МЕНСК. ПАВЕРХНЯ Й ВЫБУХ

Антон Мех / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Антон Мех / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

 Канстанцін Самарскі / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Юля Лыскавец / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Антон Мех / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Юля Лыскавец / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Антон Мех / праект «Слова ў горадзе», куратарка І.Герасімовіч / Інстытут ім. Гётэ ў Менску, сакавік 2011

Архіў! pARTisan #09’2009

Construction est destruction, comme le jour est la nuit, comme le cercle est carré, comme l’être est le néant.

César Chesneau Du Marsais 

Будаўніцтва ёсьць разбурэньне, як дзень ёсьць ноч, як круг ёсьць квадрат, як быцьцё ёсьць нішто.

Сэзар Шэно Дзюмарсэ

 

Побач з нашым домам — стаянка гарадзкіх партызанаў. Няўзброенаму воку яны нябачныя. Сквэр, які стаў пляцдармам для іхных дзеяньняў — нібы пасьля рэвалюцыйных і контрарэвалюцыйных баёў, — поўніцца трывожным запусьценьнем і зрабіўся непраходным. Паўсюль аголеная да пяшчанага эпідэрмісу паверхня. Дзе толькі барыкады, экзальтаваныя агітатары й прагныя да волі пралетары — аматары каменя?.. Дык што маем? Па-над фургонам нябачных дойлідаў маем дымок. У шарую гадзіну можна прыкмеціць сіняватае тэлезьзяньне — гэтак ажыцьцяўляецца сувязь з Цэнтрам. Іхны ўлюбёны час — начны й зімовы.

Яны — гэтыя guerilleros urbanos — пасланцы верхніх сфэраў у шэранькім гарадзкім асяродзьдзі, і іхная справа нешта зусім процілеглае паўстаньню. Укладка. 

Напрыканцы XIX стагодзьдзя паквольная публіка захаплялася зборнікамі кур’ёзных вынаходзтваў. Вечныя рухавікі, велацэпэліны, брытвы на паравой цязе… Магчыма, задума Жуля Вэрна пра палёт з гарматы на Месяц падсілкоўвалася такім самым чытвом. Сярод найдасьціпнейшых інвэнцый — найноўшы спосаб вынішчэньня прусакоў. Аўтар прапаноўваў намыліць сьцены пакояў і прысунуць ушчыльную да ліштвы начовачкі з вадой. Меркавалася, што прусакі будуць сасьлізгваць зь нязвыкла гладкай паверхні й тануць.

Такой паверхняй становіцца Менск. Ён увесь вонкавы.

Сталіца БССР, як кожны буйны савецкі цэнтар, мела парадную маску й мноства паўсядзённых шурпатасьцяў, болек і шнароў хранічнай непрыгожасьці. Тады, у эпоху крывадушнасьці, усё было амбівалентна. Японец-эстэт ацаніў бы такі твор як узор чыстага «югэн» — бездані падтэксту. Былі сьвет прылаўку й антысьвет «пад прылаўкам», актавая заля й «інтэлігенцкая кухня». Мелася дабратворная маска — і стомлены брыдкі твар пад ёю. Рымскія патрыцыі ганарыліся вусьцішным прывілеем — jus imaginis — «правам маскі», правам нашэньня аблічча свайго продка на дзяржаўных урачыстасьцях. Хтосьці памёр. Няма твару й астатняга цела — затое пахавальная маска зажыла самадастатковым жыцьцём.

Вышэйшы палітычны дыскурс у сваёй рэканструяванай форме пагражае пазбавіць хлеба самых выкшталцоных гермэнэўтаў. Афіцыйны тэкст як лямінарны струмень бяз прымесі іншых сэнсаў не патрабуе вытлумачэньня, ня мае патрэбы ў трансьляцыі, не трывае дапаўненьня. Аморфныя элемэнты вэрыфікабэльнага й фальсыфікабэльнага ў ім зьліпаюцца ў чыстую кантынуальнасьць, імкнучыся да ідэалу непарушнай бясшвовай сэнсавай плеўкі, а новая тапалёгія сталіцы пакліканая толькі ўвасобіць гэтую лёгасную мадэль. Мадэль застылага выбуху, апалітычны поліс, у якім кожны элемэнт плаўна дапаўняе й працягвае сваю ўяўную супрацьлегласьць, надаючы гучаньню слова «апазыцыя» (oppositio) лексычную літаральнасьць (appositio). Гэта паверхня, на якой неўяўляльныя барыкада, стыхійны канцэрт, дэманстрацыя, вольнамастацкі пэрформанс. Нябачны, але жорсткі вецер бяссэнсіцы зьдзімае зь яе гэткае «сьмецьце», быццам шалупіньне.

Ідэя, якая рэалізоўваецца ў Менску, гладкая, сухая й бліскучая, як «атам душы» Дэмакрыта. Нават погляд сьлізгае па ёй бяз зрокавага трэньня.

У будаўніцтве гораду эпохі мадэрну прыдаецца ладная колькасьць антырэчыва. Тое і банальныя «таямніцы» (парыскія, пецярбурскія), і злавесныя злачынствы (лёнданскія), і цямрэча — з пабітых ліхтарняў, і дынаміт — з расхрыстаных душаў. Такі матэрыял зьбіраў у сабе менскі тэрарыст пачатку XX стагодзьдзя Iван Пулiхаў, які назваў сябе ў апошняй цыдулцы да таварышаў (падтрымаўшы традыцыю «Лістоў з-пад шыбеніцы») «разьбітым вакном». Усё сваё жыцьцё гэты непрыкметны чалавек сабраў, як сьвятло ў фокусе, у адну кропку: забіць генэрал-губэрнатара. Як вядома, снарад для замаху прайшоў праз рукі паліцыі й загадзя быў абясшкоджаны. Калі Пулiхаў шпурнуў яго, пачуўся выбух пустэчы. Вакно цэлае, толькі ледзь чутна бразнула фортка. У гэтай сынгулярнасьці і нарадзіўся Менск-якім-мы-яго-ведаем.

Ці ня з вуліцы Пуліхава, Менск нулявых гадоў пачаў расьці ўшыркі шматпавярхоўкамі найноўшага — нулявога — стылю.

Тэрарыст Іван — дэміург-ахвяра Менску. Ягоная найбліжэйшая таварышка — Аляксандра Ізмайловіч — ніводнага слова не сказала пра ягонае аблічча. Згадала адну характэрную рысу — маўклівасьць. Пуліхаў-старэйшы — бацька — быў няздольны ўзгадаць нават век свайго першынца. «А ці быў хлопчык?» Ягонае пакараньне — на браме Пішчалаўскага замку ў адліжную лютаўскую ноч — быццам злучыла зьнешнюю прастору гораду й унутраную людажэрную вакуолю турмы, выплюхнула ейную сапрэлую, застаялую пустэчу навонкі. Адзіны сьведка пакараньня, будучы бясстрашны «ваенлёт» А. К. Туманскі, тады яшчэ дзіця, у сваіх мэмуарах кажа нешта дзіўнае: «Дома мне было вельмі дрэнна, пачало ванітаваць, здарылася гарачка, і маці зноўку паклала мяне ў ложак. <…> Расстрэл дэманстрацыі й пакараньне Пуліхава канчаткова забілі ўва мне веру ў бога й ягоную літасьць». Тут усе прыкметы вострага атручэньня адсутнасьцю: ліхаманка, млоснасьць і страта перакананьняў — спачатку ў існаваньне Бога, а потым і ў яго літасьць.

Бясшкодны тэрарыст і ягоная сьмерць, што ціхамірна ўсмакталася начным улоньнем гораду, здольныя загасіць полымя любой тэадыцэі, любой надзеі на абсурд. Вызначальны экзыстэнцыял гэтага гораду — здольнасьць існаваць-без-таямніцы.

На судзе адкрылася, што тэрарыст, верагодна, здагадваўся аб безнадзейнасьці бомбы. Пасьля няўдалага кідку, калі замест грукату павісла аглушальная цішыня, зь ягонага твару доўга не сыходзіла ўсьмешка. Кантынуум замкнуўся. Правакатар атрымаў свае грошы, генэрал-губэрнатар — падвышэньне, рэвалюцыянэр — пакутніцкую сьмерць, горад — вуліцу з гераічным імем.

Калі выбух — гэта непрадказальнасьць, то палiтагенны міт Менску — непрадказальная прадказальнасьць. Як стэрылізаваная паліцэйскiм адмыслоўцам бомба Пулiхава. Як прэзыдэнцкія выбары 1994 году. Гэта ані хаос, ані космас, ані поліс… Вялізная нямая агора — з тых, што спараджае фобіі. Працоўнае паўстаньне ў красавіку 1991 году й маладзёвае кіпеньне ў сакавіку 2006 году расьцякліся па адкрытай паверхні, у плашчыні плошчы. Як выбух у пустэчы — бяз грукату й разбурэньняў.

Самыя характэрныя помнікі ў гэтай прасторы — знакі адсутнасьці. Мэмарыяльная плітка, што хутчэй нагадвае надмагільле, на месцы старога Замчышча. Амаль кожны будынак у цэнтры пазначаны цяжкімі памятнымі шыльдамі аб знакамітасьцях, што жылі… не — мільгнулі ў ім, знакамітых у прыкрай большасьці выпадкаў менавіта сваім увасабленьнем ў гэтых «чорных метках». Скрайні выпадак — «Яма», стэрэамэтрычна дасканалы помнік падзеі, якая давершыла ператварэньне аднаго з культурна напружаных поліэтнічных палюсоў Усходняй Эўропы ў зьвяно расплывістай пэрыфэрыі… Тлустая кропка ў сярэдзіне шматкроп’я.

Адштукаваць даўніну на філістэрскі капыл духу сучаснасьці, а новабудоўлі надаць цяжкаўлоўны выраз гістарычнасьці — вось цымус архаізацыйнай мадэрнізацыі.

Ад дэманстратыўнай убогасьці позьнесавецкага правінцыйнага стылю, калі выстаўленыя на ўсеагульны агляд, нібы «новы ўбор караля», велізарныя аб’ёмы непрывабнага архітэктурнага цела лагодна бурчэлі ўсімі сваімі падбеленымі выбоінамі, падфарбаванымі шчылінамі, падмазанымі сколамі: «Любіце мяне такое, якое ёсьць, бо іншага не было й ня будзе», — гэткую мадэрнізацыю адрозьнівае какетлівая спроба спакушэньня: «Я — тое, што было заўсёды, я — тое, што будзе заўсёды. Любіце!..» Няўмольна й няўлоўна: Аляксандраўскі сквэр стаў напраўду аляксандраўскім, больш абароненым; загараджальная набярэжная ўтаймавала вольніцу ракі Сьляпянкі каля Нацыянальнай Бібліятэкі; ажурная рашотка надала парку Чалюскінцаў (некалі самаму ўскудлачанаму) урачыстую параднасьць. Клясыцызм, хай «псэўда-» і «нэа-», перамагае ў клясавым дужаньні стыляў зь лікам «0:0».

Падноўленыя рэшткі старых кварталаў прыхінаюцца да роўных шыхтоў ахутаных вiнтажным флёрам новабудоўляў. Адваротны бок гораду, яго адмаўленьне не адбылося. Менск, які складаецца з адной толькі вонкавай паверхні, замкнуўся, як стужка Мёбiуса. Рахманыя падрыўнікі, прыбраныя ў сьціплую форму дзяржаўных службоўцаў будаўнічага ведамства, цярпліва шаруюць яго залышаныя плоскасьці каменным мылам.

Кастусь Чарнец

Фатаграфіі © Ірына Герасімовіч

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам. 


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology