21 — 23 красавіка адкрыецца выстава «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта»

21 — 23 красавіка 2014 года ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Цэнтра сучасных мастацтваў у рамках правядзення Чэмпіянату свету па хакеі адкрыецца выстаўка сучаснага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта». 

Беларускі авангард фарміраваўся мастакамі-эксперыментатарамі, сёння вядомымі ў многіх краінах свету. З пачатку ХХ стагоддзя многія беларускія гарады, асабліва Віцебск і Мінск, служылі своеасаблівай лабараторыяй мастацтва, тут доўга захоўваліся авангардныя мастацкія школы. І як стагоддзе таму, сёння айчыннае мастацтва адрозніваецца разнастайнасцю эксперыментальных формаў, адсутнасцю аднолькавасці, аднабаковасці, спрошчанасці. У беларускім мастацтве адчувальна моцны ўплыў такога феномену, як «мастацкая супольнасць», багатая на фармальныя і вобразныя пошукі і эксперыменты. Мастацкі авангард выявіўся ў жывапісе, архітэктуры, дызайне, музыцы, тэатры і кіно. Ён паўплываў на ўвесь стыль жыцця ХХ стагоддзя. Асэнсаванне мастацтва і культуры Беларусі ў яе авангардных праявах застаецца актуальным і зараз як спасціжэнне вытокаў нашай сучаснай культуры.

1

Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што ўпершыню паслядоўна і поўна сабраны ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў адзіную экспазіцыю «Сто гадоў беларускага авангарда» творы авангарда, андэграўнда, нонканфармізма з 1910-х па 1990-я гады. Экспазіцыя выстаўкі сучаснага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта», якая адкрыецца ў будынку на праспекце Пераможцаў 14, звязвае працы мастакоў-авангардыстаў ХХ стагоддзя і сучасных беларускіх аўтараў ХХІ стагоддзя, паказваючы пераемнасць традыцый і іх развіццё ў жывапісе, графіке, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, арт-аб’ектах, дызайне і фатаграфіі. Гэта дае магчымасць убачыць творчую дынаміку беларускага мастацтва ў ХХІ стагоддзі. Фармальныя і вобразныя пошукі, якія ярка праявіліся ў творах беларускага андэграўнда ў 1960–1970-х гадах і маладых мастакоў у 1980–1990-х гадах, леглі ў аснову сучаснага беларускага мастацтва, пашырылі яго жанрава-візуальны спектр, спрыялі развіццю эксперыментальных напрамкаў творчасці, сінтэзу розных відаў мастацтваў.

Паказваючы работы сучасных беларускіх аўтараў у непасрэднай сувязі з авангардам ХХ стагоддзя, мы ўключаем яго ў глабальны кантэкст прасторы еўрапейскай культуры.

Аснову экспазіцыі складаюць творы сябраў Беларускага саюза мастакоў (Мінск і рэгіёны), Беларускага саюза дызайнераў, маладых аўтараў. Большасць работ — апошніх гадоў стварэння, некаторыя ключавыя паняцці праілюстраваны экспанатамі з фондаў вядучых мастацкіх музеяў краіны і прыватных калекцый.

Наталля Шаранговіч, куратар выстаўкі, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў

17 красавіка (чацвер) а 18.00 запрашаем прадстаўнікоў СМІ на папярэдняе знаёмства з экспазіцыяй і сустрэчу з куратарскай групай выстаўкі, а таксама мастакамі-удзельнікамі выстаўкі.

Акрэдытацыя па электронным адрасе: artmodernmuseum@gmail.com і па тэлефонах:
+37529 662-30-34, +37529 568-31-70, Вераніка Молакава, каардынатар па рабоце з прэсай (+375 33) 305 49 89.

Выстаўка адбудзецца на трох пляцоўках:

праект «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» — будынак на праспекце Пераможцаў, 14; Адкрыццё 21 красавіка 2014г. а 18.00.

Прадстаўлены інтэрактыўны праект для шырокай аўдыторыі закліканы распавесці гледачам аб новых формах і актуальных тэндэнцыях у сучасным мастацтве. У экспазіцыі выстаўкі будуць аб’яднаны мастакі, дызайнеры, фатографы з розных рэгіёнаў Беларусі, паказаны жывапісныя, графічныя, скульптурныя творы, арт-аб’екты, інсталяцыі, відэа-арт, дызайн, фота, а таксама лепшыя мастацкія праекты апошніх дзесяці гадоў.

праект «Сто гадоў беларускага авангарда» — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Адкрыццё 22 красавіка 2014г. а 18.00.

Дадзены праект прадставіць авангардныя аб’яднанні ХХ стагоддзя, творчасць мастакоў-нонканфармістаў. На аснове розных калекцый (прыватныя і дзяржаўныя) праект фіксуе разнастайнасць мастацтва дадзенага перыяду. Гэта своеасаблівая спроба выбудаваць храналогію і прадставіць авангардныя аб’яднанні ХХ стагоддзя, інтэрпрэтаваць паняцці авангарда — як неад’емнай часткі беларускага мастацтва.

праект «Мастак і горад. BelART.by» — адкрытая пляцоўка на плошчы Якуба Коласа. Адкрыццё 23 красавіка 2014г. а 18.00.

У Беларусі напрамак «Pablic-art» — мастацтва ў публічнай прасторы — таксама становіцца актыўным складнікам гарадскога жыцця. На плошчы Якуба Коласа ў Мінску вось ужо трэці раз адкрыецца выстаўка рэпрадукцый з праекта «Мастак і горад. BelART.by». Сёлета ён прысвечаны беларускім мастакам і прэзентуе жывапіс і графіку айчынных аўтараў, прадстаўленых у калекцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Праект быў падтрыманы Мінгарвыканкамам, Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва, міжнародным сацыяльна-эканамічным фондам «Ідэя». Генеральны партнёр праекта — ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь).

Выстаўка будзе працаваць па 10 чэрвеня 2014 года і суправаджацца лекцыямі мастацтвазнаўцаў і культуролагаў, семінарамі, майстар-класамі, паказамі дакументальнага кіно, тэатральнымі перформансамі, канцэртамі, дэманстрацыямі авангардных калекцый беларускіх мадэльераў і штотыднёвымі сустрэчамі з беларускімі мастакамі.

Куратарская група: Н. Шаранговіч — куратар, Д. Сурскі — старшыня Беларускага саюза дызайнераў, Л. Хобатаў — намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, Н. Барсукова — дырэктар мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», А. Зіменка — старшыня ICOM Беларусі, В. Рыбчынская — загадчык аддзела выставак МСВМ, В. Архіпава — загадчык аддзела НММ РБ.

Архітэктар праекта: М. Шыкаў. Асістэнт архітэктара: Р. Ключнікаў.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology