ПЁТР ПАЎЛЕНСКІ: ДУМАЦЬ ПАЛІТЫЧНА

Вядомасць маладому мастаку з Санкт-Пецярбурга Пятру Паўленскаму прынесла акцыя «Шво» ў абарону панк-арт-групы «Pussy Riot» (2012). Мастак зашыў сабе рот і з плакатам у руках выйшаў да Казанскага сабора.

Пётр Паўленскі, акцыя «Шво» / Санкт-Пецярбург, 2012

Пётр Паўленскі, акцыя «Шво» / Санкт-Пецярбург, 2012

Амаль праз год ён ажыццявіў сваю другую акцыю — «Туша». Аголенага і шчыльна абматанага калючым дротам, яго прынеслі да будынка Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга. Так Паўленскі выказаўся супраць рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. За гэтую акцыю, дарэчы, ён атрымаў першы прыз Альтэрнатыўнай прэміі «Расейскае актывісцкае мастацтва» ў намінацыі «Акцыі, рэалізаваныя ў гарадской прасторы». Нядаўна, у лістападзе, ужо ў Маскве на Краснай плошчы адбылася яго трэцяя акцыя — «Фіксацыя»: мастак прыбіў сваю машонку цвіком да брукаванкі. «Яйкі — метафара апатыі, палітычнай індыферэнтнасці і фаталізму сучаснага расейскага грамадства», — каментаваў Паўленскі.

Сваімі ідэямі пра асабістую адказнасць, інстытут улады і пра тое, чаму Майдан — добры прыклад для жыхароў іншых постсавецкіх краін, дзеліцца ПЁТР ПАЎЛЕНСКІ.

УЗЯЦЬ НА СЯБЕ АДКАЗНАСЦЬ

У поле акцыянізму мяне як дзейсную постаць вывела ўлада, а менавіта карны працэс над «Pussy Riot». Непасрэдна мяне гэта як быццам і не датычылася, бо нікога з іх я асабіста не ведаў. Але тое, што адбывалася ў той момант, мне падалося адкрытым зверствам, асабліва гэтае жаданне запалохаць грамадства такімі таннымі трукамі, як паказальны працэс, напрыклад. Я ўспрыняў гэта менавіта як удар па мастацтве, убачыў, як клерыкальная ідэалогія замахваецца на сферу мастацтва.

Перш-наперш я чакаў, што іншыя мастакі кансалідуюцца і распачнуць байкот ці  нейкія падрыўныя праекты. Толькі ніхто нічога не рабіў, былі эпізадычныя размовы, але рашучых дзеянняў не было. Калі я пра гэта кажу, то маю на ўвазе перш за ўсё Пецярбург, але і ў іншых гарадах сітуацыя была падобная. Толькі ў Маскве сабралася больш-менш выразная арганізаваная падтрымка, але гэтага ўсё адно было мала. І тут адбыўся першы важны для мяне момант: я перастаў глядзець на іншых.

Зразумеў, што, калі нешта не падабаецца, трэба пачынаць з сябе. Адчуў менавіта сябе адказным за сваё разуменне таго, што адбываецца, за сферу мастацтва ў дадзеным выпадку, на якую, як я ўсвядоміў, вядзецца атака.

І нічога не зрабіць было б для мяне здрадай маім ідэям, пазіцыям, майму стаўленню да таго, што адбываецца вакол.

«ШВО»: ТУПІКОВАЯ ДЛЯ ЎЛАДЫ СІТУАЦЫЯ

Спачатку я планаваў здзейсніць досыць спакойны адзіночны пікет з плакатам «Акцыя “Pussy Riot” была перайграваннем знакамітай акцыі Ісуса Хрыста (Мф. 21:12-13)». Да гэтага я правяраў гэтую фразу і ўбачыў, што яна добра працуе ў спрэчках на такую тэму, і менавіта з прычыны яе эфектыўнасці вырашыў вынесці яе ў публічную прастору. Тым больш неабходна было паказаць відавочны факт, што РПЦ выступае супраць ключавой постаці ў хрысціянскай міфалогіі. А потым, за некалькі дзён да правядзення, я зразумеў, што мне недастаткова, калі гэта будзе толькі прачытана, адзін тэкст не ў стане выказаць маштаб гэтага канфлікту. У самой сітуацыі адсутнічаў патэнцыял развіцця, усё было занадта плоска і недагаворана. І мне прыйшла ідэя паказаць, што адбываецца з грамадствам у гэты момант — людзям літаральна затыкаюць раты.

21

Пётр Паўленскі, акцыя «Туша» / Санкт-Пецярбург, 2013

Таму, з аднаго боку, зашыты рот — відавочны жэст, гэта крайняя ступень выяўлення таго, што адбываецца. Але, з іншага боку, я разумеў, што могуць з’явіцца супрацоўнікі паліцыі, і тады зашыты рот створыць сітуацыю, калі яны нічога не змогуць зрабіць. Будуць нешта пытаць, але не змогуць атрымаць паказанні: я фізічна не здолею ім нічога сказаць.

Такім чынам робіцца выказванне, адэкватнае таму, што адбываецца, але пры гэтым ствараецца тупіковая для ўлады сітуацыя. Мне было важна ніяк не адгукацца на запыты ўлады, інакш маё дзеянне было б знішчана.

І сапраўды, усё спрацавала: паліцыя аказалася нават больш бездапаможнай, чым я сабе ўяўляў. Яны зразумелі, пра што я кажу: быў візуальны жэст, тэкст. Але пры гэтым мне не трэба было гаварыць. Ахоўнік быў так напалоханы, што нават не змог парваць плакат. Калі прыехала паліцыя, вядома, паспрабавалі папрасіць пашпарт, але гэта было бессэнсоўна. Сталі хадзіць вакол мяне, выклікалі медыкаў. І толькі калі мяне пасадзілі ў карэту хуткай дапамогі, калі дзверы зачыніліся, стала зразумела, што акцыя скончылася.

І, як ні дзіўна, сітуацыя для мяне павярнулася ў станоўчы бок. Павінна было быць заключэнне псіхіятра, і многае залежала ад таго, хто гэта будзе: функцыянер ад улады альбо чалавек. І гэта аказаўся чалавек. Я быў упэўнены, што мне паставяць дыягназ. Але падышла жанчына, задала некалькі пытанняў, спытала, за якую ідэю я выйшаў, і, паколькі рот у мяне быў зашыты, яна пачала сама выказваць меркаванні. Другой яе здагадкай былі «Pussy Riot», я сцвярджальна паківаў галавой, і яна адразу сказала, што разумее маё дзеянне. Гэта быў першы чалавек, які мяне падтрымаў, і ў той самы дзень я змог вярнуцца дадому.

«ТУША»: НАЎПРОСТАЕ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЕ З ЛЮДЗЬМІ

Пасля гэтага я зразумеў, што жэст такога кшталту — гэта і ёсць сапраўднае мастацтва, якое гаворыць пра грамадства і звяртаецца да грамадства. Гэта наўпростае ўзаемадзеянне з людзьмі — у адрозненне ад мастацтва, упісанага ў арт-сістэму. Так, там таксама маецца на ўвазе выказванне мастака, якое павінна быць данесена да аўдыторыі. Але, трапляючы ў галерэйную прастору, гэтае выказванне нейтралізуецца, адбываецца палітычная лабатамія, яно адрасавана ўжо не тым і будзе казаць не пра тое.

А калі пакідаеш арт-сістэму, выходзіш у зону рызыкі, адразу наладжваеш наўпросты кантакт з тымі, да каго звяртаешся. Прытым гэта адбываецца незалежна ад волі тых, у каго службовы абавязак — ствараць блакаду мастацтву .

Людзі падыходзяць, уключаюцца, пачынаюцца рэфлексія, разважанне — чаму так адбываецца, пачынаюць суперажываць. Далей хтосьці застаецца назіраць, нехта сыходзіць. Я ўспрымаю гэтых людзей як сацыяльны арганізм, які нейкім чынам рэагуе на той імпульс, што ім даецца. Але ёсць непасрэдна ўключаныя ў дзеянне, напрыклад, ахоўнікі, паліцыянты, медыкі, следчыя. Гэта значыць, яны ператвараюць акцыю ў такі перформанс, які разгортваецца ў часе і мае мноства дзейных асобаў.

Пётр Паўленскі, акцыя «Туша» / Санкт-Пецярбург, 2013

Пётр Паўленскі, акцыя «Туша» / Санкт-Пецярбург, 2013

Напрыклад, у «Тушы» паліцыянты пачалі накідваць на мяне анучу, але яна чаплялася за дрот. Нейкі гопнік выконваў загады паліцыянтаў і з жаночымі абцужкамі бегаў вакол мяне. Прынеслі вялікія нажніцы, разрэзалі дрот, зноў накінулі анучу, але самі асцерагаліся дроту, баяліся за яго зачапіцца. Потым яны ўсё ж такі знайшлі выйсце, узвалілі мяне на плячо і панеслі праз галоўны ўваход Заканадаўчага сходу Марыінскага палаца. Туды нават чыноўнікі ходзяць са службовага ўваходу. А голага чалавека правялі праз парадны ўваход, што, вядома, сталася ўдалым завяршэннем акцыі.

Такім чынам, ёсць дзеянне, якое прадумваю і здзяйсняю я, але тое, як яно разгортваецца і пачынае жыць далей, ужо ад мяне не залежыць.

«ФІКСАЦЫЯ»: КАРНАЯ СІСТЭМА — ТАКСАМА АЎДЫТОРЫЯ

Паліцыя вымушаная сутыкацца з прэцэдэнтам мастацтва, разбірацца, мастацтва гэта ці не, вызначаць для сябе сувязь акцыі з палітычным кантэкстам, шукаць, як на гэта рэагаваць, які можна выкарыстаць закон і г. д. Пачынаюць, напрыклад, фабрыкаваць справу, але ў выніку ўсё рассыпаецца. Напрыклад, пасля «Тушы» яны тры разы спрабавалі адпраўляць справу ў суд, але нічога не атрымлівалася.

Так яны не па сваёй волi аказваюцца аўдыторыяй і нават саўдзельнікамі акта мастацтва. Наўрад ці яны пайшлі б на якую-небудзь выставу глядзець сучаснае мастацтва.

З апошняй акцыяй было тое ж самае. Паліцыя вельмі непакоілася. Яны доўга вырашалі, што гэта такое і што з гэтым рабіць. У выніку закрылі мяне белай анучай, абгарадзілі плошчу і выгналі адтуль людзей. Зноў яны засталіся адзінай аўдыторыяй маёй акцыі. Потым пайшла чарада з лекараў, следчых. Зараз падключаюцца новыя следчыя. Гэта значыць колькасць гледачоў, людзей, якія становяцца саўдзельнікамі і якія вымушаныя для сябе фармуляваць, што гэта такое, павялічваецца. Акцыя працягваецца.

МЫСЛІЦЬ МЕТАФАРАЙ

Якую б палітычную тэму я ні браў, я ўсё адно думаю катэгорыямі і інструментарыем мастацтва, выкарыстоўваю метафары. Не будзе грамадзянскі актывіст думаць пра гэта, для яго галоўнае — паспяховая агітацыя, колькасць людзей, уцягнутых у акцыю. Я ж старанна прадумваю працэс. Стаўлю сабе задачу перавесці сітуацыі, якія рэальна адбываюцца з людзьмі, але не счытваюцца імі, у відавочныя візуальныя знакі.

Пётр Паўленскі, акцыя «Фіксацыя» / Масква, 2013

Пётр Паўленскі, акцыя «Фіксацыя» / Масква, 2013

УЛАДА І ГРАМАДСТВА: УЗАЕМАДЗЕЯННЕ ДВАІХ

Я разумею ўладу як апарат гвалту. Калі ўлада перастане прыдумляць новыя і выкарыстоўваць старыя методыкі кантролю і кіравання людзьмі, яна перастане быць уладай. Улада — гэта не нейкія канкрэтныя людзі, гэта з’ява такіх узаемадачыненняў, калі адна група людзей пачынае кіраваць, душыць, кантраляваць іншую групу. І ў гэтым працэсе заўсёды знаходзяцца двое: адзін, які абазначаецца ўладай, і другі, на каго гэтае дзеянне накіраванае. Што можа паміж гэтымі двума адбывацца, заўжды залежыць ад абодвух бакоў. Таму для мяне ў акцыі важна не даваць водгук уладзе. Калі б я, напрыклад, падчас акцыі палез бы за пашпартам, хто быў бы вінаваты ў тым, што акцыя сарвалася? Паліцыянт, які выконвае сваю функцыю, ці я, які выканаў яго патрабаванні? У гэтым выпадку вінаваты буду я, таму што ведаў, што раблю.

Тое ж самае адбываецца ў зносінах паміж уладай і грамадствам. Грамадства ў любым выпадку колькасна пераўзыходзіць групу людзей, якія з’яўляюцца ўладай. Але яно дае водгук, дазваляе ўладзе быць апаратам гвалту. Людзі паддаюцца свайму страху і дазваляюць уладзе станавіцца яшчэ большым апаратам гвалту і кантролю. І адказнасць заўсёды ляжыць на абодвух баках.

Грамадства не можа быць пасіўным. Хацець і патрабаваць мала, трэба рабіць нешта яшчэ, дзейнічаць.

РАЗБУРЫЦЬ СХЕМУ ЎЗАЕМАДЗЕЯННЯ

Улада імкнецца да таго, каб грамадства сталася насельніцтвам, якое яны ўспрымаюць як біялагічны матэрыял, як аб’ект. Калі ж я раблю акцыю, з адсутнага аб’екта маніпуляцыі я ператвараюся ў суб’ект, пачынаю дзейнічаць. І падчас правядзення акцыі мне на нейкі момант удаецца змяніць сцэнар узаемадзеяння паміж гэтымі двума палюсамі. Я прыпыняю гэтую схему, агаляю працэсы аб’ектывацыі і паказваю прыклад простага дзеяння.

Але, вядома, такіх прыкладаў, збояў у гэтай схеме, павінна быць больш. І я спадзяюся, што, як калісьці мяне як адзінку дзеяння спарадзіў працэс над «Pussy Riot», будуць узнікаць новыя дзейныя адзінкі, якіх спародзіць канфлікт паміж грамадствам і ўладай. За кошт гэтага, у прынцыпе, і падтрымліваецца культура супраціву. Гэтыя прэцэдэнты з’яўляюцца мадэлямі супраціву, і яны могуць адыграць сваю ролю.

МАЙДАН: ПРЫКЛАД ТАГО, ШТО НЕ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ФІКСАЦЫЯЙ

Яскравы прыклад — тое, што адбываецца цяпер ва Украіне. Я не ведаю, чым гэта скончыцца, але, безумоўна, гэта добры прыклад для Расеі — прыклад таго, якім павінна быць грамадства. Можна спрачацца, ці трэба людзям уступаць у ЕС, добра гэта ці дрэнна. Але тут важна менавіта тое, што грамадства паказвае, што яно не з’яўляецца бязвольным быдлам. Людзі не згодныя, яны пачынаюць супрацьдзеянне. Не важна, калі потым, напрыклад, акажацца памылкай тое, што яны хацелі ў ЕС: грамадства выправіць гэта. Але цяпер яны паводзяць сябе менавіта як свядомыя адзінкі, а не як аб’екты маніпуляцыі.

Пётр Паўленскі, акцыя «Фіксацыя» / Масква, 2013

Пётр Паўленскі, акцыя «Фіксацыя» / Масква, 2013

Мая акцыя «Фіксацыя» якраз паказвала той стан, калі людзі нічога не робяць, гэта тое, што адбываецца цяпер у Расеі.

А ва Украіне зараз мы бачым прыклад таго, што не з’яўляецца фіксацыяй. Тое, як гэта пачалося, што робяць гэтыя людзі зараз, заслугоўвае павагі і з’яўляецца для нас прыкладам.

ПАСТАЯННА ДУМАЦЬ ПАЛІТЫЧНА

Пасля першай акцыі многія рэчы страцілі для мяне сэнс. Я вучыўся ў мастацкай ВНУ, але праз некаторы час пасля правядзення акцыі «Шво» быў вымушаны сысці. Мне і раней шмат чаго не падабалася. Я бачыў, што студэнтаў папросту дураць: робяць з іх персанал, які абслугоўвае ідэалогію. Таму і зразумеў, што не магу скончыць гэтую ўстанову: атрымаць гэты дыплом — значыць атрымаць пацверджанне таго, што ты прайшоў стандартызацыю, ты адпавядаеш стандарту патрэбнага ідэалогіі персанала. Навошта мне гэта?

У мяне, вядома, змянілася стаўленне да мастацтва. Пытанні — што ёсць мастацтва, для чаго ім займацца і г. д. — хвалявалі мяне і раней. Пасля першай акцыі я на практыцы пераканаўся ў многіх рэчах. Але галоўнае — з’явілася ўнутранае напружанне: я адчуў сур’ёзную адказнасць за свае дзеянні. Паўстала неабходнасць пастаянна, у дачыненні да ўсяго мысліць палітычна.

І, на мой погляд, тое, з чым павінен жыць кожны мастак, у прынцыпе, чалавек любой прафесіі, — гэта пастаяннае адчуванне адказнасці за тое, што адбываецца навокал. Таму што кожная ўлада так ці інакш залежная ад людзей. І яна гэта разумее.

Гутарыла Таня Арцімовіч

Фатаграфіі © Пятра Паўленскага

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус