Радыюс нуля. Анталёгія арт-нулявых

Аляксей Лунёў, «Нічога няма»

Руслан Вашкевіч, «Паляваньне на Мінатаўра»

Міхаіл Гулін, «Пераможцы дабра»

Артур Клінаў, «Партызанскі буцік»

Сяргей Шабохін, «Практыкі непадпарадкаваньня»

Максім Тымінько, «Пяць песень пра фізыку»

Сяргей Ждановвіч, «Лінія гарызонту»

Арцём Рыбчынскі, «У пераходзе»

Андрэй Лянкевіч, сэрыя «Паганства»

Выгляд экспазыцыі

Выгляд экспазыцыі

© Надрукавана ў pARTisan #19’2012

У сакавіку ў Менску адбылася падзея, якая на цэлы месяц сталася асноўным цэнтрам увагі для арт-супольнасьці гораду: у закінутым памяшканьні заводу «Гарызонт» куратары дасьледчага праекту «Радыюс нуля. Анталёгія арт-нулявых» мастак Руслан ВАШКЕВІЧ, мастацтвазнаўца Аксана ЖГІРОЎСКАЯ й філёзаф Вольга ШПАРАГА зладзілі выставу. Для ўдзелу ў ёй былі абраныя беларускія мастакі, чые працы, на думку экспэртаў, сталіся знакавымі для менскіх «арт-нулявых». Гэта група «Revision» (Андрэй Дурэйка, Жана Грак, Андрэй Логінаў, Максім Вакульчык, Максім Тымінько, які выступіў на выставе таксама й з індывідуальным праектам), Руслан Вашкевіч, Міхаіл Гулін, Сяргей Ждановіч, Аляксей Іваноў, Сяргей Кірушчанка, Артур Клінаў, Аляксей Лунёў, Андрэй Лянкевіч, Марына Напрушкіна, Арцём Рыбчынскі, Ігар Саўчанка, Максім Тымінько, Уладзімер Цэсьлер, Сяргей Шабохін.

Акрамя пазытыўных водгукаў, выстава выклікала шмат прэтэнзіяў з боку як экспэртаў, так і гледачоў. Як вы самі ацэньваеце вынік?

Руслан Вашкевіч: З пастаўленымі задачамі, мне здаецца, мы справіліся даволі нядрэнна. Гэтаму спрыяла ў тым ліку й колькасьць няўдачаў. Напрыклад, мы не змаглі знайсьці прастору для выставы на афіцыйных пляцоўках: у адным месцы не ўпісаліся ў плян, у іншым нам адмовілі з ідэалагічных прычынаў. Але ў выніку знойдзенае намі памяшканьне — закінуты заводзкі цэх «Гарызонту» — сталася велізарным плюсам выставы.

Аксана Жгіроўская: Мае чаканьні таксама апраўдаліся. Што сапраўды зьдзівіла — колькасьць людзей, якія наведалі выставу: каля пяці тысячаў чалавек за дзесяць дзён — для Менску досыць вялікая лічба. Мы добра адчуваем свае памылкі, разумеем, што нешта можна было зрабіць лепш. Але для такога праекту трох куратараў, відавочна, мала. Для таго каб усё атрымалася ідэальна, патрэбна група хаця б з шасьці чалавек.

Р. В.: А таксама болей досьведу правядзеньня такіх мерапрыемстваў, якога нам усім катастрафічна бракуе.

Вольга Шпарага: З боку тых, хто крытыкаваў, была выказаная важная, на маю думку, заўвага: выстава аказалася праектам у праекце. Па сутнасьці, канцэпцыя — дасьледаваньне гарадзкой прасторы на прыкладзе Менску — аўтаматычна з «арт-нулявых» не выводзіцца. А пераход ад нашага вялікага праекту «Анталёгія арт-нулявых» да канцэпцыі самой выставы мы выразна не прапісалі.

Р. В.: Хаця ў назьве выставы праз кропку было пазначана: «Радыюс нуля. Анталёгія арт-нулявых. Менск».

В. Ш.: Але гэтага аказалася недастаткова. Было, напрыклад, не зразумела, якое дачыненьне маюць да Менску творы тых мастакоў, што жывуць за межамі Беларусі й з тэмаю Менску спэцыяльна не працуюць. Мы падкрэсьлівалі, што ключавым для нас ёсьць панятак прасторы. Але ў нашых буклетах было напісана: «Менск». Гэтыя канцэптуальныя рэчы мы, відавочна, не дапрацавалі. Яшчэ, на мой погляд, нашая недапрацоўка — подпісы да аб’ектаў, якія трэба было пашырыць. Да некаторых працаў, напрыклад, Аляксея Іванова ці Руслана Вашкевіча наогул не было эксплікацыі. Гэта зьнізіла значнасьць выставы.

Частка публікі калі не ўпершыню прыйшла на такога кшталту экспазыцыю, то вельмі рэдка наведвае выставы сучаснага мастацтва. І таму некаторыя гледачы шмат чаго не разумелі. Што да лекцыйна-дыскусійнай часткі, якую курыравала я, мне здаецца, нашым моцным бокам было тое, што лектары вельмі сур’ёзна падрыхтаваліся: распавядалі новыя, раней нідзе не прамоўленыя рэчы, актыўна выкарыстоўвалі візуальныя матэрыялы.

Вы сказалі, што задачы, якія ставілі, зьдзейсьніліся. Што гэта былі за задачы? У суправаджальным тэксьце да выставы прапісана шмат мэтаў, і, магчыма, менавіта праз гэта паўставалі пытаньні й непаразуменьні.

Р. В.: З самага пачатку было некалькі варыянтаў візуальнай пабудовы выставы. Напрыклад, у форме храналёгіі. Але мы вырашылі пайсьці шляхам паўнавартаснай самастойнай экспазыцыі, што павінна была стаць цікавай і гледачам, і мастакам, аднолькава неразбэшчаным якаснымі выстаўнымі праектамі. Многія з абраных аўтараў ня маюць магчымасьці выстаўляцца на вялікіх пляцоўках, іх туды пад рознымі падставамі не пускаюць. Аднак менавіта гэтыя аўтары, паводле меркаваньня экспэртаў, сталі паказальнымі для апошняга дзесяцігодзьдзя.

Такое нашае куратарскае меркаваньне падзялілі й многія мастакі, калі прыйшлі ў залю й убачылі гэтую патэнцыйна новую, адкрытую намі й для нас прастору. Хтосьці з мастакоў зрабіў зусім новыя працы адмыслова пад гэтую прастору. Тэма Менску арганічна выявілася ў загалоўку экспазыцыі пасьля таго, як у нас зьявілася новая «тэрыторыя». Мы быццам зьдзяйсьнялі акупацыю новай гарадзкой прасторы. Для мяне карціна выставы ўяўлялася менавіта ў такім паўнавартасным, з пункту гледжаньня прэзэнтацыі аўтараў, выглядзе. І, мне здаецца, гэта здарылася.

Акцэнт рабіўся не на дасьледаваньні Менску як гарадзкой прасторы, а менавіта на захопе мастакамі новай тэрыторыі?

Р. В.: Новай для Менску. Ува ўсім сьвеце гэта ўжо сталася тэндэнцыяй. Нам даўно варта «захопліваць» афіцыйныя прасторы, музэйныя пляцоўкі, сам горад — бігбордамі, афішнымі тумбамі, як заўгодна. Зьдзяйсьняць «акупацыю» гарадзкой прасторы з дапамогаю сучаснага мастацтва! Гэта натхняе! Стрыт-арт, паблік-арт таксама правакуюць да гэтага.

Дзіўна замыкацца ў сьценах галерэі й займацца храналёгіяй дзесяцігодзьдзя, разумеючы, што навакольны сьвет бурліць і штодня зьмяняецца. Гэта не «архіў» учорашніх людзей, а нармальная рэакцыя сёньняшніх мастакоў, перад якімі пастаўленая новая задача.

Гэта значыць, ключавымі былі прастора й мастакі? Ня працы (маю на ўвазе складаньне выказваньня з пэўных твораў), а мастакі, якія прапануюць свае працы менавіта пад вызначаную куратарамі прастору?

А. Ж.: Так, нам было важна, каб мастакі з розных пунктаў гледжаньня выказаліся з нагоды менавіта гэтай зададзенай прасторы.

Р. В.: Зразумела, што сьпіс мастакоў быў досыць прадказальны, адпаведна, была прадказальная пэрсанальная прэзэнтацыя кожнага зь іх. Але новая ўмова — умова прасторы абавязвала і мастака, і гледача да новай праявы.

В. Ш.: Калі мы абмяркоўвалі тэму выставы, калі сталі аналізаваць, каго й якія падзеі й арт-праекты абралі экспэрты, заўважылі, што практычна ўсе мастакі ў апошняе дзесяцігодзьдзе працуюць з тэмай прасторы. У Шабохіна гэта пэрсанальная й публічная прасторы, Напрушкіна працуе ў сфэры сацыяльнай прасторы. «Буцік» Клінава — таксама прасторавая рэч: ён яго возіць, гэта прастора ў абыватальскім сэнсе. Група «Revision», напрыклад, «раскрала» музэйную прастору й выйшла ў нейкае новае вымярэньне. Шкада, што ўсё гэта мы не прапісалі ў эксплікацыі да выставы.

У адным крытычным артыкуле было напісана, што выстава прыцягвае менавіта сваёй прастораю: зьявілася новае месца, дзе можна тусавацца, — але анатацыя да экспазыцыі адпуджвае сваім навукападабенствам. Дык каму была адрасаваная выстава?

В. Ш.: Мы, напэўна, хацелі, каб выстава была чымсьці накшталт гіпэртэксту, каб усе аб’екты можна было прачытваць досыць павярхоўна (для чаго звычайна й служаць эксплікацыі) і адначасова яны мелі больш глыбокія ўзроўні інтэрпрэтацыі, што патрабуе адмысловай падрыхтоўкі гледача.

Р. В.: Глядач плянаваўся розны. Таму было задуманае гэтае грандыёзнае «шоў». Эфэктная прэзэнтацыя буйных аб’ектаў, падвесныя канструкцыі, інфармацыйныя блёкі, складаная ўнутраная архітэктура выстаўнай прасторы, спэцыяльная праца нашых валянтэраў, відэа- і аўдыёаб’екты — усё гэта павінна было зацікавіць розныя групы гледачоў. Пры гэтым выстава адрасавалася найперш самой мастацкай супольнасьці. Гэта нашая рашучая спроба стварыць сыстэму каардынатаў у хаатычным руху сучаснага мастацтва, якое мы маем на сёньняшні дзень у Беларусі.

У нас няма нічога, што структуравала б нашую мастацкую супольнасюць зьсярэдзіны, акрамя ўнутранай камунікацыі. Яе мы й мелі намер наладзіць. Гэта ня спосаб акцэнтаваць нейкія кірункі ў мастацтве, хутчэй — задаць фармат, памер, габарыты нашага мастацкага поля на прыкладзе прадстаўленых пятнаццаці мастакоў. Не абавязкова яны лепшыя, але, відавочна, яны яскравыя ў сваёй асобнай праяве.

В. Ш.: Зь іншага боку, я цяпер падумала: наколькі ў межах адной выставы можна ахапіць і больш «адмысловую» публіку, і шырэйшую? Я б, напэўна, не выкарыстоўвала панятак «шоў». Я шмат чула ад публікі, што, маўляў, працаў было мала. Але нашая ідэя якраз і была ў тым, каб не перагружаць прастору сэнсамі, не ствараць адчуваньне арт-«буціка», напоўненага дзіўнымі прадметамі.

Вы сказалі, што выставу наведала каля пяці тысячаў чалавек. Што да мэтаў, адрасаваных прафэсійнай арт-супольнасьці: узаемадзеяньне й аб’яднаньне, — безумоўна, яны вамі дасягнутыя нават ужо ў межах выставы. Але вернемся да гэтай «каля пяцітысячнай» аўдыторыі: большасьць водгукаў у СМІ, інтэрнэце — з адзнакай «мінус». Людзі, напрыклад, пішуць: «Культурныя тэрарысты» зьвярнулі на сябе ўвагу, але ня высунулі ніякіх патрабаваньняў».

В. Ш.: Ня хочацца абараняцца ад крытыкі, але я не пагаджуся, што выстава — гэта толькі «ўчорашні» дзень. У экспазыцыю ўвайшоў цэлы шэраг зусім новых працаў, напрыклад, Шабохіна, Лянкевіча, Гуліна. Дзіўна, што глядач не заўважыў адрозьненьняў паміж новымі й старымі тэндэнцыямі. Так, «Буцік» Клінава бачылі ўжо шмат разоў (варта адзначыць, гэтая зьява менавіта «нулявых», упершыню Артур паказаў праект у 2003 годзе). Але ня ўся выстава зьмяшчалася ў «Буцік». Яна з «Буціку» пачыналася, а завяршалася працамі Шабохіна. Гэта, на мой погляд, вельмі цікавая траекторыя: ад іроніі з нагоды арт-партызаншчыны ў сучасных умовах — да пазыцыі арт-актывіста. Дзіўна бачыць у гэтым не траекторыю, а адно й тое ж.

Магчыма, нашая публіка чакала нейкіх вялікіх прарываў? Хаця тое, што робіць Шабохін, — гэта ўжо зусім новая мова, новы спосаб асэнсаваньня сацыяльнай рэальнасьці, сувязі асабістага й палітычнага, рэакцыя на тое, што адбываецца ў нашай краіне й у дачыненьні да чаго мастак ня можа заставацца абыякавым. Так, гэта не пазытыўныя эмоцыі. І калі «тэрарысты не выстаўляюць патрабаваньняў», значыць, такія ўмовы ў нашай краіне. Але раней «тэрарыстаў» наогул не было, былі «партызаны».

Калі вы называлі выставу «Радыюс нуля», ці меркавалі, што «нуль» будуць зь велізарным запалам інтэрпрэтаваць — і часьцей за ўсё ў нэгатыўным сэнсе?

А. Ж.: Вядома — «поўны нуль», «канстатавала нуль». Мы былі да гэтага гатовыя.

В. Ш.: Цяпер, пасьля ўсіх абмеркаваньняў, я прыгадваю: пачыналі мы з таго, што «нулявыя» ўва ўсіх частках плянэты былі правальным пэрыядам. І ў Беларусі, хутчэй за ўсё, таксама.

Пачыналі мы самі зь нейкім пэсымізмам. Але нашае дасьледаваньне, сама выстава паказалі, што незалежна ад таго, як мы гэта ацэнім, у якую шкалу зьмесьцім, падзеяў адбывалася шмат, мастакоў шмат — матэрыялу дастаткова. З гэтым трэба проста працаваць, і гэта наўрад ці можна пазначыць «нулём».

Якім вы бачыце разьвіцьцё праекту? Будзе выдадзеная кніга — і праект скончыцца?

Р. В: На мой погляд, тут важна ня столькі нам працягваць гэтую справу, колькі тое, каб эстафэта была падхопленая іншымі. Каб, напрыклад, нейкая група мастакоў з Магілёву ці Гомелю раптам выявіла ініцыятыву й зрабіла праект падобнага кшталту ў сваім горадзе. Я чуў, што нашая фатаграфічная супольнасьць зьбіраецца правесьці сваё «цэхавае» дасьледаваньне дзесяцігодзьдзя. У далейшым нешта падобнае магло б адбывацца рэгулярна й стаць штогадовай працоўнай мадэльлю для нашага Цэнтру сучаснага мастацтва, напрыклад.

Наш праект яшчэ таксама далёка ня скончаны. Наперадзе выданьне кнігі-каталёгу, у якой мы павінны сабраць усе матэрыялы й зрабіць канчатковыя высновы.

Фатаграфіі © Сяргея Ждановіча. Больш фота ў нашай галерэі 

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам..


  1. Aля:

    Большое спасибо кураторам за программу в рамках выставки. Особенно выступления, связанные с гендерной тематикой. Вроде триеннале и биенналем сейчас форму взяли, в по сути полная ерунда получается.
    И еще — а где можно купить каталог?

    • Як нам вядома, каталёг толькі рыхтуецца да выданьня. Таму сачыце за інфармацыяй, напэўна, будзе публічная прэзэнтацыя.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology