2013: Гэта выдатная лакмусавая паперка

МІХАІЛ ГУЛІН, мастак

МІХАІЛ ГУЛІН, мастак / фота pARTisan

 

14

16

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў і герояк!

− У 2013 годзе я б адзначыў актыўнасць новай «старой» выстаўнай пляцоўкі «ЦЭХ». З асноўных праектаў гэтага года добрая палова была рэалізаваная там. Што тычыцца якасці саміх выставаў, па-ранейшаму пры адсутнасці канкурэнцыі і выстаўных прастораў кожны праект становіцца ўнікальным.

− Напэўна, не сціпла, але адзначу таксама выхад альбома «1+1=1» у серыі «Калекцыя пАРТызана». Акрамя нашага з Антанінай Слабодчыкавай альбома ў гэтым годзе выйшлі яшчэ альбомы Ігара Цішына і Аляксея Жданава.

Конкурс «На шляху да сучаснага музея» (кіроўца Ала Вайсбанд). Ён праходзіць ужо чацвёрты раз, а паколькі такая сталасць для недзяржаўных культурных ініцыятыў у нас досыць рэдкая рэч, то я б адзначыў гэта як дасягненне.

− Суд па справе аб «экстрэмізме» альбома «Belarus Press Photo 2012» і наступнае за ім пазбаўленне ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў».

Для мяне гэта знак таго, што грамадскія ініцыятывы па-ранейшаму не працуюць, пануюць бяспраўе, генацыд культуры і г. д. Мы жывем у краіне, дзе палітыка сама цябе знойдзе.

Спектакль Яўгена Карняга «Латэнтныя мужчыны». Мне спадабаўся рэжысёрскі сумленны позірк. І, нягледзячы на папулярную спецыфіку абранай тэмы, адсутнічае адчуванне заляцання, падладжвання пад феміністак, адчуванне «правільнага» адказу на зададзенае пытанне.

Майдан у Кіеве. Гэта выдатная лакмусавая паперка. У фэйсбуку ў мяне адразу з’явіліся крытычныя, скептычна настроеныя, іранічныя, разумныя «фашысты», гэткія «кухонныя» геапаліты, якія разбіраюцца ва ўсім, а таксама сябры, якія ездзяць на выходныя ў Кіеў, як на вясёлы карнавал: «заябошыць лук» (зрабіць фотаздымак) на Майдане на фоне барыкад з бел-чырвона-белым сцягам. І тыя, і іншыя — смешныя і часам брыдкія. Не ведаю, чым там усё скончыцца, на жаль, па ўсім свеце цяпер у палітыцы адныя агідныя змяняюць іншых.

Але падзеі першых дзён паказалі, што ўкраінскі народ здольны да самаарганізацыі, да аператыўнай і жорсткай рэакцыі на палітыку, што праводзіцца ў краіне.

− Ну і трохі асабістага. Я адкрыў для сябе Мішэля Уэльбэка і паглядзеў серыял «Ва ўсе цяжкія». А Папа Бо арганізаваў цудоўны фестываль «Белае люстэрка» — дзякуй яму, асабліва за тапёрскія паказы. Таксама я прачытаў урыўкі з новага рамана Артура Клінава «Шклатара», буду чытаць цалкам у наступным годзе.

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology