ЭДЫП і Себасцьян

latentnyjamen (1)

latentnyjamen (4)

latentnyjamen (7)

latentnyjamen (11)

latentnyjamen (13)

 

latentnyjamen (6)

 

latentnyjamen (8)

 

latentnyjamen (5)

Пасля прагляду «Латэнтных мужчын» у галаве круціцца толькі адна думка: няўжо ўсё так дрэнна? 45 хвілінаў складных прытопаў сямі маладых хлопцаў у сподняй бялізне, якія няспынна церпяць як фізічны, так і маральны гвалт з боку трох «альфа-самак» на чорных шпільках, — і да беларускіх мужчын не ўзнікае нічога, акрамя жалю. Душэўнага, па-жаночаму.

Ідэя спектакля зразумелая ад самага пачатку: вы [то бок жанчыны] стварылі ім нечалавечыя ўмовы амаль турэмнага існавання, пазбавілі ўсялякай індывідуальнасці, дэперсаналізавалі «да баязліўцаў», накармілі, наабяцалі, напаілі — а самі нават палегчыць «малую патрэбу» не даеце. Яшчэ ў чэрвені 2013 года рэжысёр Яўген Карняг паказаў у сталіцы прэм’еру чарговага скандальнага спектакля, пасля якога інтэрнэт-рэцэнзіі напоўніліся модненькімі словамі «гендэр» і «стэрэатыпы». Напрыканцы года спектакль зноў можна было ўбачыць на сцэне Тэатра беларускай драматургіі і так своечасова задумацца перад навагоднімі святамі на тэму ўзаемадачыненняў полаў.

ВЫШЭЙ ЗА НЕБА ТОЛЬКІ ЗОРКІ

«Агнястрэльны эфект» у спектаклі Яўгена Карняга маюць пісуары. Іх нелагічна высокае размяшчэнне і да гэтай пары абмяркоўваюць і гледачы, і крытыкі — апошнія нават выносяць менавіта пісуары ў загалоўкі тэкстаў. Сапраўды, завышаныя патрабаванні, адпавядаць якім сучасным мужчынам становіцца немагчыма нават на фізічным узроўні, можна смела прыводзіць як адну з цэнтральных тэмаў «Латэнтных мужчын». Толькі сімвалічным сродкам раскрыцця гэтай тэмы служыць далёка не толькі туалетны дэкор.

Паводле задумы і тону рэжысёра, «рэчы на парадак вышэйшыя» — гэта не толькі пісуары, размяшчэнне якіх прымушае сем танцораў-мужчынаў адчайна шукаць сродкі задавальнення малых патрэбаў. «На парадак вышэй» аказваюцца і — літаральна — тры дамы ў чорным. Па кантрасце з моцным полам у сподняй бялізне жанчыны Яўгена Карняга носяць строгія чорныя сукенкі, класічную чырвоную памаду і вельмі высокія абцасы. Малыя патрэбы не ёсць для іх праблемаю.

Стандарты задаюць яны самі: немагчымасць дастаць да пісуара пад столлю — для іх пытанне другога, а можа, нават ніякага парадку. У фінале спектакля біялагічная патрэба задавальняецца дамамі ў традыцыйнай мужчынскай позе — на нагах, тварам да сцяны.

І чаму толькі ідэя быць трохі прасцейшымі не прыходзіла раней у галаву самім мужчынам?

Акрамя відавочнага адказу пра мужчынскую бездапаможнасць, «альфа-самкі» Карняга прапануюць «моцнай палове» іншыя спосабы набыцця патрэбнай «вышыні» з мэтай задавальнення біялагічных позываў. Напрыклад, у літаральным сэнсе: лішнія, патрэбныя для «заваявання» пісуараў сантыметры могуць быць забяспечаны запазычаннем туфляў на абцасах. І справа тут нават не ў «перверсіі сацыяльных паводзінаў», пра якія згадвае рэжысёр у адным з інтэрв’ю. Абцасы — сімвал не столькі феміннасці, колькі ў большай ступені сацыяльнага разняволення паводзінаў.

Сантыметры ад ступні да падлогі — кампраміс, вузкая, але ўстойлівая прастора паміж «ід» прызямлення інстынктаў і «супер-эга» грамадскіх імператываў недасяжных пісуараў.

Чаму так атрымалася, што дыялог з «эга» быў хутчэй і надзейней зладжаны менавіта жанчынамі, а не мужчынамі, — пытанне іншага парадку. Важна тое, што мужчыны і ў гэтым тыпе ўзаемадзеяння церпяць няўдачу. Іншы спосаб стаць вышэйшым — гвалтоўна нацягнутыя на аднаго з сямёркі сінія майткі супермэна. Пад музыку старой прыстаўкі з дзяцінства, лётаючы па пакоі і амаль ліха караскаючыся па сценах, шчасліўчык нарэшце дасягае жаданай мэты — пісуара, але задаволіць малую патрэбу ён раптам аказваецца не ў стане. Прыніжэнне і бездапаможнасць дасягаюць апагею. «А што наогул тады ён можа?» Замкнёныя ў прасторы чатырох сценаў, зняважаныя і бескарысныя — такім мужчынам дакладна «можна паставіць нуль». І справа зусім не ў пісуары.

ЭДЫП, АЛЬБО ТОЕ, ШТО ЗА ДЗВЯРЫМА

Як здарылася так, што беларускія мужчыны, у якіх, паводле заявы Яўгена Карняга, «з палавымі органамі і сексуальнай арыентацыяй усё нармальна», аказваюцца зламанымі і бязвольнымі — з перапоўненым мачавым пузыром і мікрафонам у роце, што мармочыць незразумелыя вершы пра каханне? Дзе адбыўся той самы крытычны злом, які прывёў да залежнасці і слабахарактарнасці?

Толькі раз і толькі з максімальнай ад гледача адлегласці, амаль па-вуаерысцку, у праёме расчыненых дзвярэй нам дазволена ўбачыць мужчын-індывідуальнасцяў. Спектакль пачынаецца з дзвярэй, якія павольна адчыняюцца і за якімі з кожнага з мужчын здымаюць паўсядзённае адзенне. Пануе настрой адыходу да сну з мірнага правільнага дзяцінства: вось мама просіць падняць рукі, каб зняць праз галаву майку, вось трэба па чарзе падняць ступні, каб спусціць уніз штаны. Усе сем мужчын ужо ў гэты момант сонныя і пакорлівыя, іх рухі гультаяватыя і аднастайныя: так трэба, так зручна, так было заўсёды.

Самі жанчыны ў чорным, нягледзячы на іх відавочную роўнасць з мужчынамі ва ўзросце, успрымаюцца сапраўды, хутчэй, як маці, якія распранаюць сыноў перад сном. Яны мудрыя і ўпэўненыя, клапатлівыя і спакойныя. Адкрытыя насцеж дзверы — амаль фізіялагічная метафара з’яўлення на свет бездапаможнага немаўляці. Дзверы ў свет, дзверы ў малалецтва, дзверы ў дарослае жыццё. Так кола вінаватых замыкаецца: у спектаклі толькі мужчыны паказаныя адначасова нямоглымі і бязгрэшнымі. Жанчыны здымаюць з іх вопратку, жанчыны навязваюць ім ролі рамантыкаў, палюбоўнікаў, супермэнаў. А хто ж, уласна, ёсць сам мужчына?

Фактычна — tabula rasa ў руках маці-жонкі, Эдып, якому толькі трэба будзе даведацца, хто насамрэч нясе адказнасць за (ня)учынкі.

СЕМ АНЁЛАЎ СВЯТОГА СЕБАСЦЬЯНА

Візуальна бязгрэшнасьць мужчын і правакацыйная жорсткасць жанчын таксама прадстаўлены сімвалізмам колеру. Жанчыны — падкрэслена элегантныя, у чорных сукенках, амаль у стылі Шанэль, які надае ім упэўненасці, строгасці, аўтарытарнасці, выгляду манашак і куртызанак адначасова. Мужчыны, наадварот, распрануўшыся яшчэ пры ўваходзе ў пакой-сцэну, на працягу ўсяго 45-хвіліннага дзейства апранутыя толькі ў белую споднюю бялізну, нагадваюць Святога Себасцьяна, прыбітага стрэламі.

Як і Себасцьян, сем аголеных мужчын па сюжэце спектакля цярпелі пакуты і збіццё. Як і Себасцьян, яны палі высакароднымі «ахвярамі» сляпой агрэсіі і няверы. І, магчыма, што, як у Себасцьяна, у іх усё яшчэ ёсць надзея на вяртанне да жыцця. Бо, паводле біблейскай гісторыі, нягледзячы на стрэлы, якія працялі цела святога, раны яго аказаліся не занадта сур’ёзнымі: Себасцьян ачуняў і працягнуў свае пропаведзі.

Ці азначае гэта, што ў «латэнтных мужчын» усё ж ёсць надзея на здабыццё голасу, што раны іх акажуцца не смяротнымі, а рэакцыя на трансфармацыю сацыяльных чаканняў — не такой балючай?

Мужчынам і жанчынам сёння, як ніколі, неабходны дыялог. Але самапавагі і самапрыняцця, патрэбных для яго пачатку, як мы бачым са спектакля Яўгена Карняга, пакуль няма — ні ў маскулінных жанчын, ні ў жаноцкіх мужчын.

Вольга Бубіч

Фатаграфіі: сцэны са спектакля © tarantino.by 

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Гісторык:

    Мужчынам і жанчынам сёння, як ніколі, неабходны дыялог. — пра які дыялог можна весьці гутарку? Толькі вяртанне да патрыярхальнага грамадства. Прыйшоў час паказаць «куртызанкам у чорным» іх сапраўднае месца.

  2. Алесь:

    Тошнит…

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology