Дзе сканчаецца Еўропа і пачынаецца Азія? Выстава «Мяжа» у Мінску

Дзе сканчаецца Еўропа і пачынаецца Азія? На што ўплываюць межы і хто іх праводзіць? Гэта асноўныя пытанні выставачнага праекта Гётэ-Інстытута «Мяжа».

Дваццаць маладых мастакоў з адзінаццаці краін Еўропы і Азіі прадставяць свае творы на тэму «Мяжа» у Мінску. 13 кастрычніка а 19-й гадзіне выстава адкрыецца ў Мінску ў Культ.центры KORPUS.

 
Праект «Мяжа» даследуе і аналізуе тэрытарыяльныя, асабістыя і культурныя межы і іх узнікненне. Астрыд Веге, кіраўніца культурных праграм Гётэ-інстытута ў Маскве: «Наша мэта – спрыяць самаму рознабаковаму даследаванню працэсаў, матываў і прычын узнікнення межаў».
 
Беларускі ўдзельнік выставы Сяргей Шабохін прадставіў на ёй сваю інсталяцыю «Мы суровыя спажыўцы культурных рэвалюцый». Сяргей Шабохін пра сваю інсталяцыю адзначыў: «Мой унёсак у экспазіцыю выяўлены творам-лозунгам, зробленым з неону. Гэта надпіс WEASTERN CONSUMERS OF CULTURAL REVOLUTIONS, дзе ў першым слове напераменку змяняюцца літары W і A. Такім чынам, лозунг можна перакласці як «Заходнія / Усходнія спажыўцы культурных рэвалюцый».
 
13 кастрычніка а 19-й гадзіне выстава адкрыецца ў Мінску.

«Мяжа» – гэта выставачны праект Гётэ-Інстытута, які будзе экспанавацца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснаярску, Кіеве, Тбілісі, Мінску, Дортмундзе і Цэнтральнай Азіі. Куратары праекта: Цібо дэ Ройтэр і Інке Арнс. Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ.

Праграма выставы:

13 кастрычніка, 19:00

Адкрыццё выставы, куратарская экскурсія (Цібо дэ Ройтэр)

14 кастрычніка, 19:00

Круглы стол «Праз межы»

Удзельнікі: Цібо дэ Ройтэр (куратар праекта), Сяргей Шабохін (мастак, удзельнік выставы), Аляксей Братачкін (мадэратар).

Мастак і куратар распавядуць аб праекце «Мяжа» і сваёй працы ў межах гэтай выставы. Цібо дэ Ройтэр за два гады падрыхтоўкі выставы наведаў каля 15 краін, большасць з якіх – постсавецкія. Удзельнікі круглага стала распавядуць аб мастацкім асяроддзі гэтых краін, а таксама аб кантэксце, які іх фармуе – сацыяльным, культурным, палітычным.

21 кастрычніка, 15:00 – экскурсія па выставе «Мяжа» / Антаніна Сцебур

25 кастрычніка, 19:00

Паказ фільма «Цэнтр Еўропы», рэжысёр Станіслаў Муха

Дзе знаходзіцца цэнтр Еўропы? Гэтым пытаннем задаецца польска-нямецкі рэжысёр Станіслаў Муха, накіроўваючыся ў сваё падарожжа. Аказалася, што адзінага цэнтра Еўропы няма. На гэты статус прэтэндуе мноства гарадоў і мястэчак у радыусе каля 2000 км. ад Германіі да Украіны. Іранічны дакументальны фільм пра тое, што геаграфічны і сэнсавы цэнтр Еўропы аказваецца прынцыпова недасягальным.

28 кастрычніка, 14:00

Экскурсія для дзяцей і іх бацькоў / Соня Садоўская

Што такое мяжа? Як фарміруюцца межы? Ці можна і ў якім выпадку іх можна парушаць? Шукаць адказы на гэтыя пытанні дапаможа інтэрактыўная сямейная экскурсія ад Соні Садоўскай. Экскурсія пройдзе ў гульнявой форме. Рэкамендавана для дзяцей 6-10 гадоў і іх бацькоў.

30 кастрычніка, 19:00

Інтэрактыўная гульня «Межы і міграцыя»

Удзельнікі: грамадскае аб’яднанне «Human Constanta»

У гульнявой форме ўдзельнікі змогуць лепш разабрацца з тэмамі міграцыі і ўцекачоў: Хто такія мігранты? Якія правы ў іх ёсць? Якія стэрэатыпы адносна ўцекачоў замацаваліся ў беларускім грамадстве?

3 лістапада, 19:00
Лекцыя «Вучыцца ў «Дакументы»

Удзельніцы: Антаніна Сцябур, Ганна Карпенка, Ганна Самарская

Тэма граніц і ўцекачоў стала цэнтральнай тэмай сёлетняй «Дакументы» – мегавыставы, якая адбываецца кожныя пяць гадоў у Касэлі. Даследуючы працы мастакоў і куратараў, спікеры распавядуць пра тое, як можна працаваць з тэмай уцекачоў у полі сучаснага мастацтва.

4 лістапада, 14:00

Экскурсія для падлеткаў / Соня Садоўская

У межах экскурсіі ўдзельнікі будуць вучыцца чытаць працы сучасных мастакоў, узаемадзейнічаць з імі, задаваць пытанні адно аднаму. Экскурсія пройдзе ў інтэрактыўнай форме.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology