Артур Клінаў «Шклатара» (фрагмент)

1

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

2

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

3

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

 

 

4

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

 

 

5

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

7

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

8

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

 

 

9

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

 

 

 

10

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

;

11

Артур Клінаў «Горад Сонца» / 2002-2005

У геаметрыі плошча — лікавая характарыстыка двухмернай фігуры. У архітэктуры — адкрытая, аточаная будынкамі і пасадкамі прастора. У нас — акт збавення віны, прынясенне ахвяры, пасля якога настае катарсіс.

Наша Плошча ніколі не прывязаная да канкрэтнага месца. Яна можа прайсці на Кастрычніцкай, можа на Леніна, можа на Коласа, наўрад ці на Бангалор — у скверы для выгулу сабак, куды звычайна адпраўляе яе Канцылярыя. Магчымая яна на Нямізе, у Курапатах, на вакзале ля Пляца варот. Але не мае значэння, дзе адбудзецца ахвяраванне, як няважны і лік: пяць, дзесяць, сто чалавек, тысячы тысяч. Важны сам акт прынашэння. Час, калі плошча штосьці вырашала, застаўся ў дзевяностых.

Час, калі яна будзе нешта вырашаць, яшчэ не прыйшоў. Роля яе ў міжчассі — паганскі рытуал, які трэба адбыць, ды заадно паказаць, што падполле яшчэ існуе. Нагоды звычайна вядомыя: Дзень Волі, Дзяды, Чарнобыльскі шлях. Каго ўкрыжуюць, ніхто толкам не ведае. Адмысловага ягняці не рыхтуюць. Кінуць на жорны могуць і шамана з ліку правадыроў партый, могуць і мінака, які выпадкова трапіўся на аўтобусным прыпынку.

Небарака, ясная справа, крычыць: «Пакіньце мяне, я чакаю маршрутку на Уручча!» Але піздануўшы таму пару разоў у хлябальнік, яго адпраўляюць асаблівым маршрутам.

У памкненні зліцца з натоўпам паўсюль шмыгаюць усюдыісныя Гугоны. Часам яны складаюць чвэрць, а разам з рэпарцёрамі і панамі Альбертамі з амбасад — і да паловы ўдзельнікаў Плошчы. Паны Скамарохі з партыйнага бамонду ім даўно вядомыя, а таму мала цікавыя, дый шуму з хаты ад іх замнога. Іхны інтарэс — свежыя твары. Касавурачыся на самыя адметныя, яны чакаюць кіўка ад тайнага дарадцы Канцылярыі пана Твардоўскага, а ўбачыўшы, тут жа цягнуць небараку ў вялізны тупарылы МАЗ з закратаванай будкай.

Б’юць балюча, але не да смерці. На смерць у гэтай гульні мараторый. Правілы даўно ўсім вядомыя. У прэйскуранце паслуг на ахвярапрынашэнне графа «прычыненне ягняці цялеснага пашкоджання, не сумяшчальнага з жыццём», адсутнічае. Прычыніць яго да смерці баяцца ўсе, але асабліва самі канцылярскія. Таму ахвярам звычайна даюць сутак пятнаццаць у клетцы з бамжамі. Скамароху могуць упаяць паболей — годзікі два, тры, чатыры.

Але раз на пяць гадоў збіраецца асаблівая Плошча — вялікае пяцігадовае веча. На звычайную, як правіла, выходзіць адно падполле. На гэту ж, як на паганскае свята, выбіраюцца ўсім светам, з жонкамі, з дзецьмі на плячах, з калегамі і сябрамі. Многія з тых, хто пяцігодку маўчаў, лічаць за абавязак свой грэх адкупіць.

Рыхтуюцца да гэтай Плошчы сур’ёзна. Ужо за месяц з крамаў знікаюць спальнікі і намёты. На сайтах гучаць парады, даюць інфармацыю, як апранацца, што ўзяць, хто будзе спяваць, чаго лепей не піць, дзе можна пераначаваць прыезджым з рэгіёнаў, як паводзіць сябе ў выпадку аблавы. Канцылярскія таксама не спяць. Да горада сцягваюцца спецыяльныя часткі, пачынаюць хадзіць чуткі, што рыхтуюцца тэракты: будуць узрываць, маўляў, лепей пераседзець ліхалецце дома. Раней я хадзіў на кожную Плошчу, потым выбіраў найважнейшыя, пакуль яны ўсе не зрабіліся мне не цікавымі. Але пяцігадовага веча я не прапускаў ніколі. Аднак сёлета ўпершыню ў мяне не было жадання на яго пайсці. Бо я добра памятаў папярэднюю Плошчу, пяцігадовай даўніны. Ведаў людзей, якія яе рыхтавалі, разумеў, што за ёю стаіць і за каго там стаяць. Гэтая ж падавалася нейкай каламутнай.

Я адчуваў, што за ёй адбываецца нейкая не ясная мне валтузня, у якой я буду толькі масоўкай.

Але ўвечары пасля эсэмэса ад Машы настрой у мяне перамяніўся. Да таго ж заехала дачка і папрасіла яе падвезці. Яна сустракалася з аднакласнікамі непадалёк ад Кастрычніцкай. У адрозненне ад мяне Вера ніводнай Плошчы не прапускала, а тым болей не магла прапусціць гэту.

Ужо на пад’ездзе да цэнтра я крыху пакружыў па прылеглых кварталах, спрабуючы ацаніць настрой канцылярскіх. Звычайна, калі планаваўся вялікі хапун, машыны з касманаўтамі ставілі не толькі ў дварах, але і дэманстратыўна на вуліцах. Гэтым разам усё выглядала спакойна. Хутчэй за ўсё, яны недзе былі, але хаваліся па цёмных падворках. Народ з усіх канцоў горада ўжо сцягваўся да Кастрычніцкай. Прыпаркаваўшы машыну за ГУМам ля Сцёпінскага дома, я тут жа сустрэў Сераду, дырэктара падпольнага тэатра. Павіншаваўшы яе са святам, я рушыў у «Цэнтральны». Да восьмай яшчэ заставаўся час, можна было выпіць кавы і агледзецца.

Звычайна абрад пачыналі менавіта з гэтага. Людзі збіраліся на подступах, але выходзіць на плошчу не спяшаліся. Нехта рабіў выгляд, што чакае маршрутку на Уручча, хтосьці заходзіў ва ўніверсам выпіць кавы, іншыя нібы выпадкова прагульваліся па праспекце.

Былі, вядома, і тыя, пераважна з маладых актывістаў, хто адразу валіў на Плошчу. Але, калі абрад абяцаў быць сур’ёзным, такіх білі першымі. Пасля трэцяга мардабою шмат каму надакучвала. Яны або ішлі ў партыйныя лідары, або рабіліся крыху абачлівей.

Але зараз за вітрынамі ўніверсама, здавалася, было спакойна. Да Плошчы падцягваўся народ, на мінакоў скрыва пазіралі Гугоны ў цывільным, але ачаплення з касманаўтаў не было. Уздоўж праспекта праз кожныя тры метры стаялі толькі даішнікі, з чаго вынікала адно — разгону не будзе. Тое, што вялікага ахвярапрынашэння не прадбачыцца, было зразумела і раней. Еўропа рыхтавалася гэтыя выбары прызнаць, а мардабой на прыпынках азначаў бы правал усёй аперацыі, якую па-майстэрску плялі столькі месяцаў. Гэта была б нават не кропля смуроду ў гарцы салодкага канцылярскага мёду, а самае што ні на ёсць вядро адборнага гаўнішча.

Нават сціплае ахвярапрынашэнне не было нікому патрэбнае. Еўропе, якая ўжо шмат гадоў з абурэннем пазірала на нашыя дзікія рытуалы, рашэнне прызнаць Імператара далося няпроста.

Цяпер жа, каб зрабіць апошні крок і, праглынуўшы горкую гарошыну, ускласці на яго карону, ёй важна было хаця б захаваць твар. Імператару ж, як паветра, патрэбна была гэта хай сабе і кардонная, няхай і авансам, але карона. Ён разумеў, што Еўропа і так шмат на што заплюшчыла вочы, але, зладзь зараз пры тэлекамерах мардабой, яна гэтага не стрывае.

Дапіўшы каву, я выйшаў на плошчу. Народ усё прыбываў. Здавалася, настрой людзей быў не такім, як пяць гадоў таму. Тады над усімі вісела трывога. Цяпер жа хутчэй адчувалася свята. З гучнагаварыцеляў, расстаўленых па перыметры плошчы, разносілася вясёлая музыка — адмысловы падарунак да свята ад Канцылярыі.

Пад «Яся», які крыху двухсэнсоўна касіў канюшыну, усё, што адбывалася, нагадвала запозненыя зімовыя Дажынкі — вялікае Імперскае свята ўраджаю. Здавалася, выкаці зараз на плошчу гандлёвыя палаткі са смажнямі і таннай гарэлкай на разліў ды выпусці на прыступкі Палаца Рэспублікі ансамбль «Харошкі» — і ілюзія карнавалу ў калгасе будзе поўнай. Пад «Я лягу-прылягу край гасцінца старога» людзі невялікімі кампаніямі пачнуць уладкоўваца наўпрост на сумётах, дастануць прынесеныя з сабою вялікія бутлі з півам і пад вясёлы рогат возьмуцца смажыць на марозе кілбаскі. Праўда, «Песняры» спявалі не дэманстрантам, а тым, хто коўзаўся на каньках ля вялікай, дваццаціметровай, аздобленай святочнымі гірляндамі навагодняй елкі. Штогод напярэдадні каталіцкіх калядаў на плошчы залівалі коўзанку, але звычайна значна меншую.

Цяпер жа, не пашкадаваўшы высілкаў, яе зрабілі вялізнай, ледзь не на ўвесь пляц. Таму дэманстрантам даводзілася туліцца на ўскрайках, на ходніках прылеглых да Кастрычніцкай плошчы вуліц.

На гіганцкай коўзанцы гарэзнічалі на каньках вясёлыя Гугоніхі і Гугоны. Тое, што гэта яны, не выклікала сумневаў. Якому нармальнаму чалавеку прыйдзе ў галаву катацца ў гэты час на плошчы, дзе зараз, магчыма, пачнуць раздаваць важкія піздзюлі ўсім без разбору, а ты на каньках нават не зможаш дабегчы да падваротні. Пад «Касіў Ясь канюшыну» Гугоны жвава размахвалі рукамі, быццам сапраўды трымалі ў іх косы і штосьці касілі. Пад «Я лягу-прылягу» хтосьці часам куляўся і плаўна, нібы белы лебедзь па возеры, плыў рылам па лёдзе. Так. Гэта было менавіта яно! Начное лебядзінае возера Гугонаў. Яны выконвалі танец маленькіх шэрых лябёдкаў каля навагодняй елкі.

Ах, якая ж Еўропа дурненькая, што заве гэта дыктатурай! Гэта ніколі не было дыктатурай, а толькі гульнёй ў яе. А калі нават і дыктатурай, то новага, не вядомага раней ўзору — дыктатурай эпохі постмадэрнізму, іранічнай, часам вясёлай, раз-пораз сумнай, з мноствам цытат і змяшэннем стыляў. Яна магла працытаваць Гітлера, але з іроніяй, не папраўдзе. Яна магла гуляцца ў Савецкі Саюз, але толькі па тэлевізары на селектарнай нарадзе, бо ніхто даўно не жыве пры марксізме і само жыццё ўжо каштуе не па-савецку. Яна нават умудралася цытаваць Цяньаньмэнь, але ж без крыві. Бо кроў — гэта ўжо не цацкі. Толькі разок у канцы дзевяностых яна раптам перакрочыла межы гульні, але тут жа сама больш за ўсіх спужалася. А гэта ж усяго толькі пацешная гульня, дзе насамрэч ніхто нічога не забараняе.

Хочаш выйсці на Плошчу? Калі ласка, абуй канькі ды катайся! Хочаш тэледэбатаў — вось табе прамы эфір пры крывых люстрах, каб народ лепей цябе разглядзеў.

Хочаш штосьці нядобрае вякнуць — маеш для гэтага дзве шматтыражкі: «Зямля і воля» ды «Наша Гета». Хочаш выдаваць няправільны часопіс — ніхто не забараняе. Але рэкламы табе не дадуць і прадаваць будзеш сам з-пад крыса ў падваротнях. А калі патрапіцца мент, ужо не крыўдуй! Парушаеш правілы рознічнага гандлю. Спачатку многія не ўцямілі, што гэта гульня. Такіх прыструнілі. Але паступова ўцягнуліся, разабралі ролі, вызначылі паняцці і межы, якія лепей не пераходзіць. Бізнес першы ўсвядоміў, як і з кім трэба гуляць. Следам рыбакі Родзькі ды пралетары Карпы, якія ў постмадэрнізме слаба кемілі, падмахнулі кантракт, не гледзячы. Нават блатны свет прызнаў новыя правілы. Хаця з рэстараннай нары давялося яму злезці ды перабрацца ў піўнушку бліжэй да парашы.

Даўжэй за ўсіх упіраліся ды забаўлялі публіку кулачнымі бойкамі партыйныя. Крычалі: «Улада — дурная!» — ды лупілі адзін аднаго да крыві па носе. І з кожным ударам ўсё болей драбнелі ды крышыліся. Фронтаўскія рабіліся фронтахрысціянскімі, фронтаграмадзянскімі, заходнефрантоўскімі, маладафрантоўскімі. Прафсаюзныя — металістамі, тэкстыльнікамі, трактарыстамі. Магілёўскія — клічаўскімі, бабруйскімі, шклоўскімі. А калі зусім здрабнелі, іх на пацешную ролю дурніца-ўлада і без кантракта прызначыла. Горш было тым, хто не вызначыўся, не знайшоў яшчэ ў гульні сваё месца ды працягваў крычаць: «Дурная ўлада!». Такіх звычайна адпраўлялі на нары. Праўда, нары таксама былі постмадэрнісцкія, пацешныя і, хутчэй, ганебныя — пятнаццаць сутак з бамжамі. Прафесійных Скамарохаў усаджвалі пасур’ёзней, але не часта і толькі тады, калі яны правілы гульні парушалі.

Ацаніўшы іронію пастаноўкі, я пабадзяўся сярод карнавалу пад елкаю ў пошуках знаёмых. Як ні дзіўна, людзей старой гвардыі, тых з падполля, хто зазвычай выходзіў на Плошчу, я сустрэў няшмат. Твары былі ўсё больш новыя, мне не знаёмыя. Праўда, народу вакол коўзанкі сабралася ўжо тысяч пад дзесяць. Разгледзець у цемры знаёмых, параскіданых па перыметры плошчы, было складана. Я нават не змог знайсці Веру, якая таксама недзе тут круцілася з сябрамі.

Час набліжаўся да восьмай, але галоўных партыйных шаманаў усё яшчэ не было. Буйнога ахвярапрынашэння сёння не прадбачылася, відаць, таму яны не спяшаліся. Раз-пораз я паглядаў на тэлефон, чакаючы званка ад Машы. Неўзабаве я адчуў, што мерзну. Мароз быў нямоцны, але пранізвалі сырасць і вецер. Я ж да заклікаў на сайтах не прыслухаўся і заявіўся на плошчу ў піжонскім італьянскім паліто, лёгкіх нагавіцах і, вядома ж, не ў валёнках, а ў такіх жа піжонскіх італьянскіх туфлях. Хутка вырашаўшы, што гулянкаю ўсё і скончыцца, я вярнуўся да машыны і паехаў дахаты. Ужо на выездзе з аркі ля ГУМа я заўважыў вялікую калону, што рушыла ад вакзала ў бок Плошчы. Але затрымлівацца я не стаў, збочыў на Камсамольскую, як тут пачуўся доўгачаканы званок.

— Дзякуй за кветкі! Такіх прыгожых руж мне яшчэ ніхто не дарыў! Вы мяне пестуеце! — весела, намагаючыся перакрычаць шум навокал, шчабятала Маша.

— А мы з сябрамі на Плошчы! Тут так файна! Проста народнае гулянне! А людзей столькі — здаецца, увесь горад сабраўся! Чуеце, які шум? Не перакрычаць!

— Ведаю, я толькі што ад’ехаў! — прамовіў я з лёгкім шкадаваннем. Я чамусьці не падумаў, што Маша таксама можа быць там. У мяне нават мільганула думка вярнуцца, але я тут жа яе адагнаў. Усё ж нашу сустрэчу я ўяўляў іначай. Ужо напэўна без шматлюднага натоўпу.

— Нічога не чую! Кажыце гучней! — пракрычала ў адказ Маша.

— Калі мы ўбачымся? — Давайце ў аўторак вечарам! Панядзелак — дзень цяжкі! У аўторак лепей!

— У колькі табе трэба будзе вярнуцца дахаты? — пракрычаў я, каб асцярожна прыкінуць сцэнар сустрэчы.

— Да раніцы я нікуды не спяшаюся! А а дзевятай мне трэба на працу!

Гэта было тое, што хацеў я пачуць. Ноч і ўвесь вечар. У нас будзе цэлая ноч з аўторка на сераду. Праскочыўшы міма людзей, што спяшаліся на Плошчу, міма ціхароў, якія шнарылі сярод іх, міма даішнікаў ля дарогі, я радасны паехаў дахаты.

56 

З усіх цытат дэмакратыі гэта падавалася адной з наймацнейшых. Другую гадзіну па першым канале ішоў прамы эфір, на які запрасілі не толькі прадстаўнікоў Канцылярыі, але і людзей з падполля.

Удзельнічалі старшыня Цэнтрвыбаркама, назіральнікі, журналісты, рэдактар «Зямлі і волі». Прысутныя нібы сядзелі за гарбатай ля вялізнага, вышынёю ў метр, аздобленага мудрагелістымі крэмавымі ружачкамі вясельнага торта. Кожнаму адразалі кавалачак і давалі пакаштаваць. Той, да каго даходзіла чарга, салодка прыцмокваў языком ды браўся нахвальваць талент кандытара. Нават апаненты хоць і папракалі за лішак цукру, малую колькасць узбітых яек і ванілі, але, здавалася, былі задаволеныя і зусім не збіраліся ўляпіць кавалкам у храпу суседу. Пакуль я назіраў за гэтым пастаральным чаяваннем, у мяне самога зрабілася неяк салодка ў роце. Усё падавалася цудоўным. Хоць Маша з Верай і знаходзіліся на Плошчы, але там жа было спакойна. Каля дзясятай я тэлефанаваў Машы. Яна сказала, што ўсе ўжо ля Дома ўрада, што тут файна, праўда, надта зімна. Але яна ўжо паспела збегаць дамоў, дзякуй богу, што побач, папіць гарбаты і троху сагрэцца.

Шоу ў прамым эфіры мусіла цягнуцца яшчэ некалькі гадзінаў, пакуль ішоў падлік галасоў. Але бліжэй да адзінаццатай я раптам заўважыў на твары вядоўцы прыкметы неспакою, быццам у сваім кавалку торта ён нечакана знайшоў здохлую муху. Прыціскаючы рукой навушнік, ён атрымліваў з апаратнай нейкую інфармацыю, і па тым, як салодкасць знікла з твару, я разумеў: здарылася нешта вельмі нядобрае. Праз імгненне вядоўца заклапочана заявіў, што паступіў відэазапіс з плошчы. На экране адразу ж паявілася карцінка.

Нейкія людзі грамілі кіямі дзверы Шэрага дома. Ашаломлена, не верачы вачам, я глядзеў на дзікую мясарубку. «Гэта штурм Дома ўрада», — неяк асуджана выціснуў з сябе вядоўца, відаць, шакаваны ўбачаным не меней.

Схапіўшы тэлефон, я тут жа набраў Машу. Нумар быў недаступны. Тэлефон Веры таксама маўчаў. Ужо было ясна: найгоршае адбылося. Я кінуўся да камп’ютара, паспрабаваў зайсці на старонку «Наш Покліч», але тая не адкрывалася. «Наша Гета» пісала, што невядомыя разбілі дзверы ў Доме ўрада, «Свабода» — што пачаўся разгон, а тэлефоны маўчалі. Я зразумеў, што іх адключылі.

Я патэлефанаваў Машы на хатні. Нейкая жанчына, напэўна, маці, з трывогаю адказала, што Машы дома яшчэ няма. Я папрасіў, каб яна мяне адразу набрала, як толькі вернецца, накінуў паліто і выскачыў з хаты.

Артур Клінаў, 2011—2012

Фатаграфіі © Артур Клінаў

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае.


  1. воўчык:

    Сякія-такія зацемкі, што кінулася ў вочы падчас чытаньня.
    У 8 абзацы — Рыхтуюцца да гэтай Плошчы сур’ёзна. На маю думку, чыста моўна лепей гучыць РЫХТУЮЦЦА ГРУНТОЎНА. Пагатоў, слова «сур’ёзна» сустракаецца некалькі разоў. Але гэта права аўтара.
    У 13м абзацы, насупроць фоткі з музэйным плякатам, на маю думку зроблена памылка: Яны або ішлі ў партыйныя лідары, або рабіліся крыху абачлівей. правільна будзе КРЫХУ АБАЧЛІВЕЙШЫМІ.
    У 14м — а самае што ні на ёсць вядро адборнага гаўнішча.
    ШТО НІ НА ЁСЦЬ, гэтае НА — русізм, па-беларуску можна па-просту ШТО НІ ЁСЦЬ.

    Фрагмент спадабаўся, хочацца чытаць яшчэ. Вялікі дзякуй аўтару, што піша пра сучаснасьць. Зычу плёну, а таксама пільнасьці рэдактару і карэктару пры рыхтаваньні кніжкі ў друк(а можа ўжо надрукавана?)).

  2. воўчык:

    даруйце, не заўважыў даты артыкулу, што спазьніўся амаль на месяц:))

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology