2013: Культура стала лепш сябе прэзентаваць

АЛЯКСАНДР ВАСІЛЕВІЧ, дырэктар рэкламнага агенцтва «Publicis Hepta Group» / фота В.Камлюк

АЛЯКСАНДР ВАСІЛЕВІЧ, дырэктар рэкламнага агенцтва «Publicis Hepta Group» / фота В.Камлюк

lir

«Кароль Лір», рэж. У.Шчэрбань / фота euroradio.fm

Канцэрт , Вільня 2013 / фота

Канцэрт «Ляпіс Трубяцкого» , Вільня 2013 / фота euroradio.fm

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў і герояк!

Мне здаецца, у гэтым годзе стала канчаткова відавочна, што ў культуры ёсць свой спажывец.

Ці, наадварот, культура стала лепш сябе прэзентаваць сваім спажыўцам, і яны ёю адкрыта цікавіліся. Гэта відаць па многіх рэчах — ад лічбаў праглядаў вэб-трансляцый Беларускага свабоднага тэатра і канцэртаў, таго, як хутка прадаюцца квіткі на Міжнародны тэатральны форум «ТЭАРТ», да з’яўлення новых праектаў і росту колькасці рознага кшталту мерапрыемстваў.

Цырк дзю Салей падчас гастроляў у Менску павялічыў колькасць спектакляў, хаця прыехаў, як па мне, не з самым лепшым шоў. Квіткі на «Depeche Mode» практычна разляцеліся, нягледзячы на крыху неадэкватныя па еўрапейскіх мерках цэны (год таму ніхто не верыў, што гэта магчыма прадаць у Менску). Корж сабраў «Мінск-Арэну» (лепш ужо ён, чым Лепс), ды і «Ляпісы» яе практычна сабралі, толькі ў Вільні. То бок публіка ёсць.

Гэта, зразумела, маскульт, але маркотныя спробы дзяржавы імітаваць культурны працэс ужо не ў стане зацямніць цікавасць людзей да тых ці іншых незалежных праектаў.

Відавочны рост колькасці культурных падзей — у сучасным мастацтве, літаратуры, нават тэатры. У Менску становіцца не так сумна жыць, хоць гэта толькі пачатак усяго працэсу. Амаль кожны дзень можна выбраць, куды схадзіць — ад літаратурных чытанняў і аўтограф- сесій да дыскусій, выставаў ды канцэртаў. Чорт, часта нават можна не паспець наведаць усё, што цікава. Думаю, самае прыемнае з таго, што адбываецца цяпер, гэта тое, што незалежныя культурныя ініцыятывы значна больш сталі цікавіцца сваёй аўдыторыяй, яе меркаваннем і ўспрыманнем, чым дзяржава.

Культурна-ідэалагічны разрыў паміж грамадствам і дзяржавай расце з кожным чарговым забудаваным паркам альбо маркотнай выставай чарговага юбіляра.

Цяпер галоўнае, каб кожны з праектаў змог знайсці сваіх спажыўцоў. Тады ў іх будзе права і — што самае галоўнае для беларускага кантэксту — магчымасць жыць і развівацца самастойна.

Адно можа перашкодзіць гэтаму працэсу — Менск становіцца ўсё больш дарагім горадам.

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology