Дарога ў адзін шпацыр

Летась увосень у выдавецтве «Логвінаў» асобнай кнігай выйшла апавяданне швейцарскага нямецкамоўнага пісьменніка Роберта Вальзера «Шпацыр».

Пераклад гэтага твора на беларускую мову з’яўляецца часткаю міжнароднага праекта, падтрыманага швейцарскім фондам «Pro helvetia». У межах гэтага праекта «Шпацыр» перакладаўся на чатыры мовы: расейскую (Міхаілам Шышкіным), украінскую (Юрыем Андруховічам), беларускую (Вольгай Гапеевай), славацкую (Міхалам Гворэцкім).

valzer

Роберт Вальзер — значная фігура швейцарскай літаратуры, але мала вядомая па-за межамі радзімы. Прычына не толькі ў невялікай колькасці перакладаў, асабліва на малыя мовы, але і ў лёсе аўтара. Вальзер яскрава распачаў свой літаратурны шлях. Дэбютаваў у 20 гадоў, амаль адразу быў заўважаны Томасам Манам, Аўгустам Стрындбергам, Райнерам Марыя Рыльке, Францам Кафкам (дарэчы, калі Кафка пачаў публікавацца, сярод першых водгукаў былі такія: «З’явіўся малады аўтар, піша ў манеры Роберта Вальзера»). За наступнае дзесяцігоддзе Вальзер напісаў свае асноўныя раманы (некаторыя з іх былі экранізаваныя), але захварэў і трапіў у псіхічную лякарню, дзе правёў амаль палову свайго астатняга жыцця.

Па-беларуску твор Роберта Вальзера выйшаў упершыню.

Але ўжо гэтае невялікае апавяданне аказалася добрым іспытам для беларускай мовы, у якой патрабавалася знайсці вялікую колькасць сінонімаў, неабходных для перадачы аўтарскай мовы. Перакладчыца Вольга Гапеева была вымушаная звярнуцца да беларускай мовы пачатку ХХ стагоддзя, каб знайсці неабходныя словы і выразы, і, паводле ўнутранага адчування, у яе гэта атрымалася.

Калі чытаеш апавяданне, забываешся на тое, што гэта ўсяго толькі пераклад: дакладна чуецца аўтарскі голас, такі непадобны да мовы сучаснае літаратуры. Доўгія цягучыя сказы, дыялогі, якія нагадваюць, хутчэй, маналогі, што раствараюцца ў аўтарскім «я», — сучасніку, які ўсё часцей мысліць твітарнымі канструкцыямі, «Шпацыр» спачатку можа падацца архаічным і занадта павольным. Але з кожнай старонкай якраз гэтыя павольнасць і нетаропкасць зацягваюць усё глыбей, і раптам адчуваеш, што менавіта такіх паўзаў, «прыпынкаў» зараз вельмі бракуе.

«Даводжу да ведама, што аднойчы цудоўным ранкам, не памятаю ўжо дакладна, а якой гадзіне, калі мяне ахапіла жаданне прайсціся, я надзеў капялюш, пакінуў свой кабінет, поўны занатовак і прывідаў, збег па лесвіцы, каб хутчэй апынуцца на вуліцы…»

У кагосьці «Шпацыр» можа выклікаць асацыяцыі з «Улісам» Джойса, сюжэт якога таксама разгортваецца на працягу аднаго дня падчас — хай не шпацыру, але нервовай гонкі Блума па горадзе. Толькі Вальзер апісвае менавіта шпацыр (тут акурат вельмі добра спрацавала беларуская мова, прапануючы такое дакладанае слова, у адрозненне ад расейскага «прогулка»). Аўтар не гоніцца за часам, не спрабуе ўхапіць як мага болей герояў, падзей, уражанняў. Гэта ўсяго толькі фантазія, як ён сам яе называе, апавяданне аднаго дня, у якім каштоўнасцю становяцца менавіта нетаропкасць і павольнасць.

Трэба мысліць шпацырам, бачыць праз яго свет, выкарыстоўваць як оптыку, якая дазваляе нават у мітуслівае сёння вярнуць сабе адчуванне вечнасці.

Прыём шпацыру, ягоная прастора дазваляюць Вальзеру стаць не проста назіральнікам наваколля. Менавіта з прычыны запаволенасці, расцягнутасці часу аўтар, бы той энтамолаг, прэпаруе асяроддзе і асобных ягоных персанажаў: ніводная дэталь, дробязь не застаюцца не заўважанымі. «…Мушу адзначыць ці то ксяндза, ці то пастара. Гарадскі хімік з прыветлівым салідным выглядам праязджае ці праязджаецца на ровары… сціплага мінака… разбагацелы старызнік і барахольшчык… сабака жывіцца пырскамі ад фантану… адна, ну, можа, дзве элегантныя паненкі ў ашаламляльна кароткіх спаднічках…» — рэчаіснасць — бы тая вялізная казурка, з цела якой асцярожна здымаецца слой за слоем, аддзяляецца частка за часткаю, каб раскласці фрагменты гэтай істоты на шкле пад уважлівым і дапытлівым вокам мастака.

Цікава, што ў Вальзера шпацыр ёсць менавіта пазітыўнай оптыкай: дамінуюць прыметнікі светлы, радасны, цудоўны, добры, элегантны. Але ад самага пачатку не пакідае ўражанне штучнасці: герой сам прызнаецца, што любіць хаваць свае пачуцці. Толькі, падаецца, гэта не хованкі, ён бы прымушае сябе бачыць наваколле менавіта так дзеля таго, каб проста вытрымаць яго, не звар’яцець ад той прорвы, якая існуе паміж ягонымі фантазіямі і рэчаіснасцю. (Дарэчы, Кафка ўжо не будзе шкадаваць ні сябе, ні людзей, ні свет, жорстка выкрываючы скажонасць сваёй сучаснасці і дакладна праводзячы мяжу паміж бачным і ўяўляльным.)

Толькі адзіны раз, недзе на палове маршруту, герой пакідае сваю бяспечную прастору і канстатуе згублены час, халодны і варожы: «Я аддаў бы шмат чаго, аддаў бы левую руку ці левую нагу, калі б праз такую ахвяру можна было б вярнуць славутае старое пачуццё дыхтоўнасці, добрую старую сціпласць, калі б можна было вярнуць краіне і людзям добрапрыстойнасць, памяркоўнасць, якія, да жалю ўсіх людзей са шчырымі намерамі, пэўна ж, шматкроць страчаныя… гэта — сапраўдная катастрофа, якая распаўсюджвае на зямлі небяспеку вайны, смерць, бядоту, нянавісць і галечу і на ўсё, што існуе, чапляе праклятую маску зласлівасці і пачварства». Але такую споведзь ён дазваляе сабе толькі на імгненне. Бо — у яго ёсць шпацыр, ды каб не проста прэпараваць рэчаіснасць, але менавіта каб надаваць ёй тыя значэнні, адценні, сэнсы, якія будуць пасаваць ягонаму ўяўленню: «…сёння ўсё хоча асляпляць і блішчэць, быць новым, прыгожым і файным, быць месьё і быць мадам…»

Магчыма, герою і ўдаюцца ўцёкі, але для чытача прорва паміж тут і там становіцца ўсё больш відавочнаю.

Герой бы не заўважае абразаў, маральнага гвалту, здзекаў. Ён далікатна мінуе напружаныя позіркі, усмешкі, нават абвінавачанне ў дармаедстве. «Але вас увесь час бачаць на шпацыры!» — здзіўлена рэагуе падаткавы інспектар на просьбу героя знізіць падаткі. «Шпацыраваць, — адказаў я, — мне трэба абавязкова, каб ажыўляцца і каб трымаць сувязь з жывым светам, без адчування якога я і палову літары не напішу і не змагу выдаць самага сціплага радка верша ці прозы…» Мастак тут чужынец, аўтсайдэр, і толькі слова, назіранне, шпацыр даюць яму шанец выжыць.

Часам ён звяртаецца да мінулага, бы той Дон Кіхот, усхваляе часы прыгажосці, рамантыкі, рыцараў і прыўкрасных паненак, каб потым зноў быць выкінутым сюды — «у натоўп людзей ля аднаго з надзвычайных няветлівых і нярыцарскіх, грубых і нахабных аўтамабіляў…» Герой прызнаецца, што ён мог бы абурыцца і груба крыкнуць, абвінаваціць гэты натоўп у тым, што той перашкаджае яму марыць. Але ён не робіць гэтага, бо нават у нахабнасці спрабуе выявіць прыгажосць, якая для яго ёсць найвялікшай каштоўнасцю свету, — таму ён будзе «ціхім» і будзе «рахмана пакутаваць і цярпець».

У фінале свайго шпацыру герой прыпыняецца і мроіць. Ён звяртаецца да сваіх незрэалізаваных мараў, няздзейсненых учынкаў, момантаў, якія не вернеш ніколі. Раптам бачыць сябе паміж «небам і зямлёй бедным зняволеным, як і іншыя людзі», шпацыр якіх і яго самога — гэта «змрочная дарога ўніз», і інакш быць не можа.

Шпацыр пераўтвараецца ў метафару, апавяданне даўжынёю ў жыццё, якое, як у Вальзера, займае трохі больш за паўсотню друкаваных старонак.

Ці мала гэтага? Для Роберта Вальзера аказваецца дастаткова, каб расказаць лёс чалавека. «Шпацыр» у гэтым плане здзіўляе сваёю аб’ёмнасцю: ён выходзіць за межы ўсяго толькі нарыса ці занатоўкі, улучаючы ў сябе самае важнае. Аўтар часам толькі пазначае кірунак, далей не ідзе, крочыць сваім маршрутам. Але для чытача гэтага дастаткова: можна пачаць ісці самому — паміж небам і зямлёю, дарогаю ў адзін шпацыр.

Стася Русецкая

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology