Апалягеты адсутнасьці

Ігар Цішын, «Футурыстка»

Ігар Цішын, з сэрыі «Дарога Алісы»

Ігар Цішын, з сэрыі «Дарога Алісы»

Ігар Цішын, з сэрыі «Дарога Алісы»

Архіў! © pARTisan #2’2004

Алесь Анціпенка неяк выказаў адну зусім не парадаксальную думку. Гучыць яна прыкладам так: пра беларуса што ні скажы усё будзе няпраўдай.  Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра саму Беларусь. Рэч у тым, што беларусы атрымалі магчымасьць публічна займацца рэфлексіяй і самарэфлексіяй адно пасьля распаду камуністычнай імпэрыі, і таму яшчэ не займелі часу, каб паразумецца паміж сабой: а хто там ідзе?

Было б вялікім нахабствам думаць, што за нейкія дзесяць-дванаццаць год можна адэкватна асэнсаваць усю сваю тысячагадовую гісторыю. І сябе ў гэтай гісторыі. Мы яшчэ нічога не пасьпелі. І таму ўсё, што мы кажам пра сябе, ёсьць хоць трохі, ды няпраўдай. Не хлусьнёй, а менавіта няпраўдай, як непаўнатой веды ці няўпэўненасьцю ў сапраўднасьці гэтай веды.

Вось чаму паўставаньне ўласнага філязофскага дыскурсу ўяўляецца адной з самых істотных падзеяў у беларускай культуры апошняга часу. Бо толькі праз тэхналягічна сучаснае мысьленьне можна прыдбаць інтэлектуальнае начыньне для ўразуменьня саміх сябе й астатняга сьвету.

Між іншым, ужо на пачатку свайго паўставаньня сучаснае беларускае мысьленьне высьветліла адзін, зусім нечаканы для нас саміх, момант.

Найбольш актуальнай для яго (калі не лічыць праблему самой Беларусі), сталася гэтак званая “мэтафізыка адсутнасьці”, у іншым ракурсе – “нэгатыўнае мысьленьне”, а яшчэ ў іншым – дэканструкцыя й разнастайныя аналітыкі “пустога знаку”.

Гэтай рознавэктарнай, але з агульным полем, праблематыкай былі заангажаваныя многія беларускія філёзафы, літаратары, мастакі, за што сьведчаць ня толькі шматлікія артыкулы, эсэі, кнігі, але нават і назвы пэрыядычных выданьняў ды сайтаў (для прыкладу згадаем назвы хаця б двух часопісаў: “nihil” і “Партызан”).

Тут не да месца аналізаваць, чаму беларускае мысьленьне завабіла праблема Адсутнасьці як такой. Але пра невыпадковасьць гэтай звабы сьведчыць яшчэ адна з самых цікавых падзеяў у нашай культуры – гэта паўставаньне мастацкага дыскурсу, які мы спрабуем назваць актуальным. (Яго адпаведнікам у літаратуры зьяўляецца літаратурны рух “Бум-Бам-Літ”, улучна з усім тым, што яго атачае.) Якраз тут, хаця ўжо ў іншых ад мысьленьня формах, выявілася нашая прага да татальнай дэканструкцыі й нэгатыўнага мысьленьня. За што сьведчыць і назва часопісу, які прэзэнтуе гэты дыскурс, – “Партызан”.

Для нашага чалавека паймо “партызан” – гэта адначасна і канцэптуальная мэтафара, і канцэптуальны пэрсанаж. “Партызан” ці не найлепей люструе нейкую анталягічную сутнасьць беларуса, як у ягоным прыватным жыцьці, так і ў ягоным пражываньні гісторыі. І гэтую сакральнасьць “партызана” не здолела спрафанаваць нават савецкая партызанка падчас нямецкай акупацыі нашага краю ў гады Другой сусьветнай вайны.

Партызан – гэта той, хто ўвесьчас хаваецца (хованкі – адзіная нацыянальная гульня беларусаў), партызан – гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе: “Мяне няма”, партызан – гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дывэрсіі (у нашым выпадку інтэлектуальнай ці эстэтычнай), а потым зноў зьнікае ў адсутнасьць самога сябе.

І апошняе, у якасьці рэзюмэ гэтага невялічкага здумленьня. Інтэлектуальна-эстэтычная лучнасьць у полі нэгатыўнага, якая выявілася на скрыжаваньні сучаснага мысьленьня й актуальнага мастацтва, бачыцца адной з цэнтральных культурніцкіх падзеяў апошняга часу. З гэтым, магчыма, не шмат хто пагодзіцца. Але нават калі не я, а іншыя маюць рацыю, то ўсё адно спробы нашых мысьляроў і мастакоў зразумець адсутнасьць (нішто, няма, пусты знак) як дом быцьця беларусаў вартыя ўвагі. Гэтаксама ўяўляюцца вартымі ўвагі тыя інтэлектуальна-эстэтычныя дывэрсіі, празь якія робяцца спробы засьведчыць прысутнасьць беларусаў у іхняй адсутнасьці.

Фатаграфіі © Ігар Цішын

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкула выкарыстоўваньне аўтарскага візуальнага матэрыяла забароненае..


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology