартынчыкам мыліся, а Баброў не. Вада ў іх была толькі халодная, але яны мыліся, і галіліся, і нават стрыгліся. Баброў сказаў, што зьедзе з Англіі ў Ізраіль, што там яму нешта нейкае будуць плаціць, і там ён будзе жыць, мыцца й галіцца. Мартынчык разьлічваў прыжыцца ў Лёндане. Ён зьмяніў прынцып. Калі ня Лёндан для цябе, тады ты для Лёндану. Лёндан сказаў, а ты зрабіў! Просьценька, але выжыць можна.

Ген расчараваўся ў Лёндане, але ён яшчэ верыў у Парыж. Ён верыў, што Парыж яго прыме ня так, як Лёндан.

Ген меў рацыю. Ні Баброў, ні Мартынчык ня верылі, што Парыж прыме мастака Хацкевіча-Менскага, бо мелі нават падставы ня верыць. Яны пасадзілі Гену на цягнік, яны з Генам разьвіталіся, яны нават адзначылі разьвітаньне. Моцна адзначылі, моцна напіліся. А калі падыходзілі да кватэры, якую здымалі ў Лёндане, Мартынчык сказаў Баброву: «Мы прыходзім, а Ген пад дзьвярмі сядзіць! Мы прыходзім, а Ген — сядзіць!!!» Мартынчык пачаў сьмяяцца, і Баброў пачаў, яны, сьмеючыся, прыйшлі да кватэры, а тамака — Ген сядзіць. Яго ня выпусьцілі з Англіі, нешта ў яго з дакумэнтамі не зраслося, нейкіх папер не хапіла… Ген ня здаўся, ён знайшоў вандроўны заацырк і разам з ільвамі, тыграмі ды шакаламі перабраўся праз Ля-Манш.

У Парыжы яго прынялі мастакі-эмігранты. Яго прынялі на былой шакаляднай фабрыцы ў мастакоўскую камуну. Тады ён і пачаў слаць мне лісты ды паштоўкі. Адна зь іх была зь Люўрам і надпісам: «Быў у Люўры! Багата!»

Падман і выгнаньне

Здавалася, што ў Гены атрымалася ўсё, што ён пажадаў у сваім жыцьці! Жыў у Парыжы, меў жонку-парыжанку, якая нарадзіла яму дачку-парыжанку (сына-менчука ён меў раней.). Працаваў Ген у мастакоўскай камуне, і ў яго (о цуд!) пачалі купляць карціны. Па законах мастакоўскай камуны ты мусіў ледзь ня ўсё заробленае на продажы твораў здаваць у камуну. У гэтым ёсьць лёгіка, бо менавіта камуна прыняла Гену, яна яго карміла й апранала, пакуль ён адаптаваўся ў Парыжы. Але Гену ахапіла сквапнасьць, і ён ня здаў грошы камунарам, за што й быў выгнаны. З парыжанкаю ў Гены таксама жыцьцё ня зладзілася. Ён апынуўся ў трэйлеры бяз жонкі, без дачкі, без камуны й бяз франкаў…

Чым бы скончылася такое жыцьцё ў трэйлеры з адключаным сьвятлом, адзін Бог ведае. Але ў Парыж прыехаў брат Гены — Юра й забраў небараку ў родны Менск.

Сівізна й бабы

Выпадкова сустрэўшы Гену на праспэкце Скарыны каля шапіку «Саюздрук», раблю прапанову: «Ген, пайшлі да баб!» — «Не, Адамчык, не магу! Я пасівеў. Ты паглядзі, якая сівая ў мяне галава, якія зусім сівыя зрабіліся скроні. Бачыш? Я стары, каб да баб хадзіць». Мне зрабілася нават шкада раптоўна пасівелага Гену. Ён яшчэ будзе зьбірацца ў свой вечны Парыж, будзе скандаліць у францускай амбасадзе з нагоды ліквідаваньня візы, будзе зьбірацца на Мадагаскар, але я буду згадваць сваю прапанову пра баб і ягоны расповед пра сівізну зь ягоным сакрамэнтальным: «Я ўжо ўсё!»

Мастакі й Мадагаскар

«Вало-о-дзя, мастакі не паміраюць! Яны про-о-оста едуць у Парыж і там жывуць, інко-о-огніта. Я бачыў у Парыжы Сяргея Пятро-о-овіча Катко-о-ова. Вы тут думалі — ён памёр. Не! Жыве ў Парыжы. І Вало-о-одзя Сьвінаро-о-оў, і Вася Хмялеўскі — яны там». — «Ген, быў я ў Парыжы, няма там ні Каткова ні Хмялеўскага са Сьвінаровым». — «А-а-а… Яны, значыцца, паехалі на Мадагаскар. З францускім пашпартам на Мадагаскар можна ехаць бязь візы. Вало-о-одзя, паехалі на Мадагаскар…»

Мільёны й замак

«Адамчык, стой! Куды ты сьпяшаесься? Ня трэба нікуды сьпяшацца! Хутка, зусім хутка я прадам свае карціны! Мае карціны каштуюць мільёны, яны каштуюць значна болей, але я іх прадам, каб купіць замак у Францыі. Я куплю замак, і мы ўсе паедзем туды… Ня верыш? Валодзя, ты куды пайшоў? А замак? Зама-а-а…» — пакідаю п’янога Гену пад гастраномам.

Адсутнасьць і адказнасьць

Ён яшчэ ёсьць, і яго ўжо няма. Ён стаіць пасярод вуліцы, а людзі абмінаюць яго. У Гены пабіты твар. Так разьбіваецца твар, калі раптам асфальт ускідваецца й б’е табе па лобе, ты адштурхоўваесься ад зямлі, а яна ўзьлятае й разьбівае табе нос. Гэта ты па’даеш, а падае’цца адваротнае — асфальт уздымаецца, уздыбарваецца, нападае на цябе. Ген стаіць акрываўлены, пабіты асфальтам, пасярод праспэкту Незалежнасьці. Вочы ў разгубленасьці. Паратунку няма. Трэба сыходзіць. Куды? Ён сыходзіць у самаспальваньне алькаголем. Ён прылюдна зьнішчае сябе…

Калі мы разам заходзім у якую кавярню, афіцыянткі й ахоўнікі пытаюцца ў мяне: «Вы адказваеце за яго?» На што чуюць: «Так, я адказваю за яго».

Усё яшчэ адказваю, як некалі ён адказваў за мяне, забіраючы бутэльку піва.

Адам Глобус

Генадзь Хацкевіч  (Хацкевіч-Мінскі, Хац-Мін). Нарадзіўся ў 1952 годзе ў Менску. Вучыўся ў дзіцячай мастацкай студыі Сяргея Каткова (1962–1968), Менскай мастацкай вучэльні (1968–1972) у Алега Луцэвіча,  Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленьні манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва (1976–1982, кіраўнік дыплёму — Гаўрыла Вашчанка). Удзельнік выставаў з 1972.

У 1987 спрабаваў захапіць самалёт, каб патрапіць у Парыж. Жыў у Менску, наведваў Польшчу, Англію й Францыю (пэрыядычна жыў там з 1990 па 1998). Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, галерэях і прыватных калекцыях нашае краіны й замежжа.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

114 queries in 0,679 seconds.