Інтэрнэт-часопіс «Новая Еўропа», медыя-праект «pARTisan» пры падтрымцы Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» прадстаўляюць
Феномен супольнасці, ягоная структура, значэнне для асобных людзей і грамадства ў цэлым, ягоная дзейснасць − адны з самых вострых тэм, якая актыўна абмяркоўваецца сучаснымі сацыяльнымі і гуманітарнымі даследчыкамі. Супольнасці ўзнікаюць, дапамагаюць сваім удзельнікам фармаваць ідэнтычнасці, спрачацца, узаемадзейнічаць альбо салідарызавацца адзін з адным. Усё часцей менавіта ад імя супольнасцяў − мастакоў, гісторыкаў, філосафаў і інш. − робяць свае выказванні ўдзельнікі пратэстаў і здзяйсняюцца акты салідарнасці. Не з’яўляецца гэта выключэннем і для Беларусі, дзе супольнасці таксама здольныя стымуляваць сацыяльную і грамадзянскую актыўнасць.
Праект «Супольнасці ў Беларусі: межы, давер, салідарнасць» − нашая спроба ў межах некалькіх мерапрыемстваў − тэатральнай чыткі, лекцыі, дыскусій − пагаварыць пра тое, што мы разумеем пад супольнасцю і якія яе дзейсныя функцыі магчымыя ў беларускім кантэксце.
Усе мерапрыемствы пройдуць у Галерэі «Ў».
«Радыё Культура» − гэта адзін дзень чалавека, мінчука, які жыве ў прасторы «так сабе» (Х. Арэнт) і для якога спосабам уцёкаў ад гэтай унутранай пустэчы становіцца радыёкропка.
Чытаюць: студэнты лабараторыі «Fortninbrass», куратарка Таня Арцімовіч.
Чаму ў 1980-я разам з «уяўнай супольнасцю−нацыяй» Б.Андэрсана з’яўляецца альтэрнатыўная мадэль супольнасці як «быцця−разам» Ж.-Л.Нансі, якую нельга ўявіць ні як нацыю, ні як народ, ні як дзяржава ці дух? Як памяняліся супольнасці са з’яўленнем мас-медыя, інтэрнэту і іншых «сацыяльных медыя»? Па якому прынцыпу будуюцца сучасныя «часовыя супольнасці» без агульнага падмурка (Б.Гройс, У.Фурс)? У якасці прыкладаў апошніх будуць разгледжаны перфарматыўны праект «Рыміні Пратакол» (Германія), а таксама шэраг беларускіх і ўкраінскіх арт-праектаў.
Вольга Шпарага − філосаф, рэдактарка інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дацэнт ЕГУ. Аўтар манаграфіі «Абуджэнне палітычнага жыцця: Эсэ пра філасофію публічнасці» (Вільня: ЕГУ, 2010), навуковая (са)рэдактарка і складальніца пяці калектыўных манаграфій (падрабязней гл. тут: http://n-europe.eu/authors/olga_shparaga). Сфера інтарэсаў: фенаменалогія і палітычная філасофія, еўрапейская прастора і месца ў ёй Беларусі, сучаснае мастацтва.
За апошнія некалькі гадоў у Беларусі было некалькі выпадкаў, калі беларуская незалежная супольнасць (інтэлектуальная, культурная, акадэмічная) выступала ў абарону беларускіх мастакоў і арганізацый, пацярпелых ад прававога гвалту з боку ўладаў (выпадкі з мастакамі Віталём Калгіным, Міхаілам Гуліным, выдавецтвам «Логвінаў» і інш.) У сувязі з гэтым нам хацелася б абмеркаваць наступныя пытанні:
Ці можам мы дамагчыся вынікаў, калі будзем дзейнічаць як супольнасць? Што нам для гэтага патрэбна: новыя тэхналогіі, навыкі ўзаемадзеяння (здольнасць дамаўляцца), дапамога юрыстаў і праваабаронцаў, міжнародная ўвага? Ці можам мы казаць пра дзейснасць выступленняў незалежных супольнасцяў у Беларусі? Якім чынам мы можам уплываць на сітуацыю і прыцягваць увагу грамадзян да існуючага прававога (без)парадку?
У дыскусіі прымуць удзел: гісторык Аляксей Братачкін, мастак Міхаіл Гулін, мастак, пісьменнік Артур Клінаў, арт-менеджерка, рэдактарка партала 34mag.net Інга Ліндарэнка, праваабаронца Алена Танкачова, філосаф Вольга Шпарага. Мадэратар Таня Арцімовіч.
Разважаючы пра супольнасці сёння, тэарэтыкі ўсё больш падкрэсліваюць іх працэсуальны, бягучы характар. Замест фарміравання стабільных ідэнтычнасцяў, аб’яднання людзей у розныя супольнасці сёння хутчэй дапамагае гэтым людзям знаходзіць новыя магчымасці і спосабы ўзаемадзеяння/узаемадапамогі. А таксама пашыраць сеткі сацыяльнага капіталу − адносін, заснаваных на даверы, якія дапамагаюць знаходзіць новыя рашэнні старых праблем.
Наколькі адрозніваюцца па мэтам, рэсурсам, на якія абапіраюцца, і спосабам арганізацыі акадэмічных, артыстычных, фемінісцкіх і інш. супольнасцяў? Наколькі розныя супольнасці закрытыя і адпаведна адкрытыя ўзаемадзеянню адна з адной? Ці важна такое ўзаемадзеянне і ці заўсёды яно магчымае?
У дыскусіі прымуць удзел: культуролаг і выкладчыца ЕГУ Святлана Паляшчук, музыка Аляксей Варсоба (гурт «PortMone»), гендэрная даследчыца Таццяна Шчурко, арт-куратарка Аксана Жгіроўская, архітэктар Дзмітрый Бібікаў (Мінская ўрбаністычная платформа і Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў). Мадэратар Вольга Шпарага.
Уваход на ўсе мерапрыемтсвы вольны!