Фестываль «Лятучы стол Караткевіча» (лістапад 2013)

Кнігарні «логвінаЎ» (Незалежнасці 37а) падарылі легендарны пісьмовы стол, за якім Уладзімір Караткевіч напісаў «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі». І гэта выдатная нагода для літаратурнага фестывалю!

Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні «логвінаЎ» і галерэі «Ў» будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, з удзелам паэтаў, спевакоў і мастакоў.

На кожнай імпрэзе фестывалю самых актыўных чакаюць «лятучыя» прэзенты ад кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Расклад імпрэзаў фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» 

6 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Сакрэты зайцаў-півавараў

Зусім неафіцыйнае, але, тым не менш, дужа ўрачыстае адкрыццё фестывалю «Лятучы стол Караткевіча». Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка і Антон Рудак. Чакаюцца нечаканыя госці. Вядоўца — Андрэй Хадановіч. Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»

9 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 14.00. Дзікае маляванне

Другое мерапрыемства фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» — прэзентацыя дзіцячага комікса Адама Глобуса «Дзікае паляванне і кароль Стах». Малявальны майстар-клас для дзетак правядзе мастачка Наталля Гарачая. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце — будзем маляваць!

12 Лістапада. Галерэя «Ў». 19.00. Скрыпка дрыгвы

На трэцяй імпрэзе фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома «Беларуская песня». Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»

19 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Karatkievič international

Чарговая імпрэза фестывалю «Лятучы стол Караткевічча», прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы. Прэзентацыя польскага перакладу рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. А таксама аповед пра легендарнага нямецкага перакладчыка Норберта Рандаў (1929–2013). Вядоўца — Андрэй Хадановіч.

26 лістапада. Кнігарня «логвінаЎ». 19.00. Быў. Ёсць. Буду.

У дзень народзінаў класіка выдавецтва «Мастацкая літаратура» на заключнай імпрэзе фестывалю «Лятучы стол Караткевіча» прадставіць публіцы першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Выступоўцы — Віктар Шніп, Анатоль Верабей, нашчадкі пісьменніка.

Арганізатары — кнігарня «логвінаЎ» і кампанія «Будзьма беларусамі!»

Уваход на ўсе імпрэзы — вольны. Сядзенне за легендарным сталом — дармавое. Лятучыя прэзенты — на падлёце. Катапультуйцеся да нас!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2018. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус