ШУМ І ПУСТЭЧА «ШКЛАТАРЫ»

2014 літаратурны год пачынаецца з прэзентацыі новага рамана «Шклатара» беларускага мастака і пісьменніка Артура Клінава.

На стэндах кнігарні «ЛОГВІНАЎ» ужо раскінуліся каляровымі шатрамі-вокладкамі постмадэрновага гуллівага шапіто «жоўтыя» асобнікі рамана. А 8 студзеня менавіта тут можна будзе не толькі набыць трэці раман галоўнага рэдактара самага «партызанскага» культурнага часопіса, але і падпісаць у аўтара персанальны асобнік. 

Над раманам «Шклатара» разам з Артурам у якасці рэдактаркі працавала перакладчыца і арт-менеджарка ІРЫНА ГЕРАСІМОВІЧ. Напярэдадні аўтограф-сесіі спецыяльна для «pARTisan» Ірына распавядае пра асаблівасці мовы герояў, спецыфічны гумар вокладкі, каханне, пустэчу і агрэсію інтэлектуальнага гета, а таксама тлумачыць, чаму сюжэтныя лініі «Шклатары» так падобныя да тканіны з нечаканым узорам.   

Ірына Герасімовіч / фота А.Ждановіч, budzma.org

Ірына Герасімовіч / фота А.Ждановіч, budzma.org

«БАБЫ! БОМБА! ЗВЯРЫ! КЛОЎН!»

Калі я ўбачыла вокладку «Шклатары», у мяне быў экстаз! Я ж сама менавіта так і чытала раман! Згадваю, як мы з Артурам чыталі яго разам, рэдагуючы. Ён чытаў уголас, і было шмат момантаў, з якіх мы разам смяяліся. Нагодай для смеху быў нязменна сам тэкст. Ці не файна, калі сядзяць рэдактар і аўтар і смяюцца?! Гэта ж значыць, што тэкст функцыянуе! І мне здаецца, што гэта тая энергетыка, якую адчуе і чытач.

У гэтым плане вокладка мне падаецца цудоўнай: яна жорсткая, правакацыйная, іранічна-сур’ёзная. Мне падабаецца, што яна зроблена як афіша. Цырк — гэта феерычна і весела, цырк — таксама спроба напоўніць рэчаіснасць. Але ж ёсць і адваротны бок: усе тыя высілкі, што патрабуюцца для напаўнення, траўмы, стома, спустошанасць.

У пэўным сэнсе гэта і ёсць тое бразгатанне шклатары, што адчуваецца праз увесь раман. Бразгатанне экзістэнцыйнай пустэчы.

БІЯГРАФІЯ АДНАГО ДОСВЕДУ

«Шклатара» — аўтабіяграфічны раман. Гэты раман, перш за ўсё, — учынак адказнасці Артура Клінава за самога сябе. Гэта высокая ступень адказнасці за ўласнае жыццё — напісаць раман пра свой досвед, зрабіць гэты досвед адкрытым і даступным для іншых. Я бачу ў гэтым мужнасць. Гэта энергія, якая робіць раман патэнцыйна цікавым для кожнага чытача, незалежна ад ягонай сферы дзейнасці або краіны пражывання.

На маю думку, раман цесна звязаны з тымі творамі, што раней былі напісаныя Артурам Клінавым: «Горад сонца» і «Шалом». «Горад сонца» — непасрэдная вербалізацыя менскай прасторы, «Шалом» — вербалізацыя пазіцыі мастака ў нашай прасторы. «Шклатара» ў гэтым сэнсе яшчэ вышэй на прыступку, таму што тут вербалізацыя больш шырокая, аўтар намагаецца расказаць нашую прастору і наш час, расказаць, як гэтую прастору і гэты час пражывае асобны чалавек. Артур па-шпіёнску, нібы той партызан, расказвае пра тое, што адбываецца ў нашым вузкім культурным асяроддзі, шырэй — пра тое, што адбываецца ў краіне.

Гэта такая партызанская справаздача з закрытай тэрыторыі, прычым пад «закрытай тэрыторыяй» тут можна разумець і культурнае асяроддзе, і душу галоўнага героя.

Але тут няма маралізатарства, больш важкімі з’яўляюцца адчуванні і перажыванні героя ў гэтай прасторы і ў гэты час. Без ніякіх катэгорый звонку, вельмі, вельмі непасрэдна. На ўласнай скуры. Так, энергетыка адчування «на ўласнай скуры» праходзіць праз увесь раман. 

ШМАТОК ТКАНІНЫ СЮЖЭТУ З УЗОРАМ

Нельга сказаць, што ў рамане ёсць лініі, тэматычна адасобленыя адна ад адной. Ёсць агульныя тэмы, што праходзяць праз увесь раман: тэма сэнсу, пустэчы, улады, кахання як спробы запоўніць пустэчу ды знайсці апору… Сюжэтных ліній у рамане шмат. Насамрэч, калі я ўяўляю сабе структуру рамана, то я не бачу літаральна ліній. Гэта, хутчэй, такі шматок тканіны, дзе пераплятаюцца шмат сюжэтаў. Своеасаблівае сюжэтнае ткацтва! Штосьці знаходзіцца ўнізе, штосьці наверсе, потым тое, што было ўнізе, выходзіць наверх, і гэтак далей.

Мяне захапляе канцоўка рамана, калі ўсе лініі сплятаюцца, і часам аж уздрыгваеш, калі нешта, што ўжо ведаў, інтуітыўна адчуваў, раптам выходзіць на паверхню! Атрымоўваюцца такія тэматычныя ўзоры, дзе пераплятаецца шмат нітак!

СЛОВА ПРА КАХАННЕ

Калі казаць спрошчана, то цэнтральная лінія — гэта лінія галоўнага героя, персанажа, якога мы сустракаем у рамане як «Я». Ужыванне першай асобы ўжо само па сабе ставіць героя на нейкую асаблівую прыступку: калі персанаж кажа «Я», то аўтаматычна ён становіцца бліжэй за ўсіх да чытача. «Я» — герой, які ўласна распавядае ўсе гісторыі, менавіта ягонымі вачыма мы бачым усё, што адбываецца ў рамане.

Галоўны герой распавядае гісторыю свайго кахання. Прычым, на мой погляд, сапраўдная гісторыя блізкасці, чалавечага сутыкнення, балючай, неадназначнай повязі — гэта каханне не з Машай — галоўнай гераіняй, а з Палінай, былой жонкай персанажа, з якой у яго вельмі заблытаныя, нават агрэсіўныя, узаемадачыненні.

Здаецца, што яны ненавідзяць адно аднаго. У той жа час вельмі выразна адчуваецца, што менавіта ў гэтай лініі вядзецца аповед пра сапраўднае каханне.

Такое, калі людзі ўжо добра ведаюць адно аднаго, больш востра заўважаюць усе недахопы, але тым не менш паміж імі існуе нейкае прыцягненне, і яны не могуць адно аднаго адпусціць. Вельмі жывыя стасункі, менавіта з прычыны сваёй супярэчлівасці і неадназначнасці.

Сама Маша, хутчэй, усё ж такі ўспрымаецца як гераіня, якая сімвалізуе ўцёкі персанажа ад непасрэднай рэчаіснасці, балючай рэчаіснасці, дзе шмат расчараванняў. Маша — няўдалая спроба персанажа знайсці сэнс. Ні галоўны герой, ні мы самі, уласна, пра Машу амаль нічога не даведваемся. На працягу ўсёй гісторыі яна так і застаецца своеасаблівай функцыяй сэнсазнаходжання, карцінкай, амаль не набываючы жывых, чалавечых рысаў.

ЯН І Я

Таксама ў рамане мы знаходзім лініі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю героя, з ягоным перажываннем падзей, якія адбываюцца ў краіне падчас таго, як развіваецца дзеянне рамана. Асабліва каштоўным мне падаецца, што Артур Клінаў спрабуе знайсці форму, каб выказаць адчуванні героя ў сувязі з палітычнымі падзеямі. Адзін вобраз тут змяняе другі, аўтар нібыта мацае тое, што так складана паддаецца вербалізацыі — стан пасля разгону Плошчы, шукае для гэтага стану адпаведнага выяўлення. І яно знаходзіцца акурат у паліфаніі розных вобразаў.

Я мяркую, шмат хто з чытачоў на гэтых старонках востра ўзгадае і свой стан пасля тых падзей.

Яшчэ адна лінія — «старажытная» частка, сцэнар, які піша галоўны герой у сучаснасці. Яна складзеная паводле твора «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. Але гэта не проста пераказ «Шляхціца Завальні», мы зноў і зноў знаходзім паралелі паміж сучаснасцю і старажытнай часткай. За кошт гэтай лініі падзеі, што адбываюцца ў сучаснасці, набываюць новыя фарбы, напрыклад, з’яўляецца прысмак містыцызму і фантасмагорыі.

Напрыклад, адчуванне «наслання» моцна рэзануе, акурат дзякуючы існаванню сцэнарнай часткі. Гэтыя старажытныя ўстаўкі — нібыта такія збаны ў сценках той гісторыі, што развіваецца ў сучаснасці, яны паляпшаюць акустыку, робяць гучанне сучаснай часткі больш выразным.

ШМАТЛІКАСЦЬ ІМПЕРАТАРАЎ

У рамане ёсць яшчэ адна лінія, якую можна назваць «паэтычнай». Яна сціслая, інтэнсіўная, кампрыміраваная. Гэта «лінія Імператара», як мы паміж сабой называлі яе з Артурам. Лініяй яе можна назваць умоўна, гэта, хутчэй, паэтычныя ўстаўкі, дзе апісваецца стан чалавека, які адчувае сябе Імператарам. Паэтычныя часткі нібыта выпраменьваюць гэтую энергію на ўвесь тэкст, дзе зноў і зноў мы сустракаем розных персанажаў, якія альбо хочуць пачувацца Імператарамі, альбо ўжо пачуваюцца. Імператар — гэта і галоўны герой у маладосці, і Імператар краіны, дзе жыве галоўны герой, і розныя другасныя персанажы, якія ў пэўных кантэкстах таксама намагаюцца адчуваць сябе або быць Імператарамі.

Імператар — такая асоба, якая насамрэч вельмі непасрэдна сутыкнулася з адсутнасцю сэнсу. Ён страшна баіцца пустэчы, якая адкрываецца, калі сэнсу няма.

І тады ён спрабуе падпарадкаваць сабе рэчаіснасць, каб стварыць сабе нейкую глебу пад нагамі, каб было на чым стаяць, але раз за разам усё ж саслізвае ў бездань бессэнсоўнасці. У адчуваннях Імператара, магчыма, ёсць нават нейкая адсылка да Ніцше — воля да ўлады.

У гэтым сэнсе тэкст можа разглядацца як раман пра ўладу, але пра ўладу, хутчэй, з экзістэнцыйнага, філасофскага, чым з выключна сацыяльнага пункту гледжання. Тэма ўлады тут шчыльна звязаная з тэмай сэнсу. З напаўненнем сэнсам. Тут добра спрацоўвае вынесены ў загаловак вобраз шклатары. Шклатара — пустое, тое, што трэба напаўняць.

НАПОЎНІЦЬ ПУСТЭЧУ

«Шклатара» — раман пра экзістэнцыйную пустэчу. Ён, можна сказаць, постмадэрнісцкі ці, прынамсі, мадэрнісцкі, бо менавіта ў мадэрне чалавечая асоба раптам сутыкаецца з праблемай сэнсазнаходжання. Трэба знайсці сэнс, альбо сканструяваць сэнс, або сысці ў свае фантазіі, знаходзячы сэнс там. Сэнс не зададзены. Мы нараджаемся ў свет і рана ці позна ўсё адно сутыкаемся з тым, што сэнс не зададзены аднекуль — з нябёсаў або яшчэ адкуль.

У рамане ёсць кавалак, які вельмі выразна адсылае да гэтай тэматыкі. Кавалак, калі галоўны герой едзе ў цягніку на Варшаву і перапісваецца са сваёй былой жонкай Палінай. Ён тлумачыць, што Паліна ніколі не разумела, што пустэчу можна запоўніць толькі самому. Зрабіць нейкі карнавал за кошт іншага — з гэтага ніколі нічога не атрымоўваецца.

РЭЧАІСНАСЦЬ ПРАЗ АДЧУВАННЕ АЎТАРА

Трэба сказаць, што беларуская рэчаіснасць вельмі выразна прысутнічае ў рамане. Тут апісанне рэчаіснасці супала з маім уласным адчуваннем. Герой знаходзіцца вельмі блізка да аўтара. І крытэр усяго — суб’ектыўнае адчуванне аўтара, якім ён дзеліцца вельмі шчыра. Сама шчырасць спрыяе таму, што мы бачым нейкую праўдзівую выяву, зрэз рэчаіснасці. Нават калі там раз-пораз ужываюцца нейкія фантазійныя назвы, з цягам часу яны пачынаюць успрымацца як нават бліжэйшыя да рэчаіснасці, чым рэальныя. Бо яны нясуць на сабе адбітак аўтарская стаўлення.

Менавіта праз тое, што ў аўтара ёсць выразнае стаўленне да ўсяго, што ён апісвае, яно робіцца такім аб’ёмным і праўдзівым.

ДЗВЕ ЗАДАЧЫ РЭДАКТАРКІ

Мова ў гэтай кніжцы мае вельмі шмат шыхтоў. Зноў жа гэта звязана з рознымі лініямі, тэматычнымі ніцямі. Мы можам там сустрэць і сапраўды паэтычныя кавалкі, адчуваецца розніца паміж мовамі старажытнай і сучаснай частак. Але, хаця і гісторыя адбываецца ў мінуўшчыне, яна распавядаецца вуснамі сучаснага чалавека: літаральны «цюнінг» пад Баршчэўскага быў бы нецікавы. Мы адчуваем, што гэта сцэнар, над якім герой працуе.

Мне асабіста вельмі падабаецца, што ў беларускай мове сёння шмат прасторы, каб рабіць зломы, збоі, каб мець магчымасць характарызаваць персанаж праз ягоную мову. 

З гэтага пункту гледжання файна, што беларуская мова не да канца нармавана, таму што гэта дазваляе пачувацца ў мове вельмі вольна. І мы пастараліся гэты шанец выкарыстаць. Адной з маіх персанальных задач было выкарыстаць гнуткасць беларускай мовы. Напрыклад, там ёсць сучасныя дыялогі на мове, якую вы можаце пачуць, напрыклад, у гэтай кавярні. Гэта не нейкая зробленая штучная мова. Другой маёй задачай было захаваць аўтарскі голас Артура. Гэтая кніжка — вельмі асабістая, таму важна, каб усё расказвалася ягоным голасам.

ЗАХАПЛЕННЕ І АГРЭСІЯ

Я мяркую, што, з аднаго боку, рэакцыя будзе станоўчай, ухвальнай. Я думаю, што ў нашай прасторы досыць людзей, якія свядома і шчыра абыходзяцца са сваім уласным досведам, таму для іх гэтая кніга будзе каштоўнай. Спадзяюся, што людзі, якія шануюць і цэняць тэкст, якія ў стане атрымоўваць эмоцыі ад тэксту, ад таго, як ён зроблены, сканструяваны, адчуюць ад чытання чыста літаратурнае задавальненне.

З іншага боку, раман Клінава — гэта чалавечыя энергіі, апісанне чагосьці, што не вельмі паддаецца апісанню. Трэба мець вельмі тонкую інтуіцыю, каб гэта адчуць, і смеласць, каб гэта выказаць, каб гаварыць на тэрыторыі, дзе вельмі шмат чаго нявызначанага.

Мы чуем голас чалавека, які гаворыць знутры сваёй экзістэнцыйнай сітуацыі. А сітуацыя ў кожнага з нас тая ж самая: мы нараджаемся, мы памрэм.

У нас ёсць пэўны кавалак часу, дзе, па вялікім рахунку, мы сутыкаемся з невядомасцю. Знаходзячыся ў гэтай невядомасці, гаварыць пра гэтую невядомасць, гаварыць у гэтай невядомасці пра ўласныя страхі — гэта вельмі адказны ўчынак. І мне здаецца, што тым гэтая кніжка таксама будзе каштоўная. Уласна, любы якасны твор мастацтва сутыкае чалавека з самім сабой.

Не выключана, што кніжка выкліча даволі шмат агрэсіі. Таму што вось так адчуваць сябе — як я апісала — складана, насамрэч. Людзі часцяком захінаюцца ад таго, каб адчуваць сябе непасрэдна. Для гэтага існуе шмат канструкцый: палітычных, сацыяльных, стасункі, каханне, сям’я — гэта ўсё можа быць сродкам, каб захінуцца ад экзістэнцыйнай няўпэўненасці. І калі чалавека ставяць перад фактам экзістэнцыйнага стану, яму складана з гэтым справіцца. Таму і з’яўляецца страх, а страх натуральна выклікае агрэсію.

Раман могуць нібыта таксама не заўважаць — гэта яшчэ адна праява агрэсіўнага стаўлення. 

ПАДКЛЮЧЫЦЦА ДА ІНШЫХ ГЕТА

Я згадваю, што ў рамане ёсць герой, які завецца «выдавец кніжак для гета». Разважаючы пра будучых чытачоў «Шклатары», я мушу сказаць: «Ну вось гэтае ўласнае «гета» і будзе чытаць!» Але ж не, шчыра кажучы, мне хацелася б, каб раман чыталі не толькі ў «гета». Хочацца наладзіць масткі паміж людзьмі з розных «гета».

Здаецца, што раман можа быць такім мастком да іншай публікі. Да людзей, якія не круцяцца ў гэтай культурнай суполцы: студэнтаў, магчыма, нават і працаўнікоў, якія б хацелі зазірнуць у тое, як функцыянуе культурнае асяроддзе. Для іх гэта выдатная магчымасць!

Уласна, каханне, страх, нянавісць — тое, што зразумела і блізка кожнаму.

Вокладка рамана / дызайн А.Вакарава, Adliga studio

Вокладка рамана / дызайн А.Вакарава, Adliga studio

Ад чытача патрэбная, перш за ўсё, «падключка». Ведаеце, ёсць такі акцёрскі тэрмін, які мне самой вельмі падабаецца. «Падключка» — гэта настройка на вельмі ўважлівае ўспрыманне іншага чалавека. У дадзеным кантэксце маю на ўвазе настройку на тое, каб успрыняць тэкст непасрэдна і гэтаксама шчыра, як ён напісаны. Патрэбныя высілкі, каб толькі падключыцца ў гэтую разетку, а ток ужо пойдзе.

А вось што ўжо запрацуе ад гэтага току?

Гутарыла Вольга Бубіч

Аўтограф-сесія Артура Клінава адбудзецца 8 студзеня а 19-й гадзіне ў кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці 37а).

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Госць:

    «Шум і пустэча» — так яно і ёсць. На жаль! Рабіць героямі — каго?

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус