Калектыўны зварот у падтрымку выдавецтва «Логвінаў»

 

Міністру інфармацыі Рэспублікі Беларусь Праляскоўскаму Алегу Вітальдавічу

Мы, прадстаўнікі беларускай мастацкай, інтэлектуальнай і акадэмічнай супольнасцяў, настойваем на пераглядзе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб пазбаўленні ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць выдавецтва «Логвінаў»,

бо лічым такое рашэнне неадпаведным патрабаванням заканадаўства.

23 верасня Ігар Логвінаў, дырэктар выдавецтва «Логвінаў», атрымаў паведамленне за подпісам намесніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч аб спыненні ліцэнзіі на права ажыццяўлення выдавецкай дзейнасці «ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні, ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў». З ліста Ананіч вынікала, што парушэнні заключаюцца ў выпуску выдавецтвам «Логвінаў» друкаванага выдання «Прэс-фота Беларусі – 2011», прызнанага судом экстрэмісцкім. У апавяшчэнні давалася спасылка на адпаведнае рашэнне калегіі Міністэрства інфармацыі ад 20 верасня і загад ад той жа даты без прозвішча асобы, якая яго падпісала.

Да гэтага часу Ігар Логвінаў не атрымаў загада аб спыненні дзеяння ліцэнзіі з указаннем на канкрэтныя парушэнні прававых актаў, якія паслужылі падставай для прыняцця такога рашэння, роўна як і не мае інфармацыі пра парадак абскарджання загаду. Адсутнасць ўказанняў на канкрэтныя парушэнні пазбаўляюць Выдавецтва магчымасці прадставіць аргументаваную пазіцыю ў абарону сваіх правоў.

Выдавец сцвярджае, што парушэнняў, пералік якіх прадстаўлены ў палажэнні ўказа прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці», ён не дапускаў.

У сваю чаргу Міністэрства інфармацыі, лічыць Ігар Логвінаў, парушыла дадзенае палажэнне тым, што адразу адклікала ліцэнзію, а не вынесла прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў. Такім чынам, для прыняцця рашэння аб адкліканні ліцэнзіі адсутнічаюць законныя падставы.

Незалежнае выдавецтва «Логвінаў» існуе з 2000 года. Займаецца выданнем сучаснай беларускай літаратуры, навуковай літаратуры па гуманітарных дысцыплінах, перакладамі на беларускую і рускую мовы, такім чынам адыгрываючы значную ролю ў падтрымцы і развіцці беларускай культуры і навукі. Неаднаразова менавіта кніжны стэнд выдавецтва «Логвінаў» запрашалі прадстаўляць незалежную беларускую літаратуру на міжнародных кніжных кірмашах.

Таму мы, прадстаўнікі беларускай мастацкай, інтэлектуальнай і акадэмічнай супольнасцяў,  падзяляем патрабаванні Ігара Логвінава і настойваем на пераглядзе раней прынятага рашэння і аднаўленні ліцэнзіі.

Вольга Шпарага, к.ф.н., дацэнт ЕГУ, рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа»

Артур Клінаў, мастак, пісьменнік, кіраўнік медыя-праекта «pARTisan»

Валянціна Кісялёва, арт-дырэктар Галерэі сучаснага мастацтва «Ў»

Таццяна Арцімовіч, арт-крытык, рэжысёр

Алена Танкачова, старшыня Праўлення асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі»

Аляксандр Адамянц, дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследванняў, гл. рэдактар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа»

Падпісаць петыцыю можна  ТУТ 

Ажыцяўляецца таксама сбор подпісаў на папяровым варыянце петыцыі. Падпісаць можна ў Галерэі «Ў» (пр.Незалежнасці, 37а)!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology