Аўтар: pARTisan, 29/12/2013 | COOL'OK ПАДЗЕЙ 2013 Актуаліі НАВІНЫ
2013: Выставы / спектаклі / кнігі / падзеі
COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў!
ВЫСТАВЫ:
«Anatomia» (з 3 па 28 красавіка, куратарка Дзіна Даніловіч) у віцебскім Арт-цэнтры Марка Шагала пры падтрымцы пасольства Чэшскай Рэспублікі, дзякуючы якому ў Беларусі ўпершыню была часткова прадстаўленая «Плацінавая калекцыя» чэшскага фатографа Роберта Вано, які даследуе жаночыя і мужчынскія аголеныя целы. Магчыма, гэта была самая моцная частка экспазіцыі: рэпрэзентацыя мужчынскага аголенага цела ў Вано больш дынамічная — у параўнанні з жаночай.
Выстава нямецкай фотамастачкі Хельгі Парыс (з 1 па 12 кастрычніка, куратарка Інка Шубэ) у Нацыянальным гістарычным музеі РБ. У 133 чорна-белых працах Парыс можна было ўбачыць атмасферу берлінскіх вуліц 1970-х, закінутыя дамы, закусачныя, партрэты кіроўцы грузавіка-смеццявоза, маладых тэкстыльшчыц, берлінскіх нефармалаў і многіх іншых.
Выстава «VIS LEGIBUS EST INIMICA. Гвалт ёсць вораг права» (з 25 лістапада па 1 снежня, «ЦЭХ», Менск), прымеркаваная да глабальнай сацыяльнай акцыі «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендэрнага гвалту».
«На шчасце» — выстава маляваных дываноў Алены Кіш (1889 (? ) — 1949) з 12 снежня па 15 студзеня 2014 года ў Мастацкай галерэі М. Савіцкага з фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» і прыватных калекцый.
СПЕКТАКЛІ :
6 траўня ў Менску адбылася прэм’ера спектакля «Merry Christmas, Ms Meadows…» (рэж. У. Шчэрбань, Беларускі Свабодны тэатр);
5, 7 чэрвеня адбылася прэм’ера спектакля «Латэнтныя мужчыны» (рэж.-паст. Я. Карняг, KorniagTHEATRE);
9, 10 кастрычніка ў межах Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» у Менску быў паказаны спектакль «Песня пра Маці і Айчыну» (рэж. Я. Клята, Тэатр Польскі ў Вроцлаве) — інсцэніроўка кнігі вядомай польскай феміністкі Бажэны Кеф.
КНІГІ:
10 красавіка адбылася прэзентацыя кнігі-каталога «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых. Мінск 2000–2010» (пад рэд. А. Жгіроўскай, В. Шпарагі, Р. Вашкевіча);
28 красавіка — прэзентацыя кнігі Алены Пятроўскай «Безназоўныя супольнасці».
ПАДЗЕІ:
Сустрэчы і лекцыі ў межах праекта «Еўрапейскае кафэ: адкрытая прастора Еўропы». Асабліва ўразілі лекцыі Пала Тамаша і Наталлі Арлаўскайтэ.
COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!