2013: Cтварэнне альтэрнатыўнай інтэлектуальна-творчай прасторы

СВЯТЛАНА УЛАНОЎСКАЯ, крытык, рэдактарка партала ArtAktivist/Theatre

СВЯТЛАНА УЛАНОЎСКАЯ, крытык, рэдактарка партала ArtAktivist/Theatre / фота І.Колабавай

 

 

Лекцыя Аны Вуянавіч / ziernie-performa.net

Лекцыя Аны Вуянавіч / ziernie-performa.net

 

1

«Каляровай хадой па шэрым» студыі-лабараторыі «Фартынбрас»

 

«Латэнтныя мужчыны» Яўгена Карняга («КарнягТЭАТР») / фота А.Ждановіч

«Латэнтныя мужчыны» Яўгена Карняга («КарнягТЭАТР») / фота А.Ждановіч

 

«SKVO’s Dance Company» / фота kyky.org

«SKVO’s Dance Company» / фота kyky.org

COOL’OK падзеяў 2013! Самыя знакавыя і запамінальныя падзеі вуснамі «партызанскіх» культурных герояў і герояк!

Для мяне мінулы год прайшоў пад знакам развіцця незалежных творчых ініцыятыў — розных па форме і змесце, па аб’екце і спосабе камунікацыі,

аднак агульных у галоўнай інтэнцыі, накіраванай на стварэнне альтэрнатыўнай інтэлектуальна-творчай прасторы, на падтрымку поліцэнтрычнага характару мыслення і свабоды выказвання — у адрозненне ад «адзіна правільнай» лініі дзяржаўнай культурнай ідэалогіі.

Што тычыцца тэатра, які з’яўляецца галоўнай сферай маіх прафесійных інтарэсаў, то гэта праявілася ў шматлікіх дыскусіях, лекцыях, тэарэтычных і практычных майстар-класах, прэзентацыях, драматычных чытках, асобных прэм’ерах, дзейнасці Платформы перфарматыўных практык «зЕрне» і іншых ініцыятыў. Актывізацыя незалежнага руху, на мой погляд, — гэта «трывожны званочак» для дзяржаўных тэатраў, яскравае сведчанне таго, што з афіцыйнай культурай нешта не так.

Сярод найбольш значных культурных падзей вылучу наступныя:

— Падзеяй года для мяне стаў ІІІ Міжнародны тэатральны форум «ТЭАРТ», які сёлета прэзентаваў не толькі выдатныя ўзоры сусветнага тэатральнага мастацтва, але і «іншы» беларускі тэатр. «Іншы» ў тым сэнсе, што ў межах беларускай праграмы форуму публіка змагла пабачыць часам неадназначныя, але вельмі цікавыя, сучасныя па форме выказвання спектаклі, якія знаходзяцца па-за кантэкстам паноўнай рэпертуарнай палітыкі нашых дзяржтэатраў.

 ХХ Міжнародны кінафестываль «Лістапад», які прайшоў на вельмі высокім, сапраўды міжнародным узроўні і прадставіў вельмі насычаную, разгалінаваную праграму з унікальных фільмаў, якія амаль не пабачыш у шырокім кінапракаце. 

— І форум пластычных і танцтэатраў Беларусі «ПлаSтформа Мінск-2013». Нягледзячы на даволі спрэчны мастацкі ўзровень удзельнікаў, адзначу, што

правядзенне такога буйнога форуму ў сітуацыі адсутнасці фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі з’яўляецца радыкальна смелым жэстам, які заслугоўвае, як мінімум, павагі і, як след, заахвочвання і развіцця. 

Тым больш, што адзінай падзеяй такога кшталту ў краіне з’яўляецца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, а гэтага вельмі мала для развіцця айчыннага эксперыментальнага пластычнага руху.

— Спектакль «Шчаслівага Раства, міс Мідаўс…» Свабоднага тэатра (рэж. Уладзімір Шчэрбань), прысвечаны вельмі балючым для сучаснасці гендэрным пытанням і, у прыватнасці, праблеме так званага «трэцяга полу». Падобныя табуяваныя ў межах афіцыйна дэклараванай культуры тэмы падрываюць эстэтыку «ўцёкаў ад рэчаіснасці», якая сёння пераважае ў нашым репертуарным тэатры. Гаворачы пра Свабодны тэатр, нельга абмінуць увагай публічную акцыю «Каляровай хадой па шэрым» студыі-лабараторыі «Фартынбрас».

Трохдзённыя інтэрвенцыі фартынбрасаўцаў у гарадскую прастору сталі выдатным прыкладам актыўнага асабістага стаўлення да горада і ўласнай пазіцыі як ягонага жыхара.

— Прэм’ера балета «Шэсць танцаў» у НАТБ оперы і балета. На фоне іншых леташніх прэм’ер «Шэсць танцаў» у пастаноўцы класіка сучаснага балета Іржы Кіліяна выглядаюць сапраўдным прарывам. Аднак адзіны спектакль не ў стане пераадолець сітуацыю ізаляцыянізму нашага балетнага тэатра адносна сусветных мастацкіх тэндэнцый.

Прэм’еры вядучых айчынных пластычных тэатраў: фантасмагарычная антыўтопія «Рамонт» тэатра «Інжэст», у якой Вячаслаў Іназемцаў у вельмі абвостранай форме даследуе ментальныя, архетыповыя ўласцівасці беларусаў і змяшчае іх у сучасны кантэкст; спектакль «Латэнтныя мужчыны» Яўгена Карняга(«КарнягТЭАТР»), у якім уздымаецца неадназначная тэма крызісу маскуліннасці і традыцыйнага вобраза «сапраўднага мужчыны» ў сучасным свеце. 

— Сярод новых работ айчынных танцтэатраў асаблівай увагі, на мой погляд, заслугоўваюць: танцспектакль «Bred надзённы» Дзмітрыя Залескага (тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I), які засведчыў, што харэограф па-ранейшаму імкнецца асэнсоўваць актуальныя праблемы сучаснасці, пераводзіць іх у кантэкст індывідуальнага выказвання (у спектаклі раскрываецца праблема гвалту на сацыяльным і прыватна-камунікатыўным узроўнях); перформансы «Практыка ўтопіі» і «Была такая сацыяльная рэклама» Вольгі Лабоўкінай (тэатр танца «Karakuli»), якія прэзентавалі новы ў межах уласнай творчасці і ўвогуле беларускага contemporary dance погляд на цела і яго выразныя мажлівасці; спектаклі «Бардо» і «Секунда ДО» Вольгі Скварцовай (тэатр танца «SKVOs Dance Company»). Першы вылучаецца канцэптуальнай змястоўнасцю, што адсылае да тыбецкай «Кнігі мёртвых», у другім жа харэограф зноў звяртаецца да інтэрпрэтацыі вобраза Жанчыны, свету яе сноў, фантазій і мар.

Вольга Скварцова, бадай, першая ў беларускім танцтэатры, хто так глыбока даследуе тэму жаночай ідэнтычнасці.  

— Сярод асабіста важных для мяне кніжных выданняў вылучу зборнік новай драмы з Беларусі «Мёртвы сезон», які выйшаў у электронным фармаце на мультылэйбле «Пяршак»; зборнікі артыкулаў «Танцавальны лабірынт», прысвечаны 25-годдзю Віцебскага фестывалю сучаснай харэаграфіі, і «Сучасны танец постсавецкай прасторы», у напісанні якіх давялося прыняць удзел.    

COOL’OK падзей 2012 глядзі ТУТ!


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology