«Адчужэнне савецкага»: злазіць, як мёртвая скура

COOL’OK падзеяў 2015! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі культурнага жыцця вуснамі беларускіх «пАРТызанак» і «пАРТызанаў»!

Дар’я Амяльковіч, крытык, журналістка:

Фота: А. Баярына

Фота: А. Баярына

Пачаць мне хочацца чамусьці не з падзеі, а з адчування настрою, пачуцця, пэўнай тэндэнцыі, якая фармавалася напрацягу года. Назаву яе «адчужэнне савецкага».

Сёлета з’явіўся нейкі істотны зазор, дыстанцыя паміж мінулым і цяперашнім, савецкая культура пачала злазіць, як мёртвая скура. І ўжо для большай часткі беларускага грамадства, якое з’яўляецца актыўным пераемнікам савецкай мадэлі, стала відавочным, што савецкае пераходзіць у катэгорыю былога, — іншыя рэаліі і праблемы.  Сфармавалася пакаленне, якое пачало разглядаць гэты час як штосьці іншае, асобнае, але ў якім былі свае героі і дасягненні. З’явіліся новыя погляды і даследаванні ўжо вядомых мастакоў, куратараў, інтэлектуалаў. Вось гэтае адчуванне трансфармацыі, сыходу, пераасэнсавання савецкага часу вылучаецца ў мяне ў галоўны матыў года. Пры тым, што было нямала падзей, якія звярталіся да будучыні, а не да мінулага, да сучаснасці.

Пры тым, што многія рэчы так і засталіся ў замарожаным стане. Аднак запомніліся некалькі праектаў, якія падштурхнулі да гэтай высновы. Розныя — і адначасова нечым звязаныя.

Георгій Дабро, які эксперыментуе з савецкай музычнай спадчынай. Так, Георгій называе сябе постшансанье, але відавочна, што перапрацоўвае ён не толькі выкіды сучаснага шансону, але і савецкія музычныя закаткі, выдаючы прадукт на «злобу і радасць» сэрца і розуму. Вядома, што распачаў сваю творчасць «гігант сэрца» ў мінулыя гады, але менавіта сёлета выдаў дэбютны альбом і, дасягнуўшы ў музычным даследаванні ўжо шалёных 90-х, выйшаў, уласна, на ліцвінскі біт — здзейсніўшы вольную вандроўку па дзесяцігоддзях. Праект, канешне, вельмі дасціпны, аднак адначасова ў чымсьці бязлітасны.

Анро. Мастак Андрэй Рогач для мяне стаўся адкрыццём года. У «ЦЭХу» сёлета была зладжана выстава гэтага маладога фатографа-жывапісца са Смаргоні. Адбылася яна ў летні час, і шкада — бо яе можна смела назваць адным з лепшых праектаў года. Анро працуе з фатаграфіяй, у тым ліку савецкіх часоў, пераносячы яе вобразы на палотны. І цікава, што яго героі, якія з дапамогай фарбы набываюць новае вымярэнне, — гэта безыменныя постаці «людзей у штацкім». Чалавек, якога ніхто не ведае на здымку, але ад якога сыходзіць жах. Карціны Анро маюць дасылкі да творчасці Фрэнсіса Бэкана, Люсьена Фройда, але тое, што ён зазямляе свае вобразы на савецкую глебу, — ускалыхвае. Ён працуе са страхам, нават з пустэчай, выяўляючы такога чалавека-zero, якога, здаецца, і няма, але які чамусьці памнажаецца да тысяч.

Анро, ЦЭХ 2015. Фота: С. Ждановіча

Анро, ЦЭХ 2015. Фота: С. Ждановіча

Андрэй Лянкевіч. Праект «Бывай, Радзіма!». Не хочацца Андрэя перахваліць, але яго перамога на «Восенькім салоне», на мой погляд, цалкам заслужаная. У конкурсе-выставе ўдзельнічала толькі адна з серый праекта — «Калажы», але яна адна з мацнейшых у будучай кнізе. Гэта ўжо сутыкненне ваеннай іканічнай фатаграфіі Другой сусветнай — лічы, вядомага тэксту — і знакаў, колераў ручнікоў, якія адсылаюць да старажытнай беларускай культуры, але таксама і да асабістага чалавечага расповеду, які не ўкладваецца ў рамкі вялікага наратыву.

Насамрэч гэты год для мяне быў багаты на падзеі як ніколі — давялося патрапіць у каманду праекта «Архіў сведкі вайны», які прадстаўляў Беларусь на Венецыянскім біенале. (Куратары — Аляксей Шынкарэнка і Вольга Рыбчынская.) Падвядзенне вынікаў гэтай шматэтапнай работы, якая яшчэ вядзецца, наперадзе. Тым не менш, нягледзячы на тое, што аснова праекта — фатаграфіі Першай сусветнай вайны, «Архіў…» выходзіць на яшчэ адну актуальную фігуру асэнсавання і сумеснага стварэння часу — сведкі. Гэты падыход — ключ да падзеяў, якія мы не толькі памятаем, але нават якія, здаецца, і не павінны ведаць.

Увогуле праца з архівамі, архівацыя — яшчэ адзін важны трэнд гэтага года. І тут адной з самых важных ініцыятыў лічу выставу, прысвечаную дзейнасці Людмілы Русавай. Дастаткова прачытаць ужо адзін тэкст мастачкі, каб пераканацца, што гэтая постаць сувымерная з выбітнымі сусветнымі імёнамі.

Завяршаючы, даходжу да прысуджэння Нобелеўская прэміі Святлане Алексіевіч. Быць сучаснікам гэтага прызнання — вялікае шчасце. І тут супала, на мой погляд, многае — і непасільная праца сэрца пісьменніцы, здольнай выслухаць і прыняць чужы боль, яе вялікая работа з тэкстамі і жаданне свету разабрацца ў тым самым шматпакутным мінулым. Спадзяюся, што той попыт на кнігі, які спараджае сусветнае прызнанне нобелеўскіх лаўрэатаў, магчыма, дапаможа камусьці і з беларусаў разабрацца ў сабе і выйсці з ценю «чырвонага чалавека».


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology