5 лістапада — праект Сяргея Ждановіча INCERTUM

5 лістапада а 17 гадзіне
ў малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47)

адбудзецца адкрыццё фатаграфічнага праекта Сяргея Ждановіча INCERTUM*.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены 38 фатаграфічных выяў, складзеных у прасторавую інсталяцыю. Выстава арганізавана пры падтрымцы кампаніі «Coloroom».

Сяргей Жданавіч пераважна займаецца канцэптуальным мастацтвам у жанры чорна-белай фатаграфіі, а таксама прасторавай інсталяцыяй, мультымедыя, перформансам. У прадстаўленым праекце мастак распрацоўвае тэму фатаграфіі, як «няпэўнага» мастацтва, разважаючы пра фатаграфічную выяву,

а дакладней праяўляе тры асновы яе прадукавання: святло, аўтар, глядач, дзе святло фарміруе вобраз, аўтар фіксуе, а глядач інтэрпрэтуе.

«У фатаграфічнай выяве першай асновай з’яўляецца святло. Святло, адлюстраванае ад паверхні прадмета, фарміруе яго вобраз, выяўляе яго форму, аб’ём i размяшчэнне ў прасторы, прапарцыянальнасць адносна іншых прадметаў. Кампазіцыі прадметаў фарміруюць сістэму каардынат, лінейную і паветраную перспектывы, арганізуюць прастору.
Далей з’яўляецца другая аснова фатаграфічнай выявы — аўтар, без якога першая аснова не мае значэння. Аўтар фіксуе святло, адлюстраванае ад паверхні прадмета, і пераносіць у плоскасны малюнак, у фармат друкаванага ліста.
Пасля публікацыі выявы важную ролю адыгрывае трэцяя аснова — глядач. Менавіта ён параўноўвае сябе з персанажамі ў кадры і перасоўваецца ў выяву прапанаванай прасторы, у няпэўную рэальнасць іншага.

Серыя фотавыяў INCERTUM* — адасоблены погляд на рэальнасць, без канстатавання месца і часу фатаграфаваных аб’ектаў. Ёсць толькі святло, адлюстраванае ад паверхні прадмета і прапанаваная прастора.»

Сяргей Ждановіч, аўтар праекта.
https://sites.google.com/site/zhdanovichsergey/

* INCERTUM (Lat.) — няпэўна.

Выстава працягнецца па 23 лістапада 2013 года.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology