«Сярод працаў А.Р.Ч. асаблівую ўвагу прыцягваюць аўтапартрэты мастака, якімі ён стварае свой уласны міт. Цікавая дэталь — чорныя акуляры, за якімі на ўласных выявах мастак хавае свае вочы. А.Р.Ч. вельмі падрабязна, уважліва распрацоўвае сюжэт кожнай «гісторыі», шмат увагі надае дробным дэталям — кожную працу можна чытаць, як тэкст. Але галоўнае, што прыцягвае, — атмасфэра, якою наскрозь прасякнутыя працы А.Р.Ч., змрочнасьць, якой быццам наканавана тут быць і выхаду зь якой ніколі ня будзе.

Што гэта — успамін, хвароба, паталёгія, казка, мроя? Калі глядзіш на гэтыя «малюнкі», дакладна адчуваеш, што юнак з правінцыйнага гораду трансьлюе нешта большае за сваю асабістую драму. А.Р.Ч. удалося адчуць нейкі агульны боль, убачыць сапраўдны твар той рэальнасьці, якую жыхары гэтай прасторы катэгарычна адмаўляюць, уяўляючы навокал зямлю пад белымі крыламі й блакітныя вочы азёраў. Мастак быццам зьняў сонечныя акуляры з вачэй цэлай краіны, і раптам ты зірнуў у гэтыя вочы й убачыў жах. Мала таго, адчуў сваё месца ў гэтай «жудаснай казцы», месца, дзе табе наканавана быць ахвярай».

Тацяна Арцімовіч «Сон розуму нараджае пачвараў» \ А.Р.Ч.