Тацяна Фёдарава: Адэкватна перадаваць свой час

Тацяна Фёдарава, пэрформанс «The world is dirty, the artist must be dirty»

Тацяна Фёдарава, пэрформанс «I am not toilet paper» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, пэрформанс «I am not toilet paper» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, пэрформанс «I am not toilet paper» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, выстава We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, інсталяцыя «10 bags» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, інсталяцыя «I am not toilet paper» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, інсталяцыя «10 bags» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, інсталяцыя «10 bags» / We are in diffrent worlds, Прага

Тацяна Фёдарава, эспазыцыя выставы «Ў пошуках сацыяльнага цела савецкага мастака»

Тацяна Фёдарава, эспазыцыя выставы «Ў пошуках сацыяльнага цела савецкага мастака»

Тацяна Фёдарава, эспазыцыя выставы «Ў пошуках сацыяльнага цела савецкага мастака»

Тацяна Фёдарава / «Artist without Pavilion»

pARTisan #24’2013

Галоўнай тэмаю сваёй творчасьці Тацяна Фёдарава, мастачка з Малдовы, называе сучаснасьць. Сацыяльныя праблемы малдаўскага грамадзтва, гастарбайтэрства, эміграцыя, рух пратэсту — усё, што ёсьць актуаліямі сёньняшняга дня. У першую чаргу, у постсавецкай прасторы.

Параўноўваючы ідэнтычнасьці двух грамадзтваў — постсавецкага й заходнеэўрапейскага — Тацяна Фёдарава прыходзіць да высновы: мы — розныя. Тэма розных сьветаў — кардынальна непадобныя ўзроўні жыцьця, палітычнай і грамадзянскай сьвядомасьці — адна з асноўных у ейнай творчасьці. Напрыклад, у праекце «Эўрапейская вопратка» мастачка адправілася ў адзін з сэканд-хэндаў, дзе прадавалася адзеньне вядомых брэндаў па вельмі нізкім кошце, і цалкам зьмяніла сваю вопратку на эўрапейскую. Зьмяніла ўсё, акрамя бялізны, такім чынам дэманструючы, што, вонкава прымаючы заходнеэўрапейскі лад жыцьця, па сутнасьці людзі з постсавецкай прасторы застаюцца іншымі, захоўваюць сваю памяць і прыналежнасьць да іншай гісторыі. У іншым сваім відэапэрформансе мастачка ўзяла рулёны туалетнай паперы й напісала на іх: «I am not toilet paper» («Я не туалетная папера»). Затым разгарнула гэтыя рулёны на беразе ракі Ўлтава ў Празе, лягла і, перакочваючыся, заварочвалася ў паперу. Таму што «ў маёй краіне людзі для ўраду — як туалетная папера».

Праз 40 гадоў пасьля Марыны Абрамавіч Тацяна Фёдарава ўзяла за аснову знакаміты пэрформанс сэрбскай мастачкі «Art must be beautiful, Artist must be beautiful» («Мастацтва павінна быць прыгожым, мастак павінен быць прыгожым») і стварыла сваю «рэпліку» на гэтую працу. Акружаная «чаўнаковымі» торбамі (адна з улюбёных фактураў Тацяны), пэцкаючыся чорнаю фарбай, яна бясконца паўтарала, што, не, «сьвет брудны, таму мастак таксама павінен быць брудным».

Такім чынам уводзячы панятак сацыяльнай рэальнасьці — замест мастацтва для сучаснага мастака вызначальнаю становіцца рэчаіснасьць, — Тацяна Фёдарава сьцьвярджае, што сёньня мастаку немагчыма адгарадзіцца ад рэальнага жыцьця.

— Тацяна, як ты прыйшла ў мастацтва? Наколькі нам вядома, сытуацыя ў Кішынёве з адукацыяй у гэтай галіне такая ж, як у Беларусі, — афіцыйныя інстытуцыі сучаснага мастацтва адсутнічаюць.

Тацяна Фёдарава: Мастацкай дзейнасьцю я пачала займацца ў 20 гадоў. Перад гэтым скончыла каледж у Тыраспалі па спэцыяльнасці «тэхноляг швейнай вытворчасьці». Але мне падалося, што гэта ня тое, чым бы мне хацелася займацца. Магчыма, я адчула свае карані. Мой бацька Васіль Лефтэр быў мастаком, але ён рана пайшоў з жыцьця, таму нічога не пасьпеў мне перадаць. Але я ўсё адно да гэтага прыйшла й паступіла ў пэдагагічны ўнівэрсытэт на графічнае аддзяленьне да вядомага мастака Сямёна Замшэ. Я яму вельмі ўдзячная, таму што ён даў мне надзвычай важнае для графічнага дызайну пачуцьцё густу, і гэта дапамагае мне й у маіх сёньняшніх працах. На 2–3 курсах навучаньня я вярнулася да сваёй першай адукацыі й пачала займацца дызайнам адзеньня, але рабіла авангардныя рэчы, больш зьвязаныя з мастацтвам. Мае калекцыі паказваліся ў Харкаве, Адэсе, Піцеры.

Што тычыцца адукацыі ў галіне сучаснага мастацтва, — так, сытуацыя ў нас сумная. Але ў Кішынёве дзенічае адкрыты Фондам Сораса ў 1990-я Цэнтар сучаснага мастацтва KSAK, дзякуючы якому зьяўляюцца новыя мастакі.

Пасьля заканчэньня інстытуту я таксама аднойчы выпадкова туды прыйшла, і мне падалося, што гэта якраз той шлях, на якім я хацела б працягваць свае творчыя пошукі. Пачала часта зьяўляцца ў Цэнтры, удзельнічала ў розных воркшопах. Якраз стаў даступным інтэрнэт, дзе я чытала масу рознай літаратуры. Так усё й пачалося.

— Што формы сучаснага мастацтва даюць табе такога, чаго ты не атрымліваеш, напрыклад, ад іншых, традыцыйных тэхнік?

Т. Ф.: Традыцыйныя тэхнікі не заўсёды могуць перадаць час, у якім мы жывем. А сучаснае мастацтва якраз працуе з тымі новымі мэдыйнымі інструмэнтамі, якія дазваляюць адэкватна, больш пачуцьцёва перадаваць атмасфэру нашага часу, пазначаць праблемныя зоны сёньняшняга грамадзтва. У жывапісе я не змагла гэтага знайсьці. Але тыя навыкі, якія я атрымала падчас навучаньня, усё адно праяўляюцца. Напрыклад, я выкладаю ў дзіцячай мастацкай школе імя Шчусева абсалютна традыцыйныя рэчы: жывапіс, малюнак, кампазыцыю. Але раз-пораз мы робім сумесныя праекты ў галіне сучаснага мастацтва. Так, летась быў праект з польскай Акадэміяй мастацтваў з гораду Катавіцы, дзе існуе цікавая міждысцыплінарная студыя, у якой прасоўваюць сучаснае мастацтва й новыя практыкі. Мы з нашымі дзецьмі спрабавалі зрабіць нешта падобнае.

У прынцыпе, я заўсёды балянсую паміж традыцыяй і сучасным мастацтвам, спрабую пабудаваць масты паміж гэтымі сфэрамі.

У нас існуе праблема ва ўзаемадачыненьнях між Саюзам мастакоў і сучаснымі мастакамі. Тое, што робім мы, натуральна, ня ўпісваецца ў іхныя рамкі. Але я шукаю шляхі ўзаемадзеяньня. Напрыклад, у 2009 годзе стварыла анлайн-плятформу «Аrtploshadka» , дзе побач з інфармацыяй пра сучаснае мастацтва зьмяшчаю й традыцыйныя рэчы. Але, зразумела, асноўная мэта гэтай плятформы — прасоўваць менавіта сучаснае мастацтва, якое дагэтуль знаходзіцца ў нас у маргінальнай зоне й пра якое мала хто ведае.

— Але ўсё ж такі — што значыць быць у Малдове contemporary art-мастаком?

Т. Ф.: Па-першае, існуе праблема з гледачом, якога ў Малдове ня так лёгка знайсьці. Але сытуацыя зьмяняецца, моладзь езьдзіць вучыцца за мяжу й ужо па-іншаму пачынае глядзець на гэтыя рэчы. Са старым пакаленьнем мастакоў больш складана, яны не такія адкрытыя. Напрыклад, мой выкладчык ва ўнівэрсытэце ўскладаў на мяне вялікія надзеі, я была ў яго любімай вучаніцай, і ён думаў, што я буду працягваць ягоныя ідэі. Але раптам я пачала займацца сучасным мастацтвам, якое яму абсалютна незразумелае, вось мне й даводзіцца чуць ад яго адмоўныя водгукі.

Па-другое, вядома, нявырашанай для нас застаецца праблема пляцовак для сучаснага мастацтва, якіх у нас практычна няма. Афіцыйна існуе выстаўная заля Саюзу мастакоў, куды патрапіць вельмі складана. Штогод трэба пісаць заяўку, ты павінен быць у Саюзе, можаш не прайсьці сэлекцыю. Ёсьць, праўда, невялікі ўчастак пры ўваходзе, дзе часам нешта адбываецца. Але гэтага, зразумела, не дастаткова. Сытуацыя, вядома, марудна, але зьмяняецца. Існуе, напрыклад, экспэрымэнтальная тэатральная плятформа «Teatrul Spalatorie» («Тэатар-Мыцьцё») пад кіраўніцтвам вядомага драматурга Нікалета Есіненку, дзе паказваюцца сучасныя спэктаклі й пэрформансы. Летась зьявілася ўнікальная прастора — Музэй Земства. Гэта стары закінуты будынак, які зараз знаходзіцца на стадыі рэстаўрацыі, але, пакуль працы не пачаліся, розныя арганізацыі й творчыя людзі выкарыстоўваюць яго як выстаўную й дыскусійную пляцоўку. Увесну там быў праведзены глябальны эўрапейскі праект. Мэнэджэры з заходнеэўрапейскіх краінаў, а таксама Ўкраіны й Малдовы рабілі розныя культурныя праекты: выставы, музычныя экспэрымэнты — такі вельмі буйны івэнт. Нават цяпер там можна нешта ладзіць. Але, як я казала, акрамя фінансаваньня ёсьць яшчэ вельмі істотная праблема з гледачом.

— Ці падтрымліваюць вас інфармацыйна новыя мэдыя? Альбо вы збольшага існуеце замкнёнай супольнасьцю мастакоў?

Т. Ф.: Часам бяруць інтэрвію розныя каналы, але каб зацікаўлена прасоўваць сучаснае мастацтва праз СМІ, — такога няма. Быў, напрыклад, нядаўна рэпартаж на тэлеканале «Мир», дзе журналісты канстатавалі, што малдаўскае сучаснае мастацтва туліцца на гарышчах, у гаражах, г. зн. афіцыйна незапатрабаванае.

Хаця нашыя мастакі часта выстаўляюцца на Захадзе, нас там ведаюць, але на мясцовым узроўні ніхто не падтрымлівае гэтыя ініцыятывы. Дапамагае інтэрнэт, у тым ліку й сацыяльныя сеткі, празь якія можна кантактаваць, бачыць, што адбываецца навокал.

— Але вы існуеце як супольнасьць альбо самі па сабе?

Т. Ф.: Калі ўзьнікае агульны праект, — то як супольнасьць. А так, хутчэй, кожны сам па сабе шукае выйсьце.

— Твой праект «Аrtploshadka» спроба стварыць такую супольнасьць?

Т. Ф.: Хутчэй, гэтая пляцоўка выконвае інфармацыйную функцыю. Напрыклад, я бачу, што гледачоў на выставах становіцца больш, завязваюцца сяброўскія стасункі з журналістамі, якія знаходзяць мяне праз «Аrtploshadka». Нядаўна ў мяне бралі інтэрвію пра малдаўскую сучасную фатаграфію для эўрапейскага часопісу «ArtGuideEast». Для мяне гэта спосаб распавесьці пра тое, што сучаснае мастацтва ў нас ёсьць, толькі мала хто ведае й піша пра гэта. У нас няма арт-крытыкаў і падрыхтаваных журналістаў, якія маглі б адэкватна пісаць пра сучаснае мастацтва. У асноўным 10–15 чалавек мастакоў, 2–3 куратары — і ўсё.

— Твой юзэрпік у скайпе — гэта малюнак з выказваньнем: «Artist without Pavilion» («Мастак без павільёну»)…

Т. Ф.: Так, гэта мая праца, зробленая адмыслова для мінулай Вэнэцыянскай біенале. Тады з прадстаўленьнем Малдовы здарыўся скандал. Афіцыйна нашая дзяржава ня ўдзельнічала ў біенале. Але наш Мінкульт дазволіў нейкім малавядомым мастакам прадстаўляць краіну. Мастакі самі прафінансавалі свой удзел, выстаўлялі свае працы ў розных месцах, але — як прадстаўнікі ад Малдовы. Іхныя працы абсалютна не адпавядалі разуменьню сучаснага мастацтва. І ў нашага Цэнтру сучаснага мастацтва паўстала ідэя адрэфлексаваць гэта. Куратар Штэфан Русу распрацаваў праект, які быў прадстаўлены на адкрыцьці Вэнэцыянскай біенале. У межах гэтага праекту я зрабіла цішоткі з такім надпісам. У гэтай гульні словаў можна было ўгледзець як «мастак без павільёну», так і «павільён без мастака».

— Ты ўжо адзначала, што па-за межамі Малдовы вашыя мастакі актыўна выстаўляюцца. Напрыклад, твая праца была паказаная ў межах апошняй Бэрлінскай біенале.

Т. Ф.: Я прысутнічала там, хутчэй, умоўна. Іншы мастак рабіў вялікі фотапраект і прасіў аўтараў з розных краінаў сьвету даслаць фатаграфіі, зьвязаныя з пратэставым сацыяльным рухам. Так мае здымкі трапілі ў гэты вялікі куратарскі праект.

— Якія праекты для цябе сапраўды зьяўляюцца значнымі й паваротнымі?

Т. Ф.: Для мяне вельмі важныя працы, зьвязаныя з творчаю спадчынай майго бацькі. Я працую ня толькі з дыгітальнымі формамі, але і з архівам. Бацька пакінуў мне шмат сваіх працаў: жывапіс, графіку, дызайн. Тады іх называлі не дызайнэрамі, а праекціроўшчыкамі ці інжынэрамі. Бацька распрацоўваў вонкавую рэкляму, розныя прапагандысцкія білборды. Гэта вельмі цікавы фактурны матэрыял. Але бацька быў невядомым, не запатрабаваным у СССР мастаком, ня стаў сябрам Саюзу мастакоў, хоць і марыў пра гэта. Мне даўно хацелася паказаць ягоныя працы шырокай аўдыторыі.

Спачатку я зрабіла відэапрацу «Восень у маім садзе», зьвязаную з маімі ўспамінамі пра бацьку. А ўжо ў больш грунтоўную відэаінсталяцыю «Сад» я ўлучыла й архіўныя матэрыялы. Потым на падставе гэтых матэрыялаў нарадзілася кніга. Мне было важна ня проста праілюстраваць яе працамі бацькі, але ўлучыць тэксты з афіцыйных крыніцаў пра савецкі рэалізм: што павінен быў рабіць мастак дзеля таго, каб быць запатрабаваным. Кантрапунктам я ўзяла інтэрвію ў сучасных малдаўскіх мастакоў, якія былі тады ў Саюзе. Усё гэта добра пераплятаецца з працамі майго бацькі й найбольш поўна раскрывае праблематыку савецкага мастака як тыпу.

Мне было важна вызначыць сацыяльныя дачыненьні мастака з савецкім грамадзтвам.

Праект называўся «Ў пошуках сацыяльнага цела савецкага мастака». Гэтая кніга сталася паўнавартасным арт-аб’ектам і выглядала як тэчка. Я знайшла ў бацькі альбом «Анатомія чалавека. Дапаможнік для мастакоў», дзе былі акадэмічныя табліцы й малюнкі расейскіх аўтараў, зымітавала гэты альбом, улучыла рэпрадукцыі працаў бацькі вялікага памеру, саму кнігу, а таксама бацькавы фатаграфіі. Ён яшчэ быў аматарам-фатографам. Атрымалася такое агульнае ўяўленьне пра тую эпоху. У савецкія часы існавала выдавецтва «Савецкі мастак», сваю кнігу я пазначыла прыдуманым мною выдавецтвам «Невядомы мастак». Стварыла я таксама анлайн-музэй невядомага мастака. Для мяне гэта адна са знакавых рэчаў, якія я зрабіла за апошні час і лічу сапраўды важнымі.

— Якія тэмы цікавяць цябе як мастачку?

Т. Ф.: Я працую пераважна з тэмамі сучаснасьці. Тэма савецкага мінулага паўстала выпадкова, дзякуючы бацьку. А ў асноўным я дасьледую праблемы малдаўскага грамадзтва, гастарбайтэрства. Напрыклад, «чаўнаковая» тэма, якая нарадзілася ў 2004 годзе.

Для мяне клятчастая торба ёсьць пэўным бэкграўндам усёй постсавецкай прасторы. Мне падалося цікавым разьмяшчаць фатаграфіі эстэтычна вытрыманых малдаўскіх пэйзажаў на «чаўнаковым» фоне. Узьнікае эстэтычная супярэчнасьць: шэры бэкграўнд і маляўнічыя пэйзажы.

І гэта тая супярэчнасьць, у якой мы жывем: краіна цудоўная, прыгожая, а дабрабыту няма, большасьць людзей зьяжджае. У 2008 годзе выйшаў мой дакумэнтальны фільм «Дзяржава-фантом» пра людзей, якія пакідаюць краіну. Многія зараз афармляюць грамадзянства Румыніі альбо атрымліваюць расейскія пашпарты. Калі палічыць, колькі нашых людзей зьмянілі грамадзянства, і зрабіць прагнозы на 10–15 гадоў наперад, то ўзьнікае праблема фантомнасьці самой дзяржавы, якая проста ня будзе існаваць.

Яшчэ адна праблема, якая ў апошні час мяне хвалюе, — немагчымасьць выезду за мяжу. Не заўсёды нашым грамадзянам даюць візу, шмат каму адмаўляюць незалежна ад таго, колькі грошай на рахунку ці якая арганізацыя запрасіла. Мне таксама аднойчы адмовілі: не далі візу ў Англію.

— Сёньня існуе меркаваньне, што сучаснае мастацтва, з аднаго боку, зьвяртаецца да праблем грамадзтва, становіцца ўсё больш сацыяльна арыентаваным. Але зь іншага — тая мова, на якой яно зьвяртаецца да публікі, ёй незразумелая. 

Т. Ф.: Так, ёсьць праекты, зробленыя, магчыма, моваю, не заўсёды зразумелай непадрыхтаванаму гледачу. Але што тычыцца маіх апошніх працаў, мне здаецца, яны вельмі адкрытыя.

Апошні мой важны праект зьвязаны з пратэставым рухам. Туды ўвайшлі дзьве гісторыі. Першая — дакумэнтальны фільм «Далоні», які распавядае пра пратэст сям’і Працюк, інвалідаў са слабым зрокам, якія каля трох месяцаў жылі са сваімі дзецьмі ў намёце насупраць Дому ўраду ў цэнтры Кішынёву. Гэтых людзей незаконна выселілі зь іхнага дому, і ім проста не было дзе жыць. Я сабрала відэаматэрыял пра тое, як яны страйкавалі, якія ў іх узаемадачыненьні ў сям’і, як яны ўспрымаюць горад, як размаўлялі з ахоўнікамі, — усё гэта вельмі супярэчліва. Цешыць толькі тое, што скончылася гэтая гісторыя шчасьліва: ім далі кватэру.

А другая гісторыя да гэтага часу працягваецца. Чалавек пабудаваў насупраць Дому ўраду жытло са скрынак, дошак і жыў у ім два гады. Цяпер яго перасялілі на адну вуліцу вышэй. Калі абралі прэзыдэнта (да гэтага два гады ў нас яго не было), кардонны дом гэтага чалавека зруйнавалі, таму ён быў вымушаны перабрацца вышэй. Ён інвалід, удзельнічаў у прыднястроўскім канфлікце, у яго была невялікая хата, якую зьнесьлі, а новай не далі. Так ён застаўся без жытла. Па ягонай справе практычна нічога не вырашаецца, і я працягваю гэтую гісторыю дакумэнтаваць. Я хачу паказаць людзей, якія, умоўна кажучы, маюць фізычныя парушэньні, але яны знаходзяць у сабе сілы пратэставаць.

А мы з нармальнай псыхікай і фізычнымі дадзенымі ня можам аб’яднацца, каб абараняць свае правы ў сваёй краіне.

— То бок ты бачыш, што твае праекты не абстрактныя, але ёсьць рэальным інструмэнтам для зьмены сацыяльнага ляндшафту?

Т. Ф.: Я думаю — так. Шкада, што ў Малдове пакуль гэтыя працы можа ўбачыць толькі вузкае кола людзей. Таму пра рэальны інструмэнт гаварыць яшчэ рана.

На вокладцы Тацяна Фёдарава / «Artist without Pavilion». 

Фатаграфіі © Тацяна Фёдарава, tatianafiodorova.wordpress.comfiodorova.w6.ru

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. fryd:

    цяжка артысту без паўліна

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

117 queries in 0,308 seconds.