КНІГІ ГОДА: БАХАРЭВІЧ, РУДАК, ГАПЕЕВА, РУБЛЕЎСКАЯ

Названыя ляўрэаты першага конкурсу «Кніга году», арганізаванага беларускім ПЭН-Цэнтрам. Ляўрэатаў абіралі самі пісьменьнікі.

1

Кніга году ў намінацыі «Проза»: Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі»

Альгерд Бахарэвіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды вынікі прэміі «Кніга году» і сваю перамогу:

2— Сёньня перад уручэньнем гэтай прэміі ў сядзібе беларускага ПЭН-цэнтру адбылася дыскусія пра тое, ці патрэбная такая прэмія, ці існуе ў Беларусі пісьменьніцкая супольнасьць і наколькі для аўтараў важна быць прызнаным пісьменьніцкай супольнасьцю. Натуральна, я магу сказаць, што мне вельмі прыемна яе атрымаць, таму што калі паверыць у тое, што гэтая прэмія «Кніга году» адлюстроўвае сярэдні зрэз пісьменьніцкага густу, уяўленьняў пісьменьнікаў пра літаратуру, то можна сказаць, што я прызнаны беларускай пісьменьніцкай супольнасьцю. То бок гэтая прэмія — адзнака прызнаньня калегаў. Але для любога аўтара важней быць прызнаным усё-ткі чытачамі, а не калегамі ці крытыкамі, літаратуразнаўцамі. То бок у гэтым сэнсе мне здаецца, што ўсё-ткі прэмія Ежы Гедройця, уручэньне якой адбудзецца ў наступны панядзелак, мае большую вагу, і літаратары больш чакаюць яе. Прэмія «Кніга году» — гэта хутчэй магчымасьць заняць сваё месца ў беларускай літаратурнай герархіі. Хоць я сам герархіяў не люблю, я лічу, што іх не павінна існаваць, але ў Беларусі яны ёсьць. Гэтая прэмія — чыста прэмія нейкага прэстыжу.

— У «Кнізе году» маглі браць удзел і аўтары, якія пішуць на іншых мовах, у тым ліку на расейскай, але перамаглі толькі беларускамоўныя…

— Я асабіста нічога супраць расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў ня маю. Мне здаецца, гэта вельмі добра, што яны ўдзельнічалі нароўні з намі ў гэтай прэміі. Але ня буду хаваць, я рады, што ўсе беларускамоўныя кнігі перамаглі. Напэўна, гэта кажа пра тое, што ўсё-ткі сярод беларускіх пісьменьнікаў беларускамоўныя маюць большую вагу і беларускамоўная літаратура ў нас мацнейшая за расейскамоўную, больш разьвітая, што мы не павінны лічыць сябе ў Беларусі нейкімі маргіналамі.

Пераможца ў намінацыі «Паэзія» Антон Рудак сказаў карэспандэнту Свабоды, што такая ацэнка калегаў па цэху вельмі прыемная і ўсьцешная: «Як вядома, гэтая прэмія вызначалася такім парадкам, што называлася ня толькі першае месца на прэмію, але другое і трэцяе.То бок па агульнай суме, можа, нехта ставіў маю кнігу і не на першае месца. Таму мне падаецца, што гэта было больш-менш шчыра, адэкватна і дае ўяўленьне пра тое, якія кнігі былі вартымі, якія кнігі запомніліся сёлета.

Я сябе занадта ня цешу нейкімі амбіцыямі, бо, вядома, гэта справа толькі аднаго году. Для мяне гэта вялікі стымул, каб працягваць далей пісаць, выдаваць, публікаваць і чытаць перад нашай шаноўнай публікай. Такую прэмію наагул варта мець. Вельмі важна, каб была такая цэхавая наша пісьменьніцкая салідарнасьць і каб мы маглі пачуць голас адзін аднаго. Я не рабіў бы акцэнту на мове кнігі. У мяне ёсьць рускамоўныя вершы, якія я палічыў нявартым уключаць менавіта ў гэтую кнігу. Магчыма, я калі-небудзь таксама апублікую свае рускамоўныя тэксты».

Кнігі году ў намінацыі «Дзіцячая літаратура»: Вольга Гапеева «Сумны суп» і Людміла Рублеўская «Авантуры студыёзуса Вырвіча».

Вольга Гапеева расказала карэспандэнту Свабоды, што сёньня ў пэн-цэнтры была вельмі цікавая і плённая размова:

«Мы абмяняліся думкамі і адносна гэтай прэміі, і адносна пісьменьніцкай супольнасьці як такой: ці ёсьць яна ў Беларусі, ці яе няма, ці патрэбная гэта прэмія, ці не. Гэта было выклікана жаданьнем палепшыць прэмію, калі будзе вырашана ў наступным годзе яе працягнуць. Дыскусія ладзілася да таго, як абвясьцілі пераможцаў.

Вольга Гапеева, паэтка, перакладчыца

Вольга Гапеева. Фота М.Шумілін

 

Я, канечне, рада, што мая кніга апынулася сярод пераможцаў, хаця любая прэмія — гэта заўсёды суб’ектыўнасьць, гэта пытаньне густу. Магчыма, у журы прынялі ўдзел людзі, якім падабаецца тое, што я раблю ў дзіцячай літаратуры. Можа, калі б удзельнічалі іншыя пісьменьнікі, выбар аказаўся іншы. Але ён аказаўся такім, і мне прыемна. Гэта прэмія гэтага году. Відаць, кніжкі, выдадзеныя на беларускай мове, аказаліся больш моцнымі».

Першы намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў, камэнтуючы вынікі прэміі «Кніга году», апавёў карэспандэнту Свабоды, што неўзабаве можна будзе пазнаёміцца з падрабязнасьцямі галасаваньня:

— Мы плянуем вывесіць такі рэйтынг з кніжак у наступным месяцы, бо мы ня хочам, каб гэта накладалася на прэмію Гедройца і каб гэта паўплывала на журы прэміі Гедройца. Таксама мы вывесім матэрыял дыскусіі, якая была на пэн-цэнтры сярод пісьменьнікаў, якія былі ў журы. Мы размаўлялі зь імі пра гэтую прэмію: што добра, што хацелася б зьмяніць.

— Цікава, які рэйтынг быў у кнігі Сьвятланы Алексіевіч?

— Сьвятлану Алексіевіч, канечне, згадвалі. Працэдура была такая, што кожны пісьменьнік прапануе свой рэйтынг з трох кніжак. Потым гэтыя рэйтынгі сумуюцца, і найлепшая кніга, якая набірае большую колькасьць балаў і стаіць у гэтых рэйтынгах вышэй за ўсіх, лічыцца «Кнігай году». Адпаведна ў намінацыі «Проза» Алексіевіч не набрала колькасьці галасоў, якая дазволіла б ёй прэтэндаваць на першае месца.

Крыніца // Радыё Свабода 

Копірайт (с) 2011. RFE/RL, Inc. Перадрук з дазволу Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, 1201 Connecticut Ave., N.W. Washington DC 20036.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology