IN-FORMATION: хроніка

Алег Ладзісаў, «Сьнег над Эдэмам», 1996

Васіль Васільеў, «Простая форма», 1998

Рышард Лугоўскі, «К.М.». Інсталяцыя, 1998

Рышард Лугоўскі, «К.М.». Інсталяцыя, фрагмэнт, 1998

Васіль Васільеў, «Жоўтая рака», 1997

Віктар Мікалаеў, «Архітэктура сьвятла», 1998

Васіль Васільеў, «Я – чалавек разумны». Інсталяцыя, фрагмэнт, 1996

Сяргей Ждановіч, «Трансьляцыя. Элемэнт пустаты», 2000

Лео Сьцяпанаў, інсталяцыя, 1998

Хеге Лёнэ, «Краявід». Інсталяцыя, 1998

Хеге Лёнэ, «Краявід». Інсталяцыя, 1998

 

Архіў! © pARTisan #1’2002. Друкуецца фрагмэнтамі

«In-formation» – незалежны выстаўны праект, які штогадова з 1994 па 2000 гады ладзіўся ў Віцебску. Cпрошчана яго ідэя фармулюецца так: экспануецца «ня жывапіс» і «ня графіка». Назва дакладна адлюстроўвае сэнс праекту: з аднаго боку, гэта пошукі формы (in forma ‘унутар формы’), зь іншага – in-formation стаецца плыньню інфармацыі. З 1995 г. праект «In-formation» робіцца міжнародным. У ім удзельнічалі мастакі й мастацтвазнаўцы зь Беларусі, Польшчы, Расеі, Швайцарыі, Нарвэгіі, ЗША, Францыі. Галоўны куратар праекту – віцебскі мастак Васіль Васільеў. Кола аўтараў – 10–15 чалавек. Колькаснае абмежаваньне складу ўдзельнікаў (адна з асаблівасьцяў гэтага праекту) спрыяе падрабязнаму знаёмству, дыялёгу й абмену досьведам.

Канцэпцыя праекту выглядае не па-беларуску катэгарычнай, калі ўлічваць, што большасьць мастакоў у Беларусі традыцыйна рэалізуе сябе ў жывапісе ці графіцы. Напачатку вызначэньні куратараў “ня жывапіс” і “ня графіка” мелі на ўвазе падкрэсьліць толькі не-акадэмізм. Таму на выставах даволі доўга прысутнічала жывапісная геамэтрычная абстракцыя. Але ўжо сёмая «In-formation» засьведчыла, што прысутнасьць у экспазыцыі твораў зь ілюзійнай прастораю ды захаванаю тэхналягічнаю схемай «падрамнік–палатно–алей» успрымалася як недарэчнасьць.

1994

Год пачаўся ў Віцебску эўфарыяй з нагоды адразу двух міжнародных пленэраў, прысьвечаных Шагалу й Малевічу. Таму праект Міколы Прусакова й Васіля Васільева (менавіта ім і належыць ідэя «In-formation») тады ні ў кога ня выклікаў прадчуваньня выбуху. Была заплянавана групавая выязная «нерэалістычная» выстава, якая ў ідэале мела стацца й міжнароднаю. Першая выстава «In-formation» адбылася ў чэрвені ў памяшканьні мясцовага Палацу культуры й тэхнікі. Экспазыцыя разгарнулася ў холах, на сходах, у дыскатэчных залях. Зь Віцебску ў ёй удзельнічалі Галіна й Васіль Васільевы, Мікола Прусакоў, Андрэй Вярэніч, зь Менску былі Людміла Русава ды Ігар Кашкурэвіч. Запрашаў аўтараў Васіль Васільеў.

Ігар Кашкурэвіч прывёз свае «раскаткі» – «канцэнтрычныя каляровыя паверхні», пры стварэньні якіх заместа пэндзля ўжываўся валік. Тыя ягоныя фактурна-колерныя пошукі сёньня ўжо лічацца клясыкай беларускага мастацтва другой паловы 1980-х – пачатку 1990-х. Людміла Русава зрабіла вельмі ляканічную, па-плякатнаму выразную кампазыцыю з каляровага тэкстылю (прыкладна 3х3 м). Гэта быў шэраг фрагмэнтаў з эвалюцыяй геамэтрычнай формы – чорнай на белым, белай на чорным, чырвонай на белым, чырвонай на чорным і гэтак далей.

Экспазыцыя Міколы Прусакова ня мела адной ідэі. Мне запомнілася нізка разьліновак белых паверхняў (на адной зь іх мастак разьбіў два слоікі з фарбаю), інсталяцыя з жалезным ланцугом, які вэртыкальна мацаваўся да высознай столі празрыстаю лёскаю. Гэты вэртыкальны ланцуг і сёньня яшчэ згадваецца ў віцебскім мастацкім асяродзьдзі. Андрэй Вярэніч прапанаваў канцэптуальны праект «Арт». Сьцены вялікай залі былі завешаныя агромністымі аркушамі белай паперы з чорнымі кропкамі, на сярэдзіне залі «тахкаў» мэтраном. Васіль Васільеў рэпрэзэнтаваў праект «Rex», які можна патлумачыць як мадэль Унівэрсуму. Інсталяцыя складалася з палатна на сьцяне памерам 5х6 м з 82 графічнымі выявамі кругоў, а на падлозе – вялікі, дыямэтрам 6 м, круг з рачнога жвіру. Над кругам – балянс з двух розных мэталаў.

1995

1995 быў «зорным» для «In-formation». Арганізатары атрымалі грант Беларускага Фонду Сораса. Андрэй Вярэніч, аўтар прафінансаванага праекту, быў прызначаны яго галоўным куратарам. З гэтага году праект лічыцца міжнародным: у ім узялі ўдзел мастацтвазнаўцы з Расеі – Виталий Пацюков і Галина Демосфенова («Фонд Малевича», Масква), мастак з Польшчы Лявон Тарасэвіч. У гэтым годзе да праекту далучыліся Аляксей Велікжанін (Менск), Алег Ладзісаў (Полацак), Аляксандар Малей (Віцебск).

«In-formation-2» адбывалася ў верасьні. Яна адкрылася акцыяй Аляксея Велікжаніна «Чыстая прастора». Мастак выгарадзіў квадратнай формы пляцоўку ў холе мастацкага музэю (там знаходзілася асноўная частка экспазыцыі) і вымыў той лапік падлогі пад гукі флейты падлетка-музыкі з падземнага пераходу. Потым разьвесіў шыльды з назваю праекту на ангельскай мове. Сакральнасьць гэтай прасторы не была парушаная за ўвесь час выставы.

Мікола Прусакоў экспанаваў сваю геамэтрычную абстракцыю (графіт, крэйда, папера) ды інсталяцыю, якая складалася з вераўчанай вежы й каменя. Алег Ладзісаў працаваў з тэкстам (інсталяцыя «Сумоўе»). Аляксандар Малей прапанаваў жывапіс, які быў выкананы сродкамі аб’ёмных геамэтрычных формаў-аб’ектаў, а таксама міні-інсталяцыі, дзе жывапіс злучаецца з аб’ектам. Ігар Кашкурэвіч зрабіў інсталяцыю са сваіх «раскатак», вогнетушыльнікаў, дэкаратыўных кветак у кашпо й вялікіх белых кубоў. Увесь гэты рыштунак, апрача жывапісу, ён знайшоў у мастацкім музэі. Ягоная «Аранжарэя «Архі-про-уна-прэматол» — Бязглузьдзіца! Злачынства! Бездакорнасьць! Росквіт!» – праект, дзе гіронія зьявілася рэакцыяй на постсавецкую эстэтыку будынку мастацкага музэю (тамака калісьці раней месьцілася партыйная ўстанова).

Апошнім стаўся вэрнісаж Андрэя Вярэніча – ён праходзіў у залях музэю Марка Шагала. Аўтар зрабіў гледача актыўным саўдзельнікам: напачатку трэба было прайсьці праз рытмізаваную прастору з нацягнутымі да столі вяроўкамі, адчуць вагу, моц удару, напятасьць ніткі… У другой залі знаходзіліся канцэптуальныя творы, зробленыя з паперы ў чорныя кропкі. У трэцяй – віселі сухія цыбукі, ствалы аграмадных парасонавых расьлінаў. Да фактуры й вагі дадаўся гук, зь якім расьліны грукаліся адна аб адную. Гэта быў першы твор у праекце «In-formation», дзе мастак зьвяртаўся да невізуальных сродкаў узьдзеяньня.

Варта асобна спыніцца на творах Лявона Тарасэвіча. Сёньня здымкі аб’ёмных, складанае формы калюмнаў-вэнтылятараў мастацкага музэю, якія Тарасэвіч аздобіў пульсуючымі бела-вохрыста-чорнымі лініямі, надрукаваныя ў шэрагу мастацкіх выданьняў па ўсім сьвеце. Віцебскія калюмны Тарасэвіча вызначылі, як бачна сёньня, новы пэрыяд у творчасьці мастака: ад імпрэсіяністычнай па сутнасьці карціны-краявіду аўтар пераходзіць да стварэньня твораў, дзе зьменены сам прадмет мастацтва (прыгадаем ягоную выставу з пакоем, залітым фарбаю, – назіраць за яе высыханьнем глядач мог толькі праз вакно).

Папярэдні творчы пэрыяд Тарасэвіча яшчэ моцна адчувальны ў «калюмнах»: ён выдаецца ў манеры накладаньня фарбаў, характары «прыроднага» злучэньня колераў. Аднак тут мастак стаўляе сабе ўжо прасторавую задачу ды знаходзіць яе вырашэньне, папярэдне зьнішчыўшы ўтылітарнасьць прадмету (калюмнаў). Для куратараў праекту была прынцыпова важнай дыскусія «аб’ект ці жывапісны твор?», якая ўзьнікла паміж Тарасэвічам і Кашкурэвічам.

Другі істотны момант – гэты твор мастака доўгі час трымаў у стане эстэтычнага шоку й прадстаўнікоў сацыяльных інстытутаў, і шырокія мастацкія колы, а маскоўскі мастацтвазнавец Виталий Пацюков быў тады шчыра перакананы, што дачакаўся Новага Мастацкага Віцебску, які можна раўняць да таго, сусьветна вядомага з 1920-х, авангардовага места…

1998

Год юбiлею Казiмера Малевiча й праекту «In-formation». Сьвет адзначыў 120-годзьдзе з дня народзінаў мастака, а Вiцебск – разам з гэтай падзеяй i 5-годзьдзе нефармальнага праекту Новага Мастацтва. У «In-formation-5» удзельнiчала самая вялiкая колькасьць мастакоў. Васiль Васiльеў апекаваўся праектам на «Саляных складох», Эўлялiя Даманоўска – польскiм праектам у Мастацкiм музэi, Лео Сьцяпанаў – у Шагалаўскiм музэi. Пятая «In-formation» сталася цi не найбольш яркай з усіх.

Выстава, дакладней, яе першы фрагмэнт, адкрылася апоўднi на «Саляных складох» кампутарнай музыкай Глеба Шутава. Першы паверх тут адвялi менчукам, на другiм экспанавалiся вiцябляны ды швайцарская мастачка Зузана Баўман. Цiкавасьць выклікалі аб’екты Баўман i Васiльева. Твор апошняга – «Толькi форма» – вялiкае кола з нацягнутаю ў ім празрыстаю плёнкаю, на якую доўга капала вада з даху. Аб’ект з часам набыў форму чашы. Падвешаны на тонкiх лёсках да столi, ён лунаў у прасторы, нiбыта касьмiчны карабель! Зузана Баўман зрабiла «контра-рэльеф» з тэлефоннага дроту ў выглядзе зьнiтаваных мiжсобку вялiкага й малога шматкутнiкаў. Зь вiцебскiх твораў варта адзначыць «Вiцебскi мэрыдыян» Галiны Васiльевай ды «Архiтэктуру сьвятла» Вiктара Мiкалаева.

Увогуле ж «In-formation-5» нагадвала танкавую атаку: вялікая колькасьць удзельнiкаў, канфэрэнцыя, тэксты, «круглы стол», уласная галерэя… Яшчэ хвiлiна – i рудымэнтарная (мастацкая) вiцебская прастора будзе заваяваная!

Тое нешматлiкае, што было зробленае, падводзiла да наступных высноваў: мастакоў з другога паверху цiкавiлi формаўтваральныя моманты, менчукоў на першым – iнфармацыйныя аспэкты мастацтва. Але прастора залi пуставала. Становiшча выправiў Артур Клiнаў: без абавязковага для праекту куратарскага запрашэньня прывёз уласныя творы. Канфлiкт, бясспрэчна, – рухавiк прагрэсу, бо наўрад гэты мастак прайшоў бы куратарскую «мытню». Васiль Васiльеў прагне ўнівэрсальнае праблематыкі. У сваiм праекце ён пазьбягае мастацтва з сацыяльным, палiтычным дыскурсам. Клiнаўскi «нэкрарамантызм» падпаў пад гэты артыкул. Але на той момант «вёдры ready-made» Артура Клiнава ўратавалi экспазыцыю, а праект набыў новыя рысы. (…)

Але галоўныя спрэчкi разгарнулiся не вакол жаночых кабацiкаў, а вакол трэцяга фрагмэнту «In-formation«, што адчынiўся пазьней за астатнiя ў музэi Шагала, пад куратарствам Лео Сьцяпанава. Францускi сляйд Бiргiт Кацур (Лео знайшоў аўтара празь Iнтэрнэт) рэпрэзэнтаваў геамэтрыю жаночага цела, body-геамэтрыю. Асобныя моманты выглядалі на эпатажныя: пульсуюць вагiны, дзяўчынка спраўляе лёгкую патрэбу на танк. Абурэньне выклiкала ўлётка мастака Олега Мавроматти зь ненарматыўнай лексыкай i заклiкамi да брутальнага змаганьня з… сусьветнай буржуазiяй.

Дзiўна, але лёс гэтай экспазыцыi аказаўся шчасьлiвейшы за долю iнсталяцыi Лугоўскага. Выстава пратрымалася ўвесь дамоўлены тэрмiн, хаця й з купюрамi. Контравэрсійную вiдэастужку паказвалi толькi па просьбах наведнiкаў. Цiкава выглядала рэакцыя мясцовай прэсы. За зьнiшчэньне твора Лугоўскага нібыта пакрыўдзiлiся й абурылiся. Аднак стаўленьне да выставы ў Шагалаўскiм музэi нагадвала недаўменьне выхаванага чалавека, якога запрасiлi ў няўдалыя госьцi: прыйшоў, а гаспадары сварацца… Прэса асьцерагалася залiшнiм абурэньнем пашкодзiць праекту. Аднак скандалу не адбылося.

1999

Год склаўся для праекту «In-formation» надзвычай драматычна. Памёр мастак Вавэн Юрчанка… Яго ўспрымалi як лiдэра: талент, высокая прафэсiйнасьць, талерантнасьць. За месяц да пачатку праекту без папярэджаньняў i тлумачэньняў гарадзкiя ўлады адмовiлi ў карыстаньнi «Салянымi складамi». Памяшканьне для выставы, ды й тое на тыдзень, празь сяброўскiя стасункi дала дзiцячая мастацкая школа. На афiшы Васiльеў зьмясьцiў выяву нотар-дамскай пачвары – ад гэткiх падзеяў i не такое ўбачыцца!

Складаныя дачыненьні зь менскiмi мастакамi працягвалiся, i са сталiцы пагадзiўся прыехаць толькi Артур Клiнаў. Ён прывёз актуальны па тэме remake-вядро «Падымаючы сьцяг», паводле знакамiтага твору Коржава. Васiль Васiльеў на адкрыцьцi ладзiў пэрформанс «Чырвонае вiно». Вiно тыдзень прастаяла ў чашы, залiтай воскам. Пасьля закрыцьця выставы яго смакавалi сяброўскiм колам.

2000

У гэтым годзе «In-formation» прайшла ў выстаўнай залi Саюзу Мастакоў. «Саляныя склады» гарадзкi аддзел культуры прынцыпова выкарыстоўваў па гiстарычным прызначэньні. У выставе, апрача беларускiх мастакоў, бралi ўдзел два мастакi з Масквы. Сёмая «In-formation» памаладзела: узроставая розьнiца памiж аўтарамi дасягнула 20-цi год. Упершыню тут паказалi свае творы мастакi, якiя толькi-толькi атрымалi дыплёмы. Удзел пачаткоўцаў зрабiў выставу дынамiчнай, «жывой» i нават нечаканай.

Дынамiку ёй надалi, хутчэй за ўсё, пэрформансы – у такой колькасьцi яны яшчэ нiколi не дэманстраваліся на «In-formation»: збудаваны на асабiстым канглямэраце пэрформанс Георгия Первова, пэйзажны пэрформанс Галiны Васiльевай, пэрформанс-remake Аляксея Iванова. Зь iнсталяцый варта адзначыць творы Арцёма Рыбчынскага, Генадзя Фалея, Сержука Ждановiча. Выразна акрэсьлiўся зварот мастакоў да сродкаў невiзуальнага ўзьдзеяньня. Магчымасьць пачуць гук, дакрануцца, адчуць шурпатасьць, цяпло альбо холад спрацоўвае на «нiзавых», глыбiнных узроўнях, патрабуе больш актыўнага ўключэньня гледача ў экспазыцыйны працэс.

Апошняе, што хацелася б закрануць, – гэта лёс праекту. Сумна, але за сем год ніводзін з экспанаваных твораў ня быў набыты віцебскімі, тым больш сталічнымі музэямі. Няма й дасьледчых артыкулаў пра «In-formation», бракуе рэклямы, інфармацыі ў СМІ. Фотаархіў (дакладней, праяўленыя, але не раздрукаваныя стужкі) захоўваецца ў куратара. Інфармацыйнасьць – адзін з галоўных прынцыпаў праекту – ня дзейнічае. Мне гэта падаецца ці не злачынным. Яшчэ адною перашкодаю стаецца імклівае разьвіцьцё праекту. Таму ўзьніклыя пры яго ўзьлётах і падзеньнях мастацтвазнаўчыя, гістарычныя, філязофскія пытаньні нават не пасьпелі акрэсьліцца.

Віцебскі выстаўны праект “In-formation” – першая ў Беларусі спроба ўдалай мастацкай рэалізацыі: без ідыёцкіх межаў, падзелу на Захад і Ўсход, безь ідэалягічных супонаў, ён адчыняе вокны й дзьверы ў гэты маленькі, з застаялым паветрам пакой пад назваю Віцебск.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам..


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology