Час «Ч» для беларускай фатаграфіі

7 лютага ў Галерэі «Ў» медыяпраект «pARTisan» сумесна з мультымедыйным адукацыйным праектам 90s.by зладзілі прэзентацыю альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х», які выйшаў летась у серыі «Калекцыя пАРТызана».

У межах прэзентацыі прайшла імправізаваная выстава аб’ектаў і артэфактаў (плакаты выставаў, кнігі, часопісы з публікацыямі беларускіх фатографаў), Сяргей Кажамякін прачытаў навукова-папулярную «лекцыю ў малюнках з выкрыццямі», Уладзімір Парфянок паказаў слайд-прэзентацыю «Альбом “ФОТА /МАНІФЕСТА” як люстэрка беларускай фатаграфіі 1980–90-х», выступілі Юры Васільеў і Іван Пятровіч.

Амаль незаўважаную беларускімі медыя, гэтую падзею тым не менш можна лічыць гістарычнай для нашай культурнай прасторы: у адзін час у адным месцы можна было спаткаць цэлы шэраг жывых легендаў беларускай фатаграфіі. Гэта было іх свята, пакуль, на жаль, толькі ў межах аднаго вечара.

Сяргей Кажамякін, Валеры Лабко / фота В.Шчарбаковай

Сяргей Кажамякін, Валеры Лабко / фота В.Шчарбаковай

«Менская школа», альбо «новая хваля» беларускай фатаграфіі — феномен, які пачаў дакладна акрэслівацца напрыканцы 1980-х і які ўжо зафіксаваны ў заходнім і расейскім мастацтвазнаўчых дыскурсах. У першую чаргу «менскую школу творчае фатаграфіі» звязваюць з імёнамі Валерыя Лабко, Сяргея Кажамякіна, Галіны Маскалёвай, Уладзіміра Парфянка, Ігара Саўчанкі, Уладзіміра Шахлевіча, але, як піша даследчыца Іна Рэўт, аўтарка ўступнага тэксту да альбома, «яна [школа] улучае ў сябе больш за дзясятак тых, хто вучыўся ў Валера Лабко і ў студыях пры клубе “Менск”…

“школу” належыць разглядаць у перспектыве больш шырокай “новай хвалі ў фатаграфіі Беларусі” — творчай фатаграфіі, якая развівалася з сярэдзіны 1980-х гадоў у некалькіх беларускіх гарадах і прынцыпова адрознівалася ад папярэдняй».

Перадусім «менскую школу» звязваюць менавіта з унікальнай асобай і творцам — Валерыем Лабко, які пачаў набіраць свае першыя фотастудыі разам з Міхаілам Жылінскім яшчэ ў 1983 годзе. «Лабко меркаваў, што неабходна абіраць студыйцаў паводле зусім іншага прынцыпу: не фатографаў, што ўдасканальваюць сваю тэхніку, а творчых людзей, якія маюць патрэбу ў фатаграфіі як у інструменце мастака» (Іна Рэўт). Як прыгадвае адна з вучаніц Лабко Галіна Маскалёва, патрапіць у студыю было не проста: быў велізарны конкурс. Але для многіх, каму гэта ўдалося, навучанне ў Лабко сталася вырашальным для далейшага жыцця.

Галіна Маскалёва: «Лабко даў методыку, тэхналогію… Праяўка плёнкі, танаванне, праца з хімікатамі — усё гэта дало магчымасць рэалізоўваць ідэі, якія не змяшчаліся ў двухмерную прастору чорна-белай фатаграфіі. У дадатак — уплыў таямнічай сутнасці Лабко.

Уявіце: мы сядзелі за сталом, усе досыць сталыя людзі, 25–30 гадоў, з вышэйшай адукацыяй, і ў поўнай цішыні вяшчаў Лабко, а мы, як зачараваныя шкаляры, за ім запісвалі».

Уладзімір Шахлевіч: «Менавіта ў студыі я сутыкнуўся з новым поглядам на фатаграфію: тут гаворка ішла найперш не пра эстэтыку і міфатворчасць, а пра спробу зразумець сваё асяроддзе і пошук сродкаў для матэрыялізацыі гэтага ўяўлення… Важна, што ў студыю прыходзілі людзі без папярэдняга досведу ў фатаграфіі, і, так атрымалася (можа, гэта і не выпадкова), — амаль усе з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй».

Сярод гадаванцаў Лабко — цэлы шэраг унікальных аўтараў: Міхаіл Гарус, Сяргей Кажамякін, Уладзімір Парфянок, Галіна Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч, Генадзь Родзікаў, Сяргей Качаргін, Сяргей Калтовіч, Аляксей Ільін, Сяргей Сукавіцын, Аляксандр Угляніца, Віктар Каленік, Галіна Кухарава, Зоя Мігунова, Ірына Сухій, Алег Дыбаў, Аляксандр Нямыцкі, Юры Элізаровіч. 

1

«Месяц фатаграфіі» у Браціславе, з прэзентацыі С.Кажамякіна / фота А.Баярынай

Але да канца 1980-х унікальныя беларускія аўтары пакуль адчувалі сябе бы ў сутарэннях. Так, праца ў лабараторыі Лабко давала магчымасць адрэфлексаваць сябе і тое, што адбывалася навокал, стала спосабам свабоднага мыслення і выказвання. Але, зразумела, фотамастакі амаль не атрымоўвалі ацэнкі з боку крытыкаў, не было магчымасці выйсці да шырокага кола гледачоў.

Адзін з першых выхадаў у свет адбыўся ў 1988 годзе ў межах першай экспазіцыі беларускага сучаснага мастацтва ў Доме кіно, дзе была паказаная першая вялікая выстава новай фатаграфіі — «Пачатак».

Фактычна з гэтага года і пачынаецца ўзыход беларускай фатаграфіі на сусветны Алімп. Нашыя фатографы едуць у Маскву, дзе сустракаюцца з заходнімі прафесіянальнымі крытыкамі, пасля чаго куратары Хану Ээрыкяйнэн і Танэлі Эскала запрашаюць некаторых з іх на чале з Лабко прыняць удзел у найбуйнейшым праекце «Новая савецкая фатаграфія» («New Soviet Photography»), які паказваецца ў Фінляндыі, Швецыі, Даніі на працягу 1988–89 гадоў. Менавіта пасля гэтага Хану Ээрыкяйнэн уводзіць тэрмін «менская школа творчае фатаграфіі».

Галіна Маскалёва: «Краіна была адна — СССР, мы сядзелі кожны ў сваім скляпенні — у Маскве, Харкаве, Менску. Былі зносіны паміж намі: напрыклад, у Менск часта прыязджаў Барыс Міхайлаў з Харкава, мы працавалі з падобнымі тэмамі і ідэямі. Але калі, напрыклад, паглядзець кнігу “ФОТА /МАНІФЕСТА”, створаную ў 1990 годзе амерыканцамі Волкерам, Юрсіці і Макгінісам, розніца паміж намі відавочная. Менская фатаграфія больш метафізічная, канцэптуальная, разам з тым з актыўным пераўтварэннем зыходніка: шляхам хімічнай афарбоўкі, працы з некалькімі негатывамі, з тэатралізацыяй. Так мы рэфлексавалі над рэчаіснасцю».

Фатаграфія Валеры Лабко на вокладцы / фота А.Баярынай

Фатаграфія Валеры Лабко на вокладцы «PHOTO&video» / фота А.Баярынай

Так, незаўважаныя на радзіме, працы Віктара Каленіка, Сяргея Кажамякіна, Валерыя Лабко, Галіны Маскалёвай, Уладзіміра Парфянка, Ігара Саўчанка, Уладзіміра Шахлевіча і інш. выстаўляюцца ў Капенгагене («СССР-фота. Фатографы з Менска», 1990), Нью-Ёрку («Contemporary Photography from the USSR», 1990, «Photo Manifesto. Photography of Perestroika», 1991), Хельсінкі («Eroosio / Erosion. Soviet Conceptual Art & Photography of the 1980’s», 1990), Балтымары («Photo Manifesto: Contemporary Photography in the USSR», 1991), Маскве («Новая хваля ў фатаграфіі Расеі і Беларусі», 1991), Берліне (выстава «Fotografie aus Minsk», 1994, «After the Wall», 1999), Гётэборгу («Past Future: The Point of Transition», 1998), Стакгольме («After the Wall», 1999 ), Будапешце («After the Wall», 1999 ) і іншых гарадах.

Фотаздымкі беларускіх аўтараў друкаваліся ў часопісах, у тым ліку і на вокладках, «PHOTO&video», «Time», «Best of Graphis Photo II», каталогу «Sotheby’s» і інш., увайшлі ў шэрагі музейных і прыватных калекцый свету. Дарэчы, нядаўна РАСФОТА набыло калекцыю беларускай фатаграфіі, якая ўлучае ў сябе болей за 300 прац.

Ігар Саўчанка, Ірына Сухій, Ігар Корзун / фота А.Баярынай

Ігар Саўчанка, Ірына Сухій, Ігар Корзун / фота А.Баярынай

Як было адзначана вышэй, «менская школа» акрэслівае толькі частку феномену беларускай фатаграфіі, дакладна гаварыць пра які пакуль складана з прычыны адсутнасці грунтоўных даследаванняў. Таму візуальны шэраг альбома «Беларуская фатаграфія1990-х» грунтуецца на працах ядра «менскай школы». Але таксама сюды ўвайшлі фотаздымкі групы «Беларускі клімат», дзейнасць якой заслугоўвае адмысловай увагі: акрамя серыяў фатаграфічных праектаў група ладзіла перформансы, паказы вуснага кіно, канцэрты. На жаль, нягледзячы на сусветную вядомасць, пра «новую хвалю» беларускай фатаграфіі на радзіме ведаюць адзінкі.

Дагэтуль не з’явілася ніводнага паўнавартаснага даследавання, не створаны архівы, беларускія музеі не спяшаюцца набываць працы нашых суайчыннікаў, якія ўжо сталіся сусветнымі легендамі.

«Той факт, што Беларусь гэтага не ўсвядоміла, не ацаніла і нават амаль не заўважыла, уражальны. Бо нават адна толькі гэткая з’ява, як новая творчая фатаграфія, прызнаная на самым высокім узроўні ў сістэме міжнароднага мастацтва, магла даць штуршок да бачных і досыць істотных зменаў не толькі ў сферы, звязанай з мастацтвам, але і ў культуры ў шырокім разуменні: у адукацыі, культурнай дыпламатыі і нават у эканоміцы…» — піша Іна Рэўт.

Калектыўная фатаграфія аўтараў і герояў альбома / фота В.Шчарбакова

Калектыўная фатаграфія аўтараў і герояў альбома / фота В.Шчарбакова

Зразумела, што фотаальбом «Беларуская фатаграфія1990-х», як і вечарына ў галереі «Ў», — сціплая спроба звярнуць увагу на гэтую з’яву, толькі першы крок. Зусім іншых маштабаў заслугоўваюць нашыя аўтары. Але, як падаецца, гэтая першая спроба атрымалася. Ужо — на жаль, пакуль толькі ў незалежным асяродку — абмяркоўваецца ідэя дыскусіі, прысвечанай феномену «новай хвалі» і кантэксту, на якім ён грунтаваўся. Магчыма, кагосьці гэта натхніць, не чакаючы дзяржаўнай цікаўнасці, распачаць глыбокі даследчы праект, заняцца зборам архіву.

Галоўнае — каб сабралося кола неабыякавых аднадумцаў, гатовых, як калісьці «Беларускі клімат», засвоіць нашую культурную пустыню.

Гэта неабходна для таго, каб вярнуць Беларусі найважнейшую частку нашай сучаснай культурнай гісторыі. Неабходна не толькі тым, хто ёй належыць. Але — і, магчыма, нават болей — новай генерацыі — дзеля таго, каб адчуць гонар за тое, што належыць гэтай прасторы.

Таццяна Арцімовіч

Фатаграфіі з прэзентацыі можна паглядзець ТУТ.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology