Галерэя 12: «Музей і інстытут сучаснага мастацтва»

Адсутнасць у Беларусі музея сучаснага мастацтва і інстытута сучаснага мастацтва прымушае нас шукаць альтэрнатыўных мастацкіх стратэгій і міждысцыплінарных практык у спробе стварэння новай інстытуцыі, якая б выконвала асветніцкія функцыі і прадстаўляла актуальную калекцыю твораў сучасных мастакоў.

Наша задача палягае ў артыкуляванні, даследаванні і спробе рашэння ў межах нашых магчымасцей актуальных праблем развіцця сучаснага мастацтва ў Беларусі.

institute-3

Праблемы гэтыя, на нашу думку, наступныя:

— нястача даследчых праграм, сістэматызацыі, архівацыі, аналізу і асэнсавання лакальных арт-працэсаў. Гэта стварае велізарныя прагалы ў нацыянальным культурным кантэксце, якія з цягам часу толькі разрастаюцца;

— дэфіцыт перыядычных выданняў, крытычных тэкстаў, кніг, каталогаў і часопісаў пра мастацтва, што ўтварае вакуум у культурнай прасторы;

— слабыя спробы папулярызацыі сучаснага мастацтва і канструявання культурнай ідэнтычнасці;

— кансерватыўнасць і неадукаванасць гледача;

— адсутнасць падтрымкі сучаснага мастацтва з боку дзяржавы і бізнес-супольнасці, што ўзмацняе бездапаможнасць і раз’яднанасць беларускай арт-прасторы;

— неабходнасць стварэння пастаяннай калекцыі мастацтва беларускага нонканфармізму і актуальнага мастацтва трох апошніх дзесяцігоддзяў;

— адсутнасць фундаментальнай музейнай пляцоўкі для паўнацэннага ўзаемадзеяння паміж мастакамі, куратарамі, крытыкамі, мастацтвазнаўцамі, незалежнымі экспертамі, тэарэтыкамі і гледачамі. Гэта прыводзіць да разрозненасці і ізаляванасці мастацкіх працэсаў, адсутнасці ўцямнай і прадуманай глабальнай стратэгіі развіцця сучаснага мастацтва ў Беларусі і прасоўвання яго на сусветную арт-сцэну;

— праблема невыразных выказванняў, адсутнасць ключавых тэндэнцый, раз’яднанасць аўтараў і інстытуцый;

— эфемернасць і другаснасць лакальных культурных працэсаў у глабальным кантэксце развіцця сучаснага мастацтва, што правакуе татальную адсталасць і стагнацыю мясцовай арт-супольнасці;

— праблема самаідэнтыфікацыі і самаізаляцыі, фрагментарнасць і непраяўленасць сучаснага беларускага мастацтва, яго ўнутраная і вонкавая міграцыя;

— прывідны ўдзел Беларусі ў міжнародных выстаўках, арт-форумах, кірмашах, аўкцыёнах і фестывалях сучаснага мастацтва;

— схільнасць да мадэрнісцкага фармалізму, адсутнасць радыкальных выказванняў і жэстаў, найноўшых і маштабных формаў і практык;

— закасцянеласць і правінцыяналізм дзяржаўных інстытуцый з некампетэнтнасцю культурных работнікаў, цэнзурай і бюракратызмам;

— адсутнасць глабальнай і сучаснай культурнай палітыкі;

— адсутнасць сацыяльнага рэзанансу;

— адсталасць і рэакцыйнасць дзеючых мастацкіх інстытутаў і адукацыйных праграм па падрыхтоўцы прафесіяналаў культурнага арт-поля ў Беларусі;

— адсутнасць курсаў і лекцый па сучасным мастацтве;

— нястача сучасных і тэхнічна аснашчаных выставачных пляцовак;

— адсутнасць маштабных выставак сусветна вядомых замежных мастакоў, што стварае пачуццё культурнай ізаляцыі.

У рамках гэтага праекта запрашаем да супрацоўніцтва мастакоў, куратараў, арт-крытыкаў, мастацтвазнаўцаў і ўсіх неабыякавых да сучаснага мастацтва.

Мы спадзяёмся, што гэтая спроба стварэння музея і інстытута станецца стымулам да аб’яднання мастацкай супольнасці, інтэнсіфікацыі культурнага жыцця, ажыўлення даследчых пошукаў і стварэння новых перспектыў у развіцці сучаснага мастацтва на Беларусі.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Дызайн: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology