«Імя Ўладзімера Цэсьлера ўжо даўно сталася брэндам у сучасным беларускім мастацтве. Мастак і дызайнэр, ён вядомы шырынёю жыцьцёвых інтарэсаў і шматграннасьцю творчае дзейнасьці. Фірмовы знак ArtDesignStudio U.Cesler & S.Vojcanka, а пасьля трагічна раньняга скону Сяргея Войчанкі ў 2004 годзе - ArtDesignStudio U.Cesler, - гэта гарант высокага прафэсіяналізму, якасьці й сучаснае мастацкае мовы.

Характэрная асаблівасьць творчага мэтаду Цэсьлера - гэта цікавасьць да сьвету паўсядзённых вобразаў навакольнага прадметнага асяродзьдзя, праца з устойлівымі стэрэатыпамі візуальнае й вэрбальнае масавае сьвядомасьці. У сваіх творах мастак пераўтварае іх у плястычныя знакі, камунікацыйныя сымбалічныя коды, што адкрываюць доступ да пранікненьня ў мэнтальнасьць і стыхію жыцьця людзей, пра якіх распавядаецца. Прынцып сынтэзу, злучэньня незлучальнага пакладзены ў аснову ня толькі жывапісных, але і практычна ўсіх твораў мастака. Фактычна гэты прынцып вызначае самую сутнасьць творчага стылю Цэсьлера».

Вольга Каваленка \ «Ё Цэсьлер»