кліпічная.адысэя.by

«Капітал» / «Ляпіс Трубяцкой»

«МРОЯ», канец 1980-х

«The Eerie» / «Gods Tower»

«Ластаўкі» / «Ляпіс Трубяцкой»

«Ластаўкі» / «Ляпіс Трубяцкой»

«Паветраны шар» / «N.R.M.», 1999

«Neuro Dubel»

«Well» / «Разбітае сэрца пацана», 2009

«Чароўны трусік» / Юры Дземідовіч, 2009

«Я из деревни» / Ксенія Дзягелька, 2012

«Капітал» / «Ляпіс Трубяцкой», 2007

«Капітал» / «Ляпіс Трубяцкой», 2007

Лідзія Драбышэўская, бабуля з Гомлю, 2009

pARTisan #24’2013

Павал Сьвярдлоў

Беларускімі зоркамі Youtube становяцца дзяўчынка «зь вёскі», «чароўны трусік» Юры Дземідовіча, «Песьняры» й кавэры на «Gangnam Style». Тым часам прафэсійнае кліпмэйкерства бадзёра коціцца ў прорву, і ніхто не гарыць жаданьнем ратаваць яго.

Мы з маладым рэжысэрам Мацьвеем Сабуравым сядзім на гарышчы сталінскага дому ў цэнтры Менску. Мацьвей захоплена распавядае пра сваю апошнюю працу — кліп «Ластаўкі» на песьню гурта «Ляпіс Трубяцкой». Ідзе 2003 год — лепшы ў гісторыі беларускага кліпмэйкерства. «У мяне ўжо некалькі гадоў такое адчуваньне, што ўсё толькі пачынаецца!» — прызнаецца рэжысэр. Усё «толькі пачынаецца» дагэтуль.

У Беларусі адсутнічаюць музычныя каналы. На тэлебачаньні няма ніводнай праграмы, прысьвечанай кліпам. Артысты працуюць дзеля 10 000 праглядаў на Youtube і ўкладкі «Маё відэа» ў расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Але ці вартая сьвеч гэтая гульня?

Каму гэта трэба?

Кліп — шасьцярэнька ў мэханізьме шоў-бізнэсу. Зьяўляецца малады гурт, музыкі п’юць, рэпэтуюць у гаражы й мараць пра славу. Нарэшце пару песень гатова: гэта «гіт» для A-side і характэрная рэч для «адваротнага боку» першага сынглу. Але ніхто да гэтага часу ня ведае, як выглядаюць гэтыя хлопцы: патрэбны кліп — візытоўка. Потым на чарзе другі сынгл і другі кліп — непасрэдна перад выхадам LP. Ну а далей ужо як карта ляжа. Усё гэта працуе, калі шоў-бізнэс у парадку. Гэта значыць дзе заўгодна — толькі не ў Беларусі.

Кліпы заходніх артыстаў ужо даўно зь цяжкасьцю зьмяшчаюцца ў этэрах шматлікіх MTV, VH1, VIVA і г. д. Вядома, выратоўвае Youtube: зь месяц таму PSY сабраў мільярд праглядаў кліпу «Gangnam Style». Гэта тое ж самае, як калі б кожны беларус, у тым ліку старыя й немаўляты, паглядзеў яго 100 разоў. Але хуткасны інтэрнэт, які дазваляе карыстацца Youtube, ёсьць толькі ў траціны беларусаў.

Яшчэ ў 2000-я музычныя праграмы былі на цэнтральных беларускіх ТБ-каналах. «Акалада», «Кліп-абойма», «Вялікая музыка», «Першая кліпічная лякарня» — ня выжыў ніхто. Ніводнай мэдыйнай пляцоўкі для таго, каб кліп ішоў да гледача. Фарматы тэлеканалаў ператвараюць вытворчасьць кліпаў у рамяство. Відэа трэба зьняць «па вобразе й падабенстве», інакш — бывай, ратацыя!

Беларусь — мабыць, апошняя краіна ў Эўропе, у якой музычны кліп — гэта ніякая не шасьцярэнька, таму што прыладзіць яе няма куды. Музычны кліп у нас — гэта твор мастацтва. Кожны ролік — «фэстывальны».

Нікому вашыя кліпы не патрэбныя, — апраўдваюцца тэлевізійныя начальнікі. Так, і артысты беларускія не патрэбныя. Патрэбныя толькі «Рамштайн» і Мэнсан. Вось і атрымліваецца зачараванае кола: беларускія кліпы не патрэбныя тэлеканалам, таму што не патрэбныя гледачам, таму што не патрэбныя тэлеканалам. Ці заўсёды было так?

Кароткія «васьмідзясятыя»

Восень 1988 году была цёплай і сонечнай. Мы ведаем пра гэта, у тым ліку й таму, што 28 кастрычніка 1988-га група «Бонда», узброіўшыся камэрай і рэжысэрам Генадзем Шувагіным зь «Беларусьфільму», зьняла кліп на сваю песьню «Ура!», які і стаў зыходным пунктам у гісторыі айчыннага кліпмэйкерства. Выскокваючы з акна падчас здымак, вакаліст «Бонды» Ігар Варашкевіч зламаў нагу. Але гэта музыкаў не спыніла: не прайшло й паўгода, як «Бонда» папоўніла сваю кліпаграфію ролікам «На станцыі Койданава». А празь некаторы час адыйшла ў нябыт, распаўшыся на «Краму» й «Ulis».

Вось і ўсё пра 1980-я. А тое ліхалецьце насамрэч было вельмі падобнае да цяперашняга: здымаць кліпы дорага, а паказваць няма дзе.

Дзікія «дзевяностыя»

У 1990-я мы рухаліся наперад па кліпе ў год. То Аляксей Шадзько, разьвітваючыся зь юнацтвам, паблукае з камэрай па каламутным Санкт-Пецярбурзе, то Ўладзімер Янкоўскі здыме зь неба «Папяровы месяц» для Лікі Ялінскай. Кожны ролік — шэдэўр: не «шасьцярэнькі», а сапраўднае мастацтва, прытым нятаннае. Кліпы каштуюць да $ 50 000, што нават па цяперашніх мерках вельмі дорага. Прозьвішчы беларускіх рэжысэраў — Янкоўскага й Пашкевіча — грымяць, здымацца да іх прыяжджаюць немцы «Rage» і мэгапапулярны тады ў Расеі «Белы Арол».

Падымае галаву менскі андэрграўнд, які пасьля распаду Савецкага Саюзу апынуўся на ўзбочыне. Малады Лявон Вольскі арганізуе для сваёй «Мроі» праграмны кліп «Я рок-музыка» — гэткі наш «Another brick in the wall» «Pink Floyd». Ажываюць беларускія рэгіёны. У Гомлі зоркі паганскага мэталу «Gods Tower» здымаюць «The Eerie» — як і належыць, страшны й нудны. Аршанскі гурт «Пані Хіда» ў падтрымку альбому «Проза й вершы» выпускае ў 1997 годзе адразу два кліпы: «Сьлёзы на соснах» і «Таніц». «Сьлёзы» — пранізьлівая гісторыя бадзягі, які вярнуўся ў дзяцінства перад тым, як назаўжды пакінуць гэтую зямлю, — нечакана для ўсіх атрымлівае першую «Рок-карону» за лепшы кліп у гісторыі прэміі, а «Таніц» становіцца галоўнай песьняй году. «Нас не прадалі, // Нас не хацелі купляць», — прадракае свой лёс «Пані Хіда».

Гурты зь беларускай правінцыі ўспыхваюць і мэтэорамі праносяцца па небе, на якім працягваюць «зьзяць» непахісныя зоркі: Ліка Ялінская, Аляксандар Саладуха, Іна Афанасьева, «Песьняры», «Верасы» й «Сябры».

Нулявыя «нулявыя»

На 2000 год прыпадае пік цікавасьці да беларускіх кліпаў. Парадаксальным чынам ён не выяўляецца ў колькасьці — музычнае відэа застаецца адзінкавым прадуктам, даступным альбо вельмі багатым, альбо вельмі вынаходлівым. «Рок-кароны» ў першыя гады новага стагодзьдзя забіраюць «Kriwi», «N.R.M.» і «Ляпіс Трубяцкі», чыё «Юнацтва» — першы кліп, які беларускі рок-гурт здымае на кінаплёнку (толькі сама плёнка каштуе $ 5 000!). Музыкі з глыбокага андэрграўнду ідуць па больш бюджэтным шляху. «Kriwi» ў наркатычнай мэдытацыі ганяюцца «За туманам» сярод бясконцай зімы. «N.R.M.» пераапранаюцца ў прастытутак — і іх «Čystaja-śvietłaja», відавочна прысьвечаная Беларусі, набывае нечаканае й вельмі супярэчлівае гучаньне.

На хвалі папулярнасьці «генэралаў» беларускага року ў музыку па ўсёй краіне прыходзяць тысячы маладых людзей. У кожным шматпавярховым гаражы ў Менску рэпэтуе па 10—15 гуртоў, некаторыя зь якіх адважваюцца на здымкі малабюджэтных кліпаў. Паказваюць у гэтых кліпах заматаных у брудныя бінты фрыкаў-зомбі (апярэджваючы фільм «Прыстанак зла») ды адрэзаныя галовы, якія плююцца крывёю. Гэтае відэа адрасуецца ўсяго толькі дзясяткам гледачоў: сябрам, часам бацькам ды кліпазнаўцам сайту «Смотритель». Так-так, у 2003—2008 гадах у Беларусі працуе сайт, прысьвечаны выключна кліпам!

У 2004 годзе пажарнікі праганяюць маладых музыкаў з гаражоў. Праз пару месяцаў многія зь іх забудуцца на тое, што займаліся музыкай. Хтосьці сядзе ў турму, як лідэр «Голай манашкі» Федзя Жывалеўскі. На плаву застануцца нямногія.

Наступны ўдар па іх наносіць індустрыя: уладальнікі музычных тэлеканалаў усьведамляюць бязьмежную ўладу над артыстамі й адвольна выкідваюць іх з этэру.

Такі лёс наравістых хардкоршчыкаў з гурту «Лялькі», чый кліп «Усе як 1» меў усе шанцы на ратацыю. Канфліктныя музыкі не змаглі дамовіцца з кіраўніцтвам «Першага музычнага каналу», і відэа прыбралі з каталёгаў. Канал працягвае паводзіць сябе па-хамску, ігнаруючы кліпы «Безь Білету» пасьля таго, як група адмовілася бясплатна выступіць на ягоным трохгодзьдзі. Час рассудзіў удзельнікаў гэтага канфлікту: у 2008 і 2009 гадах «безьбілетнікі» бяруць за свае кліпы дзьве «Рок-кароны» запар — упершыню ў гісторыі гэтай прэміі, а месца Першага музычнага ў этэры займае канал ВТБ — панылы r’n’b-рэтрансьлятар.

Да 2010-га ў Беларусі штогод здымаюць ня менш за 50 кліпаў. У 2008-м іхная колькасьць узрастае да 140 — гэта рэкордны год. Пастараўся польскі незалежны тэлеканал «Белсат»: для ягонага этэру запісана каля 70 ролікаў. Гэтыя аднатыповыя вырабы, якія кліпаюць на каленцы за некалькі дзён, паўнавартаснымі кліпамі не назавеш. Але для сельскай мясцовасьці нармалёва — напэўна, так і думалі рэжысэры каналу.

Ці то падзьвіжніцкая праца «Белсату» не засталася незаўважанай, ці то ў тэлебосаў прачнулася сумленьне — але прыкладна ў той жа час на канале «Беларусь-1» (тады ён называўся «Першы нацыянальны») стартуе праект Анатоля й Аксаны Вечар «Proдвижение +». Раз у тыдзень самая вядомая пара беларускага рок-н-ролу выдае на-гара па кліпе, некаторыя зь якіх становяцца падзеямі ў нашай культуры.

Да прыкладу, адна з апошніх працаў гурта «Neuro Dubel»: музыкаў «састарылі» гадоў на 40 і акунулі ў настальгію па СССР, ды так пераканаўча, што ў фанатаў ND, якія гэтага самага Савецкага Саюзу й не засьпелі зусім, на вочы навярнуліся сьлёзы.

Нават у плённы «белсатаўскі» год рэдкі гурт дазваляе сабе зьняць больш за адзін ролік. Кліпмэйкерства працягваюць адкрываць для сябе правінцыйныя каманды, самай яскравай зь якіх становіцца «Дай Дарогу!» зь Берасьця. У 2003 і 2004 гадах рэжысэр Вова «Ёдаў» Ківачук з савецкіх мультфільмаў і коміксаў пра Супэрмэна «нарэзаў» для яе кічавыя «На Ямайцы» й «Скачы ў каляску». Выстрэльвае сур’ёзным кліпам «Безь Білету»: іхная анімацыя «Ішла далей» узяла прызы на некалькіх фэстывалях, ад Парыжу да Вэлінгтону. Але да канца 2000-х у нашым кліпмэйкерстве вызначаюцца відавочныя лідэры — «Ляпіс Трубяцкі». Ні часу, ні грошай ім на кліпы не шкада.

І што самае галоўнае — толькі для іх адных шоў-бізнэс робіць выключэньне й працуе бездакорна.

2010-я: танна й сярдзіта

Аляксей Церахаў, рэжысэр апошняй шумнай прэм’еры 2000-х — «Капіталу» на песьню гурта «Ляпіс Трубяцкі» — зьяжджае ў Паўночную Амэрыку й здымае для «Gogol Bordello». Востры «Капітал» становіцца адзіным айчынным ролікам у двух абліччах: адзін варыянт, з Чавэсам, Кастра й Лукашэнка — для цывілізаванага сьвету, іншы, цэнзурны — для беларускага тэлебачаньня. У новым дзесяцігодзьдзі кліпы «ляпісаў», якія жывуць у Расеі, бяруць новыя вышыні: «Я веру» — больш за 1 мільён 800 тысяч праглядаў на Youtube, «Жалезны» — больш за 2 мільёны!

Кожны кліп «Ляпіса Трубяцкога» — прамое пападаньне ў галовы падлеткаў.

Гурт сьпявае пра пошук сябе й супрацьстаяньне сьвету нажывы й капіталу, ілюструючы песьні то філязофскай прыпавесьцю, то авангардысцкай анімацыяй, то баксэрскім двубоем з самім сабой.

Побач у авангардзе ідуць «Безь Білета». Асабістым прыкладам хлопцы даказваюць: фэстывальныя кліпы можна здымаць за сьмешныя грошы. Такімі ёсьць іхныя «Месца для цябе», сабраны з 147 фатаграфіяў сяброў гурта, «Аватары» (зразумелая справа — з аватарак) і самая раньняя праца рэжысэра Тані Кушнер — «Намалёвана», — зьнятая адным уключэньнем камэры з акна таксоўкі, што кружыла па менскай плошчы Перамогі. Але апошнія кліпы «Безь Білета» — настальгічны «Байканур 66» і гіпстэрскі «Па ветры» — не дацягваюць на Youtube і да 100 тыс. праглядаў.

«Ува ўсім сьвеце, а ня толькі ў Беларусі, вытворчасьць кліпаў скарачаецца й становіцца таньнейшай. Калі зірнуць на брытанскія чарты, абавязкова адзін кліп з Top-10 зьняты, умоўна кажучы, на мабільны тэлефон. Інтэрнэт паглынае гэты глямурны бізнэс і сваёю прыродай «прыбівае пляначкі» шматлікіх высокабюджэтных працаў. А ў нас бачаць, што любімы гурт «Coldplay» за год зьняў адзіны кліп, і той у нейкай паціне, за тры фунты… І, натуральна, самі пачынаюць здымаць менш», — аналізуе сытуацыю Мацьвей Сабураў.

Эфэктны кліп можна зьняць за $ 50. Можна й таньней. Прыдумляньнем таго, як гэта зрабіць, занятая роўна палова беларускіх рэжысэраў.

Вынікі часам надзвычайныя. У кліпе гурта «Rockerjocker» «Амэрыка» вакаліста «Пятлі прыхільнасьці» й «Касіяпэі» Ільлю Чарапко-Самахвалава спачатку нязграбна голяць, потым паліваюць кетчупам і маянэзам, потым б’юць, адмываюць і быццам бы шкадуюць, але ўсё адно задушваюць пакетам. Усё гэта зь першага дубля: зразумелая справа, нельга пагаліць чалавека «пад нуль» два разы запар.

«Музыкі «Пятлі» проста настойваюць на тым, каб мы знайшлі грошай і зьнялі ролік для ратацыі на TV. Але мне здаецца, што добры кліп можна зьняць і за 5 капеек, распавядае Ільля Чарапко-Самахвалаў. — З падачы нашых маскоўскіх «гаспадароў» мы неяк улетку зьнялі паездку гурта «Касіяпэя» ў аўтобусе. Селі ў яго на перадапошнім прыпынку й зьнялі кліп. На Краснай плошчы зьнялі ролік «Глісты». Усё гэтае відэа выклалі ў інтэрнэт, дзе яно працавала й нам добра дапамагала!

Мяркую, што, калі б мы мелі ратацыю на «Першым альтэрнатыўным», да нашай музыкі прыйшла б вялікая колькасьць выпадковых людзей. Напэўна, нават калі б на нашыя каналы мы аддалі сваё відэа, людзі б «вяліся».

Хаця я сам тэлевізар амаль не гляджу, і большасьць маіх сяброў — таксама».

Танна — на адным кампутары, з дапамогай гатовага шаблёну — зроблены й кліп Ксеніі Дзягелька «Я из деревни». Піянэрка з гарадзкога пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці сьпявае пра лядовыя палацы, беларускі трыкатаж і «правільны» лад жыцьця: «Я из деревни! Даешь процветание! Даешь стабильность! Еу-еу!» Ролік набірае больш за мільён праглядаў на Youtube і канкуруе з кліпамі «Ляпісаў» і іншых расейскіх зорак зь беларускімі каранямі — Дзімы Калдуна й гурта «IOWA».

Кліпавае мысьленьне

У 2012 годзе беларускія музыкі зьнялі 60 кліпаў. Нядрэнна для краіны, дзе няма ніводнага музычнага тэлеканалу. Але для эўрапейскай дзяржавы з насельніцтвам у 9,5 мільёна чалавек — нішто.

Няма кліпаў — няма шоў-бізнэсу ў маштабах краіны. Няма сыстэмнага шоў-бізнэсу — няма кліпаў. І цалкам можа атрымацца так, што празь пяць гадоў у Беларусі ня будзе ўласных песень, уласных канцэртаў, уласных зорак.

Людзі наогул ня будуць ведаць нічога пра тое, што адбываецца ў шоў-бізнэсе, дасьведчаным будзе толькі невялікае кола, якое і зараз вузкае да непрыстойнасьці. Хадзіць на беларускія канцэрты, купляць дыскі Зьміцера Вайцюшкевіча, «N.R.M.» і «J:Mopc» будуць толькі фанаты са сталіцы. Бо людзі, якія жывуць у вёсках, ня маюць магчымасьці слухаць менскія радыёстанцыі. Для невялікіх гарадоў кшталту Шчучыну, Слоніму альбо Ваўкавыску адзіны спосаб даведацца пра тое, як выглядаюць тыя ж «Безь Білета», — гэта ўбачыць кліп.

Пакуль жа папулярнасьць беларускіх музыкаў бессыстэмная. Яна грунтуецца на чутках і выпадковых уражаньнях. Але гэтага «недзе нешта чулі» часта не хапае для таго, каб купіць дыск, і тым больш — для таго, каб схадзіць на канцэрт. Маладыя гурты выдумляюць для кліпаў простыя, але інтрыгоўныя сюжэты. Вось музыкі нясуць труну, зь якой напрыканцы песьні зьяўляецца загадкавы зіхатлівы шар. Вось увесь кліп ходзяць у грувасткіх масках зь цеста. Вось проста здымаюць Менск, які дыхае й рухаецца ў такт музыцы.

І ўсё ў іх толькі пачынаецца. Па-ранейшаму. Як заўсёды.

Вечна маладая «Пані Хіда» ў 2012 годзе прэзэнтуе кліп «Дзіўная мэлёдыя». За восем месяцаў ён зьбірае на Youtube 642 прагляды. Абудзіўшыся пасьля васьмі гадоў маўчаньня, музыкі беларускай pagan-metal легенды «Gods Tower» здымаюць у сьвежым музычным відэа сваіх дзяцей. Ці то вераць у будучыню сваёй задумы, ці то проста ўзіраюцца ў вечнасьць?

ТОП-10 БЕЛАРУСКІХ КЛІПАЎ на Youtube па выніках 2012 году

Па-за канкурэнцыяй:
Лідзія Драбышэўская, бабуля з Гомлю, якая грае на гітары песьню «Я люблю цябе, жыцьцё» лямпачкай замест слайдэру — 3 мільёны 950 тысячаў праглядаў з 23 верасьня 2009 году

ТОП-10:
«Ляпіс Трубяцкі» / «Жалезны» — 2 мільёны праглядаў з 16 ліпеня 2012 году
«Ляпіс Трубяцкі» / «Я веру» — 1 мільён 850 тысячаў праглядаў з 23 сакавіка 2011 году
«IOWA» / «Мама» — 1 мільён 687 тысячаў праглядаў з 8 лютага 2012 году
Дзьмітры Калдун / «Караблі» — 1 мільён 194 тысячаў праглядаў зь 17 студзеня 2012 году
«Ляпіс Трубяцкі» / «Ня быць быдлам» — 1 мільён 150 тысячаў праглядаў зь 7 лістапада 2011 году
Ксенія Дзягелька / «Я зь вёскі» — 1 мільён 115 тысячаў праглядаў з 16 красавіка 2012 году
Юра Дземідовіч / «Чароўны трусік» — 1 мільён 13 тысячаў праглядаў з 4 чэрвеня 2009 году
«Песьняры» / «Беларусь» (фінал конкурсу «Песьня году 1976») — 812 тысячаў праглядаў з 3 студзеня 2009 году
«Ляпіс Трубяцкі» / «Капітал» — 760 тысячаў праглядаў з 15 чэрвеня 2009 году
«Песьняры» / «Волагда» (фінал конкурсу «Песьня году 1976») — 698 тысячаў праглядаў з 3 студзеня 2009 году

Павал Сьвярдлоў

Артыкул напісаны спецыяльна для Czas Kultury 3’2013 (Познань)

Фатаграфіі // ultra-music.com, expert.by, youtube.com. 

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology