Культура 2013: умацаванне ініцыятыў

Прэзентацыя кнігі-каталога «Радыўс нуля. Анталогія арт-нулявых» / сакавік

Прэзентацыя кнігі-каталога «Радыўс нуля. Анталогія арт-нулявых» / сакавік

 

Падводзіць вынікі культурнага жыцця 2013 года ў Беларусі цяжка, калі параўноўваць гэты год з папярэднім.

2012 быў адзначаны маштабнымі запамінальнымі падзеямі, роўныя якім не назіраліся за апошнія некалькі гадоў (выстава «Радыўс нуля. Анталогія арт-нулявых. Менск» у цэхах завода «Гарызонт», упершыню «World Press Photo 2012» у Галерэі «Ў», «Палацавы комплекс» у Гомелі − толькі некаторыя з іх). Актыўна развіваліся фарматы публічных лекцый і дыскусій, формы супрацоўніцтва паміж рознымі арганізацыямі. Успомніць можна, напрыклад, зборнік «СУЧАРТ», які стаў вынікам супрацоўніцтва 34mag.net і ArtAktivist(а), прэзентацыю тэксту Паўла Пражко «Я свабодны» намаганнямі 34mag.net, «Еўрапейскага кафэ» і Галерэі «Ў» і многія інш.

Мінулы ж год нейкіх кардынальна новых формаў працы ў культуры не прапанаваў, маштабных падзей, якія заўважыла б і адзначыла б большасць экспертаў не адбылося. Гэта добра відаць, калі параўнаць праект падвядзення вынікаў «Cool’OK падзей» на partisanmag.by 2012 і 2013 гадоў. Ўражанні ад мінулага года разнастайныя, удзельнікі апытанкі вылучаюць розныя праекты, часта пазначаючы толькі тэндэнцыі. Нехта ў прынцыпе адмовіўся ўдзельнічаць як раз таму, што не мог адзначыць нешта выбітнае.

Але ці так гэта? І ці можна казаць, што адсутнасць відавочных «прарываў» з’яўляецца знакам «прыпынку» альбо «паўтору»?

Курсы беларускай мовы «Мова ці кава» / кастрычнік, Галерэя «Ў»

Курсы беларускай мовы «Мова ці кава» / кастрычнік, Галерэя «Ў» / фота kyky.org

ПАШЫРЭННЕ ПАНЯТКА «КУЛЬТУРА»

Філосаф Вольга Шпарага, даючы ацэнку культурнаму жыццю Беларусі 2013 года, заўважыла, што на яе погляд, мінулы год адзначаны важнай падзеяй, якая, магчыма, адразу не счытваецца з прычыны сваёй «размытасці»: адбылося пашырэнне поля культуры. Замест адзінкавых «перамог», якія лёгка ўспомніць, на працягу года адбывалася развіццё як раз тых тэндэнцый, якія былі закладзеныя ў 2012 годзе.

Умацоўвалася супрацоўніцтва ўнутры незалежнага культурнага поля (можна прывесці ўжо больш за дзясятак прыкладаў удалай кааперацый), публічныя лекцыі і дыскусіі перасталі быць Падзеямі і сталі часткай «будняў» культурактывістаў.

Культура, у прынцыпе, стала разумецца шырэй: выходзячы за рамкі мастацтва і «духоўных каштоўнасцяў», яна наблізілася да штодзённага жыцця грамадзян.

Так, культурным праектам можна назваць адукацыйны клас «Мова ці кава», калі вывучэнне беларускай мовы і яе папулярызацыя адбываліся праз выкарыстанне розных культурных практык: запрашэнне беларускамоўных літаратараў і музыкаў, напрыклад. Шмат у мінулым годзе казалі пра культуру спажывання (хай і з негатыўнай ацэнкай), культуру кавярняў (адбыўся проста «бум» новых месцаў у Менску), ладзе жыцця ў цэлым. Адну з цэнтральных пазіцый у гэтых дыскусіях заняў − горад, стаўшы адной з топавых тэм практычна ўсіх медыя-рэсурсаў. Зваротную сувязь − цікавасць культуры да іншых сфераў праявіла кампаніі «Будзьма беларусамі»: героямі інтэрв’ю праекта «Культура паляпшае жыццё» сталі людзі, чые прафесіі наўпрост не звязаныя з культурай − псіхолагі, праваабаронцы, бізнесмены і інш.

Усе гэтыя мікрападзеі не проста здараліся, але ўспрымаліся як публікай, так і экспертамі натуральна, як частка агульнага культурнага праекта. І гэта, на мой погляд, як і на погляд Вольгі Шпарагі, заслуга менавіта мінулага года: яшчэ некалькі гадоў таму з паняццем «культура» звязвалі выключна паняцці «духоўных каштоўнасцяў», маральнасці і нацыянальнага здабытку.

Калі параўнаць формы камунікацыі паміж рознымі культурнымі арганізацыямі, змены таксама відавочныя. У адрозненне ад папярэдняга года, калі цікавасць адзін да аднаго ўзнікала ў асноўным сярод праектаў аднаго ідэйнага поля, мінулы год прадэманстраваў знікненне бар’ераў паміж структурамі, здавалася б, рознай культурнай накіраванасці. У дадзеным выпадку гаворка ідзе не пра дзяржаўны і незалежны сектары, але пра праекты менавіта ўнутры незалежнага культурнага поля.

Прэзентацыя зборніка «Мёртвы сезон. Новая драма з Беларусі»

Прэзентацыя зборніка «Мёртвы сезон. Новая драма з Беларусі» / фота 34mag.net

Яркім прыкладаў асабіста для мяне стала рэцэнзія Лідзіі Міхеева на зборнік «Мёртвы сезон. Новая драма з Беларусі» (праект 34mag.net сумесна з Платформай перфарматыўных практык «зЕрне»). Bookster.by дастаткова ліберальная літаратурная пляцоўка ў адрозненні ад іншых нашых больш кансерватыўных літрэсурсаў. У прынцыпе, што тычыцца беларускай літаратуры, сістэма каардынат у ёй выбудаваная досыць жорстка, і месца для беларускай новай драмы (ці новай п’есы) там раней не было. У першую чаргу, з прычыны таго, што тэксты, у асноўным, напісаныя на расейскай мове.

Гэта значыць да апошняга часу беларуская новая драма была аднолькава аўтсайдарам як у дзяржаўным сектары, так і незалежным. І тое, што пра яе пачалі пісаць НЕ тэатральныя крытыкі і публікацыі ўзнікаюць НЕ на спецыялізаваных тэатральных рэсурсах, а зборнік «Мёртвы сезон» і ягоная прэзентацыя падрыхтаваныя медыйным моладзевым рэсурсам (які НЕ спецыялізуецца на тэатральных формах), − знак таго, што

ў беларускай культуры адбываецца адмова ад стэрэатыпаў і ўзнікае больш гнуткая, адкрытая сістэма культурных каардынатаў.

СУПРАЦОЎНІЦТВА АЛЬБО АПРАПРЫЯЦЫЯ?

Важна адзначыць, што развіццё таго «выбуху камунікацый», якім быў адзначаны 2012 год, і пашырэнне панятка культуры ў гэтым годзе звязаныя, у першую чаргу, з дзейнасцю недзяржаўных культурных арганізацый і супольнасцяў. Гэта адзначаюць не толькі эксперты культуры. Напрыклад, Аляксандр Васілевіч, дырэктар рэкламнага агенцтва і адзін з заснавальнікаў Галерэі «Ў», кажа пра «разрыў», які можна назіраць паміж грамадствам і дзяржаўнымі культурнымі праектамі, якія, хутчэй, імітуюць культурны працэс, што працуе як раз на ўзнікненне цікавасці публікі менавіта да незалежных ініцыятыў.

Прыклады такой «імітацыі» назіраліся яшчэ ў 2012 года − узнікнення Цэнтра сучасных мастацтваў, правядзенне Першай менскай трыенале сучаснага беларускага мастацтва. У гэтым годзе апрапрыяцыю формаў сучаснага мастацтва можна было назіраць ужо ў тэатры, калі, разумеючы, напрыклад, што не заўважаць беларускую сучасную п’есу, якая атрымала сусветнае прызнанне, ужо нельга, беларускія дзяржтэатра пачалі ўключаць яе ў рэпертуар. Але тое, што атрымліваецца ў іх на выхадзе, аказваецца цалкам легкатраўным і бяззубым «прадуктам», часта па форме нічым не адрозным ад пастановак 1970-х гадоў. Напрыклад, спектаклі па п’есах Дзмітрыя Багаслаўскага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі − «Любоў людзей», дзе тэкст, у прынцыпе, падвергнуўся кардынальным зменам (назва спектакля «Завеі квецені»), альбо «Ціхі шолах сыходзячых крокаў», які глядзіш і думаеш, што магчыма гэта − Мележ альбо Макаёнак? (Маецца на ўвазе, па форме, сучаснасць выдае толькі тэкст Багаслаўскага).

З аднаго боку, гэтую з’яву эксперты пазначылі як «разрыў» паміж беларускай рэжысурай і драматургамі, якія апярэджваюць сваіх пастаноўшчыкаў (падрабязней гл. тэкст дыскусіі «Беларускі тэатр: вынікі 2013»). З іншага боку, на мой погляд, у сітуацыі немагчымасці свабоднага выказванні ў дзяржсектары такі падыход да формаў сучаснага мастацтва натуральны. Нават калі яны наўпрост не крытыкуюць кантэкст, новыя мова і форма, якія яны прапануюць, утойваюць у сабе пагрозу афіцыйнай культурнай ідэалогіі. Менавіта таму, на мой погляд,

легалізацыя новай драмы менавіта ў незалежным грамадстве важнейшая і больш каштоўная, чым пастаноўка гэтых тэкстаў на пляцоўках дзяржаўных тэатраў, якія знішчаюць у іх любую небяспечную для іх прадстаўлення пра мастацтва праяву.

Але пытанне пра магчымыя формы супрацоўніцтва дзвюх культурных сцэн − афіцыйнай і незалежнай − і ступені іх уплыву адзін на адну, безумоўна, застаецца адкрытым для абмеркавання.

ДЭЦЭНТРАЛІЗАЦЫЯ: АКТЫЎНАСЦЬ РЭГІЁНАЎ

Яшчэ адна важная тэндэнцыя, якой запомніцца мінулы год, − гэта колькасць культурных праектаў, якія ўзніклі і праводзяцца ў рэгіёнах Беларусі. Адным з лідараў працы з рэгіёнамі на працягу многіх гадоў была кампанія «Будзьма беларусамі», якая арганізоўвала літаратурныя сустрэчы, канцэрты, конкурсы па ўсёй краіне. У гэтым годзе ўсе больш іншых менскіх ініцыятыў пачыналі выходзіць за межы сталіцы: лекцыі «Еўрапейскага кафэ» праходзяць у Брэсце, Гродна, Віцебску, конкурс Алы Вайсбанд «На шляху да сучаснага музею» праводзіцца, ў тым ліку, сярод арт-менеджэраў з рэгіёнаў, Галерэя «Ў» арганізоўвае праект «ArtPlatform» для культурных аператараў Беларусі.

Праект «ArtPlatform» для культурных аператараў Беларусі

Праект «ArtPlatform» для культурных аператараў Беларусі

Такая тэндэнцыя добрая тым, што, з аднаго боку, дапамагае актывізаваць культурнае жыццё іншых беларускіх гарадоў. З іншага, адкрывае самім менчукам ініцыятывы, якія існуюць там. Напрыклад, брэсцкі тэатр «Крылы халопа», які ўжо шмат гадоў займаецца вулічным, інтэрактыўным, сацыяльным, а ў апошні час і дакументальным тэатрам і пра якія фактычна не ведалі ў сталіцы. Яны паўдзельнічалі ў «ArtPlatform», а акторка гэтага тэатра Алена Штык атрымала першую прэмію ў намінацыі «Арт-менеджмент» і цяпер у Брэсце спрабуе арганізоўваць лекцыі па сучасным мастацтве (ужо адбыліся мая прэзентацыя творчасці Паўла Пражко і лекцыя мастака Міхаіла Гуліна пра паблік-арт).

Гэта значыць, што працэс дэцэнтралізацыі культурнага жыцця становіцца аднолькава запатрабаваным як менскай, так і рэгіянальнай публікай, дапамагаючы пашыраць сферу культурнай дзейнасці, узбагачацца, адкрываць новыя магчымасці.

Магчыма, ужо ў найбліжэйшай будучыні можна будзе казаць пра стварэнне культурнай мапы не толькі Менска, але і нашай краіны ў цэлым.

БЕЛАРУСЫ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ

«Мінусам-2013» можна адзначыць недахоп падзей міжнароднага ўзроўню ў Беларусі. лідарамі па-ранейшаму застаюцца Міжнародны форум тэатральнага мастацтва «Тэарт», які з кожным годам набірае абароты і дзякуючы якому менчукі могуць бачыць сапраўды знакавыя сусветныя пастаноўкі, а таксама Кінафестываль «Лістапад» − фактычна адзіная магчымасць для беларускага гледача ўбачыць фільмы сусветнага ўзроўню (тое, што да нас у пракат фестывальнае кіно ў прынцыпе не трапляе, застаецца фактам).

Дзякуючы супрацоўніцтву міжнародных арганізацый з дзяржмузеямі (а таксама прыватным калекцыянерам) у нас становяцца магчымымі выставы мастакоў, выхадцаў з Беларусі, якія атрымалі сусветнае прызнанне. Напрыклад, «Мастакі Парыжскай школы» і «Марк Шагал: каханне і жыццё» у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, на якія, нягледзячы на высокі кошт квітка, выстройваюцца чэргі. З аднаго боку, гэта, безумоўна, пазітыўная тэндэнцыя − вяртанне імёнаў (пра гэта казалі і ў 2012 годзе).

З іншага, узнікае пытанне: калі гэты працэс пачынае адбывацца праз стагоддзе, які лёс чакае нашых сучаснікаў?

Гэтай тэме была прысвечана дыскусія ў рамках праекта «У межах свайго «я»: мастак-калекцыянер ў Беларусі» (сакавік, Галерэя «Ў»), падчас якой мастакі адзначалі, што, нягледзячы на набыты ўжо статус, у тым ліку і ў міжнародных арт-колах, яны па-ранейшаму нецікавыя дзяржаве. «А потым так станецца, што прац Антаніны Слабодчыкавай, напрыклад, у беларускіх музеях няма», − адзначаў Міхаіл Гулін. − Як і досыць бедна прадстаўлены Ізраіль Басаў, прызнаны на міжнародным узроўню мастак».

Але калі ўнутры краіны нашыя аўтары застаюцца не запатрабаванымі, за межамі Беларусі можна казаць пра ўсё большую да іх цікавасць. Гэта тычыцца як мастакоў, якія ўсё часцей запрашаюцца з калектыўнымі і персанальнымі праектамі, так і літаратараў (некалькі міжнародных прэмій Святлане Алексіевіч, беларускі стэнд «Books from Belarus» ў Франкфурце), музыкаў (значнай падзеяй года стаў канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой» у Вільні, які сабраў больш за два дзясяткі тысяч оф- і он- лайн гледачоў), а таксама праекты і гастролі Беларускага свабоднага тэатра.

Гэта значыць, актуальным па-ранейшаму застаецца трэнд паралельнага складанага суіснавання дзвюх сцэн беларускай культуры і іх рознай рэпрэзентацыі, запатрабаванасці і поспеху, у якой усе больш моцныя пазіцыі займае менавіта незалежны сектар, які ў неспрыяльных умовах працягвае знаходзіць новыя спосабы ўзаемадзеяння і развіцця.

ПРАЗ МІКРАПЕРАМОГІ ДА ФАРМАВАННЯ КУЛЬТЛАНДШАФТУ

Такім чынам, перамога мінулага года, на мой погляд, заключаецца ў тым, што незалежныя арганізацыі і супольнасці працягнулі ўмацаванне сваіх пазіцый, чаму паспрыяла ў тым ліку і з’яўленне новых арт-прастораў. Напрыклад, «ЦЭХа», які з прычыны дэфіцыту пляцовак у Менску маментальна запоўніўся рознага кшталту ініцыятывамі. Безумоўна, гэта адна са значных падзей мінулага года, і хацелася б спадзявацца, добры прыклад для іншых. Нарэшце знайшла памяшканне «Арт-сядзіба». Праўда, не абышлося без страт: спыніла сваё існаванне «ДК Ля Мора», Беларускі свабодны тэатр пазбавіўся «хаткі».

Запомніцца мінулы год таксама пазбаўленнем выдавецтва «ЛогвінаЎ» выдавецкай ліцэнзіі. Аднак загартаваныя гадамі існавання ў «падполлі» незалежныя арганізацыі навучыліся выжываць і шукаць новыя формы існавання. Таму для «ЛогвінаЎ», як і для Беларускага свабоднага тэатра, хутчэй за ўсё, надыходзіць новы перыяд развіцця. (Так, у Беларускім свабодным тэатры ў канцы года здарылася прэм’ера спектакля «Ёлка ў Івановых» у пастаноўцы У.Шчэрбаня, а таксама былі паказаныя «Родныя і блізкія» па К.Сцешыку і «Шчаслівага Раства, міс Мідоус». Спектаклі ўпершыню за доўгі час граліся на розных менскіх пляцоўках. А студэнты лабараторыі «Fortinbras» у розных публічных месцах сталіцы правялі гарадскі арт-праект «Каляровай хадой па шэрым».)

Арт-праект «Самапраяўка» / «Каляровай хадой па шэрым» лабараторыі «Fortinbras»

Арт-праект «Самапраяўка» / «Каляровай хадой па шэрым» лабараторыі «Fortinbras»

У мінулым годзе, сапраўды, не было маштабных культурных падзей, якія часта звязаныя з грунтоўнай падрыхтоўкай і стабільнымі рэсурсамі. Але тое, што культурная хроніка 2013 была поўная мікраініцыятывамі, прыездам замежных спецыялістаў, тэматычнымі выставамі на розных пляцоўках таксама ёсць падзея (асабліва калі аналізаваць папярэднія гады). Часта гэтыя ініцыятывы адзінкавыя, не маюць канкурэнтаў і менавіта таму знакавыя. Як адзначыў адзін мастак, выстава «VIS LEGIBUS EST INIMICA. Гвалт ёсць вораг правы» добрая, але яна была адзінай такога кшталту ў Менску і таму ацэньваць яе складана. Але, магчыма, наступны год як раз будзе адзначаны тым, што з’явяцца не толькі ініцыятывы розных напрамкаў, але стане больш праектаў унутры пэўнага тэматычнага кола, што створыць здаровае поле для канкурэнцыі, дыскусій і крытыкі.

Таксама, на мой погляд, трэнд працы з памяццю сіламі мастацтва, які стаўся папулярным у мінулым годзе − варта ўзгадаць і праект 90s.by, выхад кнігі-каталога «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых», выставачная праект «Піянерская вытрымка», альбомы Ігара Цішына, Аляксея Жданава, «Беларуская фатаграфія 1990-х» у серыі «Калекцыя пАРТызана» − будзе развівацца яшчэ больш актыўна. Цікавасць, якая ўзнікае вакол праектаў, звязаных з яшчэ нядаўнім, але забытым мінулым Беларусі, сведчыць пра тое, што ўнутры нашага грамадства ўзнікае сітуацыя патрэбнасці ў «памяці». А значыць, пачынае ўзнікаць «спажывец» для такога роду праектаў. (Дарэчы, можна адзначыць, што ў беларускай культурнай супольнасці, разважаючы пра культуру, нарэшце, перасталі баяцца слова «спажывец», што таксама паказвае на пэўнае пашырэння разумення культуры і яе значэння.)

Так, у мінулым годзе ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Але пагаджуся з тымі, хто адзначае, што ў адрозненне ад «палітыкі» і «грамадства» праект «культура» застаецца самым паспяховым. Неабходна аналізаваць, крытыкаваць, абмяркоўваць, каб разумець, як і куды рухацца далей. Магчыма, мы не адразу заўважым змены і вынікі, магчыма, з ростам прафесійных амбіцый, расце таксама і нашае чаканне ад вынікаў, таму і ўзнікае незадаволенасць ад маштабу таго, што адбываецца.

Але, што тычыцца працы ў Беларусі, мне здаецца, трэба быць гатовымі менавіта да мікраперамог, кожная з якіх ёсць ўнёсак у фарміраванне культурнага ландшафту нашай краіны.

Таццяна Арцімовіч, крыніца // n-europe.eu

На вокладцы каталогі «Калекцыі пАРТызана»

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology