ПРАСТОРА ПРЫВАТНАГА ЛЕСУ

У сакавіку 2014 года ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» быў паказаны праект «angulum ligno». Аднайменная інсталяцыя была створана мастачкай Аленай Гайдук у межах праграмы галерэі па падтрымцы маладых аўтараў «START». Паўторна праект прыняў удзел у выставе «Анатомія» ў Віцебскім арт-цэнтры Марка Шагала ў красавіку гэтага ж года.

hajduk (2)

Калі гаворка ідзе пра выставу мастачкі, галоўным момантам разважанняў часта становяцца не працы, а фактар дапушчальнай дозы жаноцкага ў мастацтве. «Аngulum ligno» — прыклад выключна жаночага падыходу, галоўным героем інсталяцыі сталася сама асоба аўтаркі. Мастачка стварае аб’екты ў манеры, якая падкрэслівае яе статус і належнасць, і не толькі не саромеецца ўласнай жаноцкасці, але вызначае яе як базісны чыннік самаўтварэння і ідэнтыфікацыі.

Называючы рэчы сваімі імёнамі, мы пазбаўляемся вечнага параўнання і правакатыўнага гендарнага спаборніцтва.

Аправа праваслаўнага абраза, выявы каталіцкіх алтарных скульптур, фотаздымкі рэштак гатычных скляпенняў выклікаюць толькі эстэтычныя пачуцці і не з’яўляюцца больш праваднікамі той сімволікі, якую яны мелі раней. Мастачка выкрывае адну з уласных роляў — назіральнік. Архітэктурныя элементы, гістарычна-культурныя артэфакты, прадметы рэлігійнага характару — толькі аб’екты сузірання, надзеленыя штучнай энергетыкай пакланення. Забытыя і малацікавыя для актыўнага верніка, аб’екты робяцца прывабнымі для мастацкага ўвасаблення, бо страцілі свой першапачатковы сэнс і на дадзены момант з’яўляюцца вольнымі для запаўнення новымі значэннямі.

Усе дэталі інсталяцыі для Алены Гайдук — тут і зараз, яны не вядуць гаворку пра былое, яны ёсць завершанай і дасканалай з’явай сённяшняга дня.

hajduk (3)

Натуральна, прыгажосць ёсць вырашальным фактарам з’яўлення аб’екта ў інсталяцыі. Усе складнікі — прыклад вытрыманай прыгажосці ва ўспрыманні аўтаркі. Паўстае пытанне: ці не ёсць гэта пачаткам стварэння новай эстэтыкі і пластыкі, якую так апантана шукаюць у сучасным мастацтве спажыўцы «старой школы»?

«Аngulum ligno» — без варыянтаў, своеасаблівы аўтапартрэт мастачкі: гісторыя ўласных чыннікаў пераўтвараецца ў поўнавартасныя працы. Натхняльнымі вобразамі становяцца лёгкія для ўспрымання, прыгожыя па сваёй прыродзе рэчы, знітаваныя адной тэмай — асобай Алены. Выставіць сябе на вывучэнне для маладой аўтаркі — гэта спраўдзіць магчымасць быць успрынятай цалкам, але дэталізавана, у дробязях.

Аўтапартрэт — спосаб глядзець на сябе звонку, разбірацца ў сабе, паглыбляцца, ацэньваць. Алена Гайдук не стварае пэўнага збіральнага вобраза, яна спрашчае задачу і выкладае на агляд мноства складнікаў уласнага партрэта. Багаты на вобразы і выявы візуальны шэраг не страчвае цэласнасці, у ім адсутнічаюць лішнія дэталі, нягледзячы на тое, што колькасны паказнік фактур і выяваў пераходзіць за лічбу з двума нулямі, — цэласным вобразам становіцца асоба аўтара. Карцінкі, фотаздымкі, графічныя ды жывапісныя працы, калажы, «аброслыя» прыроднымі жывымі элементамі — мохам, травой і галінамі дрэў, арганічна пераплятаюцца між сабой і гарманічна суіснуюць у прасторы «angulum ligno».

hajduk (5)

Алена падкрэслівае сваю прыналежнасць да прыроды, непадзельнасць з ёю, бы апраўдваючы сваю «чалавечнасць». Як аднаўляецца прырода пасля бедстваў: абпаленыя пажарамі палі зарастаюць зялёнай травой, на месцы паваленых дрэваў праз гады паўстае новы лес, — так і зарослыя мохам выявы і аб’екты становяцца часткай жывога прыроднага арганізма, жыццяздольнага і пераможнага. Незаўважна для сябе ці цалкам усвядомлена кожны мастак уздымае прыроду ў фармат выключнай каштоўнасці. Пленэры, замалёўкі з натуры былі і застаюцца адзіным непарушным эстэтычным ідэалам творчасці.

Алена Гайдук назірае за тым, як інсталяцыя-аўтапартрэт зарастае мохам, набывае ўзрост, становіцца часткай лацінскага недатыкальнага angulum ligno.

Аngulum ligno перакладаецца як «лес, які знаходзіцца ў куце». Лацінскае найменне праекта скіроўвае на той факт, што з’ява, пра якую гаворыцца ў праекце, патрабавала пэўнага вывучэння, класіфікацыі і названасці. Аngulum ligno — гэта псеўданавуковая назва, што сістэматызуе аб’екты, якія не з’яўляюцца цікавымі для навукі. Перажыванні, індывідуальны досвед, самаўспрыманне, названыя мёртвай мовай, пераводзяць тэму праекта ў стан недатыкальнасці і непарушнасці.

Загалоўная праца інсталяцыі — мантаж уласнага партрэта і постаці ў сярэднявечным шляхецкім строі — з’яўляецца квінтэсенцыяй самаўспрымання мастачкі. Нязвыкла выпрастаная пастава і адкрыты твар выглядаюць штучна для сучаснага партрэта і падкрэсліваюць той факт, што на ўвазе маецца не наўпростае адлюстраванне, а ўяўленне пра сябе. У аўтапартрэце сцёрты рот, вочы з’яўляюцца адзіным інструментам кантактавання, што выразна падкрэслівае статус назіральніка. Любаванне — асноўная функцыя гэтага позірку, і гэта любаванне, да якога ставяцца сур’езна, любаванне, якое становіцца падставай для навуковага даследавання.

Пакаленне Алены Гайдук (народжаныя ў 1990-х) сцёрла з памяці шэраг стэрэатыпаў, уласцівых больш сталым, і выявіла прастору, дзе пануюць новыя, нявывучаныя, яшчэ няўхваленыя каштоўнасці. Няўхваленасць робіць гэтыя каштоўнасці не менш прывабнымі для вывучэння, але часам складанымі для ўспрымання.

hajduk (4)

Відэа — частка інсталяцыі «angulum lingo» — адлюстроўвае бясконцы працэс заплятання і расплятання касы. Гэты працэс больш не нясе, напрыклад, уласцівую яму раней інфармацыю пра даросласць альбо замужжа жанчыны, што звыкла счытваецца ў такім рытуале. У сваім інтэрв’ю па адкрыцці выставы мастачка адназначна адмовілася ад прапанаваных ёй сэнсаў, якія ўкладалі продкі ў справу заплятання валасоў, больш за тое, гэтыя сэнсы падаліся ёй чужымі і надуманымі. Відавочна, для маладога пакалення старадаўнія традыцыі і сімвалы цалкам страцілі сваю моц. Агульныя, шырока распаўсюджаныя стэрэатыпы, не падмацаваныя практыкай, перасталі існаваць ужо праз пакаленне — ад бабулі да ўнучкі спыніўся працэс перадачы інфармацыі, звязанай з сімволікай і жыццёвымі каштоўнасцямі. На змену ім прыходзяць персанальныя, інтымныя ўяўленні, што дасканала супадаюць з агульнымі, але пакуль не агульнапрынятымі.

На гэтай цікаўнасці да новых сэнсаў і спалучэнняў грае сучаснае маладое мастацтва, адна з галоўных роляў якога — называць і выкрываць, даваць імёны.

Расплятанне і заплятанне касы ў інсталяцыі «angulum ligno» сталася спосабам адлюстравання цыклічнасці і паўтарэння, штодзённасці простых інтымных рытуалаў, жаноцкасці. У інсталяцыі ствараецца новая міфалогія, гаворка ідзе ўжо на новай мове і па правілах новага часу. Прыналежнасць да прыроды, бескампрамісная відавочная жаноцкасць падкрэслены аб’ектам, створаным цалкам з прыроднага матэрыялу — павойнай расліны. Двухметровая каса выстаўлена побач з відэа, падкрэслівае яго галоўныя пасылы і з’яўляецца мастком паміж лічбавай выявай і натуральнымі матэрыяламі.

Візуальны шэраг пректа складаецца са здымкаў частак цела, валасоў, далікатных далоняў, вопраткі. Вонкавы назіральнік заўважыць у інсталяцыі акрамя бясконцых масак мастачкі яшчэ і асабістыя аўтапартрэты, калі не ў карцінках, то, без усялякай дваістасці, у аскепках люстэрка, што аздабляе мохавыя дэталі інсталяцыі. Старая дошка, зарослая мохам, некалі з’яўлялася часткай драўлянага алтара касцёла з Глыбоччыны. Навакольныя вёскі апусцелі, касцёл перастаў быць патрэбным, спарахнеў і разбурыўся. Пакрытая прыродным дэкорам — мохам і лішайнікамі, — дошка стала сімвалам неўміручасці прыарытэтаў мастачкі — гістарычнага, рэлігійнага, эстэтычнага і прыроднага ў адным невялікім аб’екце. Без зменаў ён стаўся часткай інсталяцыі.

hajduk (6)

Сезоннасць лесу сінхронная цыклічнасці жыццёвых перыядаў і будзённасці, гэта падкрэсліваецца ў відэачастцы «angulum ligno» і параўноўвае прыродны і жаноцкі пачаткі. Уся асоба аўтаркі — ці адно яе частка — зліваецца з асяроддзем, робіцца схаванай ад вонкавых умяшанняў, развіваецца натуральна, па ўнутранай неабходнасці, а не праз стос вызначаных правілаў, «зарастае мохам», пераплятаецца з травой і галінамі, становіцца больш натуральнай і, тым самым, апраўдваецца прыродай і набывае новы статус — статус існага.

На гэтым этапе ўсё, што яе цікавіць, — гэта стварэнне ўласнай эстэтычнай тэрыторыі.

Лес у куце — гэта прыватная прастора, валадарства лакальнага характару з непаўторнымі складнікамі, пазбаўленае любога штучнага асацыявання. Лес — тэрыторыя дзікасці і натуральнасці, тут усё жыве па прыватных законах, далёкіх ад звыклых абмежаванняў. Малая інтымная пляцоўка, якая змяшчаецца ў звыклым асяроддзі, развіваецца, стварае сваю экасістэму перажыванняў і ўяўленняў. Аngulum ligno —гэта, па сутнасці, стан чалавека, што жыве ў сённяшняй Беларусі і вымушаны ствараць уласную непадпарадкавальную прастору на прадэзінфікаванай, стэрыльнай тэрыторыі краіны. Вырошчванне ў куце жывога лесу ідзе ўразрэз з вычышчаным асяроддзем беларускай сучаснасці.

Мы маем сітуацыю, дзе вытручваецца любая самадастатковасць і выкарчоўваецца вальнадумства, такія неабходныя для фармавання асобы. Лес у куце — выйсце і неабходнасць кожнага свядомага індывіда.

Лесам у куце становяцца кухонныя размовы, прыватныя вечарыны з блізкімі сябрамі, месцы адпачынку і працы, у якіх умяшанне звонку становіцца мінімальным ці сыходзіць на нуль, а прастора створана выключна па ўласных правілах і жаданнях. Лесам у куце робяцца стасункі, дзе можна дзяліцца патаемнымі жаданнямі, сям’я, парафія, унія. Лес не падуладны ніякаму структураванню, не падпарадкоўваецца чужым законам. Для паўнавартаснага жыцця чалавеку неабходная менавіта такая прастора, таму тэрмін «лес у куце» мае права стаць намінальным.

Сёння відавочнымі становяцца трансфармацыя стэрэатыпаў, замена пасівелых паняццяў і стварэнне новай візуальнай і пачуццёвай мастацкай мовы. Бязмежнасць — як інфармацыйная, так і тэхнічная — фармуе ўсеўмяшчальную базу для развіцця і творчасці. Падмена каштоўнасцей працякае натуральна — як вынік спусташальнага дыскрэдытавання падставовых паняццяў папярэдніх часоў. Кожны перыяд дыктуе неабходнасць фармавання новай мовы, якая будзе дакладна апавядаць пра гэты час і канкрэтызаваць паняцці. Вялікая колькасць інфармацыйных адсылак, якія выкарыстоўвае мастачка, адлюстроўвае канфлікт нявызначанасці новай мовы.

Да той пары патрабуецца вялікая колькасць эпітэтаў для дасканалага апісання з’яў, адчувальных кожнаму, але непрагавораных, патаемных, схаваных у гушчары «лесу ў куце».

Наталля Гарачая

Фатаграфіі © Віка Шчарбакова

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


  1. Inna:

    «Кожны перыяд дыктуе неабходнасць фармавання новай мовы, якая будзе дакладна апавядаць пра гэты час і канкрэтызаваць паняцці» — очень смелое высказывание. Соглашусь, что проект Алены заслуживает внимания, он очень интимный и для нашего контекста редкий. Но — где этот новый язык? Скорее, она очень точно интуитивно работает с феминистской лексикой конца 20 века. Вообщем, художнице большой респект, еще смелее и жестче.

  2. Оля:

    Ну знаете, мне вообще кажется, что каждый увидел свое. Как можно брать на себя уверенность правильно рассказывать? У меня лично были другие ассоциации.

Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology