2013: пашырэнне паняцця культуры

ВОЛЬГА ШПАРАГА, філосаф, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ

ВОЛЬГА ШПАРАГА, філосаф, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ

 

 

Трэці маладзёвы архітэктурны форум / фота minskarchforum.by

Трэці маладзёвы архітэктурны форум / фота minskarchforum.by

 

 

З дыску «СУЧАРТ»

З дыску «СУЧАРТ»

 

 

2

Экспазіцыя выставы «Піянерская вытрымка» / фота В.Шчарбаковай

 

 

3

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў!

«Параўноўваючы 2013 год з мінулым, выкажу меркаванне, што калі 2012 год быў адзначаны выбухам камунікацый, то 

2013-ы звязаны, на мой погляд, з пашырэннем паняцця культуры, якая перастае асацыявацца выключна з нацыянальнай мовай, традыцыяй ці спадчынай.

Гэта відавочна ў шэрагу праектаў.

Найперш — у серыі інтэрв’ю «Культура паляпшае жыццё» кампаніі «Будзьма беларусамі». Падаецца, культура пачынае разумецца як камунікацыя, накіраваная на ўяўленне менавіта сучаснасці ва ўсёй яе супярэчлівай разнастайнасці. Камунікацыя, якая не адарваная ад палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сфераў і звязаная з рознымі штодзённымі практыкамі, у тым ліку спажывецкімі. Адзін з яскравых прыкладаў — гэта партал CityDog, які прапануе свой погляд на культуру. Так, ён звязаны са спажывецкімі практыкамі, і гэта можна па-рознаму ацэньваць.

Але такі пашыраны погляд пераўтварае культуру ў інструмент замацавання правілаў нашага сумеснага жыцця, якому культура надае свае сэнсы, перш за ўсё праз стварэнне новых каналаў камунікацыі.

Самы яскравы прыклад такога пашырэння паняцця культуры ў 2013 годзе звязаны для мяне з горадам. На самых розных пляцоўках адбыўся зварот да гарадской тэматыкі — складана зараз знайсці інтэрнэт-партал, які б так ці інакш не працаваў з тэмай горада. Прайшоў Трэці маладзёвы архітэктурны форум. Цяпер ягоныя арганізатары думаюць пра выпуск часопіса і пра рэгулярныя семінары. І важна, што яны разумеюць: трэба адыходзіць ад асэнсавання горада толькі праз архітэктуру і пераходзіць да ўрбаністыкі, сацыялогіі горада і грамадзянскага актывізму. Патрэбны новыя веды, даследаванні, і я думаю, што праца ў гэтым кірунку вельмі карысная і гэта таксама разуменне культуры на перакрыжаванні — рэпрэзентацый (уяўлення), усведамлення сваёй грамадскай пазіцыі, сучаснага мастацтва і новых ведаў.

Яшчэ адным важным паказчыкам новага разумення культуры з’явіўся для мяне сёлета праект Talaka.by. Важна, што гэты праект ажыццяўляецца не толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах, і што гэтыя розныя ініцыятывы прапанавалі праз культуру ўдзельнічаць у сацыяльным жыцці. Альбо другі ўдалы праект — «Мова ці кава», — стваральнікі якога знайшлі новы спосаб папулярызацыі беларускай мовы, звязаны са штодзённасцю беларусаў.

Наступнае дасягненне 2013 года — інтэнсіфікацыя дакументацыі сучаснасці. Так, на пачатку года 34mag.net сумесна з ArtAktivist выпусцілі дыск «СУЧАРТ», напрыканцы года зноў жа 34mag.net — цяпер разам з Платформай перфарматыўных практык «зЕрне» — прэзентавалі кнігу «Мёртвы сезон. Новая драма з Беларусі». Чатыры альбомы — Ігара Цішына, Аляксея Жданава, Мішы Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай, «Беларуская фатаграфія 1990-х» — выйшлі ў гэтым годзе ў «Калекцыі пАРТызана». Трэба ўзгадаць таксама фотакнігі «Stand BY» і «BY Now», якія ініцыяваў і падрыхтаваў Андрэй Лянкевіч. Спадзяюся, што ўнёскам у гэтую дакументацыю з’яўляецца таксама кніга-каталог «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых». Адзначу таксама і кнігу Максіма Жбанкова «No Style», якая выйшла сёлета ў ЕГУ. Хаця ў ёй сабраныя тэксты, якія ўжо публікаваліся, але на працягу года гэтую кнігу не аднойчы ўзгадвалі. Яе запатрабаванасць звязаная з тым, што адчуваецца неабходнасць у рэфлексіі менавіта на розныя вымярэнні беларускай культуры, у тым ліку на масавую.

Працягнуўся ў 2013 годзе культурны абмен беларускіх аўтараў з прадстаўнікамі культурных сцэн іншых краін і наадварот.

Праходзілі лекцыі, семінары, майстар-класы, мы ўбачылі цікавыя тэатральныя пастаноўкі, накшталт «Проба грунту ў Казахстане» берлінскага «Рыміні Пратакола», былі паказаны цікавыя фільмы на «Лістападзе». Калі казаць пра міжнародную арэну, важнымі для рэпрэзентацыі Беларусі былі некалькі міжнародных узнагарод Святланы Алексіевіч. І як бы ні спрачаліся пра тое, якую Беларусь яна рэпрэзентуе — усё грамадства ці толькі пэўны зрэз, познесавецкую культуру, — важна, што дзякуючы Алексіевіч за межамі Беларусі ўзнікла цікаўнасць да нашай краіны, праз гэта з’яўляецца доступ і да іншых зрэзаў беларускай культуры. Напрыклад, зараз у парыжскім метро вісяць плакаты з вокладкай кнігі Алексіевіч, дзе мы бачым працу Андрэя Лянкевіча . Гэта таксама ўнёсак у комплекснае разуменне культуры. Алексіевіч і Лянкевіч — людзі розных пакаленняў, розных канцэптаў культуры, і тое, што яны візуальна суіснуюць, паказвае разнастайнасць сучаснай беларускай культуры. І гэта, на мой погляд, трэба перастаць успрымаць як праблему.

З прэзентацый за мяжой адзначу таксама стэнд «ByBooks» на кніжным кірмашы ў Франкфурце, дзе былі прадстаўленыя беларускія аўтары. Спадзяюся, што яны таксама будуць перакладацца на іншыя мовы, і гэта стане імпульсам для далейшага развіцця беларускай літаратуры. Беларуская мастачка Ганна Сакалова, якая жыве ў Дзюсельдорфе, атрымала прэстыжную прэмію выяўленчых мастацтваў сталіцы федэратыўных зямель Дзюсельдорфа. Прагучаў за мяжой праект Сяргея Шабохіна «Wozu Poesie?», які ён паказваў у розных краінах, у тым ліку на кніжным кірмашы ў Франкфурце.

Нарэшце, з’явіліся некалькі праектаў, прысвечаных «савецкаму» менавіта з культурнай перспектывы. Гэта інтэрнэт-праект 90s.by і выстава «Піянерская вытрымка». Гэта істотныя рэчы, таму што савецкае мінулае дагэтуль разумеецца ў Беларусі перш за ўсё — калі не выключна — у палітычнай перспектыве, і мне падаецца важным перавесці яго ў практыкі штодзённасці, убачыць не толькі як праект улады, але і як праект людзей і супольнасцяў. Менавіта гэтае апошняе вымярэнне, на мой погляд, дазваляе асэнсоўваць савецкае больш усебакова і падысці па-новаму да пытання сацыяльнай адказнасці.

Але былі сёлета і страты, і самая вялікая — пазбаўленне ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў». Гэта трывожыць і амаль што перакрывае ўсе дасягненні года».

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology