БАЛКОН (БЕ)З ВІДА(М) НА ГАДЗІННІК. МЕНСК

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Максім Дасько

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Максім Дасько, праект «Судакрананне» / Негатывы / 2012

Мой дзядуля жыў у старым Доме з пяціметровай столлю. Дзядуля быў вельмі стары, ён заўжды быў вельмі старым для мяне, але Дом быў значна-значна больш стары.

У старым Доме заўжды былі сябры-госці Дзядулі, а пад столлю — аблокі дыму, які Дзядуля высмогваў са сваёй люлькі. І заставалася звычайная хрушчоўка з нізкай падлогай горніх суседзяў — усё астатняе было ў сівых аблоках. І калі я прыходзіў у госці да Яго, — а жыў я праз дарогу, — мне не заставалася нічога, як пайсці на балкон, дзе б я мог глядзець на Гадзіннік на паштамце. Гэта савецкая эманацыя ратушных курантаў з самага дзяцінства вабіла мяне — там было напісана шмат розных гарадоў, і я заўжды мог паглядзець, колькі зараз часу не толькі ў Менску, але і ў Маскве, Токіа, Парыжы ці Кіеве… І нават у Ганалулу.

Але… У старым Доме быў стары Балкон. Кракелюр прыгожа маляваў свае дэндралагічныя зрэзы на новым цэменце старога Балкона і пагрозліва навісаў над мінакамі на ходніках, калі тыя маглі спыніцца паглядзець на Балкон. Таму адразу за дзвярыма навонкі былі нацягнутыя шворкі, каб я не зайшоў далёка і не парадаваў мінакоў нечаканым падзеннем у самае пекла са сваіх нябёсаў. А Гадзіннік… Гадзінніка з балкона не было бачна — паміж Домам Дзядулі і паштамтам з Гадзіннікам рос гмах гатэля.

Менск мне заўжды ўяўляўся даволі загадкавым горадам. І звыклая тэза пра тое, што ён — горад, які сам сябе разбурае, — мне доўга падабалася. Я, як і шмат хто з менчукоў, жыў ёй.

Але ж насамрэч Менск не разбурае сябе. Ён не кансервуе сябе ў музей і не жыве мінулым. Наадварот, штораз ён пераўтварае сябе, перакідваецца і стварае сябе наноў, працягвае расці і перамінаецца ў новага.

Нават гэтае паданне, падобнае да канспіралагічнай тэорыі змовы, як Менск-на-Менцы наноў паўстаў на-Нямізе, толькі пацвярджае тэзу пра вечны Менск. Фантасмагарычная казка ў стылі калядных прыгодаў, як новы Горад-Самазванец прыўласціў сабе чужое імя. І ніякі святы Міколка не змог прыйсці і вярнуць праўду — самазванец рос і расце, жыў і жыве.

Адсюль лагічна вынікае і тэза пра тое, што Менск — гэта зусім не горад панаехаўшых — усе, хто сюды панаехаў, былі паглынутыя ім. Колькі яны ні спрабавалі прыўнесці ў цела Менску чагось свайго, гэта ніколі ў іх не атрымоўвалася. Калі прыязджаеш у Кіеў ці Львоў, Вільню, Коўна ці Варшаву… Нават у Маскву майго дзяцінства, не кажучы ўжо пра Адэсу, — заўжды ў горадзе, нават у новых раёнах са спальнымі кватэрамі і лоджыямі, пераўтворанымі на склады, там заўжды сядзяць бабулі і глядзяць на мінакоў са сваіх высокіх балконаў-зікуратаў. Іхныя ўнучкі ядуць суп з кампотам, а мужы-дзядулькі — сядзяць на зэдліку ды паляць цыгарэты-люлькі.

У насычаным жыцці сучасных гарадоў узаемадзеянне прасторы і часу ў будзённым стала важным для разумення стракатай мазаічнасці ўрбаністычнага жыцця. З гэтага вынікае, што амаль уся культурная прастора прапісваецца праз дзеі і час.

Такая часавая і прасторавая маніпуляцыя можа прымаць мноства форм. Напрыклад, балконы… Яны не былі адназначна «жаночай» прасторай — месцам для бабуль з кампотамі і малымі дзеткамі. Я ўжо пісаў, што іх таксама выкарыстоўвалі мужчыны, але не абавязкова аналагічным чынам ці ў той жа самы час.

У Менску так не атрымалася — вы не пабачыце на балконах людзей нават у старых раёнах, дзе так утульна ў сіесту на Балконе піць каву з кнігай. Пасядзелкі-на-завалінках, прыўнесеныя з вёскі, тут не прыжыліся. Балкон — гэта толькі Балкон. У Менску гэта значыць склад, камора, клець, магазін, але не болей.

Таму Менск можна было б назваць самым урбаністычным горадам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — перамогай мадэрнаснага праекта ўрбаністыкі, — але і тут той праявіў сваю адметнасць.

Легофаўскія гадзіннікі не змаглі змяніць натуру горада. Несумнеўна, што па ўсёй Еўропе на працягу XIV–XV стст. сярэднявечны час хаця і павольна, але стаў змяняцца. Перадусім гэта выявілася ў з’яўленні, умацаванні ды развіцці часу гарадскога. Поспехі гарадоў, узвышэнне гандлярскай буржуазіі і разнастайных працадаўцаў, якія мелі патрэбу ў дакладным вымярэнні працоўнага часу і часу гандлёвых ды грашовых аперацый, руйнавалі традыцыйныя формы часу. Той пачаў секулярызавацца ды ўрэшце стаў часам Гадзінніка на вежы Ратушы, выцесніўшы тым касцёльны час званоў. Праўда, механічныя Гадзіннікі былі яшчэ досыць ненадзейнымі і заставаліся залежнымі ад узыходу сонца.

Час, згодна з Ле Гофам, выступае ў якасці зброі да сацыяльнага панавання, магутнага інструмента кантролю над грамадствам, г. зн. над жыццём і свядомасцю. Стаўшыся пастаўленым у гарадах у бюргераў у адзін шэраг з маёмасцю і прафесіяй, час, які раней кантраляваўся касцёлам, стаў свецкім. Гэта стала неабходнай умовай сацыяльнай службы і працоўнай дзейнасці. Адначасова з авалодваннем часам бюргеры — перадусім купцы — з канца Сярэднявечча авалодвалі і прасторай. Гэта авалодванне палягала не толькі ў новай інтэрпрэтацыі прасторы, тым больш не толькі ў іх практычнай дзейнасці, але і ў распаўсюджванні сваіх поглядаў і вакол сваёй айкумены — як вакол уласна іх родных бургаў на бліжэйшыя мястэчкі і вёскі, гэтак і на чужыя гарады, што месціліся на большай адлегласці.

Калі па ўсёй Еўропе ўрбаністыка і мадэрнасць — гэта перамога часу, дык гэта не пра Менск. Так, тут даўно было магдэбургскае права, тут стаяла Ратуша, на якой быў Гадзіннік… Але Гадзінніка няма, няма Ратушы. Нават помніка-на-месцы-Ратушы — ужо няма. Не прыжыліся яны ў нас.

У справа тут не ў рускіх царах, якія зруйнавалі гадзіннікава-магістрацкія вежы, — Менск сам-з-сябе-выціснуў-час

Калі мне скажуць, што Ратушу ж адбудавалі і Гадзіннік там ёсць, — я маю, што адказаць. Гэта не Гадзіннік. І гэта не Ратуша — муляж… міраж… сімулякр… Нават бой курантаў там запісаны на магнітафон, а гарадская рада не сядзіць у Ратушы… Міраж… Муляж… У горада няма часу — такая бясчасавая вечнасць.

Спробы прыручыць Менск, прыстасаваць і прыдаспадобіць яго, далучыць да часу з трэскатам праваліліся. Памятаеце, колькі было гадзіннікаў раней — у маім савецкім дзяцінстве — у горадзе? Дзе яны? Як толькі савецкія нормы сацыяльных стандартаў перасталі існаваць, Менск адразу прыбраў са свайго цела гэты непрыстойны бодзі-арт — Менск не любіць кацінг на сваім целе, калі гэта не ён сам яго робіць.

Гэта як у Співак — калі мы захочам прамаўляць, калі мы хочам, каб нас пачулі, мы павінны засвоіць мову горада, мову Менска. І іншых варыянтаў няма. Толькі так мы можам атрымаць права на выказванне і быць пачутымі. Калі мы будзем спрабаваць размаўляць з ім на сваёй мове — мы застанемся непачутымі. Больш за тое, мы застанемся не толькі непачутымі і непрамоўленымі, мы не будзем у стане пачуць саміх сябе.

Глухасць у вакууме Менска апануе ўсіх, хто не зможа з ім дамовіцца на ягонай жа мове, хто не навучыцца яго слухаць альбо хто не навучыцца яго слухацца. Ён слухаць не вельмі ахвочы.

Мажліва, Менск проста спрабуе адрадзіць сябе і не згубіцца ў той безлічы абліччаў, з якіх адно-адзінае — гэта мадэрнасны горад. І таму ён аднаўляе не толькі сябе, ён аднаўляе і ўсіх тых, хто жыве ў ім — людзей-гельмінтаў свайго цела. Альтусер назваў гэта аднаўленнем сілаў вытворчасці — аднаўленне ўзнаўляльнікаў.

Жэня Ґордан

Фота © Максім Дасько, maximdosko.com

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology