АДКРЫЦЦЁ ВЫСТАВЫ «МІНСК. НОНКАНФАРМІЗМ 1980-Х»

Інстытут імя Гётэ ў Мінску, медыяпраект «pARTisan»

22 красавіка — 10 траўня
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а)

МІНСК. НОНКАНФАРМІЗМ 1980-Х
выставачны праект-дакумент

Куратар: Артур Клінаў

Сакуратары: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак

З архіваў: Вольгі Архіпавай, Адама Глобуса, Гузэль Заляевай, Алены Жданені, Юрыя Ігрушы, Сяргея Кірушчанкі, Артура Клінава, Ігара Корзуна, Ліі Кісялёвай, Уладзіміра Парфянка, Андрэя Плясанава, Віктара Пятрова, сям’і Сурскіх, Дзмітрыя Строцава, Аляксандра Угляніцы, сям’і Хацкевічаў, Віталя Чарнабрысава, Дзмітрыя Ярмілава.

web2

Апошнім часам у беларускім (не)афіцыйным культурным дыскурсе ўсё часцей закранаецца феномен «беларускага авангарду». Неаднаразова праводзіліся калектыўныя і персанальныя выставы мастакоў таго часу (Адама Глобуса, Аляксея Жданава, Валера Песіна, Людмілы Русавай, Віталя Чарнабрысава, Генадзя Хацкевіча ды інш.), а некалькі гадоў таму ў «Калекцыі пАРТызана» выйшаў альбом «Беларускі авангард 1980-х», што застаецца фактычна адзіным дакументам, у якім зробленая спроба задакументаваць гэтую з’яву.

Што гэта быў за час? Кім былі яго ключавыя фігуры, і як гэтыя мастакі выжывалі і працавалі насуперак абставінам? На каго яны абапіраліся і каму адрасавалі свае маніфесты? Як разумелася мастацтва, і чаму менавіта яно зрабілася прастораю для жэсту свабоднага чалавека? Нарэшце, чаму авангард і чаму (дагэтуль) у андэграўндзе? Паўнавартасна на гэтыя ды іншыя пытанні яшчэ трэба будзе адказаць: гэты ўнікальны для беларускай культуры перыяд не апісаны і не вывучаны, а яго архіў па-ранейшаму існуе ў выглядзе разрозненых артэфактаў, якія захоўваюцца ў кватэрах мастакоў.

Выстава-дакумент «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта яшчэ адзін зварот да гэтай з’явы і прэзентацыя яе не праз працы мастакоў, а праз артэфакты, дакументы і гісторыі, якія могуць перадаць і апісаць атмасферу тых часоў. Але «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» — гэта і не выстава-ўспамін або настальгія. У першую чаргу мы звяртаемся да маладой генерацыі, якая не ведае або фрагментарна ўяўляе сабе тую эпоху. Падзеі, што адбываліся тады, наўпрост ці ўскосна звязаныя не толькі з сучаснымі мастацкімі працэсамі ў Беларусі. У тым часе, шмат у чым рэвалюцыйным і вызначальным, можна і трэба шукаць адказы на многія пытанні, якія хвалююць тых, хто спрабуе сёння зразумець прастору, у якой жыве, і сваё месца ў ёй.

«Чыталі мы ў кніжках пра свабоду, а жылі паводле ранжыру. І было нам сумна, што нават на натуральнае чалавечае права быць самім сабой у нас няма права. Як казаў А. Платонаў, народ можа жыць, але яму нельга. Мы гадамі тужылі і чакалі, марылі, песцілі і любілі свабоду, і за ўсё гэта нас відавочна не любілі тыя, каму без свабоды жыць прывольней. Здавалася, так жыццё і пройдзе ў марах і жалі, у працах нікім не прызнаных, акрамя нешматлікіх сяброў. І вось нарэшце зрабілася і нам хоць трохі жыць можна… На афіцыйных выставах дзень учарашні, на такіх — сённяшні, і заўтрашні, і паслязаўтрашні. Як жа ёй не радавацца! Вядома, радасна і за мастакоў, што вось далі ім нарэшце шанец, і за сябе радасна: можа, сапраўды меншасці будзе дазволена дыхаць паўнапраўна, а не так, нібыта яна штосьці адбірае ў большасці і нечым вельмі ёй перашкаджае. Вітаю выставу і яе аўтараў, дзякую за радасць і надзею. Л. Чарнышова»

З кнігі водгукаў да выставы «На Калектарнай», верасень 1987 года

Выстава «Мінск. Нонканфармізм 1980-х» будзе своеасаблівым адказам на выставу «Геніяльныя дзілетанты», прысвечаную авангардным субкультурам 1980-х гадоў у Германіі, што будзе дэманстравацца з 23 красавіка ў Цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску.

Партнёры праекту: KALEKTAR і BelFilm Group.

Дызайн плакату Сяргей Шабохін.

Адкрыццё: 22 красавіка а 19:00 у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў»!

РАСКЛАД МЕРАПРЫЕМСТВАЎ У МЕЖАХ ВЫСТАВЫ «МІНСК. НОНКАНФАРМІЗМ 1980-X»

23 красавіка (чацверг) – паказ кінахронік і фільмаў з архіву Юрыя Ігрушы пра жыццё мастакоў 1980-х гадоў (Г. Хацкевіч, В. Сазыкіна, Л. Русава, І. Кашкурэвіч, А. Жданаў ды інш.), а таксама фільма «Падземка» (рэж. Ю.Ігруша). Архіўныя матэрыялы дэманструюцца ўпершыню.

28 красавіка (аўторак) – прэзентацыя каталога Ігара Саўчанкі з «Калекцыі пАРТызана». Паказ фільма і размова з Ігарам Саўчанкам.

29 красавіка (серада) – выступ Дзмітрыя Плакса (Беларусь/Швецыя) і Філіпа Чмыра. Размова пра «Беларускі клімат». Супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

2 траўня (субота) – сімпозіум «Мадэль для зборкі: канструюючы нацыянальную гісторыю мастацтва»*. Куратар – Аляксей Барысёнак.

5 траўня (аўторак) – прэзентацыя каталога Аляксея Жданава з «Калекцыі пАРТызана». Чытанне вершаў і ўспамінаў Наталлі Татур, паказ архіўнага фільма пра А. Жданава. Вядоўца – Дзмітры Строцаў.

6 траўня (серада) – вечар «Беларускага клімату» з удзелам Дзмітрыя Строцава і прадстаўнікоў арт-групы «Беларускі клімат». Чытанне вершаў, жывы акампанемент, паказ фільма пра канцэрт «Беларускага клімату» з першым бодзі-артам на сцэне.

7 траўня (чацверг) – прэзентацыя каталога Людмілы Русавай з «Калекцыі пАРТызана». Паказ унікальных хронік. Выступ Ірыны Ануфрыевай (Беларусь/Швецыя) разам з музыкамі Лізэ-Лотт Нарэліюс і Сёрэнам Рунальфам (Швецыя) – перформанс-прысвячэнне Людміле Русавай.

Пачатак усіх мерапрыемстваў а 19:00.

Уваход вольны!

* Каб даведацца пра час правядзення сімпозіуму і ўмовы ўдзелу, сачыце за навінамі на partisanmag.by і kalektar.org.

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці 37а)

Дызайн Сяргея Шабохіна

Дызайн Сяргея Шабохіна


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology