PRESENT CONTINUOUS, альбо ФАТАГРАФІЯ Ў «ПРАЦЭСЕ»

Назва фотавыставы «Працэс», якая адкрылася 25 лютага ў арт-прасторы «ЦЭХ», адразу адсылае да Франца Кафкі. Гісторыя, якая пачынаецца з «нічога недарэчнасці» і  заканчваецца «нічым смерці», безвыходнасць і абсурд заўсёды актуальных бюракратычных пастак, пастаяннае хваравітае адчуванне прысутнасці «вялікага брата» —

Кафка як ніхто гарманічна ўпісваецца ў рэаліі краіны, дзе строгія галасы дыктараў у грамадскім транспарце заклікаюць пасажыраў ратаваць лес і прад’яўляць выключна арыгіналы праязных дакументаў.

Аляксей Навумчык «Менск малады (Y Minsk)»

Аляксей Навумчык «Менск малады (Y Minsk)»

«Працэс» — экспазіцыя з такой назвай нязменна фармуе ў гледача гатоўнасць пазнаёміцца з сумнымі праектамі пра жыццё сацыяльна датклівых груп насельніцтва ці паглыбіцца ў постмадэрнісцкія гульні з самасвядомасцю. Аднак тое, якім быў прадстаўлены працэс па-«цэхаўску», не толькі здзівіла, але і па-добраму вярнула ў правільнае семантычнае рэчышча: нават у нашай краіне працэс можа быць не толькі судовым. Любы працэс — гэта, перш за ўсё, натуральны ход разважанняў, пошук, спроба зафіксаваць паслядоўнасць інтэлектуальных і эмацыйных прыпынкаў на шляху да дасягнення выніку, якім у фармаце выставы з’яўляецца нараджэнне фотапраекта.

Той самы працэс, ад якога псіхолагі раяць атрымліваць асалоду. Тая самая эвалюцыя, якою сёння модна грэбаваць.

Фармальна ў залі «ЦЭХа» гледачы ўбачылі тое, што можна было б назваць кухняй. Скрупулёзна прэпараваны паўсядзённымі артэфактамі генезіс 11 фотасерый (Ксеніі Авімавай, Марыны Бегунковай, Таццяны Зяньковіч, Аляксея Навумчыка, Аляксандра Міхалковіча, Аляксандра Саенка, Максіма Сарычава, Настассі Храловіч, Вольгі Шукайла): ад канспектаў аўтараў першай сустрэчы з выкладчыкамі Андрэем Паліканавым, Юрыем Козыравым і Таццянай Плотнікавай у сакавіку 2013-га да ксераксаў малескінаў і скрын-кадраў натхняльных фільмаў. І хай не ўсе праекты аднолькава глыбока асэнсаваныя і распрацаваныя — адкрыты рэфлексіўны погляд унутр сябе і персанальная цікавасць да абранай тэмы ў любым выпадку падкупляюць.

Выварочвае навыварат гісторыя жорсткасці ў серыі Максіма Сарычава пра скалечанага сабаку; эмацыйны калейдаскоп Таццяны Зяньковіч расказвае пра зліццё і паглынанне рухамі і святлом танцаў; Настасся Храловіч здзяйсняе небяспечнае экзістэнцыяльнае падарожжа; карпатлівую, амаль лабараторнага плану, працу з халоднай метафарай пад’ездаў і могілак прадстаўляе Аляксандр Саенка; дзеляцца сваімі візуальнымі дзённікамі такіх розных па мэтах і танальнасці шпацыраў фланёры Аляксей Навумчык і Вольга Шукайла. Атрымалася шчырая размова, якая дэманструе смеласць аўтараў заявіць уголас пра памылкі альбо цяжкасці, прызнацца ў страхах ці сумневах, каханні альбо захапленні. Заўсёды асцярожны маўклівы беларус раптам набыў здольнасць адчуваць і спрабаваць пазначыць тое, што ён адчувае. Не баяцца быць сабой, прызнавацца ў перавагах, не заставацца недзе там, убаку.

«Працэс» прадставіў гледачам нейкі зрэз зацікаўленняў маладых беларускіх фатографаў, паказаў стаўленне і ступень асэнсаванасці падыходаў да ўспрымання нашай рэальнасці і сябе ў ёй. І гэтыя працэсы сапраўды аказаліся займальнымі.

Настасся Храловіч

Настасся Храловіч, «Дзённік адзіноты. Раздзел першы. Люстэрка»

Сам-насам з сабою: Настасся Храловіч і Аляксандр Саенка

Значная частка фотапраектаў выставы кранае тэмы, характэрныя для калектывісцкіх культур, да ліку якіх, на думку некаторых даследчыкаў, належыць і беларуская. Такога кшталту культуры ўласціва своеасаблівае «растварэнне індывідуальнасці ў соцыуме», якое суправаджаецца цяжкасцямі ў пошуках, накіраваных на ўсведамленне сябе і свайго месца ў прасторы. На глебе такой ментальнасці асаблівую цікавасць выклікаюць праекты Настассі Храловіч і Аляксандра Саенкі — гісторыі з высокай ступенню пільнай звернутасці ўсярэдзіну сябе.

Самым інтымным падаецца візуальны дзённік самарэфлексіі Настассі Храловіч. У сваёй серыі «Дзённік адзіноты. Раздзел першы. Люстэрка» фатографка фіксуе балючыя пошукі адчування самасці: фокус яе камеры кідаецца ад гіпнатычных нацюрмортаў у стылі «Трылогіі дэпрэсіі» Ларса фон Трыера да, на першы погляд, бесклапотных здымкаў кіроўцаў-дальнабойшчыкаў. Нягледзячы на, падавалася б, парадокс суседства такіх тэм, абедзве часткі ёсць сутнасцю адлюстравання псіхалагічных працэсаў, якія адбываюцца ва ўспрыманні фатографкі.

Усе яны, цытуючы Сьюзан Зонтаг, — «абарона ад трывогі», незавершанасць і стымул літаральнага, фізічнага «працэсу» руху:

у тэкставых матэрыялах, якія суправаджаюць серыю, Настасся тлумачыць сваё жаданне адправіцца ў вандроўку са знаёмым кіроўцам фуры і дакументаваць па дарозе выпадковыя сустрэчы. «Вакол занадта шмат шуму, а быць адзіночкай сёння лічыцца непрымальным. Людзям сумна сам-насам з сабой, і яны гатовыя ўцячы куды заўгодна, абы не бачыць і не чуць саміх сябе…» — адзначае аўтарка ў апісанні праекта. Прымаючы правілы гульні, Настасся выпраўляецца ў дарогу — на мапе, раздрукаванай з інтэрнэту, адзначаны пункты яе руху — і працягвае сваё даследаванне. Фатаграфіі «Дзённіка», якія адсылаюць гледача да прац Рынка Каваучы альбо Антуана Д’Агата, нібы выхопліваюць імгненныя ўспышкі адкрыццяў, у большай ступені нагадваючы глыбокія асабістыя ўражанні, чым сапраўды зафіксаваныя беларускія рэаліі. Такая шчырасць уражвае і чапляе за жывое.

З фотасерыі Аляксандра Саенка

З фотасерыі Аляксандра Саенка

Аляксандр Саенка ў сваёй серыі закранае амаль табуяваную ў нашым грамадстве тэму смерці. Убачыўшы метафару, якая родніць традыцыйныя пластыкавыя альбо напаўсухія кветкі ў пад’ездах старых пяціпавярховак і кветкі на могілках, фатограф стварае серыю, дзе пульсуюць кантрастамі блікаў партрэты людзей, якія пайшлі з жыцця, і гэтыя выявы спалучаюцца з безвыходнасцю кветак, што ніколі не бачылі святла.

Серыя падаецца складанай для ўспрымання. Звяртаючы ўвагу на звыклае, знаёмае кожнаму беларусу асяроддзе, Аляксандр спрабуе не толькі счытваць культурныя знакі, але і прадстаўляць уласнае іх тлумачэнне. Менавіта «кветкі на паверхах» (першапачатковая назва серыі Саенкі) становяцца люстэркам, затуманеным ценямі мінулага, у якім адбіваецца знаёмы кожнаму з нас экзістэнцыяльны страх перад незваротнасцю часу.

Гэты настрой memento mori нагадвае, што ўтульная прастора кватэр — усяго толькі фармальная ячэйка ў «высокапавярховай труне з высокай шчыльнасцю да сябе падобных».
З фотасерыі Таццяны Зяньковіч

З фотасерыі Таццяны Зяньковіч

Уступаючы ў зносіны: Таццяна Зяньковіч, Марына Бегункова, Максім Сарычаў

Тэме міжасабовага ўзаемадзеяння ў шырокім плане прысвечаныя адразу некалькі серый выставы. Так, Таццяна Зяньковіч распавядае пра сучасныя танцы як форму зносін і абмену эмоцыямі, а Марына Бегункова — пра будні сацыяльных работнікаў. На прыкладзе стаўлення беларусаў да праблем скалечаных жывёлаў Максім Сарычаў падымае, магчыма, адну з найбольш балючых сёння тэм — духоўна-маральнай сферы беларускага грамадства.

Здымаючы заняткі ў танцавальнай студыі, Таццяна Зяньковіч удала выбудавала візуальную лінію апавядання амаль кінематаграфічнага характару — паміж калейдаскопам настрояў Вонга Карвая і такійскай серыяй Георгія Пінхасава. Таццяна захоўвае свой уласны невербальны рытм паміж дынамікай і неверагоднымі эмоцыямі, з аднаго боку, і буйным планам, дзе акцэнт робіцца на дэталях — з іншага.

Важна адзначыць, што пунктумам большасці здымкаў Таццяны з’яўляецца вобраз рукі тых, хто размаўляе з дапамогай рытму. Вось мужчынская рука асцярожна пакідае бяспечныя сантыметры адлегласці, каб пазбегнуць кантакту з партнёркай, ці сарамліва сціснутыя амаль у кулак пальцы, альбо жаночая далонь, якая пяшчотна адпачывае на мужчынскім плячы. Разглядаючы пары танцораў на вельмі блізкай, амаль інтымнай адлегласці, Таццяна ў максімальнай ступені перадае глыбіню эмоцый удзельнікаў студыі: ад салодкай эйфарыі да пяшчотнай нясмеласці, ад самалюбавання да няўпэўненасці першых па. І ў цэлым гэта ўсё — вельмі прыгожа.

З фотасерыі Марыны Бегунковай

Марына Бегункова, «Калі чужыя становяцца роднымі»

Падобны персанальны падыход вельмі вылучаецца пры параўнанні, напрыклад, з серыяй іншай удзельніцы «Працэсу» — Марыны Бегунковай, якая паказала праект пра сацыяльных работнікаў «Калі чужыя становяцца роднымі». Гэтая тэма, несумненна, актуальная, аднак на фотаздымках не ўдаецца распазнаць ні «чужых», ні «родных». Мы бачым філігранна падрыхтаваную (быццам бы ўжо апублікаваную ў СМІ) справаздачу пра выкананае журналісцкае заданне. Жанчыны, якія забяспечваюць дапамогу пенсіянеркам, занятыя сваёй прафесійнай працай: мыюць вокны, робяць уколы, вядуць гутаркі. І нават назву, падаецца, дакладна ўжо недзе чуў.

Серыя аказваецца фармальнай як па адпаведнасці агульнай канцэпцыі выставы (кухню падрыхтоўкі свайго праекта Марына так і не раскрыла), так і па самой рэалізацыі. Кампазіцыі і аднолькавыя абыякава-бяспечныя ракурсы практычна даведзеныя да аўтаматызму і ілюструюць не эмоцыі і перажыванні ў заяўленай апазіцыі «свой / чужы», а быццам бы меркаванне аднаго з персанажаў фільма Аляхандра Іньярыту «21 грам»: «Галоўнае — не ўключацца. Галоўнае — заставацца ўбаку».

Максім Сарычаў, «Двухлапы сябар»

Максім Сарычаў, «Двухлапы сябар»

Кардынальна іншай па эмацыйнай нагрузцы паўстае перад наведвальнікамі пранізлівая серыя пра выратаванне сабакі-інваліда па мянушцы Лойд, расказаная ў здымках і палявых артэфактах Максімам Сарычавым. Гэтая гісторыя не можа пакінуць абыякавымі нават самых безэмацыйных гледачоў, яна ў чарговы раз ставіць пад сумнеў міф пра талерантнасць беларусаў.

Серыя «Двухлапы сябар» характарызуецца добрымі якасцямі абранай фатографам візуальнай мовы: з мэтай выклікаць у гледача эмпатыю да лёсу скалечанага сабакі Максім вельмі суцэльна і лагічна карыстаецца разнастайнымі кампазіцыйнымі прыёмамі — ракурсамі, кадраваннем, працай са святлом. Сюжэты, якія раскрываюць фрагменты жыцця Лойда, глыбока працятыя непадробнымі эмоцыямі: зазіраючы ў вочы сабаку, назіраючы за паводзінамі людзей ягонага наваколля, перамяшчаючыся па лакацыях, мы на ўласнай скуры адчуваем ягоны страх, згубленасць, знаходзім надзею, вучымся зноў любіць і верыць у дабрыню і спагаду.

Шакавальным кантрастам з’яўляецца падабраны Максімам цытатнік абмеркаванняў лёсу Лойда ў інтэрнэт-форумах. Тыя пачуццёвасць і эмпатыя, якімі працятыя фотаздымкі, у лоб сутыкаюцца з жорсткасцю і абыякавасцю сярэднестатыстычнага, далёкага ад талерантнасці беларуса, які не толькі адмаўляе актуальнасць пытання бяздомных жывёлаў, але і адкрыта да іх агрэсіўны. Такое сутыкненне з абыякавасцю быццам бы адкідвае нас на зусім іншы ўзровень патрэбаў чалавека, прымушаючы задумацца над пытаннем:

а ці гатовае наогул беларускае грамадства да таго, каб вырашаць праблемы, якія палягаюць па-за колам тэгаў «бізнес», «look» і «секс», што навязваюцца нам медыя?
Вольга Шукайла, «Паўночны пасёлак»

Вольга Шукайла, «Паўночны пасёлак»

Назіраючы горад: Вольга Шукайла і Аляксей Навумчык

Два цалкам розныя погляды на гарадскую прастору былі прадстаўлены ў праектах фатографаў Вольгі Шукайла «Паўночны пасёлак» і Аляксея Навумчыка «Менск малады (Y Minsk)».

Пастаралі Вольгі, нягледзячы на асцярожны падыход і, верагодна, шчырую любоў да роднага Паўночнага пасёлка, чыё імя горда вынесенае ў назву праекта, на жаль, з прычыны адсутнасці яўнага сюжэту, здаюцца амаль штучнымі. Візуальны складнік нагадвае традыцыйныя паштоўкі: прагледзеўшы здымкі, складана зрабіць выснову пра асаблівыя рысы пасёлка. У чым сама фатографка бачыць ягоную прывабнасць, ягоны непаўторны характар? Праекту, на мой поглад, нестае глыбіні і прадуманасці, логікі і выяўленчай сілы.

Цікава, што тая ж тэма — фатаграфіі гарадскіх прастораў — была прадстаўленая некалькі месяцаў таму ў тым жа «ЦЭХу» ў серыі іншай беларускай фатографкі — Аляксандры Салдатавай, чый праект «Канікулы ў горадзе» быў адабраны нямецкімі куратарамі Матыясам Хардэрам і Гансам Пілерам для публікацыі ў каталозе «BY NOW». Калі фатаграфіі Паўночнага пасёлка Вольгі Шукайла падаюцца, хутчэй, асцярожнымі пілотнымі здымкамі пакуль яшчэ не да канца зразуметай і вывучанай прасторы, то Менск у аб’ектыве Аляксандры Салдатавай — выразная, матэматыка-антрапалагічная задача, пошук рашэння якой у кожным канкрэтным акце разглядання прыносіць эстэтычнае і інтэлектуальнае задавальненне.

З фотасерыі Аляксея Навумчыка

З фотасерыі Аляксея Навумчыка

Горад у серыі Аляксея Навумчыка працяты зусім іншым настроем. «Менск малады» — своеасаблівы сіквел персанальнага даследавання фатографам тэмы каштоўнасцяў маладых гараджан з візуальным змяшчэннем акцэнтаў на пытанне самавызначэння ва ўмовах трансфармацыі. У нейкай ступені Аляксей гуляе з папулярнай формай рэпрэзентацыі інфармацыі ў сталічных гламурных выданнях: візуальная арганізацыя серыі на трох гарызантальных узроўнях быццам бы паўтарае рубрыкі маладзёвых СМІ. У верхнім шэрагу — нядбайны «look» хлопчыкаў унісекс і дзяўчат, якія быццам бы недарэчна трапілі ў кадр. У ніжнім — безасабовы, глабалізаваны «іншы» Менск, што страціў любыя прыкметы самога сябе.

«Хіба гэта мы? Дзе ён наогул знайшоў гэтых хіпстэраў?» — абураюцца прыбраныя ўніверсітэцкія студэнты, якія разглядаюць здымкі серыі. Але ж ці не выдатна, што нашая моладзь сёння такая розная?

Хтосьці ідзе на «Німфаманку» ў «Ракету», каб падгледзець клубнічку, а хтосьці з асалодай спрабуе распазнаць у ёй тонкія сэнсавыя пласты і алюзіі. Аляксей у тэрмінах аматарскай эстэтыкі распавядае нам пра менскую моладзь, якая не спіць начамі. І якімі б далёкімі яны нам ні здаваліся, мы ездзім з імі ў адных і тых жа тралейбусах.

Назіраючы за моладдзю на вуліцах горада, каля ўваходу ў клуб, у «курылцы» альбо падчас трэніровак скейтараў, Аляксей, па ўласным прызнанні, бесперапынна шукае свайго героя. У меру адхілены архіватар часу, ён прадпрымае спробу скласці з візуальных фрагментаў нейкі суб’ектыўны партрэт сённяшняй моладзі, не перастаючы аўтаматычна параўноўваць сябе з імі, вызначаючы сваё стаўленне да тых, каму значна лягчэй паспяваць за горадам, які пастаянна змяняе і губляе сябе.

Менск, мы самі, нашы эмоцыі і будзённасць, сапраўды, перажываюць бесперапынныя змены, знаходзяцца па-за нашымі жаданнямі і кантролем — у працэсе пераменаў.

Уменне ператвараць гэты працэс у з’яву больш усвядомленую, задумвацца пра напрамкі і глыбіню гэтых пераменаў — рэфлексія, якая ўзнікае пасля наведвання выставы «Працэс». Трэба вучыцца атрымліваць асалоду ад працэсу і кіраваць ім, а эвалюцыйныя змены —шанаваць.

Вольга Бубіч, пераклад з расейскай мовы

Выстава працягнецца да 25 сакавіка. Падрабязней ТУТ.

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. зритель:

    Участников проекта 9, а написано только о 7. Чем автор руководствовался? Получается, других как будто вообще нет

    • ***:

      Все авторы указаны в скобках — так что, определенно, они есть:) Хотите узреть их самостоятельно — заходите на выставку.

  2. зритель:

    Ну хотелось типа мнение почитать… ясно

  3. Лола:

    Серия Леши Наумчика — лучшая! И это мой город, и да, мы с ними ездим в одном троллейбусе, а значит, будущее у нас есть. Савок канет в лету!!! Спасибо, ребята!

  4. profi:

    ребята пусть сначала поймут — что есть фотография. Ну я конечно понимаю, типа там школьное сочинение. Но после прочтения рецензии кажется, что это очень важноооо.

  5. Юрась:

    Паважаны profi, цікава было б паглядзець вашыя працы. Мо навучыце? ці хоць бы растлумачыце пра фатаграфію? «Працэс» аказаўся нечаканей нават чым BY NOW,пры ўсёй маёй захапляльнасцію перад усім, што робіць Андрэй Лянкевіч. Можа не дзёрзка таму што — а навошта? Так, магчыма аўтару тэкста трэба было быць больш суровай у дачыненні да маладых. А з іншага боку, крытыкі ў нас і так хапае, куды не ткні — профі.

    • Amateur:

      А мне кажется, что еще как дерзко! Хотя относительно большей неожиданности, чем BY NOW, пожалуй, соглашусь:)

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology