«1981-1991 гады — надзвычайнае, лёсавызначальнае для Беларусі дзесяцігодзьдзе. У гэты час у мастацтва прыйшло пакаленьне творчых асобаў, моц якога была ў свабодзе выбару й амаль невыноснай меры адказнасьці за яе. Гэтыя маладыя людзі засвойвалі новыя формы існаваньня, іншыя традыцыі й бесьперапынна шукалі «сапраўднае» мастацтва. Сфармавалася культура, якая не прымала нормы й правілы, вызначаныя для яе грамадзтвам. Культурная палітыка ў Савецкім Саюзе будавалася на разуменьні мастацтва як ідэалягічнай дзейнасьці й патрабавала ад яго адпаведнасьці дзяржаўнай і палітычнай праграмам. Тыя, хто не прымаў гэтыя патрабаваньні, апыналіся «ў падпольлі», а іхная творчасьць абвяшчалася антыграмадзкай і антыдзяржаўнай зьяваю.

Зь вялікага кола аўтараў 1980-х гадоў для альбому былі абраныя тыя мастакі, якія найбольш актыўна выявілі сябе ў азначаны пэрыяд. Дасьледчыкі пакуль не знайшлі адзінага агульнага тэрміну, які мог бы акрэсьліць творчасьць мастакоў гэтага пэрыяду. Як толькі ні называюць гэтае мастацтва: «неафіцыйным», «нонканфармісцкім», «поставангардам», «андэрграўндам», «беларускім авангардам» 1980-х гадоў. Так ці інакш — гэтае мастацтва сталася сапраўдным увасабленьнем незалежнасьці й свабоды».

Вольга Архіпава / «Беларускі авангард 1980-х»