2013: Беларускі глядач

 

УЛАДЗІМІР ШЧЭРБАНЬ, рэжысёр, Беларускі свабодны тэатр

УЛАДЗІМІР ШЧЭРБАНЬ, рэжысёр, Беларускі свабодны тэатр

 

 

scerban2

«Елка ў Івановых», рэж. У.Шчэрбань / фота А.Братачкін

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў і герояк!

Я вельмі рады, што беларускія гледачы ў мінулым годзе змаглі ўбачыць сем спектакляў «Alegria» майго ўлюбёнага Цырка дзю Салей. Рады не толькі таму, што цырк — гэта найбольш дэмакратычны від мастацтва, які дазваляе дарослым пабыць дзецьмі, а дзецям — самімі сабой, без гвалтоўнай ідэалагічнай нагрузкі. На сённяшні дзень па колькасці крэатыву і якасці выканання гэта лепшая цыркавая кампанія ў свеце, якая падняла цыркавое рамяство да ўзроўню мастацтва. А да якасці лепш прызвычайвацца з дзяцінства. Спадзяюся, што прыезд Цырка дзю Салей прымусіць беларускі цырк успомніць сваё сапраўднае прызначэнне.

На жаль, сёння мы гаворым пра Белдзяржцырк толькі ў сувязі з карупцыйнымі скандаламі. Усё гэта нагадвае казку пра прададзены смех.

Вельмі парадавалі канцэрты гурта «Ляпіс Трубяцкі» ў Піцеры, Смаленску і Вільні. Калі Магамет не ідзе да гары (а дакладней, не пускаюць), гара ідзе да Магамета. На аншлагавых канцэртах за межамі «самай стабільнай дзяржавы ў свеце» дамінавалі беларускія гледачы, а гэта руйнуе стэрэатып пра беларускага гледача як пра пасіўнага назіральніка, які «хавае» тое, што даюць.

На сённяшні дзень беларускі глядач разумны, актыўны, з добрым пачуццём гумару. І ніякія ідыёцкія забароны альбо межы яму не перашкода.

У тэатральнай справе лічу вельмі важнымі анлайн-трансляцыі двух спектакляў Беларускага свабоднага тэатра. Першая трансляцыя спектакля «Трэш Кузін» была здзейсненая падчас паказу на міжнародным Эдынбургскім фестывалі. Другая — «Кароль Лір» — са сцэны легендарнага лонданскага тэатра Глобус. Беларускі глядач змог пабываць «анлайн» у знакавых тэатральных прасторах і паглядзець спектаклі, якія ніколі не пакажуць па БТ. Гэта зусім новы для нас спосаб узаемадзеяння з гледачом. Аўдыторыя спектакляў дасягнула 40 тысяч чалавек.

Пра такое любы тэатр можа толькі марыць.

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology