Дзядзя Федзя зьеў мядзьведзя

Сяргей Ждановіч, «Калекцыя архетыпаў»

Сяргей Ждановіч, «P.S.»

Сяргей Ждановіч, «Калекцыя архетыпаў»

Сяргей Ждановіч, «Знак з унутранай прасторы»

Сяргей Ждановіч, «Як ляндшафт»

Сяргей Ждановіч, «Знакі»

Сяргей Ждановіч, «Знакі»

Сяргей Ждановіч, «Дарога»

Архіў! © pARTisan #11’2010. Друкуецца фрагмэнтамі. 

Памятаеце, Някрасаў сказаў Дастаеўскаму: «Выдатны раман. Толькi пiшаш ты як нярускi»? «Чаму «як»?» — прашаптаў, ня думаючы, Дастаеўскi. Падумаўшы, ён заўсёды казаў пра сябе: «Я — рускi». I гэтым выкрываў сваё iншародзтва. Бо так нiколi ня скажа Талстой, не сказаў Тургенеў, ня кажа сучасны жыхар Расеi. Талстой, Тургенеў i расеец кажуць: «Я — чалавек». «Я — рускi», — Дастаеўскi кажа гэтаксама, як «я — рускi» кажа беларус.

Для беларуса на гэтай фразе змыкаюцца дзьве крайнасьцi: нацыянальная iндыфэрэнтнасьць i вострая патрэба нацыянальнае самаiдэнтыфiкацыi. Беларус (той, што «рускi») пiльна рэагуе на этнiчныя адрознасьцi й нiколi не прамiне адзначыць, што Гэля выйшла за габрэя, што прыяжджалi лiтоўцы, што палякi — гандляры i нават што Станкевiчы — заходнiкi. Зусiм неабыякавы да нацыянальнасьцi сваiх герояў i Дастаеўскi. Ён не вобразатворца. Прынамсi, ён менш вобразатворца, чым этнапсыхоляг. Вось тут мы i можам падступiцца да сякой-такой аналiтыкi. Напрыклад, пра замкнёны характар беларуса й Дастаеўскага, калi пры вонкавым спакоi ўсярэдзiне бушуе бура, якая можа вырвацца нематываваным учынкам.

Цi ж ня гэткiя збольшага героi Дастаеўскага? I хiба гэтыя героi не найбольш зразумелыя беларусу спамiж зразумелых, але ўсё ж лiтаратурных герояў Талстога альбо Флябэра? Расеец i француз, чалавек Захаду й чалавек Усходу доўгiя гадзiны могуць мадэляваць матывацыю ўчынкаў Раскольнiкава, князя Мышкiна, Стаўрогiна, не разумеючы iх «чыста па-чалавечы». Мы ж, беларусы, разумеючы, можам абыйсьцiся й без матывацыяў.

Чалавек Дастаеўскага — не зацыклены, не фанатык, ён толькi пакутуе ад усялякага iрацыяналiзму ў грамадзкiм жыцьцi. Што да Заходняга й Усходняга чалавека, дык яны ў iрацыяналiзьме знаходзяць i станоўчае: свой нацыянальна-рэлiгiйны фундамэнт, празьмерную адкрытасьць цi празьмерную закрытасьць адпаведна ўсходняй i заходняй душы, кожны сваё мэсiянства. Мы — пасярэдзiне.

Вытлумачэньне Дастаеўскага

Фёдар Дастаеўскi з паходжаньня беларус. Гэта так. Але прыўлашчыць знакамiтасьць альбо прыўлашчыцца да яе — яшчэ ня значыць адбыцца. Тым больш што некалькi цытатаў з Дастаеўскага пра беларускi народ i лiтоўскую дрыгву, а таксама кнiгi Лiтоўскае мэтрыкi са шматлiкiмi продкамi — ягонымi й нашымi ад XVI стагодзьдзя — нiяк не высьвятляюць, якiм чынам памяць роду й памяць генаў адбiлася ў ягоных творах. I ў нашых душах.

Мы маглi б задаволiцца простай канстатацыяй беларускага паходжаньня чужога генiя толькi ў тым разе, калi б за апошнiя 150 гадоў самi адарвалiся ад гэтага «з паходжаньня», пайшлi. Цяпер жа — вось станоўчы бок нашага адмоўнага становiшча — у нас ёсьць магчымасьць зразумець Дастаеўскага лепш, чым тады, калi б мы ўжо адказалi на сваё нацыянальнае пытаньне, адбылiся.

I першае тут агульнае — мова. Мова, якой няма, але. Пры ўсёй незвычайнасьцi стылю Дастаеўскi даволi лёгка перакладаецца на беларускую мову. Некалi я нават выпiсваў зь яго беларускiя, як мне здавалася, словы: кутья; лядащий; цугундер; я скитался за казармами, смотрел, отсчитывая их, на пали крепкого острожного тына… У яго амаль няма дзеепрыметнiкаў. Пiшу «амаль» не таму, што падлiчваў. Проста не заўважаў чытаючы.

Хто ведае, можа, стыль Дастаеўскага таму й здаецца незвычайным, што лёгка перакладаецца на беларускую мову?  Мiж тым, беларускай мовы Дастаеўскi ня ведаў. Вось адно толькi сьведчаньне: «ОБРАЗИТЬ — словцо народное, дать образ, восстановить в человеке образ человеческий».

Другая агульнасьць. Генэтычнае паходжаньне Дастаеўскага найбольш выразна выявiлася ў ягоных развагах пра нацыянальнае. Якраз тут, на маю думку, ён найлепш iдэнтыфiкуецца з сучасным беларусам. Дакладней, беларус iдэнтыфiкуецца зь iм. Сам Дастаеўскi дзясяткi разоў назваў сябе рускiм, вялiкарускiм патрыётам, мацёрым славянафiлам. А цi ня гэткi й наш сучасны беларус? Той, «пашпартны» беларус, якi без ваганьняў называе сябе рускiм?

***

Славянафiльства Дастаеўскага нельга атаясамлiваць з славянафiльствам сучасных расейскiх патрыётаў. У двух гэтых славянафiльстваў розныя прычыны й тлумачэньне. Справа ў тым, што калi Дастаеўскi-практык абапiраецца на канкрэтныя сытуацыi, на ўласны досьвед, а нават i на законы крымiналiстыкi, дык Дастаеўскi-iдэоляг — на грамадзкi настрой, на iдэю, на iнтарэсы афiцыйнае ўлады (ён ужо і ўзростам кансэрватар).

Сучасныя расейскiя славянафiлы, апрача свайго славянафiльства, ня маюць нiчога, у iх няма ratio на iншую тэму, як у Дастаеўскага. Да таго ж яны не ўяўляюць сабой чыстага афiцыёзу, яны хутчэй апазыцыя.

Другая прычына iрацыянальнасьцi славянафiльства Дастаеўскага ў тым, што ён прыблiзна й несамастойна (апасродкавана) ведае расейскую гiсторыю. Гэта той самы згаданы вышэй «гiстарызм». «У нас одно изучение России сколько времени возьмет, потому что у нас лишь редчайший человек знает нашу Россию».

Ён абапiраецца на патас i велiч гiстарычнае iнтэрпрэтацыi, на аўтарытэт гiсторыкаў (хоць бы й Карамзiна), а не на гiстарычныя факты, хоць бы й вычытаныя ў тых самых гiсторыкаў. Словам, ягоны падыход тут чыста эмацыйны, процiлеглы таму, зноў жа, якiм ён дасьледуе, напрыклад, крымiнальныя сытуацыi, дзяржаўную сыстэму выхаваньня, паводзiны людзей, што вядомыя яму непасрэдна.

I больш за тое. Дастаеўскi iрацыянальны ў нацыянальнай праблематыцы ўвогуле (а яна, дарэчы, i ёсьць у яго толькi ўвогуле, нават калi ён канкрэтна гаворыць пра Расею й рускасьць. Напрыканцы нашае гутаркi мы яшчэ скажам пра гэта). Iрацыяналiзм — ягонае слабое месца, зыб (спадзяюся, чытач увесь час праводзiць паралель з сучасным беларусам i ўжо зрабiў выснову пра слабое месца нашага нацыянальнага адраджэньня). I колькi нi мацуе ён гэтае месца жалезабэтонным патасам, яно застаецца хiсткім, бяздоказным, пры ўсёй прэтэнзii аўтара на аксiяматычнасьць («Мы, русские… любим наши святыни, но потому лишь, что они в самом деле святы». Так i собiць прытачыць тут знакамiтую цытатку з iмпэрскага спадкаемцы пра вучэньне Маркса, якое «всесильно, потому что верно»). Магчыма, што тут, у гэтай хiсткасьцi й адбiваецца генэтычная «нестабiльнасьць» вялiкарускага iдэоляга Дастаеўскага. А паколькi ўсё нацыянальнае прыцягвае яго нiбы магнэсам (гэты парадокс уласьцiвы й сучаснаму «пашпартнаму» беларусу, пра што ўжо гаварылася, — дзьве крайнасьцi змыкаюцца ў iм: нацыянальная iндыфэрэнцыя й патрэба нацыянальнае самаiдэнтыфiкацыi), яно — хiсткае — уносiць раскол у маналiт ягоных практычных экзыстэнцыйных распрацовак. Гэта той самы парадокс Дастаеўскага, але ўбачаны зь iншага боку. У гэтым вось сутыкненьнi, на гэтым зломе Дастаеўскi й разьмяшчае сваiх герояў.

Схематычна ўсё гэта выглядае так. Калi цалкам вылучыць зь ягоных твораў нацыянальную праблематыку, — застануцца ўрыўкi лягiчных сытуацыяў Сартра, пазбаўленыя ў дадзеным выпадку фэнамэнальнасьцi i, вядома ж, — «тайны Дастаеўскага», ягонай «мiстычнасьцi» (а на справе — ужо згаданага тут парадоксу). Калi гэтыя ўрыўкi, гэтую лёгiку спалучыць з рацыянальнай (вызначанай, «адказанай», завершанай) нацыянальнай праблематыкай, — атрымаецца, можа быць, маналiтны Л. Талстой. Калi тыя вылучаныя эмацыйныя нацыянальныя фрагмэнты разглядаць асобна, — атрымаем мiстыфiкаваны патас «Дзёньнiка пiсьменьнiка».

I — нарэшце, — калi спалучыць iрацыянальную этыку нацыянальнага з iрацыянальнай этыкай сытуацыяў, — атрымаецца цi не сацыялiстычны рэалiзм «заўтрашняга дня». Так у творчасьцi, так i ў творцы.

Ratio — сам Дастаеўскi, яго асоба, ягоная сутнасьць як чалавека. Няпэўныя гены далi яму вострае (магчыма, што й падсьвядомае) зацiкаўленьне нацыянальнай праблематыкай (дапусьцiм, Ленiн меў рацыю, пiшучы пра iншародцаў-звышвялiкаросаў). Усё гэта суб’ект Дастаеўскага. А Расея сталася аб’ектам згаданага зацiкаўленьня.

Але трэба рабiць высновы.

Эмоцыям Дастаеўскага ня варта давяраць безаглядна, тым больш нельга рабiць зь iх догму, пэўныя максымы (як гэта сталася, напрыклад, зь вядомай сьлязой дзiцяцi. У iншым месцы Фёдар Дастаеўскi прыме i ўхвалiць гiбель соцень людзей, калi гэтая гiбель «апраўданая», напрыклад, пэўным гераiзмам). «О, я не идеалист», — пiша Дастаеўскi ў адным месцы, а праз паўсотнi старонак: «Я неисправимый идеалист». I тут няма супярэчнасьцi. Ува ўсiм малым, канкрэтным i практычным Дастаеўскi, безумоўна, не iдэалiст. Ён тут амаль прагматык. Ува ўсiм жа вялiкiм, абстрактным i беспрадметным ён, няма сумневу, iдэалiст. Амаль мiстык.

Цiкава, якi характар у сучасных беларусаў — зь iхнымi спусьцелымi вёскамi, дэграданцкiмi калгасамi, сьвiнакомплексамi, мэлiярацыяй, радыяцыяй?.. I калi б Дастаеўскi ўсьвядомiў сябе беларусам, цi ж мог бы ён гэтак жа ўзьнёсла сказаць: «Я беларус», — як казаў ён: «Я рускi»? Мусiць, ня змог бы. Таму б i не ўсьвядомiў…

Але скончу я яшчэ адным, абяцаным, вытлумачэньнем Дастаеўскага. Ён пiша як беларус (хай сабе проста як нярускi, хай сабе нават толькi на ўзроўнi згаданае генэтычнае нестабiльнасьцi) пра Расею й рускасьць — увогуле. Айчына й патрыятызм iснуюць для яго ў адцягнена-адзiнкавым варыянце. Значыцца, ягоныя развагi пра айчыну й патрыятызм я магу разглядаць як развагi пра Беларусь i беларускi патрыятызм (у дадзеным выпадку хутчэй — нацыяналiзм). I калi гэта пазытыўныя развагi, пазбаўленыя дэструктыўнае мiстыкi, — тады й мы ў нашых пошуках i блуканьнях можам разглядаць досьвед Дастаеўскага як свой. Гэты досьвед, далiбог, нашмат больш карысны, чым тое нават, што Фёдар Дастаеўскi з паходжаньня беларус.

Фатаграфіі © Сяргей Ждановіч

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам..


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology