2013: Акудовіч / Кумпфмюлер / Алексіевіч …

 

ІРЫНА ГЕРАСІМОВІЧ, перакладчыца, арт-менеджарка, куратарка

ІРЫНА ГЕРАСІМОВІЧ, перакладчыца, арт-менеджарка, куратарка

 

akudovic

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў!

«Для мяне гэты год стаўся вельмі літаратурным:

  1. выхад кнігі Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці» па-нямецку. Я з радасцю заўважаю, што з нямецкімі сябрамі і калегамі, якія прачыталі гэтую кніжку, я маю магчымасць разважаць пра Беларусь на цалкам іншым узроўні;
  2. выхад кнігі Міхаэля Кумпфмюлера «Хараство жыцця» па-беларуску. Гэта гісторыя, з якой я правяла большую частку года;
  3. прэмія міра Саюза выдаўцоў і кнігагандлёўцаў Германіі, што была прысуджаная Святлане Алексіевіч. Не менш маю ўвагу прыцягнула дыскусія вакол прэміі і асобы Алексіевіч;
  4. выхад чарговых альбомаў з серыі «Калекцыя пАРТызана»: Гулін і Слабодчыкава, Жданаў, Цішын, беларускае фотамастацтва. Нават не ведаю, які вылучыць. Дужа цешыць, што калекцыя папаўняецца;
  5. раман «Шклатара» Артура Клінава, тэкст, які таксама некалькі месяцаў інтэнсіўна займаў мяне. Глыбокі, шматгранны раман пра экзістэнцыйную пустэчу, што наканавана нам, людзям, і якую так няпроста запоўніць;
  6. удзел у перакладчыцкай майстэрні для тэатральных перакладчыкаў Міжнароднага тэатральнага інстытута і Інстытута імя Гётэ. Удалося выкрышталізаваць для сябе прынцыпы працы з драматургічным тэкстам, а таксама знайсці новых людзей, што блізкія не толькі ў прафесійным, але і ў чалавечым плане;
  7. удзел у нямецка-рускай перакладчыцкай майстэрні і Еўрапейскім перакладчыцкім калегіуме ў Штралене. Упершыню працавала над рускамоўным літаратурным тэкстам. І яшчэ тыдзень асалоды ад глыбокай працы над тэкстамі разам з калегамі. І сам калегіум уражвае — комплекс з пяці дамоў, дзе пераважна кнігі ды перакладчыкі;
  8. удзел беларускага спектакля «Больш чым дождж» у фестывалі ў Эрбілі (Курдыстан, Ірак). Для мяне гэта досвед працы ў прасторы, дзе ўсё функцыянуе цалкам іначай, чым звыкла. Калі адмаўляешся ад сваіх звыклых чаканняў і ўстановак, з’яўляецца асаблівае пачуццё свабоды. Яшчэ я ўпершыню бачыла, што людзі могуць настолькі ідэнтыфікаваць сябе са сваёй краінай. Апроч таго, у Іраку адчуваеш штосьці вельмі першаснае адносна ролі культуры і мастацтва ў грамадстве. У мяне часам слёзы былі на вачах, калі я бачыла, як публіка прымае спектаклі;
  9. я вельмі хацела б, каб гэтай падзеі не было, але яна здарылася і будзе ўплываць на далейшае культурнае жыццё Беларусі: пазбаўленне ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў».

Фота // Аляксандра Марчанка

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology