У ФРАНСУА АЗОНА СКЛАДАНАСЦІ

 

— Ой, нейкі незвычайны фільм, — прамаўляюць непадрыхтаваныя гледачы пасля новага фільма Франсуа Азона «Маладая і прыўкрасная». Але насамрэч нічога незвычайнага ў гэтым фільме няма. Ні для Азона, ні для чалавецтва наогул. Як пішуць класікі, усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся.

Глядзіш спачатку нібыта эратычную драму. Потым яна спакваля ператвараецца ў камедыю. А напрыканцы ўжо зусім у нейкую «чарнушную» сацыялку. Ну, як заўжды ў Азона, — можна падсумаваць. І сапраўды, у яго заўжды нешта падобнае. Праз сэксуальнасць ён выходзіць на нейкія праблемы — псіхалагічныя (комплексы, страхі) ды грамадскія. Узгадаць хаця б тыя ж «Убачыць мора», «Sitcom» (у рускім пракаце — «Крысятник») альбо «8 жанчын».

Азона называюць адным з самых паспяховых і адметных рэжысёраў сучаснага французскага кіно. Ён і насамрэч умее гуляцца з фарматамі. У «Маладой і прыўкраснай» фестывальнасць і камерцыйнасць спалучаны ў такіх прапорцыях, што спачатку гэты фільм нават хацелі забараніць для пракату ў нашай краіне, а потым усё-ткі вырашылі не забараняць.

Хаця ніякіх адкрыта парнаграфічных сцэн там няма. Так, лёгкая эротыка. Засмуціць мог хіба што мэседж.

А што з мэседжам? 17-гадовая Ізабэль, якую даволі пераканаўча грае 23-гадовая Марына Вакт, вучыцца ў Сарбоне, чытае шмат літаратуры і яшчэ ніколі не спала з хлопчыкамі. Але ёй вельмі хочацца. І калі гэта нарэшце здараецца на летніх вакацыях (і, канешне ж, на беразе мора!), яна адчувае пэўнае расчараванне. Прынамсі па выразе твару так здаецца. Пасля яна не хоча мець нічога агульнага з гэтым яе «першым» — рудым, мускулістым, але троху прыдуркаватым немцам. Але несупынна думае пра сам працэс. І вырашае спаць з мужчынамі за грошы.

Тут могуць паўстаць тысячы інтэрпрэтацый. Бо, як ужо вядома, твор мастацтва значыць роўна столькі, колькі ў яго ўклаў глядач і што ён «счытаў» у гэтым творы. Але. Падаецца, што гераіню прываблівае перспектыва быць незалежнай, самастойнай і нават трошачку пераможцай. Тым больш, як аказваецца потым, яе бацька сышоў з сям’і. Магчыма, для гераіні гэта нейкая падсвядомая помста. Часам, пераспаўшы, людзі пачынаюць нешта патрабаваць адно ад аднаго, сям’ю яшчэ заводзяць, дзяцей. Вось гераіні Вакт гэта і не падабаецца, што мужчына потым можа сысці, кінуць гэта ўсё, разбурыць, як здарылася з яе маці.

Нават калі гэты разрыў быў здзейснены па агульнай згодзе. Яна вырашае заўжды сыходзіць першай. І ніякіх абавязкаў, ніякай будучыні.

Зрэшты, і тут нічога новага. Колькі было ўжо гэтых фільмаў, з такімі феміністычнымі пасыламі, пра жанчын з “агнём” унутры. Памятаю, у мінулым годзе на кінафестывалі «Лістапад» мы абмяркоўвалі гэтую тэму з вядомым беларускім кінааператарам Таццянай Логінавай. У праграме конкурсу «маладога» кіно быў фільм… Вось ён прыблізна пра гэта. Пра «агонь» унутры. Думаю, нешта «вогненнае» ёсць і ў Ізабэль.

Яшчэ ў фільме ёсць малодшы брат. І дзякуючы гэтаму герою вядзецца пра непазбежны ўплыў сястры на псіхіку і сэксуальнасць брата. Ён, прычым, такі добры, спакойны, удумлівы. Усё просіць сястру, каб тая расказала пра сваю першую ноч, бо абяцала; аднекваецца, што хоча цалавацца з дзяўчатамі… Але бліжэй да канца фільма нам паказваюць, што ўжо і ён мастурбуе ў сваім пакоі. Вось яна — непазбежнасць па-азонаўску.

Самы цікавы момант — гэта калі новы лад жыцця Ізабэль раскрываецца, і маці прымушае яе хадзіць да псіхолага. Для гераіні пачынаецца такі перыяд, што ўсе мужчыны, якія ведаюць, што яна спала за грошы, глядзяць на яе вельмі неадназначна. Ну, гэта і зразумела. Айчым, псіхолаг, муж найлепшай сяброўкі маці — усе… Быццам мужчына апрыёры ўспрымае любую жанчыну як прастытутку, але баіцца сабе ў гэтым прызнацца. А нехта і не баіцца.

Але, як толькі Ізабэль страчвае кантроль над гэтай сітуацыяй, як толькі ўсё раскрываецца, а кліент, да якога яна прывязалася за пяшчоту і непатрабавальнасць, памірае, ёй становіцца гэта нецікава.

Азон тут і сцябаецца, і іранізуе, і робіць пародыю на штампы. Напрыклад, эпізод, дзе Ізабэль стаіць на мосце з маладым сваім бойфрэндам (не кліентам!). Мост гэты — з замочкамі, якія вешаюць маладыя падчас вясельнага абраду. Адзін з самых папсовых мастоў у Парыжы, як тлумачаць дасведчаныя франкаманы. Плюс сцэна інтыму на марскім беразе. Закрадваюцца падазрэнні, што Азон гэта ўсё не ўсур’ёз. Што ён здзекуецца з гэтай «саплівай» эстэтыкі. І тым самым сцвярджае, што ў стасунках усё нашмат больш ваяўніча і жорстка.

У выпадку з Ізабэль у прынцыпе ўсё можна «скінуць» на пераходны ўзрост. Тым больш, што сам рэжысёр робіць нетрывіяльныя падказкі пра 17 гадоў, першы сэкс, першае каханне. На адным з заняткаў юнакі і дзяўчаты нават чытаюць верш Арцюра Рэмбо пра 17-гадовы ўзрост, пра тое, што трэба кінуць усё і гуляць пад ліпамі. Шчыра так чытаюць, проста стоячы ля нейкай бірузовай сцяны.

І гэты эпізод таму і запамінаецца, што там проста сцяна, і на яе фоне гэтыя «бюсты» хлопцаў і дзяўчат, якія чытаюць верш Арцюра Рэмбо. Спачатку адразу прыгадваецца рэвалюцыйная карціна «Пакуты Жанны д’Арк» (1928) Карла Тэадора Дрэера, потым фільмы самаўлюбёнага канадца Ксаўе Далана, ну а потым і зусім ужо дакументальныя фільмы па «Дыскаверы».

Дарэчы, фільму «Маладая і прыўкрасная» ў цэлым не чужая і пэўная дакументальнасць, нават гіперрэалістычнасць. Падлеткі, заняткі па літаратуры, вечарынкі. Воляй-няволяй узгадваецца канскі лаўрэат — французскі фільм «Клас» (2008) Ларана Кантэ пра «складаных» падлеткаў.

У Азона таксама складанасці. Толькі свае. Асяродак у яго больш буржуазны і рэспектабельны, але ад гэтага не менш няшчасны. Нездарма ж кажуць, што, каб думаць пра нешта большае, грамадства павінна быць сытым.

Так і тут: каб «заганяцца» пра нешта большае, капацца ў сабе — сэксуальнасць там, падсвядомае, псіхалагічныя траблы — сям’я павінна быць рэспектабельнай, а дачка — вучыцца на філфаку.

Прынамсі, у Францыі так. Вунь, бадай, усе фільмы Луіса Бунюэля пра тое, як буржуазія «вар’яцела» ад суму жыць у сваёй забяспечанасці, высокадухоўнасці і адукаванасці…

Воля Чайкоўская

На здымках кадры з фільму «Маладая і прыўкрасная» (рэж. Ф.Азон). Глядзіце ў менскіх пракаце да канца тыдню.

Фота © filmz.ru

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology