АЛЕСЬ ПУШКІН. ІЛЬВІНАЕ СЭРЦА

8

Алесь Пушкін, 1991

 

7

Першая майстэрня ў Віцебску, 1990-1994

 

10

Дом Літаратараў, Менск, 1992

 

2

Віцебск, 1994

9

Дом Літаратараў, Менск, 1992

 

5

Адкрыцьцё першай прыватнай галерэі ў Віцебску, 1993

4

Адкрыцьцё першай прыватнай галерэі ў Віцебску, 1993

 

6

Алесь Пушкін, 1992

 

3

Артыкул з газэты «Свабода», 1994

Праца Алеся Пушкіна ў Бэрліне, 2013

Праца Алеся Пушкіна ў Бэрліне, 2013

 Архіў! pARTisan #01’2002. Публікуецца скарочана

Пушкіна любяць жанчыны й ня любяць улады.

Жанчыны любяць Алеся за тое, што дасьціпны й гаспадарлівы, за рамантычны арэол (нават у натоўпе здалёк відаць шырокі капялюх мастака з фазанавым пяром) і за тое, што не спажывае тытуню й гарэлкі (аргумэнт, вядома, спрэчны). Але ўсё ж галоўны сакрэт вабнасьці Пушкіна найбольш трапна сфармулявала мая маці: «Алесь — з тых людзей, на якіх трымаецца сьвет». Мне даспадобы гэты вобраз мастака як мэтафізычнага атлета, трох сланоў у адной асобе. Сьвет трымаецца на кожным, хто сам трымаецца за яго. Пушкін — рэаліст. Ён не наракае на лёс, не хаваецца ў нірвану чорных квадратаў альбо ў сувэнірнае мастацтва, каб перачакаць навалу шклоўскіх барбараў, а ўжо потым тварыць ад шчырага сэрца.

Гэта адзін зь нешматлікіх мастакоў у нашым «страчаным» пакаленьні, які жыве ўсур’ёз, жыве ва ўсю глыбіню душы паўсюль, куды б яго ні закінула карма.

Алесь – вечны нацыяналіст. Калі б нарадзіўся ў іншую эпоху альбо ў іншай краіне — рабіў бы штосьці адэкватнае абставінам, каб уславіць сваю новую радзіму. Калі б нарадзіўся расейцам – стаўся б вялікадзяржаўным шавіністам, калі б нарадзіўся габрэем — маляваў бы перамогу Давіда над Галіяфам арабскага сьвету. Патрыётамі былі ўсе клясыкі, на якіх Пушкін арыентуецца ў сваёй манумэнтальнай творчасьці (гэта найперш італійцы – ад Рафаэля да Т’епалё й Джакомо Манцу). Паўплывала на яго й служба ў Аўганістане. Алесю пашчасьціла нікога там не забіць, ён даглядаў гелікоптэры (мабыць, таму Алесь потым скарыстаў разьбіты гелікоптэр у сцэнаграфіі спэктаклю «Кароль Лір» Віцебскага Драматычнага Тэатру), але ўсё ж пачуцьця віны перад аўганскім народам хапіла, каб зьненавідзець імпэрыю й адмовіцца ад дзяржаўных узнагародаў.

Бальшыня нашых аднагодкаў, вярнуўшыся з войска, страціла сэнс жыцьця. Давялося шукаць яго самім – у рэлігіі, грошах, палітычнай барацьбе альбо ў каханьні й дзецях. Пушкін знайшоў сябе ў палітычным мастацтве.

Свой тагачасны стыль Алесь называе «беларускім соц-артам». Легальныя творы мастацтва тады мусілі мець «нацыянальную форму й сацыялістычны зьмест». Пушкін знайшоў цалкам супрацьлеглае сацрэалізму эстэтычнае рэчышча: нацыяналістычны зьмест, паяднаны з постмадэрноваю формай.

Дарэчы, на вайну Алесь мог і ня трапіць: дастаткова было сказаць на перасыльным пункце, што вучыўся ў Тэатральна-Мастацкім Інстытуце (яго прызвалі пасьля першага курсу) на мастака, і мог бы спакойна служыць пісарам пры якім штабе. Пушкін выдатна разумеў гэта, але хавацца ад небясьпекі за чужымі плячыма – не ягоная натура. Ён азваўся акторам – і, па вялікім рахунку, ня схлусіў, бо ўжо празь некалькі гадоў стаў найбольш вядомым беларускім пэрформэрам (апроч таго, сваёй галоўнаю заганай Алесь лічыць тыпова акторскую рысу – нястомны язык).

Некаторыя калегі называюць пэрформансы Пушкіна занадта эпатажнымі й дэкляратыўнымі: маўляў, пэрформанс — мастацтва супэрэлітарнае, яго ідэя павінна заставацца няўцямнаю ня толькі для публікі, але й для самога аўтара. Алесь згодны, што ягоныя вулічныя акцыі эстэтычна не зусім дасканалыя, але гэта для яго не галоўнае: ён паказвае людзям не абстрактныя праблемы абстрактнага сьвету, а цалкам рэальны боль сваёй душы — боль за радзіму, што два стагодзьдзі курчыцца «пад расейскімі ботамі» (назва адной зь ягоных карцінаў).

Зрэшты, нельга сказаць, што Пушкін абраў імідж дысыдэнта й скандаліста, кіруючыся аднымі эмоцыямі. (Алесь нарадзіўся пад знакам Ільва ў год Зьмяі (1965) і гэты факт у дачыненьні ўласнага характару інтэрпрэтуе так: «Дурны-дурны, але хітры!». Вялікае сэрца й цьвярозы разьлік — вельмі плённае спалучэньне для ўсялякай творчасьці.)

Алесь распавядаў мне: «Калі я пачытаў Както, футурыстаў, «Дзёньнік аднаго генія» Сальвадора Далі, дык зразумеў, што ціхенька рабіць сваю справу недастаткова, каб дачакацца вядомасьці.

У сьвеце – тысячы таленавітых мастакоў, і таму для славы трэба, каб Бог дазволіў табе самавыразіцца праз штосьці іншае, апрача твайго рамяства, – толькі не праз тэрор ці разбурэньне сьвятыняў».

Пушкін шукаў вялікай ідэі, якую можна было б кінуць у натоўп, і знайшоў яе ў дагэтуль нявырашанай праблеме незалежнасьці Беларусі: «Я выбраў сваю, зямную ідэю, за якую можна пазмагацца, зь якой можна было зрабіць бомбу ня бомбу, „качку“ ня „качку“, але падставу для развагаў: думайце, людзі! У свой час, напэўна, так паўставала хрысьціянства: прыйшоў на зямлю Хрыстос са сваёй ідэяй, яго закатавалі, але ягоную ідэю падхапілі іншыя людзі, якія таксама потым прынялі пакутніцкую сьмерць, — і так разгайдаўся ківач. Чым больш было рэпрэсіяў — тым далей пашыралася новая вера. Тое, што адбылося 25 сакавіка 1989 году, — гэта таксама першы штуршок ківача. Дастаткова было зрабіць плякаты, прайсьці зь імі 30 мэтраў і гэтак утварыць прэцэдэнт: далей ківач рушыў сам, бо ідэя (напэўна, Бог мяне натхніў) была вартая».

Гэпэнінг «Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі» адбыўся напярэдадні першых адносна свабодных выбараў у Вярхоўны Савет СССР. Каб забясьпечыць максымальны рэзананс, Пушкін прыйшоў у гарадзкі выканкам і папярэдзіў улады, што рыхтуе несанкцыяваную антыўрадавую маніфэстацыю (гэтым ходам ён неаднойчы карыстаўся й пазьней). Падобным жа чынам нашыя продкі-варагі колісь дасылалі супраціўніку, каб дэмаралізаваць яго, папярэджаньне: «Сьцеражыся, я іду!» (усе ведаюць пра балцкі субстрат беларускага этнасу, але ня варта забываць і пра скандынаўскі (рускі) супэрстрат).

Мабыць, невыпадкова было абранае й месца для акцыі: паміж Тэатральна-Мастацкім Інстытутам і старым Домам Друку, дзе тады месьціліся рэдакцыі цэнтральных выданьняў. Ужо назаўтра ўсе дзяржаўныя газэты надрукавалі (вядома, з санкцыі ЦК КПБ) падрабязны рэпартаж пра гэпэнінг.

Не абазнаныя ў сучасным мастацтве, журналісты назвалі невядомы ім жанр «гэпі-эндам», хоць насамрэч канец акцыі быў зусім не шчасьлівы.

У бойцы зь міліцыянтамі, якія мелі загад разагнаць маніфэстацыю, аднаго з асыстэнтаў Пушкіна паранілі, 21 удзельніка гэпэнінгу арыштавалі, а самога мастака пасьля 15-дзённай адсідкі асудзілі да 2 гадоў умоўнага зьняволеньня й 5-гадовага абмежаваньня правоў. Не зважаючы на гэтыя рэпрэсіі, з інстытуту Алеся ня выключылі, а пасьля абароны дыплёму разьмеркавалі ў Віцебск.

Ягоная акцыя была падзеяй ня гэтак эстэтычнай, як этычнай, была актам экзарцызму савецкага д’ябла зь цела псыхічна хворай бацькаўшчыны. Алесь думаў тады не пра мастацкую дасканаласьць гэпэнінгу, а пра подзьвіг купкі людзей, якія ў 1968 годзе адважыліся выйсьці на Красную плошчу ў Маскве з патрабаваньнем свабоды Чэхаславаччыне. Побач зь перакрэсьленай выяваю БССРаўскага сьцяга Пушкін наклеіў гістарычны, бел-чырвона-белы, і напісаў: Досыць “сацыялістычнай”, адродзім народную Беларусь!

Гэты плякат цяпер – сымбаль той эпохі: ён меў мільённыя наклады ў газэтах, гэта рэч, якую «ўсе бачылі».

Некаторыя мастацтвазнаўцы, ангажаваныя ў справу нацыянальнага адраджэньня, лічаць найлепшаю беларускай карцінаю канца ХХ ст. твор «Зь мінуўшчыны» (1989). Алесь выліў на палатно 300 мл уласнае крыві — яна сьцякла ручаінаю з адбiтка далонi. Як і цяпер, тады бел-чырвона-белы сьцяг быў забаронены ўладамi як ледзь не фашыстоўская сымболiка, i Пушкін ахвяраваў сваю кроў дзеля рэгабiлiтацыі «палітычна зьняволенага» спалучэньня колераў. Мастак нагадаў уладам і ўсім нам містычую легенду, паводле якой першаўзор трохпалосьніка быў накрэсьлены крывёю параненага рыцара й дапамог беларускаму войску перамагчы ў бiтве. (Усе сьцягі маюць водар крыві, нават калі ў іх няма чырвонага колеру. Калі патрыёты цалуюць сьцяг — яны залізваюць раны продкаў, што змагаліся за лепшую долю для сваёй зямлі. Гэтаксама вернікі залізваюць раны ўкрыжаванага Збаўцы, калі цалуюць прыбітыя ногі Езуса альбо прычашчаюцца віном Ягонай крыві. Беларускі сьцяг можна было б назваць Тураўскаю плашчаніцай — на ўзор Турынскае.)

Пушкін ледзь быў не ператварыў сваё цела й у другі нацыянальны сымбаль — герб «Пагоню». Алесь плянаваў праехаць на кані па Ленінскім праспэкце на чале чарговай антыўрадавай дэманстрацыі, нерухома трымаючы над галавою рыцарскі меч. Ён ужо быў дамовіўся пазычыць каня ў адным з калгасаў пад Менскам і знайшоў рыцарскі панцыр свайго памеру, але пра гэты праект даведаліся ўлады й напярэдадні акцыі сувора забаранілі навакольным калгасам пазычаць Пушкіну каня. Крыху пазьней Алесь часткова зрэалізаваў тую мару ў Віцебску: праехаў па цэнтральнай вуліцы на асьле — бяз зброі, але з аркестрам (ад міліцыі мастака абараніў натоўп дзяўчат).

У Віцебску, беларускім прадмесьці расейскага Пецярбургу, Пушкін адразу стаўся энэргетычным цэнтрам неафіцыйнага мастацтва і зубным болем для чынавенства. Пералічу назвы некаторых ягоных пэрформансаў: «7 лістапада» (Алесь меркаваў каранаваць бюсты Маркса й Леніна перад абкамам КПБ вянкамі з калючага дроту, але яго арыштавала міліцыя), «Віцебск за кратамі», «Вясна», «Вольнасьць», «Каханьне». Бадай, найбольш небясьпечным зь іх быў пэрформанс, прысьвечаны памяці сьвятога Язафата, забітага ў XVII ст. перад будынкам, дзе Пушкін зьняў сабе майстэрню. Алесь басанож, у адной доўгай кашулі з прывязанымі да яе камянямі прайшоў па першым сьнезе праз старыя кварталы Віцебску да Дзьвіны, у хвалі якой купка ўзбунтаваных месьцічаў кінула цела свайго біскупа, лёг у лодку зь вялікім запаленым крыжам і сплыў, пакінуўшы вёслы на беразе, у туман. Духавы аркестар граў пахавальны марш. Толькі цуд і малітвы не далі Пушкіну зьмерзьці да сьмерці й празь некалькі кілямэтраў прывялі лодку да берагу. На шляху да Дзьвіны віцябляны вылілі на мастака тры вядры ледзяной вады (чорнай, чырвонай і белай).

Яшчэ ў 1991 годзе Пушкін наладзіў першую ў Віцебску выставу соц-арту «Артэфакты дэкляратыўнага мастацтва», дзе экспанаваліся відэазапісы ягоных пэрформансаў, плякаты, карціны, інсталяцыі.

Прыгадваецца дыптых «Адзеньне Беларусі народнай» і «Адзеньне Беларусі сацыялістычнай». Першая частка — маляўнічы народны строй з музэю, другая — пудзіла тыповага калгасьніка ў ватоўцы. Калі выстава экспанавалася ў менскім Доме Літаратара, да гэтай пары далучыўся голы манэкен з наклеенымі дзе-нідзе дробнымі грашыма й талёнамі на харчаваньне («Адзеньне Беларусі сучаснай»). У карцінах імпанавала павага аўтара да жоўтых фарбаў, да якіх шмат хто з айчынных мастакоў ставіцца з пагардаю. Некалькі твораў зь менскае выставы скралі. Яшчэ дагэтуль мастак прывёз выставу ў Горадню, але тамтэйшыя ўлады яе забаранілі (потым такое здаралася й у іншых гарадох).

У 1993 годзе Алесь заснаваў першую ў Віцебску прыватную галерэю «Ў Пушкіна». У галерэі была сабраная адна з найлепшых калекцыяў беларускага андэрграўнду 1990-х. Сярод найбольш пасьпяховых, нацыянальнага маштабу імпрэзаў «У Пушкіна» можна згадаць выставы «Postмадэрністы» й «Барока на Беларусі», фэстываль экспэрымэнтальнага мастацтва «Art-прагноз ‘96» (адным зь яго ўдзельнікаў быў і я).

***

Напрыканцы 1994 годзе правыя арганізацыі наладзілі ў галерэі зьезд нацыяналістаў. Дараваць Алесю такое нахабства ўлады ўжо не маглі: адна рэч — дзівацтвы бажавольнага мастака, і зусім іншая — падрыхтоўка нацыянальнай рэвалюцыі. Міліцыя выкінула ўдзельнікаў зьезду на вуліцу, а калі тыя пашыхтаваліся й пайшлі ўскладаць кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу, шмат каго міліцыянты зьбілі й зарыштавалі. Алесь адседзеў за кратамі 15 сутак. Па выхадзе Пушкіна зь вязьніцы ўлады скасавалі дамову аб арэндзе памяшканьня пад галерэю, а празь некалькі месяцаў прымусілі яго зьехаць і з будынку былой гімназіі, дзе ён тры гады кватараваў і здымаў майстэрню.

Пушкін яшчэ спрабаваў быў ладзіць праекты сваёй галерэі ў іншых выстаўных залях, аднак амаль паўсюль ягоныя ініцыятывы натыкаліся на зарганізаваны ўладамі байкот. Алесь вырашыў пераехаць на радзіму, у мястэчка Бобр, дзе жыве й цяпер.

***

Як і бальшыня мастакоў-манумэнталістаў, Пушкін крытычна ставіцца да царкоўных уладаў, але не да самой веры. Штотыдня бывае ў царкве на набажэнствах (адзіны з мужчынаў мястэчка), у ёй жа, сярод уласных фрэсак, і абвянчаўся (жонка Яніна — настаўніца гісторыі). Яшчэ ў Віцебску ён адрэстаўраваў два старыя абразы для царквы Сьвятых Кірылы й Мэтода — і абодва пачалі міраточыць. Для іканапісца гэткая ўзнагарода важыць больш за любы ордэн ад зямных уладаў. Ужо шмат гадоў Алесь марыць зрабіць росьпісы й вітражы ў полацкім Сафійскім саборы — у сьвятыні, бадай, найбліжэйшай да нашага неба.

Як і ў Сальвадора Далі, у Алеся таксама быў старэйшы брат-цёзка, які памёр у маленстве. Пушкін зрабіў з гэтага выснову, што павінен пражыць два жыцьці ў адным целе, павінен, апроч уласнай місіі, выканаць тое, што ня выпала брату. Алесь часта адведвае бацькоў-пэнсіянэраў, дапамагае ім урабляць зямлю, зь якой тыя жывуць. Піша карціны (доўгі час прынцыпова не прадаваў іх замежным калекцыянэрам). Супрацоўнічае з Коласаўскім Тэатрам: апроч згаданай пастаноўкі «Караля Ліра» аформіў спэктакль «Фрэкен Юлія» паводле п’есы Стрындбэрга й паліграфію да пастаноўкі «Крэслаў» Ёнэско, а таксама сцэну найбуйнейшага ва Ўсходняй Эўропе фэстывалю сучаснае харэаграфіі IFMC-93: Віцебск Шагала з вышыні птушынага палёту. Афармляе альбом «Я нарадзіўся тут» і кнігі беларускіх паэтаў, у тым ліку свайго сябра Славаміра Адамовіча.

***

Першы пэрформанс, які Алесю ўдалося паказаць за мяжой, мае назву «Новы беларускі партызан». Месца дзеяньня — фэстываль беларускага мастацтва ў галерэі Arsenal (Познань, 2000). Пушкін у народным строі сядзіць перад мальбэртам, піша карціну, ягоныя голыя ступакі адпачываюць у місе з вадой. Побач на вялікім экране дэманструецца відэазапіс разгону антылукашэнкаўскіх маніфэстацыяў, пырскае кроў з разьбітых галоваў. Тым часам да Алеся падкрадаецца асыстэнт і ўкладае ў місу з вадою кіпяцільнік.

Пакуль мастаку хапае цярплівасьці, ён працягвае працаваць, але рухі пэндзля робяцца ўсё больш нэрвовыя. Калі вада ўжо амаль ператвараецца ў вар, Пушкін вымае зь місы пачырванелыя ногі, узьнімаецца й хуценька пераапранаецца ў сваю старую вайсковую форму.

Потым хапае з падлогі сякеру й з размаху перабівае дрот кіпяцільніка. На карціне, якую дапрацоўваў мастак, расьсякае аблокі сымбаль народнага паўстаньня — сякера ў аголеных мускулістых руках (маштаб абраны такі, што няўцямна, чые гэта рукі — самога Алеся ці ўсяе працоўнае клясы, якую, нарэшце, дапяклі спробы эксцэнтрычнага старшыні калгасу пабудаваць «беларускую мадэль» эканомікі: наўрад народу маглі б настолькі ж надакучыць відэакліпы пра крывавыя танцы студэнтаў зь міліцыяй).

***

Пушкін — патрыёт ня толькі сваёй зямлі, але й той эпохі, якой належыць ягонае цела. Ці ёсьць у ягоных пэрформансах нейкі надбеларускі, вечны элемэнт? Спадзяюся, яны захаваюць актуальнасьць паўсюль, дзе людзі будуць змагацца за сваю й чужую свабоду.

Юрась Барысевіч, 2002

Фатаграфіі ўзятыя з публікацыі часопіса «Ідыёт».

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

112 queries in 0,293 seconds.