АДВЕЧНАЕ Ў ВОКАМГНЕННЫМ: стрыт-арт Андрэя Бусла

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Андрэй Бусел «Aeternus et momentum» / Менск, 2011

Архіў! pARTisan #17’2011

З 23 чэрвеня па 22 ліпеня 2011 года ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» быў рэалізаваны праект «Aeternus et momentum». У ягоных межах прайшлі выстава беларускага мастака, прадстаўніка стрыт-арту Андрэя Бусла, дыскусія пра гэты кірунак у культуры й экспэрымэнтальны музычны канцэрт.

У аснове канцэпцыі «Aeternus et momentum» палягаюць некалькі ідэяў. Першая — гэта прыўнясеньне новых сэнсаў у сучасную прастору гораду й ягоную паўсядзённасьць шляхам мастацкае практыкі стрыт-арту. Другая ідэя датычыцца стварэньня новых канатацыяў і інтэрпрэтацыяў агульнапрызнаных шэдэўраў эпохі Рэнэсансу, сьціраньня межаў паміж высокім і вулічным мастацтвам. Трэцяя ідэя — прыцягненьне ўвагі да менскага стрыт-арту й ўключэньне яго ў гандлёвае абарачэньне айчыннага культурнага рынку.

Спачатку хацелася б распавесьці пра тэхніку, якую скарыстоўваў мастак. Гэта «сut-out», раздрукаваныя на паперы прынты, некаторыя зь якіх прайшлі папярэднюю кампутарную апрацоўку. Пасля раздрукоўкі прынт наклейваецца на выбраную мастаком сьцяну й дапрацоўваецца. Андрэй Бусел дадаткова стварае з паперы й даклейвае складкі на адзеньні, выводзячы такім чынам выяву з аднае плоскасьці ў прастору, вонкі.

Такім чынам постаць набывае аб’ём і ўспрымаецца трохмерна, як скульптура. Выкарыстаньне балёнаў і фарбы дазваляе мастаку злучыць прасторы сьцяны й непасрэдна самога памяшканьня. Паводле словаў Андрэя Бусла, у кожнай працы даводзілася зьвяртацца да розных сродкаў: дзесьці — балён, дзесьці трэба было «састарыць» прынт і трохі яго абарваць, дзесьці — дамаляваць. У выніку творы Андрэя ўяўляюць сабою трансфарміраваныя вобразы клясычных шэдэўраў, якія нібыта выступаюць скрозь сьцены, як здані ці старажытныя фрэскі.

На жаль, падобныя прынты недаўгавечныя. Калі праца разьмешчаная ў будынку, яе максымальны «век» — 2 месяцы, а калі звонку — яшчэ меней.

Для мастакоў стрыт-арту характэрныя распрацоўка й выкарыстаньньне свайго ўнікальнага «лягатыпу». У інтэрпрэтацыі Андрэя Бусла такім «лягатыпам» высокага й адвечнага мастацтва ў сьвядомасьці чалавека ёсьць Рэнэсанс. Выкананьне твораў у закінутых, напаўразбураных будынках гораду, якія зьяўляюцца месцамі часовага жыхарства бяздомных людзей, яшчэ болей узмацняе проціпастаўленьне вечнага й вокамгненнага (aeternus et momentum), высокага й вулічнага мастацтва.

Злучэньне ўрбаністычных пабудоваў, тыпавых спальных раёнаў узростам трохі болей за 70 гадоў з шэдэўрамі Рэнэсансу прыводзіць да ўзьнікненьня новых канатацыяў твораў агульнапрызнаных майстроў сусьветнага мастацтва й спрыяе альтэрнатыўнаму ўспрыняцьцю гораду Менску.

Рашэньне пра дэманстрацыю працаў у фармаце фатаграфіяў было абумоўленае, па-першае, немагчымасьцю ажыцьцяўленьня легітымнае выставы ў разбураным будынку. Па-другое, экспазыцыя стрыт-арту ў прасторы галерэі за мяжою ўжо даўно ёсьць звыклаю й распаўсюджанаю практыкай. Пераважна выстаўляецца фота- ці відэадакумэнтацыя, альбо мастакі пераносяць свае праекты на сьцены галерэі (у гэтым выпадку прастора для экспазыцыі патрабуецца вельмі вялікая) ці на палатно.

Творы ж мастака стрыт-арту Андрэя Бусла дэманстраваліся ў выглядзе вялікіх фатаграфіяў (зьнятых на прцягу двух гадоў), раздрукаваных на палатне й нацягнутых на падрамнікі. Прастора галерэі, паводле сьведчаньняў ейных супрацоўнікаў, ніколі не зазнавала такіх зьменаў. Выстаўнае поле было падзеленае на дзьве залі й пафарбаванае ў цёмна-шэры й белы колеры. У першай залі выкарыстоўвалася верхняе асьвятленьне, а ў другой — лякальныя падсьветкі для кожнае працы (гэтая заля давала магчымасьць уявіць тыя месцы, дзе выконваліся творы мастака: сутарэньні, закінутыя й напаўразбураныя будынкі й сьцены з падцёкамі й абсыпаным тынкам).

Асобна хацелася б адзначыць сумесны канцэрт, у якім удзельнічалі музыка-электроншчык і выканаўцы клясычных твораў. Пад уражаньнем ад працаў Андрэя яны пайшлі на музычны экспэрымэнт. Па сутнасьці, іхны праект — гэта сынтэз музычнае клясыкі й шумаў гораду, традыцыйных інструмэнтаў і сучасных тэхнічных сродкаў.

Для Менску й для Беларусі наогул праект «Aeternus et momentum» стаўся важнаю падзеяй. На адкрыцьцё выставы прыйшла вялікая колькасьць людзей. Гэта былі ня толькі заўсёднікі галерэі, зьявіліся й «новыя твары» — прадстаўнікі субкультуры стрыт-арту. Апошнія дастаткова актыўна адрэагавалі на выставу. Некаторыя зь іх прысутнічалі на дыскусіі, дзе ўздымаліся пытаньні пра спосабы экспазыцыі стрыт-арту ў галерэі, пра тое, ці варта гэта рабіць увогуле, абмяркоўвалася, што такое стрыт-арт і што ён мае на мэце, як гэты кірунак трансфармаваўся на працягу 20 гадоў і як пашыраюцца ягоныя лексыка й эстэтычная выразнасьць.

У межах круглага стала найбольш цікавым было пытаньне пра ўзаемадзеяньне гледача й мастака стрыт-арту. Выказвалася думка, што глядач стрыт-арту — гэта асаблівы чалавек, якому не патрабуюцца ні прастора галерэі, ні мапа, дзе пазначанае месцазнаходжаньне працаў стрыт-арту (такое практыкуецца ў Лёндане). Паводле гэтага меркаваньня, аматары стрыт-арту ёсьць пэўнаю прывілеяванаю аўдыторыяй, пашыраць якую з дапамогаю галерэйных выставаў ужо ня мае сэнсу. Варта адзначыць, што элемэнт нечаканасьці, які звычайна прысутнічае пры сустрэчы гледача з творам стрыт-арту, страчваецца, калі такая праца перамешчаная ў галерэю.

Псыхалягічны настрой чалавека, які ідзе на выставу вулічнага мастацтва ці падарожнічае па горадзе з гідам па стрыт-арце, нівэлюе гэты эфэкт неспадзяванкі. З гэткім пунктам гледжаньня складана не пагадзіцца.

Аднак было выказанае й іншае меркаваньне, згодна зь якім перамяшчэньне твораў стрыт-арту ня толькі пазбаўляе гледача элемэнту нечаканасьці, але і ўносіць дадатковыя нюансы. Азнаямленьне з новымі актуальнымі практыкамі мастацтва, зь іншым спосабам бачаньня гарадзкое прасторы, а таксама пашырэньне аўдыторыі вулічнага мастацтва — усё гэта, як лічаць многія ўдзельнікі круглага стала, ёсьць цалкам адэкватнаю й сучаснаю стратэгіяй арт-рынку.

Варта адзначыць яшчэ адну вельмі важную тэму, што абмяркоўвалася падчас дыскусіі. Гэта праблема захаваньня аўтэнтычнасьці аўтара й ягоных працаў у фармаце галерэйных выставаў ці зь іхным зьяўленьнем на арт-рынку.

Ці можна лічыць мастака аўтэнтычным, калі ягоныя творы выстаўляюцца ў галерэі й прадаюцца? Ці ня страчвае ён пры гэтым жаданьне выказвацца ў прасторы гораду? Ці магчыма захаваць балянс паміж рыначнымі стратэгіямі, што існуюць у сьвеце мастацтва, і інтэнцыямі творцы?

Безумоўна, стратэгіі рынку ўплываюць на ўсё нашае жыцьцё, уключаючы й артыстычную прастору. І, як паказвае сусьветная гісторыя, практычна ўсе зьявы суб- і контркультуры раней ці пазьней станавіліся мэйнстрымам. Заклапочанасьць гледачоў і крытыкаў у гэтым выпадку апраўданая, бо складана спрагназаваць, якім чынам зьменіцца творчасьць мастака, калі ягоныя працы патрапяць у рыначнае тавараабарачэньне. Таму меркаваньне, што стрыт-арт, безумоўна, загіне, як толькі стане камэрцыйным (з нэгатыўным сэнсавым адценьнем), наўпрост ператворыцца ў «папсу», — гэта ўсяго толькі заканамерная й лягічная асьцярога, якая тычыцца абсалютна ўсіх сфэраў мастацтва.

Не «загінуць» і захаваць сябе ў эпоху камэрцыялізацыі ў сучасным сьвеце ёсьць задачаю «нумар адзін». І гэта датычыцца ня толькі стрыт-арту, а ўсіх мастакоў увогуле, якія першапачаткова не імкнуліся быць рыначна пасьпяховымі.

Яшчэ адно пытаньне, закранутае ў межах круглага стала, — гэта супольнасьць мастакоў стрыт-арту. Ці ёсьць яна ў Менску й Беларусі? Ці патрабуецца ейнае існаваньне на айчынным арт-полі? Можна канстатаваць, што заўсёды будуць прыхільнікі «артадаксальнага» стрыт-арту — тыя, хто ня хоча быць бачным, выяўленым, хто засьцерагае традыцыю гэтага кірунку субкультуры ад чужародных уплываў, хто ня згодны адкрыць значэньне сваіх «лягатыпаў» і вобразаў недасьведчаным людзям. Гэта правамоцная пазыцыя, вартая павагі. Але, з другога боку, заўсёды будуць мастакі, якія хочуць пашырыць эстэтычныя сродкі, прастору, аўдыторыю, — тыя, хто жадае выйсьці за межы «традыцыі».

У нашай краіне й канкрэтна ў Менску не існуе цэнтралізаванага аб’яднаньня мастакоў стрыт-арту. Гэта, хутчэй, разасобленыя групы, сувязі паміж якімі дастаткова слабыя. У пэўнай ступені выстава садзейнічала таму, што прадстаўнікі розных групаў «выявілі» адно аднаго, палепшылася іхная камунікацыя. Напрыклад, высьветлілася, што ў некалькіх гарадах Беларусі існуюць самадрукаваныя выданьні стрыт-арту. На працягу экспазыцыі мастакі абменьваліся тэлефонамі, інфармацыяй, размаўлялі пра тое, дзе й якія «сьцены» ёсьць у Менску ці ў іншым горадзе, выказваліся прапановы зрабіць штосьці супольнае й г. д.

Сёньня стрыт-арт у Беларусі — ня надта актыўны субкультурны кірунак, кепска вядомы на арт-сцэне, дагэтуль дастаткова закрыты. Мастакі лічаць за лепшае ня моцна ўмешвацца ў гарадзкую прастору й сьветаўспрыняцьце месьцічаў. Іхныя творы часьцей за ўсё аддаленыя ад публічных месцаў і цэнтральных вуліцаў, выстаўляюцца не ў галерэях, а ў інтэрнэце.

І тут хочацца ўзгадаць словы Сяргея Шабохіна, які, разважаючы пра стратэгіі сучаснага беларускага мастака, заклікае да пераходу ад арт-партызаншчыны да арт-актывізму.

OXA COROBOSS. Пераклад з расейскай мовы

Фатаграфіі © pARTisan

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

109 queries in 0,428 seconds.