Ларс зноў робіць ГЭТА

Магчыма, маё адзінае адрозненне ад іншых людзей — у тым, што я заўсёды чакала ад заходу сонца большага.
Больш яркіх колераў сонца, якія дакранаюцца да гарызонту.
Магчыма, гэта мой адзіны грэх.
(Джо, гераіня фільма «Німфаманка»)

Кажуць, што каля кінатэатра «Кастрычнік» падчас паказу «Танцаў у цемры» ў 2000-м дзяжурыла хуткая дапамога. Ахвотна веру, што ад натуралізму сцэны смяротнага пакарання, які ўразаўся ў рэальнасць з нячуласцю стэрыльнага скальпеля, у кагосьці цалкам магло зашчымець сэрца. На шыі напаўсляпой нявіннай Сельмы зацягваюць пятлю, па адмашцы спецыяльнага механізму прыбіраюць з-пад ног драўляную падлогу — і вось цела ахвярнай маці бясформенным аб’ектам павісае ў халодным, як сама глядзельная заля, пакоі. Падлога выбітая з-пад ног у нас усіх.

kinopoisk.ru

Праз пару гадоў, пасля прагляду трохгадзіннага «Догвіля» ў «Перамозе», мы з сяброўкай ішлі, быццам выпадкова затрымліваючы дыханне даўжэй, чым трэба: у кожнай у галаве — непрабіўная змёрзлая роўнядзь цішыні апошняга кола дантаўскага пекла, якая вось-вось распадзецца на выспы думак, здагадак, пытанняў. Спрацоўвала начыненая выбуховымі інтэлектуальнымі рэактывамі нечаканая канцоўка ў духу альтэрнатыўнай Бібліі.

Дзесьці да альбо паміж Сельмай і Грэйс былі дураслівыя спачувальныя «Ідыёты», страхавітае «Каралеўства», трапяткія «Рассякаючы хвалі», потым — абсурдны да пазнавальнасці «Самы галоўны бос», жудасны тагасветны «Антыхрыст», вытанчаная трывогамі і надзеяй «Меланхолія». Аўтар невычэрпнай бібліятэкі прыёмаў і жанраў — як напоўненай цацкамі шафы дзіцяці, што не стамляецца выпрабоўваць межы цярплівасці дарослых, — чалавек, які цалкам слушна называе сябе геніем, цудоўны Ларс фон Трыер,

штукар і лялькавод, які ўцягвае, па словах ягонага біёграфа Нільса Торсена, у сцэны са сваім удзелам усіх без выключэння.

У 2014 годзе чарга паказваць дацкія шэдэўры дайшла да кінатэатра «Ракета», дзе з перапынкам у некалькі тыдняў дэманструюцца дзве часткі «Німфаманкі» — 17-га чатырохгадзіннага поўнаметражнага фільма, ужо афіцыйна забароненага ў шэрагу краін свету. Выбраўшы за сюжэтны лейтматыў слізкую тэму чалавечага асноўнага інстынкту, геніяльны махляр Трыер зноў апынаецца ў эпіцэнтры сусветных СМІ. Правакацыя зноў спрацоўвае: фільм лаюць, пра яго горача спрачаюцца, на рэжысёра сыплюцца абвінавачванні, выносіцца прысуд — ад папрокаў у паўтарэнні самога сябе да сцверджанняў пра залішнюю інтэлектуальнасць і маралізатарства.

Словы «сэкс», «парнаграфія» і «геніталіі» са смешнай частатой мільгаюць абсалютна ў кожным водгуку, пры гэтым дзіўным чынам значна радзей у рэцэнзіях можна сустрэць словы «незадаволенасць», «дэпрэсія», «трывога».

Так, Ларс, несумненна, зноў робіць гэта! Ён прапанаваў ідэальную постмадэрнісцкую мадэль для зборкі, кубік Рубіка, які, як і мантаж самога фільма, кожны вольны сабраць па сваіх правілах, у залежнасці ад уласнага глядацкага досведу, інтэлектуальных магчымасцяў і, напэўна, вастрыні густу.

kinopoisk.ru

Гармонія, агрэсія і СМЕХ: у КОЖНАГА сваё КІНО

У спробе ўсвядоміць, як Менск успрыняў чарговую правакацыю на тэму, якая многія гады лічылася амаль табуяванай у нашым грамадстве парадоксаў — грамадскіх лазняў і гінекалагічных кабінетаў без штораў, — я паспрабавала сабраць меркаванні людзей, чыя прафесійная дзейнасць наўпрост ці ўскосна звязаная з кіно і візуальнасцю. Сабраныя каментары ўразілі мяне сваёй разрозненасцю: здавалася, кожны з іх, нягледзячы на адзінства месца — прыязны кінатэатр «Ракета» — бачыў сваё кіно.

Пасля ўсіх трапяткіх чаканняў і салодкіх плётак шмат хто спадзяваўся на нешта неймаверна жорсткае. Прыём вольнага мантажу, музыка «Рамштайн» і дзёрзкія афішы з буйнымі планамі акцёраў, знятых у момант аргазму, аўтаматычна апярэдзілі ў фантазіях некаторых з нас буйныя планы зусім іншага парадку.

Павел Свярдлоў, журналіст, які часта закранае ў сваіх артыкулах тэму сэксу, наракаў на недахоп у «Німфаманцы» гвалту і жорсткасці. «З гвалтам і жорсткасцю ў першай частцы відавочны недабор. А сэксу так і наогул роўна столькі, каб не пазбегнуць маралізатарства. […] Але, здаецца, Трыер у гэтым фільме зусім ужо несправядлівы да мужчын. Быў у Ленінградзе такі гурт — Автоматические удовлетворители. Вось гэта сапраўдныя мужчыны для Німфаманкі. У большай частцы роляў мог бы зняцца вібратар.

Ну што гэта, Трыер? Дзе мужыкі, гвалт і жорсткасць?! Усе на прагляд другой часткі?» — пытаецца крытык.

Ганна Яфрэменка, шэф-рэдактарка часопіса «.сапіенс», у сваім каментары звяртае ўвагу на гумарыстычны падыход рэжысёра да падачы матэрыялу, адзначаючы пры гэтым відавочную збянтэжанасць «ахвотных да артхаўсу хіпстэраў», якімі была напоўненая глядзельная заля. «І вось гэтым хіпстэрам паказваюць гумар Трыера — а яны не ведаюць, смяяцца ці не. Таму нармальная рэакцыя, калі палова залі нават не ўсміхнецца, а другая — б’ецца ў істэрыцы ад рогату. Я выйшла з фільма са слязьмі ад смеху, але з пачуццём, што нешта мне недадалі. А менавіта — другую частку».

Каардынатар кінафестывалю «Cinema Perpetuum Mobile» Ганна Ражанцова вызначае «Німфаманку» як «тонкую разумную камедыю і псіхалагічную драму, што знаходзіцца амаль на мяжы папсовасці, але не пазбаўленую фірмовых трыераўскіх іроніі і сарказму». Яна дадае, што фільм здаўся ёй вельмі «гарманічным і ачышчальным, нават жыццесцвярджальным».

kinopoisk.ru

Адзін з нешматлікіх (калі не адзіны) афіцыйны водгук на фільм у беларускай інтэрнэт-прасторы — рэцэнзія Аляксея Братачкіна на партале «Новая Еўропа». Ахвотна прыняўшы па-майстэрску навязаныя Трыерам правілы гульні, Братачкін пускаецца ў разважанні на тэму сэксуальнага і цялеснага. Нібы вопратку ў краме, ён прымярае гэтыя паняцці да беларускіх рэаліяў і прыходзіць да высновы, што трыераўскі «аповед пра сэксуальнасць», хутчэй за ўсё, застанецца для нас незразумелым — «сэксуальнасць не ў сэнсе сэксуальнай тэхнікі, а як сацыяльны, культурны, палітычны (і гэтак далей) феномен». З прычыны таго, дадае  Аляксей, што контуры сэксуальнасці, пра якую распавядае фон Трыер, «яшчэ толькі вызначаюцца ў нашай частцы свету па многіх прычынах». Аднак, мне здаецца, што падобны разбор палётаў, які магчымы ў дачыненні да любога іншага рэжысёра, не спрацоўвае ў выпадку з Ларсам.

Звесці ўсё да відавочнага — не той варыянт, які магчымы пры аналізе творчасці чалавека, які самастойна стварае і актыўна прапагандуе ўласныя нормы і правілы «паводзінаў» у кінематографе,

генія, які бярэ на сябе смеласць распрацоўваць — часам у форме іранічнага адказу і вытанчанай правакацыі, накіраванай на новыя каштоўнасці і моду, — абсалютна новыя візуальныя мовы. Як адзначае ў адной з біяграфій рэжысёра пісьменнік Нільс Торсен, «ягоныя фільмы змяшчаюць у сябе столькі розных слаёў, а ўраўненні ў іх настолькі поўныя невядомых, што мы аўтаматычна мяркуем, што тое ж самае дакладна ў дачыненні да іх стваральніка. Але Ларс фон Трыер хутчэй практык, чым мысляр, і ўсе спробы аналізаваць яго самога асуджаныя на няўдачу. Уваходы аказваюцца вузкімі і элементарнымі і заўсёды змешчаныя ў ніжняй бакавой частцы будынкаў. Менавіта адсюль і трэба пачынаць: з элементарнага. Пасля чаго паволі прасоўвацца наперад і ўверх».

Таму што «Німфаманка» зусім не пра сэкс.

Наперад і ўверх

Уваходы ў разуменне як асобы фон Трыера, так і ягоных, падобных да буйной цыбуліны, фільмаў, простыя. «Німфаманка» — фільм не пра сэкс альбо не пра тое, ці варта абмяжоўваць сваю цялеснасць. Каб зразумець гэта, дастаткова ўспомніць, што стужка фармальна завяршае «Трылогію дэпрэсіі» Трыера (з вялікім пытальнікам наконт таго, ці сапраўды яна пакладзе канец трывожнаму стану, да якога жорстка схільны ў цяперашні час сам рэжысёр). Тры фільмы, аб’яднаныя агульнай тэмай, уяўляюць, амаль з музейнай беражлівасцю, своеасаблівую класіфікацыю дэпрэсій галоўных герояў. Дэпрэсія, выкліканая пачуццём віны («Антыхрыст»); дэпрэсія, звязаная з неўрозам дакучлівых станаў («Меланхолія»), і, нарэшце, дэпрэсія як рэакцыя арганізма на тое самае неспатольнае «жаданне атрымаць больш ад заходу сонца» («Німфаманка»).

kinopoisk.ru

Фон Трыер, як заўсёды, элегантна і шчыра выкарыстоўвае, па сутнасці, вельмі простыя і зразумелыя метафары. На прыкладзе сэксуальнага інстынкту — базавай чалавечай патрэбы — ён фармулюе значна больш усёахопную праблему, уласцівую, я ўпэўненая, у рознай ступені кожнаму з нас. Гэтая праблема звязаная з глыбінным, часам дрэнна ўсвядомленым, жаданнем імкнуцца да большага: фізічна валодаць, мацней адчуваць, маштабней кантраляваць. Гэтая праблема — вечная пагоня за ідэальным прамяністым заўтра, якое ў выглядзе прыгожых і правільных выяваў навязваецца кожнаму з нас (незалежна ад геаграфічных рэалій) сацыяльнымі нормамі і непаўнавартасным дзяцінствам. Вось ты ўжо — быццам бы — ведаеш «сакрэтны рэцэпт», вось ты — быццам бы — вызначыў сваю мэту і ўжо нават амаль задаволены(ая) і шчаслівы(ая) — але (бац!) — і ты раптам, як галоўная гераіня «Німфаманкі» Джо, «нічога не адчуваеш».

Мэта фармальна дасягнута, але вынік імгненна абясцэнены.

Ты паспяхова ажаніўся (выйшла замуж), набыў(ла) машыну, назбіраў(ла) на кватэру, у цябе дзіця і поўная лядоўня. Ты стаіш у чарзе ў супермаркеце, і твой вазок поўны ежай, паглынанне якой прыносіць не толькі спаталенне голаду, але і задаволеную рэакцыю смакавых рэцэптараў. І, у прынцыпе, не так усё і дрэнна, ці не праўда? Як спявала яшчэ гадоў дваццаць таму амерыканская кантры-спявачка Шэрыл Кроў, «if it makes you happy, so why the hell you are so sad?» («Калі гэта робіць цябе шчаслівым, дык якога чорта ты сумуеш?»)

Смутак, трывога, няўпэўненасць у тым, што ты жывеш сваім уласным жыццём, нерэалізаванасць сапраўднага ці выдуманага патэнцыялу, немагчымасць атрымліваць асалоду ад заходу сонца, ад жанчыны (мужчыны), вячэры, творчасці — тое самае неспатольнае жаданне хацець большага, альбо, што яшчэ прасцей, хацець іншага. Як вынік — стан бяздушнасці, апатыі, які прымушае німфаманку Джо задумаць гульню ў косці, калі кожная грань, якая выпадае, азначае парадкавы нумар палюбоўніка. Такім чынам яна цалкам здымае з сябе адказнасць за сваю ж абыякавасць.

Німф()манка як прастора ўнутры дужак

Блізкія сябры лічаць Ларса фон Трыера адзіным у свеце абсалютна шчырым чалавекам. І сапраўды, кожны з ягоных фільмаў — люстэрка яшчэ адной грані экзістэнцыяльнага пошуку генія. Так, «Трылогія дэпрэсіі» не толькі праўдзіва напоўнена алюзіямі на любімага Трыерам Андрэя Таркоўскага, але і літаральным чынам ілюструе цяжкі псіхічны стан, які давялося перажыць самому рэжысёру.

Неўроз і трывогі — як жоран, прыбіты да нагі (у «Антыхрысце»); заняпад сіл, што прымушае чалавека фізічна перажываць інтэнсіўны цяжар у целе, суткамі не ўставаць з ложку (у «Меланхоліі»).

Гэтыя моманты — аб’ектыўная частка біяграфіі Трыера. І гэтак жа, як ён сам уплятае свой асабісты досвед у канву фільмаў, у іх заўсёды застаецца месца для нашага ўласнага манеўру інтэрпрэтацый. Як адзначае ў сваім водгуку на стужку мастачка Мар’яна Карповіч-Сакалова, «прастата сюжэту пры шматслойнасці падачы, дасціпныя параўнанні і супастаўленне разам з дакументальнай фіксацыяй пасцельных фактаў — гэта толькі вярхушка айсберга эмоцый, сэнсаў і перажыванняў, якія транслюе з экрана аўтар».

Маладзенькія дзяўчаты, якія сядзяць са мной у адным радзе, пагардліва пырхаюць і моршчацца, калі на экране дэманструецца галерэя мужчынскіх геніталій усіх колераў і памераў. Тое, што бачаць дзяўчыны, ёсць іканічным знакам, выявай па-за кантэкстам разумення фігуры і месца Трыера ў сучасным сусветным кінематографе, якая падражнівае новую модную звычку атрымліваць інфармацыю ў знятым выглядзе, дзе тут жа спехам фармулюецца ацэначнае «фі».

«Вам брыдка, вам страшна? Што ж, значыць, вам ёсць над чым працаваць,

— заўважае ў сваёй рэцэнзіі на фільм Ганна Ражанцова, — гэты рэжысёр не можа пакінуць абыякавым — ён ці прыцягвае, ці адштурхоўвае, паказваючы патаемныя месцы чалавечай псіхікі, прымушаючы глядзець на боль, страх, схаваныя жаданні і, што самае галоўнае, дапамагаючы выявіць нашую рэакцыю на ўбачанае».

Квіткоў на першую частку «Німфаманкі» на 14 лютага не было ўжо за тры дні да прэм’еры. Мы ўзялі, фактычна, апошнія — на першы рад. Чаго большага можна жадаць ад вялікага Ларса фон Трыера? І ён зноў зрабіў гэта.

P. S. «Трохі нагадвае дужкі. Унутры дужак — усё, што ў нас ёсць (можа быць, амаль і нічога; бачыш тое, што шукаў), за дужкамі — усё астатняе» (Антон Барысенка, публіцыст і даследчык).

Вольга Бубіч, пераклад з расейскай мовы

Фатаграфіі // kinopoisk.ru

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology