«Не прарок, а камбінатар. Унутраны эмігрант зь дзіцячаю свабодай класьці рэчы не на месца. Такія жывуць, не пакідаючы пясочніцы. Але наіўныя карцінкі, рэкляма й шыльды, крывыя аматарскія фота й дваровыя графіці аказваюцца важкім рэсурсам творчае свабоды. Для Руслана Вашкевіча важны досьвед працы зь «няправільным» культурным матэрыялам — фармальна непаўнавартаснымі прафаннымі артэфактамі. У перапоўненай «дазволенымі» шаблёнамі прасторы «памылкі» працуюць як школа нефарматнага зроку. А культурны хлам — як крыніца натхненьня.

Дзе жыве Вашкевіч? У кампутарных інсталяцыях? У абсурдысцкім жывапісе? У мінімалісцкай графіцы? У пачціва-правакацыйных рэпліках Гольбэйна, Мікелянджэла й Уоргала? У гульнях з аматарскім фота й старымі часопісамі? Ці ў забавах з прастораю ўласных экспазыцыяў? Паўсюль. І нідзе. Аўтар умее хутка бегаць. Нават у большых на тры памеры красоўках. І зьнікае ў найбліжэйшых прысадах, кінуўшы азадачанаму гледачу жменю асацыяцыяў і сьпехам складзеную інструкцыю па зборцы».

Максім Жбанкоў «Артыст на ўцёках» \ «Плян уцёкаў»