Экзістэнцыйная антысанітарыя Аляксея Германа

Наўрад ці мы некалі зразумеем, як «Цяжка быць богам»

Яшчэ да выхаду «Цяжка быць богам» Аляксея Германа-старэйшага на экраны многія сталі называць гэты фільм найгалоўнейшым у найноўшай гісторыі кіно. Пасля выхаду фільма меркаванні, праўда, падзяліліся. А мне прыгадаўся адзін досціп пра тое, што людзі, якія здолелі прачытаць «Уліса» Джойса, проста не могуць прызнаць сваю «паразу» і марнасць патрачанага часу і ўсвядоміць, што чытво гэтае было не з лепшых. Не сцвярджаю, што паглядзець «Цяжка быць богам» — марны занятак.

Але тое, што многія сэнсава важныя рэчы цяжка адрозніць падчас першага прагляду стужкі, якая цягнецца тры гадзіны, — факт.

А на другі прагляд, як пісаў у сваім эсэ для «Новай газеты» Умбэрта Эка, наўрад ці хто адважыцца.

kinopoisk.ru

Ды і фільмам «Цяжка быць богам» Германа назваць даволі складана. Гэта, хутчэй, выказванне, кінавыказванне. Створанае для азначэння, скажам так, сваёй пазіцыі ў дачыненні да чалавека і чалавецтва. Ды і сам рэжысёр называў гэты фільм самым важным у сваім жыцці, вядома, не з-за кінамовы і творчага метаду.

А таму, што «Цяжка быць богам» (і ў выкананні Германа, і ў выкананні братоў Стругацкіх у аднайменнай аповесці) — магутнае філасофскае выказванне-палатно.

Не пазбаўленае ў пэўным сэнсе лінейнага развіцця сюжэту, але дзіўным чынам пазбаўленае традыцыйнага наратыву. Тут усё быццам бы паслядоўна. Але гэтая паслядоўнасць не мае абсалютна ніякага значэння. Значэнне маюць толькі зло і гвалт у дэталях. І парадокс таго, што, якімі б высакароднымі ні былі намеры чалавека (канкрэтна галоўнага героя дона Руматы, які хацеў дапамагчы планеце Арканар, што захрасла ў сярэднявеччы, стаць на гуманістычны шлях развіцця), у выніку ў яго не будзе ніякага іншага спосабу, каб дасягнуць сваёй высакароднай мэты, акрамя гвалту, забойстваў і гранічнай жорсткасці.

«Цяжка быць богам» — гэта параксізм жаху наогул і ў творчасці Аляксея Германа ў прыватнасці. Па сутнасці Герман усімі сваімі фільмамі стварыў уласны дыскурс, у якім даследаваў прыроду чалавека, яго слабасці і парадоксы: «Сёмы спадарожнік» (1967), «Двадцаць дзён без вайны» (1976), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984).

kinopoisk.ru

Кажуць нават, што ў сваіх даследаваннях Герман мог перайсці мяжу. Прынамсі, нешматлікія звесткі са здымачнай пляцоўкі фільма «Цяжка быць богам», на якую рэжысёр абы-каго не дапускаў, сцвярджаюць, што Герман часам паводзіўся з акцёрамі і здымачнай групай у духу самога фільма. Цяжка падабраць тут правільнае слова, але якім усё-ткі трэба быць фанатам (або фанатыкам?) сваёй справы, каб а) здымаць адзін фільм 14 гадоў, б) прымусіць акцёраў (рэальных жывых людзей — sic!) рабіць тое, што яны робяць у кадры. Прычым некаторыя дублі здымаліся шмат разоў. А раней ім яшчэ папярэднічалі працяглыя рэпетыцыі…

Чорна-белы свет Германа ў «Цяжка быць богам» з мноствам дробных дэталяў прымушае не проста акунуцца ў Арканар, але адчуць кожнай сваёй клеткай усю гідоту, якая толькі магчымая ў сусвеце і якая з’яўляецца вынікам жыцця, працы і дзейнасці чалавека.

З пункту гледжання стылю нельга сказаць, што «Цяжка быць богам» — гэта нейкае радыкальна новае кінавыказванне для Германа. Варта ўзгадаць хаця б «Хрусталёў, машыну!». Там таксама героі адасабляюцца ад камеры, гаворачы некуды ўглыб кадра, там таксама доўгія планы і не шмат мантажных склеек, там таксама на пярэднім плане паўстаюць нейкія дробязі: імбрык, валасы, боты… І там, і тут таксама прысутнічае тыповая германаўская прастора. У «Хрусталёў, машыну!» гэта кватэра, якая здаецца цэлай планетай з прычыны неверагоднай насычанасці прадметамі, людзьмі і эмоцыямі. У «Цяжка быць богам» — гэта чужая планета Арканар, на якую галоўны герой дон Румата (якога сыграў Леанід Ярмольнік) прыехаў, каб скіраваць тутэйшае грамадства на правільны, так бы мовіць, шлях. Што ж, высакародная місія… Толькі наўрад ці да гэтага першапачаткова можна ставіцца з надзеяй. Канешне, калі гаворка не ідзе пра галівудскія блакбастары.

kinopoisk.ru

Наогул, свет фільмаў Аляксея Германа заслугоўвае асобнай увагі. Нездарма ж, напрыклад, над «Цяжка быць богам» з ім працавалі ажно тры мастакі-пастаноўшчыкі: Бэла Маневіч («Белае сонца пустыні»), Алена Жукава і Георгій Кропачаў («Хрусталёў, машыну!»).

Стварыць такое адчуванне ўнутранага і вонкавага дыскамфорту на экране, такую экзістэнцыйную антысанітарыю трэба яшчэ ўмудрыцца! Глядзець на гэта амаль немагчыма. Навошта ж столькі бруду, столькі гвалту?

Можа быць, можна было абысціся меншай крывёй?.. Канешне, калі глядзіш на такую колькасць нечыстотаў і кішак на экране (хоць бы і ў чорна-белым варыянце), усё прыўкраснае ў табе абураецца. Але адкажыце сабе шчыра: каго сёння ўжо ўразіш меншым? Нас з дзяцінства прызвычайваюць да смерці, гвалту і дамінавання аднаго чалавека над іншым на ўсіх магчымых узроўнях: пясочніца, дзіцячы садок, школа, навіны, баевікі… Каго сёння прымусіш задумацца пры сузіранні дзясятка трупаў на экране? А вось калі давесці жах да ўзроўню рэальнага фізічнага непрыняцца — можа, у чалавеку нешта скалынецца. Хаця і тое не факт. Большасць, напэўна, проста пойдуць на кухню абурацца, як жа такое можна здымаць, а некаторыя нават напішуць ліст у Кінавідэапракат з абурэннем, як жа такое можна паказваць у кінатэатры!..

Усё-ткі меў рацыю Марцін Скарсэзэ, які не так даўно гучна ўсім расказаў, што кіно скончылася. Дакладней, кіно ў звыклым для нас разуменні. Герман патраціў 14 гадоў на тое, каб зняць свой фільм. Пры такіх часавых, тэхнічных і душэўных выдатках яго мэсэдж мусіў быць глабальным, а паказ фільма ў кінатэатрах павінен быў змяніць свет. Але кіно такога ўзору наканавана быць зразуметым купкай інтэлектуалаў з сіндромам міласэрнасці і душэўных ваганняў. Што казаць, калі нават Леанід Ярмольнік, які ў прынцыпе выдатна сыграў дона Румату, пераўвасобіўшыся ў асбалютна нетыповага для сябе персанажа, і тое, здаецца, заблытаўся або так нічога і не зразумеў. Днямі ён у перадачы Уладзіміра Салаўёва на адным з расійскіх тэлеканалаў з пенай ля рота падтрымліваў тэму пра фашыстаў ва Ўкраіне і дзейснасць метаду кнута і перніка…

Але ж вы не гэта хацелі сказаць, праўда, Аляксей Юр’евіч?..

Воля Чайкоўская

Фатаграфіі // kinopoisk.ru

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2017. Дызайн: Vera Reshto. Вёрстка: Swagg.by .Антивирус для сайта WordPres СтопВирус