ЭКСПАЗІЦЫЯ ПРАЕКТА «OFFSIDE»

Мастакі: Паўліна Вітушчанка, Сяргей Гудзілін, Міхаіл Гулін, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў, Аляксей Навумчык, Антон Сарокін, Антаніна Слабодчыкава, Максім Тымінько, Юра Шуст, арт-група «Булён» (Грузія).

Куратарская група: Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Валянціна Кісялёва, Інга Ліндарэнка.

Адкрыццё адбылося 1 траўня 2014. Выстава працуе да 27 траўня.

АЛЯКСЕЙ НАВУМЧЫК&АНТОН САРОКІН
Пашпарт аб’екта. Мультымедыйная інсталяцыя. 2014

Цалкам глядзець і слухаць ТУТ.

 navumczyk-sarokin

Наш праект называецца «Пашпарт аб’екта», дзе «аб’ектам» выступае ўвесь горад Мінск, які ў сваёй найноўшай гісторыі, напэўна, яшчэ ніколі не перажываў такіх інтэнсіўных зменаў. Любы горад − гэта канцэнтрацыя памяці. У сувязі з «мегападзеяй», якае мае тут адбыцца, у гарадскім асяроддзі адбываюцца пэўныя працэсы. З’явіўся новы дыскурс, звязаны з пытаннем: а што застанецца, калі «лёд» растане? Іншымі словамі, калі скончыцца Чэмпіянат. З аднаго боку, інтэнсіўная забудова − прадмет актыўнай крытыкі жыхароў горада. Напрыклад, будаўніцтва гатэля «Кемпінскі» не атрымаў ніводнай станоўчай адзнакі грамадскасці. З іншага боку, забудову ўспрымаюць як разбурэнне застылага ў часе савецкага вобраза архітэктуры горада, як пазбаўленне ад мінулых «прывідаў», абнаўленне ў сувязі з сённяшнімі запатрабаваннямі.

Цэнтральнае месца ў нашым разважанні займае палітычны аспект гэтага працэсу. Менавіта таму ключавы візуальны вобраз экспазіцыі − плот як метафара працэсаў, якія адбываюцца на некалькіх — тут і па той бок — узроўнях.

Антон Сарокін, Аляксей Навумчык

Па горадзе папаўзлі чуткі, што яго выкупаюць марсіяне, якія чамусьці называюць сябе ас-сырыйцамі. Яны збіраюцца на месцы выкупленых палацаў збудаваць 35-павярховыя тэлескапічныя шкляныя вежы ў выглядзе велізарных фаласаў. Гэтыя вежы яны назавуць гатэлямі, і жыць у іх будуць, мабыць, таксама ас-сырыйцы-марсіяне, бо вядома, што ў Горад Сонца ўжо даўно ніхто іншы апроч іх не прыяжджае. Кажуць яшчэ, што на кончыкі фаласаў-гатэляў будуць прызямляцца касмічныя аssы, ці па-простаму — лятучыя талеркі, што ў гэтым і ёсць патаемная задума ас-сырыйцаў — зрабіць тут касмадром для сваёй арміі, каб потым захапіць усю тэрыторыю.

… Прысуд вынесены. Горад Багоў падзе. Праз дзесяць гадоў мы зноў прачнемся ў іншым Зменску. Здарылася тое, што рана ці позна мусіла здарыцца. Орды барбараў, што доўга стаялі на дальніх подступах да Гораду Сонца і з прадчуваннем добрай спажывы ўглядаліся ў ягонае антычнае хараство, скалыхнулі цішыню наваколляў баявым поклічам і рушылі на штурм.

Будзьма бараніць свой дом, бараніць свой горад! Горад Сонца ўнутры нас! Горад Сонца — гэта мы!

Артур Клінаў «Горад Багоў». 2009

СЯРГЕЙ ГУДЗІЛІН
З праекта «Новая Алімпія». Фатаграфія. 2012-13

hudzilin01-(1)

Фотаздымкі, прадстаўленыя ў межах выставы, гэта частка майго праекта «Новая Алімпія», над якім я працую ўжо некалькі год. То бок, для мяне гэтыя працы ёсць пэўным этапам, часткаю тэмы, якую я планую развіваць далей. Пачалося ўсё ў 2012 годзе падчас падрыхтоўкі фотарэпартажу для «Нашай Нівы», калі я здымаў фінальныя прагоны і рэпетыцыі параду да Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Эстэтыка гэтых парадаў, яго аўдыёвізуальны складнік кранулі мяне, і наступным годам я працягнуў здымкі.

Наўрадці падборка кадраў на выставе можа прэтэндаваць на канцэптуальнае выказванне. Гэтымі фатаграфіямі я не фармулюю мэсэдж, а дакументую і распавядаю. Гэта праект пра масавы непрафесійны спорт з элементамі прапаганды. Для мяне гэта візуальная характарыстыка спецкурса «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы», яго кульмінацыйная частка. У праекце няма ярка выражанай праблематыкі. Хутчэй за ўсё нават наадварот. Самі парады, іх эстэтыка і культурны фармат − гэта такі кантраст на фоне нашых беларускіх праблем, «звышвобразы», спектар якіх шырокі: ад культуры да палітыкі.

Сяргей Гудзілін

Пятнадцаць здымкаў Сяргея Гудзіліна акцэнтуюць увагу на феномене беларускага «свята», у межах якога спорт займае адно з самых галоўных месцаў. Фотасерыя выяўляе адну з унікальных лакальных рысаў — эклетычнасць эстэтыкі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, калі ў адной прасторы ў межах аднаго «мега-свята» прысутнічаюць элементы паганства, хрысціянства, антычнай эстэтыкі, карнавала, савецкіх ранішнікаў, ваенных і спартыўных парадаў.

Куратары праекту

МАКСІМ ТЫМІНЬКО
939 візуальных элементаў. Мультымедыйная інсталяцыя. 2013

 

Калі я чую ўсе гэтыя разнастайныя тэорыі пра структуру Сусвету, пра касмічныя пастаянныя, чорную энергію і матэрыі, пра Вялікі выбух і пра тое, што да яго нічога не было, таму што не было самога «да яго», я імкнуся зразумець, якім чынам адбываецца разуменне такіх абстрактных канcтруктаў, якія не маюць простых аналагаў у рэальным свеце. Дзе знаходзіцца ўзровень спрашчэння, прымітывізацыі і абагульнення, на якім усё яшчэ магчымая адэкватная камунікацыя і ўзаемнае разуменне? Я памятаю, як у дзяцінстве я спрабаваў візуалізаваць у сваёй галаве паняцце бясконцасці. І зараз, калі я спрабую растлумачыць сабе свет, які складаецца з набору элементарных часціц, я часам уяўляю яго як вялікі кантэйнер пяску, дзе я складаюся з тых жа пясчынак, што і ўсё, што мяне атачае, і ў якім вельмі складана разабрацца, дзе ж праходзіць мяжа паміж мной і ўсім астатнім.
Гэтая праца звязаная з паняццямі ўтопіі і абсурду. Гэта даследаванне структурных патэрнаў, пры дапамозе якіх мы спрабуем надаць сэнс навакольнай рэчаіснасці, але якія па сваёй прыродзе асуджаныя на самазнішчэнне.

Максім Тымінько

 

Праца Максіма Тымінько адсылае нас да масавых святаў, апафеозам якім у сучасным глабальным свеце часта з’яўляюцца Алімпійскія спаборніцтвы. Эстэтыка спартыўных шоў ці атракцыёнаў (крыніцай натхнення для мастака сталі Паўночна-Карэйскія «Масавыя гульні» ці «Масавая гімнастыка»), даведзеная Максімам Тымінько да стэрыльнай чысціні. Аднак патэнцыял працы выяўляецца нашмат шырэйшым і глыбейшым. Адзін з узроўняў яе ўспрымання — экзістэнцыйны — расказвае пра стан сучаснага індывіда, які, адчуваючы сябе ананімным абстрактным «пікселем» адной глабальнай выявы, вымушаны шукаць сваё індывідуальнае пра супрацьпастаўленне гэтаму «масаваму».

Куратары праекту

 

МІХАІЛ ГУЛІН
Добры дзень, спадар Бюрэн, альбо серыя А. Трыпціх.
Праект «Неабстрактнае мастацтва». 2012

hulin01

Гэты трыпціх − частка праекта «НЕабстрактнае мастацтва», у якім я выкарыстоўваю метад апрапрыяцыі, то бок працую з гатовымі, вядомымі вобразамі (Супрэмаўс) альбо стылямі іншых мастакоў. Менавіта ў гэтай працы я звяртаюся да Даніэля Бюрэна, фірмовы стыль якога − палоскі. Мне падалося пацешным тое, як праціўнік камерцыялізацыі мастацтва пераўтварыў такі просты элемент, як палоска, у тавар, у свой брэнд. Тое ж самае адбылося і ў спорце: гаворка ўжо даўно не ідзе пра культуру цела ці здароўе, але — пра грошы.
Першапачаткова я планаваў 11 палотнаў, але потым вырашыў скараціць іх да трох па колькасці топ-каманд серыі А (італьянская футбольная ліга) − Ювентус, Мілан, Інтэр. Дадаў рэкламу іх тытульных спонсараў і зрабіў разводы поту: гэта ўсё ж такі «НЕабстрактнае мастацтва».

Міхаіл Гулін

У серыі інтэрв’ю мы пыталіся ў экспертаў, ці з’яўляецца арганізацыя спартыўных падзей бізнесам. У некаторых выпадках быў адказ: «Так, гэта бізнес». Але былі інтэрв’ю, калі эксперты казалі: «Не, гэта не бізнес», «Гэта некамерцыйная дзейнасць, яна развівае спорт», «Раблю таму, што мне гэта падабаецца». Пры гэтым дэклараваная структура выдаткаў і прыбыткаў у спартыўных «бізнес-падзеях» і ў спартыўных «некамерцыйных падзеях» была ідэнтычная. Аднак «некамерцыйныя» эксперты без усялякіх складанасцяў дзяліліся той інфармацыяй, якая для «камерцыйных» спартыўных кампаній магла складаць камерцыйную тайну. Іх спаборніцтвы выглядалі як бізнес, аднак у рэальнасці не прыносілі аніякіх прыбыткаў.

Андрэй Адэльфінскі «Піраміда ці айсберг?»

ВАЛЯНЦІНА КІСЯЛЁВА
Снайперскія тэрапеўтычныя практыкі. Аб’ект. 2014

kisaliova01-(1)

Я ніколі не была заўзятарам, наогул ніколі не гляджу ніякія спартыўныя спаборніцтвы. З ранняга дзяцінства мае бацькі прымушалі мяне наведваць спартыўныя секцыі: спачатку мастацкую гімнастыку, потым спартыўную, пазней мяне, як шклатару, здалі ў спартыўны інтэрнат па плаванні, куды дадалася яшчэ і лёгкая атлетыка − хоць я, на самой справе, хацела танцаваць і вучыцца ў музычнай школе. У Савецкім Саюзе тэма спорту была папулярная, і мая маці рабіла стаўку менавіта на спартыўнае выхаванне. Толькі ў маёй свядомасці спорт і да гэтай пары наўпрост звязаны з гвалтам над асобай.

Мае паходы ў цір − гэта, на мой погляд, спантанная, але для мяне абсалютна натуральная рэакцыя на ланцужок падзей апошняга часу: Майдан ва Украіне, Зімовая Алімпіяда ў Сочы, захоп Крыма і наступствы, якія сталі бачнымі пасля. Гэта таксама мае разважанні пра Чэмпіянат, які меў адбыцца тут: раптам узніклі ўспаміны пра маё савецкае дзяцінства. Такім чынам, мая страляніна − гэта эмацыйны выплеск, вызваленне ад стану шоку, бяссілля ці, хутчэй, разгубленасці, і, думаю, страху перад магчымасцю вяртання ў СССР.

Гэта такое жаданне расстраляць савецкія «прывіды», расстрэл майго ўнутранага стану, майго страху, карані якога ў мінулым, які мне ўдалося пераадолець дзякуючы такой снайпертэрапіі.

Валянціна Кісялёва

 

AЛЯКСЕЙ ЛУНЁЎ
Stirb und Werde (Памры і пераўтварыся). З серыі «Асабістыя абразы». Калаж. 2014
ЁН 6056, з серыі «Duty Free». Аб’ект, фатаграфія. 1998

luneu01-(2

luneu01-(1)

«Асабістыя абразы» − гэта гісторыі маіх фетышызацый. Першапачатковым імпульсам для іх з’яўлення стала вельмі моцнае ўражанне ад рамана Жана Жэне «Маці Божая Кветак», які я прачытаў больш за дваццаць гадоў таму. Герой апавядання, знаходзячыся ў турме, выклейвае зваротны, патаемны бок кардона свайго распарадку дня калажамі з урыўкаў кніг і газет. Гэта яго схаваны свет, яго непарушная Свабода. Першапачаткова мае выявы прызначаліся толькі для асабістага выкарыстання. Я змяшчаў іх на сцяну побач са сваім працоўным сталом, і яны з’яўляліся для мяне бясконцай крыніцай рэфлексій: ад сэксуальных перверсій да рэлігіі. Потым яны сталі трапляць у экспазіцыі розных мастацкіх праектаў. Для выставы «OFFSIDE» я адабраў некаторую колькасць працаў, прысвечаных перамозе.
Аб’ект «ЁН 6056» выраблены адмыслова для інсталяцыі «HEUTE», у аснове якой ляжыць асабісты досвед фізічнай траўмы і жаданне яе пераадолець. Нумар, якім маркіруецца мішка, у «саўдэпаўскія» часы нашывалі на бялізну для пральні. Калі казаць пра сувязь гэтага аб’екта са спортам, асабіста для мяне ён можа мець такі сэнс толькі ў тым выпадку, калі мой скок з чацвёртага паверха лічыць фізкультурай.

Аляксей Лунёў

Прадстаўленыя ў экспазіцыі працы Аляксея Лунёва вельмі добра паказваюць не толькі тое, якім чынам мастакі выкарыстоўваюць лексіку і вобразы спорта ў сваіх мастацкіх мэтах, але і патэнцыял сэнсаў, які набывае праца, незалежна ад мэсэджа, закладзенага мастаком. Так, аб’ект «ЁН 6056» можа падацца адной з самых далёкіх ад спорта ў сваёй арыгінальнай задуме прац, прадстаўленых у экспазіцыі. Але, трапляючы ў пэўны кантэкст, ён утварае новыя сувязі і сэнсы. Мішка як сімвал Маскоўскай Алімпіяды 1980-га года ўжо ўвайшоў у гісторыю, таму «ЁН 6056» у зададзенай сэнсавай прасторы можа інтэрпрытавацца як пратэст мастака (вельмі інтымны і адчувальны) супраць панавання агрэсіўнай фізічнай моцы і культу спартыўнага цела.

Куратары праекта

АНТАНІНА СЛАБОДЧЫКАВА
Без назову. З серыі «Яно тут». Змяшаная тэхніка. 2012

slabodczykava01

Асабіста для мяне гэтыя працы, у першую чаргу, гавораць пра «шаблоны разумення». Я вылучаю некалькі тэм: час, страх, рэлігія, смерць. Элементы, лексіку спорта я выкарыстоўвала свядома, таму што для мяне яны з’яўляюцца сімваламі «чысціні ўспрымання», сінонімамі шчырасці.

Антаніна Слабодчыкава

Лаканічнасць, чысціня мовы спорта дазваляе мастачцы стварыць такія ж празрыстыя лаканічныя выказванні. У працах з серыі «Яно тут» відавочна, наколькі спорт у яго шырокім разуменні прысутнічае на шматлікіх узроўнях нашага штодзённага жыцця, асабліва ў прыватных яго аспектах. Экзістэнцыйныя пошукі, дыялог з Іншым, гендэрны аспект, самаідэнтыфікацыя — сферы, якія падаюцца нам занадта прыватнымі і метафізічнымі, таксама знаходзяць кропкі судакранання са спортам.

Куратары праекта

ПАЎЛІНА ВІТУШЧАНКА
Алімпійскае золата. Інсталяцыя. 2013-14

paulina01

Мне здаецца, што смех − гэта адзінная адэкватная рэакцыя на цяперашні беларускі спартыўны ажыятаж, на тое, як спартоўцу прывіваецца статус героя. У Беларусі ўвогуле, мне здаецца, гэта любяць, напэўна, гэта постсавецкая траўма. Маглі б выдаць кожнаму жыхару медаль за што-небудзь. Я б, напэўна, атрымала медаль за шырокую усмешку, праўда, забіраць не пайшла. Усё ж такі я мастак, не спартовец: нашто мне тыя медалі?

Паўліна Вітушчанка

ПАЎЛІНА ВІТУШЧАНКА
Ранішняя гімнастыка маладога мастака. Відэа. 2014


Мая праца не пра спорт, але — пра мастацтва, і ў працэсе працы выявілася, што ў іх шмат агульнага. Неяк адкрыла вікіпедыю — спорт там характэрызуецца як «арганізаваная па вызначаных правілах дзейнасьць людзей, якая складаецца з супастаўлення іх фізычных і інтэлектуальных здольнасьцяў, падрыхтоўкі да гэтай дзейнасьці, а таксама міжасобасных адносінаў, што ўзнікаюць у яе працэсе». Нармальнае такое жыцьцё мастакоў, толькі суадносіны фізічнага і інтэлектуальнага могуць розніцца.

У сваёй працы я канцэнтруюся менавіта на пачуццях маладога мастака, які даследуе сябе і старэйшых за сябе, спрабуе зразумець, як усё функцыянуе ў полі мастацтва. Увогуле іерархія ў мастацкім свеце — вельмі моцная і старажытная традыцыя, хоць цяпер гэта мабыць меньш відавочна. Майстар, які перадае вопыт вучню, − гэта сістэма працуе тысячагоддзямі. У сваёй працы я бяру гэты досвед у выглядзе цытатаў, маўляў, калі будзеш паўтараць гэтыя цытаты кожны дзень як тую мантру, то пранікнешся і станеш насамрэч добрым мастаком, як тыя аўтары цытатаў. Але нягледзячы на сур’ёзнасць абранай тэмы, я лічу, што ў першую чаргу мая праца смешная.

Паўліна Вітушчанка

Праца Паўліны Вітушчанка працягвае традыцыю дыялогу беларускіх мастакоў з аўтарытэтамі мадэрнізму і сучаснага мастацтва, актыўна распачатага яшчэ ў 1970-я ў асяроддзі беларускага неафіцыйнага мастацтва. Але ў адрозненні ад папярэднікаў (Людмілы Русавай, Сяргея Кірушчанка, Уладзіміра Васільева, Аляксандра Малчанава і інш.), якія шукалі формы для сваёй мастацкай самаідэнтыфікацыі (самапрэзентацыі) у мадэрнізме (асабліва Віцебскай школе), беларускія маладыя мастакі новага тысячагоддзя, выхаваныя ўжо ў глабальным арт-кантэксце, пачынаюць «размаўляць» не толькі з прадстаўнікамі ўсёй гісторыі мастацтва (ад Леанарда да Вінчы да Марына Абрамавіч), але натуральна ўключаюць у гэты іканастас сваіх беларускіх настаўнікаў (у выпадку з працай Паўліны Вітушчанка гэта, напрыклад, Валянціна Кісялёва, Аляксей Лунёў), а таксама медыя-крыніцы, якія для іх з’ўляюцца адным з важнейшых рэсурсаў адукацыі. Відэа «Ранішняя гімнастыка маладога мастака» працягвае іранічны стыль інсталяцыі Сяргея Шабохіна «15 хвілін славы», працы Жанны Гладко з праекта «Inciting Force» і інш.

Куратары праекту

ЮРА ШУСТ
Пераможца. Інсталяцыя. 2013-2014

 szust01-(1)

Не выпадкова Чэмпіянат па хакею на лёдзе, мужчынскага спорту для смелых, стартуе 9 траўня ў Дзень Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне: спорт і трыумф перамогі звязаныя разам (як у сітуацыі, калі беларускія алімпійскія чэмпіёны ўзнагароджваюцца і іх фота друкуюцца на бігбордах краіны, а спартсмены, якія прайгралі, публічна прыніжаюцца). Інструмент перамогі і сілавой дамінанты выкарыстоўваецца для стварэння новай нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнага гонару. Інсталяцыя адсылае гледача да травенскага свята, якое даўно ператварылася з акту падзякі ў дэманстрацыю сілавой перавагі, як у выпадку ваенных парадаў, комплексу Лініі Сталіна альбо яркага поспеху беларускай IT-карпарацыі Wargaming.

Юра Шуст

АРТ-ГРУПА «БУЛЁН» (Грузія)
Штангісты. Перформанс, відэа, 20’32. 2009-11

Праект «Штангісты» парадыруе ўваход слабаразвітых краін у заходнееўрапейскія звязы, такія як ЕС, НАТА і іншыя. На працягу месяца фізічнай трэніроўкі шэсць мастакоў з групы «Булён» зрабілі спробу дасягнуць нерэальных вынікаў і стаць прафесійнымі цяжкаатлетамі. Гэтае дзеянне сімвалізуе канкурэнцыю краін, якія не з’яўляюцца членамі ЕС, але вымушаны на працягу кароткага прамежка часу дасягаць пастаўленых стандартаў заходняга грамадства
Праект адначасова з’яўляецца мадэляваннем карпаратыўнай «этыкі» развітых капіталістычных краін што паказваецца праз правілы спартыўных гульняў. Мастакі падкрэсліваюць, што аснову карпаратыўнай этыкі складае прынцып спартыўнай канкурэнцыі. Праект размывае межы паміж мастацтвам, спортам і палітыкай, якія дэманструюцца ў спалучэнні культурнага «булёну», у якім болей не існуе аўтаномных дыферынцыяваных прастораў.

АРТ-ГРУПА «БУЛЁН» (Грузія)
Рэлігійная аэробіка. Перформанс, відэа, 09’20. 2011

У рэлігіі пэўныя рухі цела (напрыклад, хрысціцца, стаяць на каленях, дакранацца рукамі вушэй) утрымліваюць у сабе падтэкст, паведамленне, якое выкарыстоўваецца з пэўнымі мэтамі і скіраванае на духоўнае развіццё асобы. Стагоддзі таму вернікі павінны былі добра ведаць значэнне гэтых рухаў. Сёння ж гэтыя веды губляюцца. Яны становяцца аўтаматызаванымі і часам абсалютна бессэнсоўнымі − аэробікай, што на самой справе не выключае дасягненне пэўных мэтаў.

Нашая праца з’яўляецца спробай зразумець рухі трох рэлігій свету: ісламу, хрысціянства і юдаізму. Мы аб’ядналі іх, зрабілі перформанс і заснялі на відэа. Мастакі як спартоўцы прадстаўляюць рэлігійную аэробіку. Гэтыя рухі не прэзентуюць дасканаласць цела (як гэта здаецца на першы погляд), яны скіраваныя, у першую чаргу, на разуменне таго, як успрымаюцца гэтыя рухі ў сучасным кантэксце.

У 2013 годзе перформанс дэманстраваўся ў Грузінскім павільёне на  55 Венецыянскай Біенале.

Глядзець онлайн версію праекта на 34mag.net.

Фатаграфіі 34mag.net


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology