HUM FLYING BULLETPROOF NOODLE

 

«Галоўная праблема — у рэжыме чакання, які зацягнуўся. Мы не жывем, а ўсхвалявана рыхтуемся да чужога спектакля. Чакаем новага Акудовіча — атрымліваем новага Марціновіча. І ўздыхаем: «Эх, не той!»

Марым пра новага Вольскага — атрымліваем гітарных хлапцоў з «Akute». І чакаем далей. Не гэтых — «сапраўдных», — чытаю я сёння ў артыкуле Максіма Жбанкова пра цяперашні стан беларускай культуры. Здаецца, рэжым чакання настолькі звыклы для соннага беларуса ў пустым тралейбусе, што, нават калі ў Гомелі здарыцца Курт Кабэйн альбо ў Віцебску — Ціна Цёрнер, мы проста гэтага не заўважым, па звычцы пераключыўшыся на канал з расейскімі навінамі. Альбо на стары добры «Radiohead».

Думка Жбанкова настолькі добра перагукалася з маім даўнім разважаннем пра менскую каманду «Hum Flying Bulletproof Noodle»,

што менавіта з гэтага я вырашыла пачаць інтэрв’ю з Ягорам Яворскім і Іванам Кіліным — удзельнікамі калектыву «з доўгай назвай і вялікім патэнцыялам».

За пяць гадоў свайго існавання гурт сыграў больш за 20 канцэртаў на ўсіх магчымых менскіх пляцоўках, падзяліўшы сцэну з такімі беларускімі камандамі, як «The Toobes», «Дзеці дзяцей», «The Blackmail», «Clover Club», «Akute» і многімі іншымі. У паслужным спісе — адзначаны як беларускімі, так і замежнымі крытыкамі альбом «Tape», два сінглы і два EP, апошні з якіх («Снег») выйшаў у гэтым годзе.

«Чацьвёра менскіх студэнтаў наслухаліся «Radiohead», Гаана ды Бізэ і выдалі свае «Песьні жальбы». (SB, «Тузін Гітоў»)

Існаванне «тэгаў» у віртуальнай прасторы палягчае пошук па запыце і дазваляе хоць неяк фільтраваць інфармацыю, памнажаць сябе ў прагрэсіі не самага простага арыфметычнага маштабу. Параўнанне з кім бы тое ні было ў галіне творчасці — пытанне няпростае, палка з двума канцамі. З аднаго боку — прыемна і, напэўна, цешыць. Але з іншага — хіба звыклая ўвязка з ужо існым не зводзіць на элегантнае зручнае «не» спробы быць новым, адрозным ад астатніх?

Ягор і Іван з «Hum Flying Bulletproof Noodle», чыю музыку калісьці вызначылі як «беларускі «Radiohead», на параўнанні рэагуюць спакойна.

«Мне ніякае параўнанне з кім бы тое ні было не крыўднае, — каментуе Іван Кілін. — Добра, што людзям ёсць, з чым параўноўваць, добра, што слухалі нас. Знайшлі нешта агульнае — малайцы. Галоўнае, каб параўнанне з нейкім аналагам было не адзіным спосабам пазнання музыкі».

«Многім людзям часта бывае складана апісаць словамі ўражанні ад музыкі — менавіта таму ім даводзіцца звяртацца да пошуку чагосьці падобнага, каб суразмоўцу было больш зразумела. Адсюль параўнанне з «Radiohead», напрыклад. Я сам увесь час гэты метад выкарыстоўваю, да свайго сораму», — дадае Ягор Яворскі.

«Музыкі стварылі дзіўнаватае санлівае каралеўства ў межах невялікага кватэрнага пакою. Іх сястра — ляканічнасьць. З мноства дэфініцыяў у адносінах да стылістыкі HFBN найлепш, бадай, падыходзіць «каталіцкі рамантызм», хаця самі музыкі могуць з гэтым і не пагадзіцца. Відавочна, што музыка HFBN вельмі паўночная, схаваная ад маразоў і завей ва ўтульны прыстанак». (Віктар Сямашка, пазаштатны эксперт і сябра «Вялікага журы» сайта experty.by)

Адзін з актуальных метадаў самаідэнтыфікацыі ў спецыфічнай моўнай сітуацыі нашай краіны — падыход да выбару мовы. Не будзе перабольшаннем адзначыць, што ў галіне музычнай творчасці ён становіцца адным з першых. Беларуская мова рознай ступені засвоенасці часта асацыюецца з пратэстам і пэўнай сацыяльна-палітычнай пазіцыяй выканаўцы. У той час як выкарыстанне ў песнях замежных моў падаецца зацішнай маркетынгавай шчылінай у імглістасць сэнсу і шырынёй замаху на «калісьці, быць можа» перспектыўны рынак. З вызначэннем ангельскай мовы як своеасаблівага «прытулку» згодны і вакаліст гурта Ягор Яворскі, які, тым не менш, называе гэты прыстанак «часовым». А той факт, што ў 2013 годзе «Hum Flying Bulletproof Noodle» выпусціла песню «Снег» з аднайменнага EP на мове, якую хлопцы лічаць для сябе роднай, даказвае, што словы не былі выкінутыя на вецер.

«З нагоды мовы… Спачатку была расейская. Але ў тыя часы ў мяне было недастаткова ведаў для таго, каб тэксты не выглядалі дрэнна. І ангельская мова сталася своеасаблівым часовым прытулкам, — тлумачыць Ягор. — Зараз жа я набраўся адвагі і цалкам адмовіўся ад ангельскай, бо ўжо даўно лічу, што мова гэтак жа важная, як і сэнс, і што пісаць атрымаецца ў любым выпадку лепш на той мове, на якой думаеш…

Я імкнуся сур’ёзна ставіцца да тэкстаў, часта пішу і апрацоўваю тэкст тыднямі. Не буду сцвярджаць, што я — беларускі Боб Дылан, але заўважу, што за кожным маім тэкстам стаяць цалкам выразныя ідэі», — дадае ён.

«Альбом, сабраны па прынцыпе мазаікі, складана адразу зразумець і палюбіць. Тут як з сучасным мастацтвам: яно ці падаецца выдатным, ці не падаецца нічым… Наогул трэкі відавочна ствараліся з дэманстратыўнай адсутнасцю жадання падабацца ўсім і гэта падкупляе». (Канстанцін Трыгуб, галоўны рэдактар музычнага сайта RockYou.kiev.ua)

Сітуацыю на рынку маладой беларускай музыкі можна з упэўненасцю растлумачыць бурным партызанскім мінулым нашага народа. Вельмі многае робіцца і застаецца менавіта ў падполлі (чытай — у інтэрнэце). Таленавітыя і шчырыя выканаўцы пасля некалькіх гадоў гульні на энтузіязме часта ўпіраюцца ў фінансавае «да пабачэння». Акрамя таго, адбіваецца міфічнасць інстытута куратарства і прадзюсарства.

Як вынік — Беларусь па-за межамі краіны вядомая толькі парай-тройкай гуртоў, якія «сапраўды зрабілі гэта», і морам хутчэй не выканаўцаў, а персанажаў кшталту Юры Дземідовіча і Ксеніі Дзягелькі.

Шчыра? Мне было б нашмат больш прыемна быць вядомай праз «Hum Flying Bulletproof Noodle».

«Шмат хто кажа, што маладым беларускім гуртам сёння не хапае грошай, і я збольшага з гэтым згодны, — адзначае Ягор Яворскі. — Але часцей за ўсё многім нестае чагосьці сярэдняга паміж розумам і адвагай. Пераважная большасць музыкаў арыентуецца на заходніх калегаў, і гэта — вынік. Мае любімыя расейскія калектывы («Мумій троль», «4 пазіцыі Бруна», «NRKTK»), для прыкладу, зусім не падобныя да чагосьці з Захаду, і, відавочна, яны — мае любімыя менавіта таму, што граюць так, што ў іх можна пераняць нешта новае. Win-win!»

Іван Кілін працягвае: «Па-сапраўднаму дзейны гурт — гэта гурт, які перадусім робіць штосьці «для сябе» і «для сяброў», а ўжо потым — для астатніх. Калі наадварот, то адразу прабіваецца фальшывасць. Рабіць «для сябе» і «для сяброў» (напэўна, нават без другіх «сяброў») мае на ўвазе, што музыка і тэксты закранаюць тое, што цябе сапраўды цікавіць, нават самае патаемнае…»

«Музыка можа быць напісана як заўгодна добра і прафесійна, але да таго часу, пакуль яна не робіцца для сябе, — яна практычна непазбежна трапляе ў тую ж катэгорыю, куды ўжо трапілі ўмоўныя «Ляпісы» і Саладуха. Усе, хто слухаў 10–20 гадоў таму «Ляпісаў», сёння слухаюць такога ж умоўнага Саладуху. І, на мой погляд, якасць музыкі ў іх зусім аднолькавая са шматлікіх пунктаў гледжання. Маркотней іншае — у нас другі полюс вельмі маленькі, яго практычна не відаць людзям, якія знаходзяцца па-за ягонымі межамі», — лічыць Ягор.

«Мы ж якраз увесь час нашага існавання цікавіліся менавіта гэтым другім полюсам. Складана казаць, што мы занялі нейкае бачнае месца — дзеля гэтага нам трэба было быць значна больш актыўнымі.

Аднак прынамсі галоўнага для сябе я дамогся: я граў і пiсаў пра тое, што мне падабалася, і рабіў гэта ад сэрца».

«З самага першага трэка альбома ён захоплівае перадусім сваёй суцэльнай атмасферай тым, чаго спрэс няма ў большасці іншых беларускіх альбомаў: тут усе трэкі падпарадкаваныя абсалютна адзінаму настрою, адзінай канцэпцыі, у іх няма нічога чужароднага, непатрэбнага і лішняга. Чагосьці дакладна не хапае але гэта ўжо іншая размова». (Яўген Даўгіх, вядоўца музычных перадач на TUT.BY)

«Дарэчы, Ягор вельмі дакладна сказаў пра сярэдняе паміж розумам і адвагай, — дадае Іван Кілін. — Яшчэ працавітасці не хапае… Тут у балансе справа. Звычайна ў маладых гуртоў альбо вельмі шмат нічым не падмацаванай напорыстасці, альбо перабор з неапраўданымі сумненнямі.

Месца нашага гурта?.. Не ведаю, мне з маёй пазіцыі дрэнна відаць. Адэкватна — сярэдне, ёсць і выдатнае. А каб яго знайсці, часам трэба трохі цікаўнасці».

«Тонкая меладраматычная фолктроніка па ісландскіх запаветах — так і не скажаш, што гэтая музыка зроблена ў Беларусі… моцна вылучаецца з агульнага шэрагу хоць бы па гуку і імкненні ў зусім іншыя стэпы; а гэта пахвальна. Ды і прыгожа ўсё ж такі». (Аляксандр Гарбачоў, музычны аглядальнік, шэфрэдактар часопіса «АФІША»)

Тэкст і фота: Вольга Бубіч

Cлухаць ТУТ.

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус