ПРАЗ ОПТЫКУ МЕГАПАДЗЕЙ – ЧАСАМ ДАВОЛІ СУМНА І СТРАШНА

Тэкст лекцыі Бэна Коўпа (Англія) і Міёдрага Куча (Сербія) «Спартыўная мегападзея і ўрбанічная прастора», якая адбылася 9 траўня 2014 года ў межах выстаўна-дыскусійнага праекта «OFFSIDE». Мова арыгінала – англійская. Друкуецца ў скароце.

Аляксей Барысёнак: Добры дзень, мяне завуць Аляксей Барысёнак, я адзін з куратараў выстаўна-дыскусійнага праекта «OFFSIDE». Сёння досыць знакавы дзень – 9 траўня, калі ў Беларусі святкуюць Дзень Перамогі, а таксама менавіта сёння стартуе Чэмпіянату свету па хакеі. Гэта першая наша лекцыя, якой мы адкрываем абмеркаванне таго, якім чынам вялікія падзеі ўплываюць на гарады. Сёння ў нас выступяць Бэн Коўп (даследчык, культурны работнік, музыкант, спартсмен, выкладчык ЕГУ) і Міёдраг Куч (актывіст, урбаніст і заснавальнік даследчай платформы «ParaArtFormation»).

Бэн Коўп

Бэн Коўп

Бэн Коўп: Дзякуй за запрашэнне! Рады зноў быць у Мінску. З майго боку гэта не лекцыя, у мяне няма канкрэтных адказаў з нагоды спартыўных мегападзей. Але я паспрабую апісаць кантэкст, які мне падаецца важным. А потым Куч прадставіць некаторыя прыклады таго, як ён выкарыстаў магчымасці, якія даюць вялікія спартыўныя падзеі.

У 2012 годзе ў Варшаве і ва Украіне адбыўся футбольны чэмпіянат УЕФА. Тое, што абраная была менавіта Варшава, пазначыла тэндэнцыю, якую заўважылі некаторыя даследчыкі, а менавіта перанос спартыўных мегападзей ва Усходнюю Еўропу. Гэта новы феномен у свеце вялікіх спартыўных падзей. Калі раней яны арганізоўваліся ў буйных гарадах, цэнтрах капіталістычнага свету, то цяпер пачалі экспартавацца ў гарады Усходняй Еўропы. Яскравы прыклад пасля Варшавы – Алімпіяда ў Сочы, далей будзе футбольны чэмпіянат таксама ў Расіі, у Мінску адбудзецца чэмпіянат па хакеі.

Калі можна казаць пра гэты феномен шырэй (не толькі пра Усходнюю Еўропу, але ўвогуле пра спецыфічныя паўперыферыйныя прасторы), то сюды можна таксама ўключыць Чэмпіянат па футболе ў Паўднёвай Афрыцы. Гэтая тэндэнцыя кажа пра тое, што нешта змяняецца; што менавіта і як – спрэчнае пытанне. Andre M. Louw, прафесар, які вядзе некаторыя даследчыя праекты ў сувязі з гэтымі падзеямі, сцвярджае, што ў арганізацыі мегападзеі на перыферыйных прасторах, асабліва ва Усходняй Еўропе, дзяржава адыгрывае больш важную ролю, чым у гарадах Захаду. Ён прыводзіць Сочы як класічны прыклад.

Калі ў заходнееўрапейскіх гарадах гэта гульня вялікіх капіталістычных кампаній, то ў Сочы дзяржава была самым галоўным гульцом, на якім усё засяроджана.

Але, мне падаецца, існуе пэўная пагроза ў гэтым падыходзе, бо ў ім сцвярджаецца падзел паміж Захадам і Усходам, і гэты падыход не вельмі нам дапамагае ў пошуках адказаў на пытанні. Мне шкада, што гэтыя мегападзеі паслужылі падставай для мыслення ў прынцыпе пра падзеі ва Усходняй Еўропе. Калі засяроджвацца на Усходняй Еўропе праз оптыку мегападзей, то ўсё можа выглядаць даволі сумна і часам страшна. З самага пачатку чакаюць, што ўсё будзе па-іншаму, будзе нешта не так. Але калі параўноўваць Алімпіяду ў Лондане і Еўра-2012 у Варшаве, на мой погляд, падобных момантаў больш, чым адрозненняў.

warsaw-national-stadium-euro-2012-eufa

Стадыён у Варшаве, пабудаваны да Еўра 2012

Асабіста для сябе я вырашыў, што цікавей думаць не канкрэтна пра мегападзею, а пра феномен падзеі ў цэлым, у розных яе маштабах. Падзеі бываюць мікра-, меза- і мега-. Цікава выяўляць падобныя элементы паміж імі і шукаць тое, што іх адрознівае.

Такім чынам, мікрападзеі. На фотаздымку (паказвае слайд) – музычны шпацыр, які адбыўся ў адным з раёнаў Варшавы і які, на мой погляд, нашмат цікавейшы, чым Еўра-2012. Але мала людзей ведае пра гэты шпацыр, які мы арганізоўваем ужо шэсць гадоў. Ідэя заключалася ў тым, каб паўтарыць ці аднавіць перадваенную традыцыю, калі музыкі хадзілі па вуліцах у гэтым квартале. Важна, што тады гэта былі музыкі з розных краін – Расіі, Украіны, было шмат габрэяў. Спачатку гэта быў бедны квартал, потым тут з’явілася шмат клубаў, якія пачалі прыцягваць розную публіку. Але нам захацелася зрабіць гэтыя канцэрты даступнымі для ўсіх. Самым цікавым, праўда, для нас быў сам працэс арганізацыі. Нам трэба было дамаўляцца з рознымі лакальнымі агентамі: дырэктарам рынка, домам культуры, музыкамі, чыноўнікамі ды інш.

Для нас як даследчыкаў акурат арганізацыя – вельмі карысны момант для таго, каб разумець, як працуе прастора.

Далей – мезападзея. Мой любімы прыклад – фестываль «АртПоле» ва Украіне, які існуе ўжо дзесяць гадоў. «АртПоле» мяне цікавіць менавіта як фестываль, што паспрабаваў звязаць сучасную культуру з мясцовай прасторай. Ён узнік перад Аранжавай рэвалюцый і праводзіўся ў розных месцах ва Украіне, аб’ядноўваючы мясцовых жыхароў з буйнымі міжнароднымі інстытуцыямі. Эвалюцыя гэтага фестывалю вельмі цікавая. Цяпер у сувязі з падзеямі ва Украіне яго далейшы лёс не зразумелы, тым не менш, пра гэта цікава разважаць. Напрыклад, чаму такія фестывалі ва Усходняй Еўропе развіваюцца па-іншаму, чым заходнія фестывалі?

uralbiennale

Першае Уральскае біенале сучаснага мастацтва / крыніца фота uralbienale.ru

Да мезападзеі адносяцца таксама біенале. На фотаздымку – Першае Уральскае біенале сучаснага мастацтва ў Екацерынбургу. Працы былі выстаўленыя ў прасторах дзейных заводаў, гэта значыць, заводы, людзі, якія там працуюць, зрабіліся часткаю гэтай падзеі.

На ўзроўні меза-, мне падаецца, можна ўжо аналізаваць ролю дзяржавы ў гэтых падзеях. Чалавек на здымку – гэта Jerzy Buczyński, ён быў бургамістрам раёна Прага ў Варшаве. Ён быў палітыкам падзей, паказваўся ўсюды. Аднойчы ён нават наліваў піва ў адным з клубаў на вечарыне «Порнавалянцінкі». Гэта была даволі смелая вечарынка паміж эротыкай і мастацтвам, і калі ён наліваў піва, за яго спінаю адбываліся проста неверагодныя рэчы. Але яму было ўсё роўна. Ён вельмі шмат зрабіў для квартала, але ўзнікала адчуванне, што ўсё гэта робіцца як палітычны спектакль. У Беларусі таксама ёсць шмат прыкладаў падзей, якія праводзіць дзяржава, напрыклад, «Дажынкі».

Як пра іх думаць? Як аналізаваць? А як думаць пра антыўрадавыя падзеі, такія, як Occupy ці Майдан? Якая ў іх логіка, пра што яны нам кажуць і на якіх узроўнях?

Нарэшце – мегападзея. Я крыху скептычна стаўлюся да гэтага паняцця. У англамоўным асяроддзі яно выкарыстоўваецца свабодна і шырока для таго, каб, напрыклад, апісваць Алімпіяду або чэмпіянат. Гэтыя падзеі лічацца самымі буйнымі, астатнія – крыху меншымі. То бок «мега-» значыць нешта буйное. Але мне здаецца, што гэта не да канца дакладна.

Магчыма, варта казаць пра медыя-падзеі, бо зразумела, што медыя граюць ключавую ролю ў канструяванні падзеі, яе іміджу, інтэрпрэтацыі.

Або можна казаць пра «манапольную падзею» («monopoly event»). Гэта тэрмін, які прапанаваў паўднёваафрыканскі даследчык у сваіх працах з нагоды Чэмпіянату свету па футболе, які праходзіў у ПАР. Гэта значыць, што асноўнае, што адбываецца ў буйных падзеях, гэта пераразмеркаванне манаполіі. І, з майго пункту гледжання, гэта больш перспектыўны тэрмін, бо гэта сапраўды ілюзія, што ўвесь свет, напрыклад, зараз будзе глядзець на Мінск, што Мінск будзе ў цэнтры сусветнай увагі. У паняцці «мега-» акурат гэта і заключаецца («увесь свет глядзіць на нас»), але гэта чыстая ілюзія.

То бок мегападзея – застанёмся пакуль у межах такога тэрміна – уключае ў сябе велізарнае мноства розных аспектаў. Калі казаць зноў жа пра манаполію, добры прыклад з рэкламай. Кожная кампанія магла рэкламаваць свой прадукт падчас Еўра-2012 у Польшчы, усе выкарыстоўвалі гэтую падзею, напрыклад, для рэкламы кансерваў («Konserwa Kibica» – «Кансервы заўзятара») або каўбасы і г. д.

Апошняя мая катэгорыя – гэта падзеі-паразіты (у пазітыўным сэнсе). Напрыклад, «OFFSIDE» – гэта менавіта такая падзея. Куч будзе казаць пра гэта больш падрабязна. Гэта значыць, што ёсць вялікія падзеі і ёсць падзеі, якія ўзнікаюць і існуюць, дзякуючы вялікім падзеям, але мэтаю ставяць нешта зусім іншае.

У фінале я прапаноўваю 11 характарыстык падзей ад мікра- да мега-.

1. Розныя інтарэсы розных агентаў.

2. Злучэнне розных агентаў у адзінай прасторы, але з рознай логікай яе выкарыстання. Напрыклад, на маім квітку на хакейны матч акрамя ўсяго іншага напісана, што мне можна рабіць у краіне, а што нельга. Гэта розныя агенты, якія функцыянуюць на розных узроўнях і менавіта разам робяць гэтую падзею. Падзеі і ўзнікаюць, калі з’яўляюцца розныя логікі.

3. Адносіны паміж правам (законам) і прасторай. Падзеі змяняюць гэтыя адносіны. Напрыклад, мне не патрэбная была віза, каб прыехаць у Мінск, дзякуючы гэтай мегападзеі. Або калі група музыкаў стаіць на вуліцы і пачынае граць, то ў рамках мегападзеі гэта становіцца магчымым і нармальным для мінакоў, бо ўсе ведаюць пра тое, што адбываецца падзея. У іншай сітуацыі гэта ўспрымалася б па-іншаму.

4. Падзеі трансфармуюць разуменне канкурэнцыі, карупцыі і інтарэсаў грамадскасці. Напрыклад, для таго каб у Польшчы адбыўся Еўра-2012, дзяржава павінна была пераканаць сусветны камітэт, што зможа перарабіць канцэпцыю інтарэсаў грамадскасці так, каб галоўным быў чэмпіянат па футболе. Або калі мы робім нейкую падзею ды ідзём з ёй на вуліцу, значыць, мы лічым, што лепш разумеем, што такое інтарэс грамадскасці.

5. Тэмпаральнасць. Важна, што ў падзеі ёсць тры часавыя аспекты: да таго, на працягу і пасля.

6. Увага. Зразумела, што на падзеі генеруецца ўвага.

7. Немагчымасць да канца планаваць. Напрыклад, нелагічна рабіць эканамічны прагноз праз дзесяць гадоў пасля падзеі, як у выпадку з Еўра-2012, калі дзяржава казала пра тое, што выгада ад гэтай падзеі наступіць нашмат пазней. Але як гэта можна дакладна вымераць?

8. Рэканфігурацыі дзяржавы. Падзеі маюць такі патэнцыял – спрыяць зменам і ўмацоўваць формы дыскрымінацыі, якія існуюць.

9. Падзеі паказваюць, як насамрэч функцыянуе прастора.

10. Адрозненні. Здавалася б, мікра- і мезападзеі падобныя. Але адрозненні ёсць, і пытанне – у чым яны палягаюць? Напрыклад, калі я буду арганізоўваць у Варшаве канцэрты расійскіх або беларускіх гуртоў, то паўстане шмат перашкод у параўнанні з арганізацыяй канцэртаў польскіх гуртоў.

11. Уплыў на доўгатэрміновасць і стабільнасць. Калі логіка падзей пачала распаўсюджваецца ў акадэмічным асяроддзі, у дзейнасці НДА, узнікла пытанне, як рабіць так, каб ад адзінкавай падзеі ісці да больш доўгатэрміновага развіцця і стабільнасці інстытуцый.

На гэтым я заканчваю і перадаю слова Кучу.

Міёдраг Куч

Міёдраг Куч

Міёдраг Куч: Дзякуй за запрашэнне. Я буду казаць пра змены, трансфармацыі, маштабы падзей і паспрабую паказаць, як гэта працуе на прыкладзе мегападзей, а менавіта чэмпіянату па баскетболе, які адбыўся ў Сербіі ў 2005 годзе, і чэмпіянату па футболе гэтым летам у Бразіліі.

У 2005 годзе ў Сербіі была падобная сітуацыя да той, што цяпер у Мінску: мегападзея, складана атрымаць квіток, шмат увагі ў медыя, але адсутнасць рэальных дыскусій пра тое, як гэтая падзея можа паўплываць на развіццё горада і г. д. Тады мы нелегальна занялі пусты будынак на тэрыторыі кампуса ўніверсітэта і зрабілі там культурны цэнтр. Гэты праект не меў бюджэту, ніякай падтрымкі, акрамя таго, што ў нас засталіся будаўнічыя матэрыялы і была працоўная сіла. Мы арганізавалі месца, у якім праводзіліся розныя дыскусіі і абмеркаванні і куды запрашалі падлеткаў з мясцовых школ, а таксама прадстаўнікоў сацыяльных груп, якія не атрымалі доступу да чэмпіянату. Ад нашых сяброў, якія рабілі музычны фестываль EXIT у Новым Садзе, мы атрымалі выхад у публічную прастору праз медыя і пачалі медыя-кампанію: зрабілі сайт, друкавалі флаеры ды інш.

Будынак культурнага цэнтра Gradiliste / фота М.Куч

Будынак культурнага цэнтра Gradiliste / фота М.Куч

Першы наш крок – арганізацыя турніру паміж раёнамі на досыць сімвалічныя прызы (кнігі, невялікія паездкі). Пасля гэтага засталася пастаянная дваровая ліга. Затым мы зрабілі радыёстанцыю, а таксама з дапамогай арганізатараў EXIT паспрабавалі стварыць інфраструктуру: каб не толькі гуляць у баскетбол, але каб былі бары, музычныя пляцоўкі.

Другі крок пасля спаборніцтваў – мы запрасілі ўдзельнічаць дзяцей з суседніх школ: пераканалі выкладчыкаў даць магчымасць дзецям удзельнічаць у гэтых турнірах падчас урокаў фізкультуры ў школе. Хутка кампанія ЮНІСЕФ, у якой ёсць праграма «Школа без гвалту», заўважыла нашу дзейнасць і прапанавала праводзіць такія турніры рэгулярна ўжо з матэрыяльнай падтрымкай.

Важным было тое, што гэтае месца раней мела негатыўную афарбоўку, звычайна пра яго думалі, што тут збіраецца моладзь з алкаголем і наркотыкамі.

Наш праект змяніў імідж гэтага месца, і спорт тут добра спрацаваў. Пасля мы арганізавалі шмат лекцый і воркшопаў на розныя тэмы, звязаныя са спортам, напрыклад, пра сумленную гульню ў спорце.

Гэта тое, як гэтае месца выглядае цяпер. Але спатрэбіцца цэлая лекцыя, каб апісаць усё, што адбылося за гэты час з праектам. Цяпер гэта рэктарат універсітэта, будынак нарэшце дабудавалі.

Культурны цэнтр Gradiliste / фота М.Куч

Культурны цэнтр Gradiliste / фота М.Куч

Наступны мой прыклад будзе тычыцца публічных праглядаў футболу. Гэта пачалося ў 2006 годзе, калі ў Германіі быў чэмпіянат па футболе і праходзіла шмат дыскусій пра нацыянальную ідэнтычнасць, або, як я гэта называю, нацыянальны тэрор. На афіцыйных публічных праглядах магло збірацца да мільёна чалавек. Мы вырашылі арганізаваць сваю прастору, каб людзі маглі збірацца разам і глядзець футбол.

Такім чынам мы спрабавалі вызначыць межы таго, што аб’ядноўвае людзей. І важна, што пасля такіх падзей заставалася сетка паміж людзьмі.

Так мы пачыналі: спачатку спантанныя, можна сказаць, самаробныя кантэйнеры, дзе ладзіліся паказы, хутка адкрылі бар, каб пакрываць выдаткі. Але дзяржава заўважыла гэтыя ініцыятывы і пачала ўводзіць шэраг абмежаванняў. Напрыклад, для арганізацыі такіх праглядаў трэба было праходзіць розныя бюракратычныя працэдуры: пажарную бяспеку, правілы гігіены, атрымліваць права на прагляд і г. д. Гэтак у нас вырасла колькасць месцаў, але і павялічылася колькасць праблем. Каб арандаваць месца ў горадзе, немагчыма зарабляць грошы з продажу алкаголю, трэба было збіраць грошы за ўваход. Так змяніўся маштаб нашай падзеі – ад мікра- да меза-.

Будынак культурнага цэнтра Gradiliste / фота М.Куч

Культурны цэнтр Gradiliste / фота М.Куч

Гэта новы праект, якім я займаюся ў Берліне і які будзе рэалізаваны ў раёне, дзе месціцца рэзідэнцыя для мастакоў. Гэта грамадскі праект, мэта якога – наладжванне камунікацыі паміж жыхарамі раёна праз спорт, сумеснае гатаванне ежы і стварэнне невялічкіх рынкаў. Унутры і звонку гэтага будынка мы хочам размясціць шмат старых, але працоўных тэлевізараў і экранаў, якія жыхары Берліна выкідваюць кожны год. На іх будуць транслявацца спартыўныя падзеі з субтытрамі на розных мовах, такім чынам людзі з розных супольнасцяў змогуць быць вельмі блізка адзін да аднаго. Гэты будынак стаіць на ўскраіне горада ў індустрыяльнай зоне.

Таму спорт будзе ў гэтым выпадку сродкам, якім можна прыцягнуць людзей наведаць рэзідэнцыю мастакоў.

Я займаюся кіёскам, дзе размесціцца лакальнае радыё, па якім гэтыя супольнасці мігрантаў змогуць атрымліваць інфармацыю пра гульні, а таксама пра тое, якія падзея адбываюцца паміж гульнямі. Пры распрацоўцы нашага праекта нам важны гумар. Напрыклад, вядома, што арабскія каментатары самыя эмацыйныя і непрадказальныя, таму мы абавязкова будзем іх запрашаць. Мы назвалі гэта футбольным караоке. Таксама ў нас ёсць ідэя праводзіць невялікія спаборніцтвы, напрыклад, на найлепшую лаянку ў адрас суддзі, найлепшую форму непрафесійных каманд, публічнае жаванне ды інш.

wrong-design-or-use_

На гэтай фатаграфіі можна ўбачыць адну з праблем гэтага раёна: розныя супольнасці не камунікуюць адна з адной, а ўлада не цікавіцца тым, як яны жывуць. Напрыклад, гэтых людзей не спыталі, што яны хацелі б бачыць у парку. Стаяць шэзлонгі, а людзі робяць пікнік на траве.

I-m-doing-my-stuff,-she-is-doing-her-stuff

Гэты здымак таксама паказвае, як людзі ў адной прасторы могуць быць раз’яднаныя. Жанчына, якая гуляе ў гульню, не звяртае ўвагу на мастакоў, якія ладзяць перформанс. Таму наша ідэя заключаецца яшчэ і ў тым, каб

злучыць гэтыя розныя супольнасці праз стварэнне нейкага раённага самакіравання, якое зможа ў рамках спартыўных падзей у тым ліку ствараць чалавечую інфраструктуру, якая застанецца пасля заканчэння спартыўнай мегападзеі.

На гэтым я скончу. Дзякуй!

Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology