Фільм здымаўся 10 дзён на заходніх ускрайках Беларусі (падрыхтоўчы перыяд цягнуўся столькі ж), без бюджэту, без дарагой тэхнікі (на фотаапараты), а яго героямі сталі музыкі расійскай групы Noize MC. Яны ж выступілі галоўнымі акцёрамі (дарэчы, і прадзюсарамі). Фільм і здымаўся пад іх, але тое, што рэжысёрам выступіў Кудзіненка (мастак стужкі Артур Клінаў), абяцала штосьці большае, чым прамоўшн-кіно для вядомай рэп-групы. Тым больш, што сам Андрэй з хваляваннем чакаў першых водгукаў: кіно атрымалася іншым, такі «псіхадэлічны трылер», па-за межамі пэўнага фармату, аўтарскі эксперымент на перакрыжаванні шматлікіх вымярэнняў.
Стужка пачынаецца з выявы цягніка, які рухаецца задам на перад (цытата на цягнік братоў Люм’ер), і заканчваецца дакументальнымі кадрамі здымак «HARD REBOOT» — так рэжысёр дыягназуе стан сучаснага кінематографа і быццам заклікае вярнуцца да вытокаў. У аснове фільма — традыцыйная схема містычных трылераў. Музыкі Noize MC трапляюць у загадкавыя мясціны заходняй Беларусі, знаёмяцца з дзяўчынкай, якая аказваецца вядзьмаркай і кожнага з іх зводзіць у «балота».
Нягледзячы на просты сюжэт, фільм не ўспрымаецца, як звычайны трылер. Па-першае, відавочна непрафесійная ігра акцёраў, якія, зразумела, і не акцёры, што часам стварае пэўны дыскамфорт. Па-другое, Кудзіненка актыўна іграе з фарматамі і формаю: выкарыстоўвае кінахроніку, дакументальныя кадры з архіву Noize MC, асобныя сцэны зняты адкрыта па-аматарску (дрыжачай камерай). Акрамя гэтага ён парушае класічны тэмпа-рытм (зацягнутыя паўзы), падзейная схема таксама не ўпісваецца ў фармат, асабліва містычных трылераў (складана злавіць напружанне і зразумець кульмінацыю), шмат цытуе, у тым ліку прыёмы хорараў, іранізуючы над імі. Дзякуючы гэтаму, фільм атрымоўвае зусім іншае вымярэнне, тое, што Андрэй Расінскі назваў «эстэтыкай трансмістычнага рэалізму, дзе ўсе рэальнасці ставяцца пад сумнеў».
Андрэй, з чаго ўвогуле ўзнікла ідэя твайго фільма?
Андрэй Кудзіненка: Пэўны час таму на дні народзінаў Noize MC я стаў сведкам таго, як удзельнікі групы раптам пачалі спрачацца і выказвацца адзін супраць аднаго. Як раз па іроніі лёсу ў мяне ў гэта час круцілася ў галаве задумка такой архітэпічнай гісторыі, калі сябры разам едуць на лодцы, з’яўляецца дзяўчынка, і яны раптам пачынаюць выказваць адзін аднаму тое, што даўно ўжо хацелі сказаць. Гэтую гісторыю я прапанаваў Noize MC, яны захапіліся, мы з’ехалі ў лес і пачалі здымаць. Па сутнасці, узнік новы жанр — кінатэрапія.
То бок, ты здымаў кіно ў першую чаргу для іх?
А.К.: І для сябе. У мяне таксама наступіў момант крызы. Па сутнасці, мастацтва — гэта і ёсць такое існаванне ў нейкім пераходным стане. Калі казаць пра Noize MC, я бачыў, што ў іх ламаецца адно жыццё, і пачынаецца новы этап, але яны не могуць яго аформіць, прааналізаваць. І магчыма кіно магло стаць для іх імпульсам рухацца наперад. Увогуле, на той час, а гэта вясна мінулага году, было прадчуванне новага свету, які і распачаўся праз год, маю на ўвазе падзеі ва Украіне і Расіі.
Магчыма зоркі склаліся так, што ўвесь свет пачаў перазагружацца. Менавіта таму — Hard Reboot, назва ўзнікла ў мяне адразу. А перазагрузка не можа быць лёгкай.
У любым выпадку стварэнне новага твора адбываецца праз хаос. Возьмем, напрыклад, фармалістскую школу: спачатку адбываецца астраненне, прыход да хаоса, а потым ты пачынаеш знаходзіць новыя кропкі апоры. Так і ў маім фільме. Спачатку сцэнару не было ўвогуле, але потым я зразумеў, што існуе верагоднасць «Дома-2»: мы прыедзем на здымкі, і пачнецца такое блуканне людзей, калі яны не будуць ведаць, што рабіць. Таму я прадумаў пэўную сюжэтную канву: любы хэпенінг павінен быць падрыхтаваны.
Ты сказаў, у цябе таксама наступіла крыза…
А.К.: Так, я на той момант шукаў пэўную форму эпічнага кіно, якое будзе будавацца на простых эпічных архаічных формах, блізкіх да казкі. Як раз у гэты час чытаў Я.Проппа, і вобраз Бабы-Ягі вельмі пасаваў мне: гэта такі лімінальны (пераходны) стан, знаходжанне паміж жыццём і смерцю. З’явілася ідэя хаткі як такога пэўнага стану. Тым больш што Беларусь, на мой погляд, заўсёды так жыла — паміж жыццём і смерцю.
Балота — гэта таксама лiмінальны стан, такая метафізічная прастора: тут усё бурліць, выходзяць газы, але нічога нікуды не рухаецца. А што здарыцца, калі людзі трапяць у такую прастору?
Калі я рыхтаваўся да здымак, праглядзеў шмат літаратуры куміраў Noize MC, напрыклад, басіст захапляўся Сідам Вішасам, кумірам самога Noize MC быў Курт Кабэйн. Так у маім фільме ўзнік Лешы ў вобразе жывога Курта Кабэйна, загадкавая Русалка — але, у прынцыпе, дзяўчынка і ёсць усе тры персанажы. Яна, як у Лакана, Вялікі Іншы, якому героі расказваюць праўду, якую нікому іншаму не раскажуць. А потым мне стала цікава ўвогуле паіграць у розныя прасторы кіно — дакументальную, постдакументальную, аматарскую. Не хацелася спыняцца на нейкім адзіным фармаце, напрыклад, постдакументальным кіно: там ёсць свае плюсы, але яно вельмі вузкае. Прырода кіно ж нашмат шырэйшая і цікавейшая, і паіграць з гэтымі прасторамі была цікавая задача.
Я выкарыстаў аматарскія кадры, дакументальныя, хроніку. Мы здымалі ўвесь час, часам гук дрэнна запісваўся, але мне гэта пасавала: трэба было, каб адразу стала ясна, што гэта не акцёры, што яны драўляныя. У выніку тое, што ў фільме прыдумана, тая візіанерская маніпуляцыя аказваюцца больш рэальнымі, чым дакументальныя кадры. Маналогі і дыялогі герояў ілюзорныя, а праўда ўзнікае з тэлевізара, напрыклад, куды я ўставіў ютубаўскі ролік, калі яны маладыя спяваюць на Арбаце. Дарэчы, Noize MC гэта не спадабалася: ён чакаў убачыць там нейкую маніпуляцыю, напрыклад, як ён здымаецца ў нейкіх рэкламных эксцэнтрычных роліках. Але навошта гэтая эксцэнтрыка, калі найгрыш ёсць на вашых тварах?
Як у фільме ўзнікла ідэя з песняй «Дзяўчынка», перакладзенага на беларускую мову хіта Nirvana «Where did you sleep last night», у выкананні Фёдара Жывалеўскага, лідара гурта «Голая манашка», які і сыграў Курта Кабэйна? На мой погляд, сцэна атрымалася адной з наймацнейшых.
А.К.: Яно так і ёсць, гэта сапраўды ключавы момант у фільме, калі да музыкаў, якія знаходзяцца ў поўным разладзе з сабою і паміж сабою прыходзіць чалавек, бярэ гітару і робіць вялікае мастацтва, без усялякага бабла. Ён ім так і кажа, што лепей бухаць, чым грошы зарабляць, на чым зараз усе павернутыя. Вобразна, гэта Курт Кабэйн, іх кумір, да іх і прыходзіць, які потым яшчэ раз на іх вачах застрэльваецца.
Я рады, што ў нашай кампаніі ўзнік Фёдар: дзякуючы яму і прагучала «Дзяўчынка». Спачатку на ролю Курта была ідэя іншага музыкі, не трымалася, Саша Памідораў прапанаваў пагутарыць з Федзем, аўтэнтычным адвязным панк-рокерам. А тут яшчэ аказалася, што ў яго у рэпертуры Nirvana па-беларуску. Карацей, зоркі склаліся.
Ці задаволены ты тым, што ў выніку атрымалася?
А.К.: Я не чакаў пэўных вынікаў. Мне патрэбна было нешта атрымаць, каб праверыць свае ідэі. Канечне, гэта быў не чысты эксперымент, я меў пэўную схему. Напрыклад, ведаў, што з кожным героем нешта адбудзецца, кожны з іх зламае сваю парадыгму на супрацьлеглую — той, хто не верыў у каханне, закахаецца, той, хто быў дырэктарам і за ўсё адказваў, згубіцца і не вернецца. Вынікам я б назваў як раз той не фармат, які ў нас атрымаўся. Складана назваць гэта кіно ў традыцыйным сэнсе, не зразумела таксама, на якой пляцоўцы яго паказваць. Гэта таксама павінна быць нейкае нефарматнае месца.
Як успрынялі фільм гледачы?
А.К.: Я спецыяльна запрашаў розную па ўзросце аўдыторыю, і водгукі былі абсалютна розныя. Хтосьці пісаў, напрыклад, што вельмі спадабаўся той хаос, на якім пабудаваны фільм, хоць да гэтага былі прыхільнікамі зразумелай структуры. Цікава, што больш пытанняў і непаразуменняў узнікла ў кінакрытыкаў. Я гэта звязваю менавіта з парушэннем фармата. Так, гэта не занадта эксперыментальнае кіно, але парушэнне пэўных канонаў прысутнічае. Мне падаецца, што гэта звязана ў першую чаргу з тым, што ў кінакрытыкаў ёсць ужо напрацаваны шаблон, па якім яны глядзяць кожны фільм — адразу спрабуюць раскласьці ўсё па пэўных паліцах. Самі для сябе спрабуюць зачапіцца за што-небудзь, каб далей развіваць. А можа спачатку трэба паглядзець кіно цалкам і зразумець, што там закладзенае ўвогуле? Гэта як зараз на фестывалях сядзяць крытыкі і перапісваюцца ў твітарах, маўляў, паглядзі, як іграе N. і г.д.
Але кіно — гэтак жа, як і музыка, збудаваная з розных элементаў, цэльная прастора, трэба даглядзець да канца, а потом ужо аналізаваць і ацэньваць.
Зараз, на маю думку, увогуле сыходзіць паняцце кінатэорыі. Барыс Нелепа кажа, што кінакрытык сёння не абавязаны займацца кінатэорыяй і герменеўтыкай, а толькі вызначаць актуальнае месца твора, ягоны рэзананс з сучаснасцю. То бок, увага да аўтарскага выказвання сыходзіць, і нічога добрага я ў гэтым не бачу. Кінакрытыкі выдаюць зборнікі інтэрв’ю з зоркамі, а свядомага асмыслення амаль не адбываецца. У выніку атрымоўваецца так, што крытыкі ідуць ззаду працэсу, творцы іх нашмат апярэджваюць, і таму часта аказваюцца незразумелымі.
У «нулявыя», я памятаю, была мода на такое тыпу арт-хаўзнага, дакументальнага кіно: калі акцёр нічога не іграе, калі парушаная фабула і г.д. Але час прайшоў, і, на мой погляд, сёння зноў узнікае цікаваць да сучаснай міфалогіі, абрадаў у форме эпічнага кіно. Я называю гэта новым Сярэднявеччам.
Шмат пытанняў выклікаў вобраз героя (ці герояў) у фільме, маўляў, плоска, няма глыбіні, ідэі. Але ці думаў ты пра героя ў прынцыпе?
А.К.: Па-першае, самога Noize MC можна абазначыць як цэнтральнага персанажа. Я будаваў гэты фільм вакол яго — пэўны шлях чалавека да персанальнай свядомасці. Уся гэтая перазагрузка існуе менавіта праз персанажа Noize MC. У фінале ён застаецца абсалютна голым, губляе памяць і з’язджае з гэтага месца зусім у іншым стане.
Па-другое, можна казаць пра вобраз калектыўнага героя: па сутнасці кожны з удзельнікаў групы ёсць такі пазл гэтага вобраза, які пэўным чынам акрэслівае агульны вобраз сучаснага героя. Але шчыра, я не думаў пра героя, мяне цікавала гісторыя. Ад самага пачатку персанажы былі зададзеныя, то бок мне патрэбна было стварыць пэўную канструкцыю, у якой яны б праявіліся пэўным чынам. У любым выпадку тут не трэба шукаць героя псіхалагічнага кіно, гэта, як я казаў, найперш казка, і героі ў ёй, зразумела, па-казачнаму плоскія. Для мяне гэты фільм стаў у пэўным плане разваротнай кропкай. Я прынцыпова здымаў без сцэнару, парушаючы вядомы амерыканскі фармат стварэння падмурку для фільма.
Трэба вяртацца да вытокаў, да Пазаліні, напрыклад, — вось той вынік, да якога я канчаткова прыйшоў.
Я спрабаваў працаваць у розных абставінах: здымаў камерцыйнае кіно, занадта камерцыйнае, дзяржаўнае. Але найвялікшае задавальненне — гэта здымаць з «анічога», рабіць кіно для сябе і ні ад каго не залежыць. Гэта мой hard reboot, і менавіта таму для мяне гэты фільм атрымаўся.
Травень 2014
****
Другі раз стужку «Hard Reboot» у Менску пабачылі падчас творчай сустрэчы з Андреем Кудзіненка ў кінатэатры «Ракета» у студзені гэтага года. Спачатку была паказана яго дыпломная праца «Сны Валянціна Вінаградава», другой часткаю праграмы стаў «Hard Reboot». Асабіста для мяне гэтыя два фільма прагучалі дыптыхам, а спрэчны «псіхадэлічны трылер» раптам атрымаў новыя сэнсы.
У «Снах» Кудзіненка праз асобу Валянціна Вінаградава атрымалася перадаць цэлую эпоху: з манументальнымі зместамі, формамі, канфліктамі, якія адбываюцца ў сферы вялікіх жарсцей і пакутаў. Антычныя твары герояў фільма расказваюць пра смерць, пакаянне, ахвярнасць. Калі глядзіш гэты фільм, чуеш быццам крык адчаю па нездзейсненай утопіі — вялікай ідэі, якая ў межах праекта Савецкай дзяржавы матэрылізавалася пачвараю. «Hard Reboot» кардынальна іншы, і гэтая інакавасць як раз пасля «Сноў» атрымоўвае новае вымярэнне. Замест статуарных глыбокіх твараў сапраўдных герояў мы бачым невыразныя мітуслівыя абліччы маленькіх людзей з іх маленькімі жарсцямі. Свет ад вялікіх ідэяў раптам замкнуўся выключна на асабістых перажываннях. Акіян пераўтварыўся ў лужыну.
Ці магчыма сёння трагедыя? Герой, які пакутуе ад неідэальнасці свету і марыць пра ўтопію для ўсіх? Альбо перазагрузка цалкам адбылася, і мы, ведаючы зараз дакладна пра немагчымасць утопіі на зямлі, павінны па-іншаму будаваць сваё быццё тут і цяпер?
Рэжысёр маўчыць, гавораць сучасны(я) герой(і), гаворым мы, якія ходзяць па вуліцах. Адзінае, што можа зрабіць аўтар, — астраніцца і пераўтварыць рэальнасць у казку, не страшную і не смешную, такі гэг ужо новага тысячагоддзя.
Фільм «Hard Reboot» (рэжысёрская версія, асобна існуе камерцыйная, якую Noize MC распаўсюджваюць сярод сваіх фанатаў) запрошаны на фестываль «Акно ў Еўропу» у Санкт-Пецярбургу. Але ў сувязі з апошнім расійскім законам, які забараняе ўжыванне мата ў кіно, паказ фільма на фестывалі знаходзіцца пад пагрозаю. Андрэй Кудзіненка не збіраецца станавіцца цэнзарам сваёй стужкі, таму шукае іншыя выйсці для таго, каб захаваць мастацкую вартасць фільма.
Таня Арцімовіч
Фота © А.Кудзіненка
Меркаванні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазіцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце