1 жніўня — выстава Ігара Саўчанка «Паверка асноваў»

Ігар Саўчанка / фота Олі Шукайла, znyata.com

1 — 28 жніўня 2013 года
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (Менск, пр. Незалежнасці, 37А)

Персанальны праект Ігара Саўчанка «Паверка асноваў» (тэксты, фота, гукавая інсталяцыя)

Куратар Вадзім Дабравольскі.

Выстава «Паверка асноваў» — новы падыход да экспазіцыі рэчаіснасці. Ігар Саўчанка прапануе наведвальнікам выставы выключна разумовую карціну свету, якая разгортваецца ў серыі тэкставых твораў.

Таксама як традыцыйнае візуальнае мастацтва было і застаецца своеасаблівай школай, якая развівае ўменне «бачыць» у адпаведнаці з існуючымі культурнымі шаблонамі, падобнае канцэптуальнае мастацтва з’яўляецца школай мыслення, але дастаткова спецыфічнага. Гэтае мысленне інтэрпрэтуе рэчаіснасць як незавершаную, дынамічную канструкцыю, якую можна даследаваць і з якой можна ўзаемадзейнічаць. Так, прадстаўленыя тэкставыя працы Ігара Саўчанкі становяцца інструкцыямі (некаторыя — у прамым сэнсе) па знаходжанні ў канцэптуальнай сітуацыі.

Мастак у гэтым выпадку толькі мадэлюе сітуацыю і пакідае гледачам магчымасць дзейнічаць самастойна і ствараць свае індывідуальныя сэнсы.

Ігар Саўчанка — вядомы беларускі фатограф і сучасны мастак, прадстаўлены галерэямі Nailya Alexander Gallery, New-York, Giedre Bartelt Galerie, Berlin, Russiantearoom Agency, Paris. Аўтар 17 персанальных выстаў. Удзельнічаў больш чым у 50 калектыўных выставах па ўсім свеце. Работы знаходзяцца ў прыватных і публічных калекцыях у ЗША, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Нідэрландах, Швейцарыі, Даніі, Расіі і Беларусі.

Мерапрыемствы праекта:
8 жніўня 19.00 — Антон Барысенка. Лекцыя «Пра канцэптуальнае мастацтва»
15 жніўня 19.00 — Вадзім Дабравольскі. Прэзентацыя творчасці фатографа Ігара Саўчанкі «Свет супрацівіцца фатаграфаванню»

Адкрыццё выставы 1 жніўня 2013 а 19-й гадзіне.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology